Frame 409

Стратэгія. Праграма “Цэласнасць культурніцкае прасторы”. Як умацоўваць адно аднаго?

Існаванне моцнай супольнасці беларусаў значны чыннік захавання і развіцця сучаснай беларускай культуры. Таму Беларуская Рада культуры не проста прэзентуе Стратэгію да 2027 года — мы запрашаем вас стаць яе часткай. Бо без вашага ўдзелу ніводная праграма не будзе поўнай.

У трох артыкулах мы распавядаем падрабязней пра праграмы Стратэгіі: у якім кірунку будзе працаваць Беларуская Рада культуры цягам трох гадоў, якія дзеянні мы плануем і якога выніку чакаем. І галоўнае – як кожны і кожная з вас можа паўплываць на працэсы і культурніцкую палітыку, узаемасувязі ў сферы і глабальны вынік для беларускай культуры. Тут можна даведацца больш пра Першую праграму Стратэгіі.

Другая праграма “Цэласнасць культурніцкае прасторы”

Нашая другая праграмма пра сувязі. Мы імкнемся не толькі ствараць ці падтрымліваць цэнтры прыцягнення, але і злучаць гэтыя цэнтры рознымі “сцежкамі”. 

Напрыклад, мы лабіруем стварэнне праграм мабільнасці — гэта магчымасці для творцаў павышаць сваю кваліфікацыю, наведваць прафесійныя семінары, удзельнічаць у сустрэчах на міжнародных пляцоўках альбо прэзентаваць свае творы ў іншых краінах і гарадах. Мы знаходзімся ў кантакце з нашымі партнёрамі, якія робяць такія праграмы, – каб інтэграваць беларускіх творцаў у еўрапейскае кам’юніці.

Для нас вельмі істотна даць магчымасць людзям у Беларусі далучацца да культурніцкіх працэсаў у Еўропе.

Яшчэ адна задача — даць магчымасць людзям, якія цяпер знаходзяцца ў Беларусі, карыстацца культурніцкімі прадуктамі, што ствараюцца ў замежжы. Адна справа — дасяг да відэа, з гэтым звычайна няма праблем. А калі гаворка ідзе пра кнігі, паказы спектакляў — тут трэба прыдумляць шляхі распаўсюду, бо аўдыторыя ўнутры краіны знаходзіцца пад рознымі абмежаваннямі. Умоўна, якім чынам абмінуць “экстрэмісцкі” статус нейкага твору.

Таксама нас цікавяць сувязі паміж беларускімі творцамі і іх еўрапейскімі партнёрамі — гэта і праграмы мабільнасці, і сумесныя праекты, і ўдзел у міжнародных сетках. Ёсць выдатныя прыклады ўдзелу беларускіх арганізацый у міжнародных асацыяцыях, сетках, якія маюць падобныя каштоўнасці і мэты. Гэта падвышае ўстойлівасць арганізацыі, таму што сетка ўжо лічыць беларускага ўдзельніка ці ўдзельніцу за свайго і бярэ новыя задачы ў распрацоўку. У сетках ёсць дадатковыя магчымасці, рэсурсы, абмен досведам — вельмі істотныя складнікі для развіцця беларускіх арганізацый, каб яны не толькі стваралі нешта новае, але і арыентаваліся на падобныя праекты ў еўрапейскай прасторы.

Яшчэ адзін від узаемасувязяў у культурніцкай сферы — пошук мадэляў інтэргацыі,  праекты на стыку сфераў: культура і бізнес, культура і ІТ, культура і экалогія, культура і праваабарона і іншыя спалучэнні. Міжсектаральнасць дапамагае падвышаць  устойлівасць кожнай галіны, сумесна выкарыстоўваць рэсурсы і ўмацоўваць адно аднаго.

Для выканання гэтых задач мы:

  • Падтрымліваем праекты, што злучаюць беларускіх і замежных творцаў;
  • Спрыяем наладжванню сувязяў паміж творцамі і аўдыторыяй па абодва бакі мяжы;
  • Маем у фокусе ініцыятывы ў Беларусі і падтрымліваем іх;
  • Ствараем праграмы мабільнасці і культурніцкага абмену;
  • Дапамагаем запускаць флагманскія праекты, што спрыяюць фармаванню станоўчага вобразу Беларусі;
  • Арганізуем форумы, дыскусіі, нэтўоркінг, падтрымліваем прафесійныя аб’яднанні ды інфраструктуру;
  • Рэалізуем міжсектаральныя праекты і далучаем творцаў да міжнародных сетак.

Такім чынам адрасаты нашай праграмы – гэта замежныя палітычныя структуры, амбасады, МЗС, арганізатары праграмаў падтрымання, фестывалі, прафесійныя сеткі.

А партнёры – незалежныя палітычныя сілы, грамадзянскія ініцыятывы, Форум культурніцкіх арганізацый, праграма ArtPower Belarus ды іншыя.

Вынікам Другой праграмы Стратэгіі мы разлічваем бачыць жывое асяроддзе супрацы, паляпшэнне ўмоваў для творцаў у эміграцыі, інтэграцыю ў міжнародныя сеткі і інавацыйныя праекты. Гэта ўмацуе імідж Беларусі і дапаможа культурнай прасторы стабілізавацца, а беларусам и беларускам — і захаваць ідэнтычнасць.

Як далучыцца да Стратэгіі?

Для арганізацый сектара культуры

Вы — сіла, што рухае культурніцкую будучыню Беларусі. Ваша роля — ключавая, каб культурная палітыка стала неад’емнай часткай дэмакратычнай і ўстойлівай мадэлі развіцця краіны.

Запрашаем вас:

  • далучацца да супольных адвакацыйных кампаній, сумесна фармуляваць пазіцыі і ствараць адвакацыйныя і праграмныя дакументы.
  • браць удзел у лакальных і міжнародных форумах і канферэнцыях, уздымаць пытанне месца культуры ў грамадзянскай супольнасці, агучваць галасы і патрэбы тых, хто зараз не можа казаць гучна.
  • удзельнічаць у глабальных даследаваннях і распрацоўцы дарожных мапаў;
  • падтрымаць і развіваць культурніцкае лідарства.

Для арганізацый іншых сектараў (праваабарончыя арганізацыі, медыя супольнасць, бізнес, экаактывісцкія структуры, IT і інш.)

Культура — гэта не толькі пра мастацтва. Гэта пра каштоўнасці, бачