Frame 407

Стратэгія. Праграма “Культура ў прыярытэце”. Як, каму і нашто далучацца?

Мы зацікаўленыя ў супольнай працы над умацаваннем беларускай культурніцкай прасторы. Беларуская Рада культуры мае стратэгію дзеяння да 2027 года і запрашае ўсіх ахвотных далучыцца да яе. Бо толькі разам з вамі мы можам захоўваць і развіваць беларускую культуру ў часы выпрабаванняў.

У трох артыкулах мы распавядзём падрабязней пра праграмы Стратэгіі: у якім кірунку будзе працаваць Беларуская Рада культуры цягам трох гадоў, якія дзеянні мы плануем і якога выніку чакаем. І галоўнае – як кожны і кожная з вас можа паўплываць на працэсы і культурніцкую палітыку, узаемасувязі ў сферы і глабальны вынік для беларускай культуры.

Праграма “Культура ў прыярытэце”

Галоўная частка праграмы Беларускай Рады культуры, скіраваная на policy makers розных напрамкаў. Важная тэза: культуру часта недаацэньваюць як фактар развіцця грамадства і фармавання міжнароднага іміджу Беларусі. Гэта вядзе да нястачы рэсурсаў, слабой пазнавальнасці за мяжой і ізаляцыі. 

Без аналізу патрэбаў немагчыма ствараць эфектыўныя стратэгіі падтрымання. Ключавыя стэйкхолдэры і асобы, што фарміруюць культурніцкую стратэгію, павінны разумець, што беларуская культура мае базавае значэнне для грамадства. Важна ўлічваць, як яна ўспрымаецца рознымі сацыяльнымі групамі, і забяспечыць адпаведныя механізмы яе фінансавай падтрымкі. Мы мусім змяніць фокус іх бачання, каб культура апынулася ў прыярытэце.

Як прыклад – змена ў структуры фінансавання Еўракамісіі, якая ўключыла культуру ў свае прыярытэты ў 2021 годзе. Гэта вынік планавай лабісцкай працы, якая доўжылася некалькі гадоў.

Міжсектаральныя ўзаемадзеянні тут могуць быць максімальна карыснымі: калі палітыкі, бізнесоўцы, праваабаронцы і г.д. на сустрэчах ці ў сваёй працы падкрэсліваюць важнасць захавання культурнай ідэнтычнасці, то гэта ўмацоўвае грамадства агулам.

На гэтым узроўні мы камунікаем з творцамі, каб вызначыць іх патрэбы, замерыць існуючы стан арганізацый, весці маніторынг рэпрэсій і парушэння культурніцкіх правоў. У выніку акурат творцы становяцца бенефіцыярамі: праграма мае мэтай таксама пошук  рэсурсаў. Без працы, акрэсленай праграмай “Культура ў прыярытэце”, выкананне наступных частак стратэгіі немагчымае. 

Таму мы прасоўваем тэзу значнасці культуры на ўсіх пляцоўках:

  • Адсочваем тэндэнцыі і патрэбы творцаў, каб планаваць дзеянні;
  • Ствараем пляцоўкі для дыялогу, арганізуем сустрэчы з партнёрамі і зацікаўленымі бакамі, вядзём перамовы і рыхтуем дакументы для развіцця сектару;
  • Кансультуем палітыкаў;
  • Бяром удзел у міжнародных падзеях, дзе распавядаем пра беларускую культуру, творцаў і ініцыятывы;
  • Змагаемся за роўныя магчымасці для беларусаў і беларусак у культурнай прасторы Еўразвязу;
  • Супрацоўнічаем з медыямі і бізнесам, ствараючы новыя каналы прамоцыі культуры.

Гаворка пра супрацу не толькі з беларускімі policy makers, а і з міжнароднымі арганізацыямі і ўстановамі.

Такім чынам, адрасаты Першай праграмы нашай стратэгіі – гэта палітыкі, чыноўнікі, міжнародныя структуры, арганізатары культурніцкіх праграмаў.

Такія працэсы вымагаюць супольнага лабіявання. Развіваецца Форум культурніцкіх арганізацый, каб улічваць максімальную колькасць інтарэсаў розных установаў у дакументах, планаванні выступаў і заяваў, фармуляванні агульных мэсэджаў і даследаваннях патрэбаў.

Вялікую справу робяць дыяспары ў сваіх краінах, каб атрымаць падтрымку беларускай супольнасці, бо захаванне самаідэнтычнасці за мяжой бывае пытаннем выжывання.

Даследаванні стану беларускага культурніцкага поля, асабліва ўнутры краіны, цяпер маюць велізарнае значэнне. Бо лабіяванне інтарэсаў беларускага грамадства абапіраецца менавіта на веданне праблемаў і патрэбаў творцаў.

Свае асаблівасці ёсць і ў працы з бізнесам. Мы пераглядаем працу ў гэтым кірунку, каб яна стала грунтам для канкрэтных дзеянняў з асацыяцыямі, асобнымі кампаніямі ці індывідуальнымі бізнесоўцамі. 

Такім чынам, партнёры ў Першай праграме: культурніцкія арганізацыі, даследнікі, дыяспара, медыі і бізнес.

Вынік, які праз шчыльную супрацу ў гэтым кірунку, мы разлічваем пабачыць праз тры гады:

  • культуру ўспрымаюць як рухавік пераменаў; 
  • культура мае больш фінансавання і падтрымання дзякуючы супрацы з палітыкамі, бізнесам, медыямі і міжнароднымі партнёрамі;
  • склаліся і развіваюцца новыя мадэлі фінансавання, якія паляпшаюць умовы для ініцыятываў.

Як далучыцца да стратэгіі

Палітычным і лабісцкім структурам

Дадавайце блокі, аспекты, падыходы з акцэнтам на  тэме культуры і нацыянальнай ідэнтычнасці да сваіх стратэгічных дакументаў, заяваў і адвакацыйных ініцыятываў. Мы, Беларуская Рада культуры, гатовыя падзяліцца аналітычнымі аглядамі, прапанаваць экспертныя кансультацыі, якія дапамогуць у распрацоўцы культурнай палітыкі і стратэгічных рашэнняў. Запрашаем да каардынацыі на міжнародным узроўні, удзелу ў сустрэчах з прадстаўнікамі донарскай супольнасці, кааліцыйнай працы над праграмамі падтрымкі. Разам мы можам умацаваць разуменне ролі культуры як асновы нацыянальнай ідэнтычнасці і супраціву.

Вам могуць быць карысныя нашыя даследаванні і аналітыка.

Каб атрымаць спіс экспертаў альбо кансультацыю, прапанаваць сваю кандыдатуру і падзяліца ўласнымі ведамі, звяртайцеся да нас па пошце info@byculture.org.

Таксама раім азнаёміцца з парадамі культурніцкага сектару для арганізатараў і арганізаратак форумаў і канферэнцый.

Міжнародныя донары і выканаўцы праграм

Вы фармуеце ўмовы, у якіх развіваецца культура. Мы гатовыя супрацоўнічаць праз супольнае планаванне праграм, каардынацыю партнёраў, падрыхтоўку аналітыкі і стратэгічнага разумення поля. Разам з вамі мы можам зрабіць падтрымку больш дакладнай, сістэмнай і арыентаванай на рост устойлівасці. Падтрымайце нашыя інстытуцыйныя праграмы і разам з намі развівайце стратэгіі для беларускай культуры і яе інклюзіі ў еўрапейскую прастору.

Вам можа быць карысная “Дарожная мапа” падтрымання і развіцця галіны культуры Беларусі. 

Мы радыя прапанаваць сваю экспертнасць у розных культурніцкіх і арганізацыйных галінах. Запрашаем вас звяртацца да нас праз пошту info@byculture.org.

Давайце абменьвацца досведам рэалізацыі праграм, вызначаць агульныя праблемы.

Прыватныя мецэнаты і карпаратыўныя партнёры

Ваша падтрымка можа стаць пераломным фактарам. Станьце сябрамі Клубу мецэнатаў і Беларускіх Магістратаў — аб’яднанняў тых, хто інвестуе ў будучыню беларускай культуры. Вы можаце падтрымаць канкрэтныя ініцыятывы або ўкласціся ў развіццё інфраструктуры ў цэлым. Мы прапануем празрыстыя механізмы ўдзелу, дакументацыю і інфармацыю пра ўплыў вашага ўнёску. 

Уключайцеся ў падзеі, сустрэчы і супольныя праекты — зрабіце культуру сваёй справай гонару.

Інтэлектуальныя супольнасці і даследчыкі

Вашыя аналіз і рэфлексія неабходныя для прыняцця ўзважаных рашэнняў. Далучайцеся да праектаў у кірунку аналітыкі і даследаванняў: публічных дыскусій, маніторынгу палітык, распрацоўкі дарожных мапаў і інструментаў ацэнкі. Мы адкрытыя да супрацы па стварэнні аналітычных прадуктаў, аглядаў і экспертыз, якія ляжаць у аснове нашай стратэгіі. Таксама мы гатовыя дзяліцца кантактамі і дапамагаць ў арганізацыі даследаванняў, маніторынгаў стану і ацэнак уплыву праектаў.

Раім звярнуць увагу на аналітычныя агляды, даследаванні, Маніфест беларускага культурніцкага поля і “Чаму культура важная для бяспекі Беларусі і Еўропы”

Таксама вас можа зацікавіць The Phenomenon of Belarus: How to Build a Better Future.

Мы працуем дзеля вас і разам з вамі.

Таксама паглядзіце

Мы зацікаўленыя ў супольнай працы над умацаваннем беларускай культурніцкай прасторы. Беларуская Рада культуры мае стратэгію дзеяння да 2027 года і запрашае ўсіх …

Першае кола грантавай праграмы ArtPower Belarus выклікала вялікую зацікаўленасць з боку творцаў і культурніцкіх ініцыятываў. На Трэк 2. Творчыя праекты — паступіла …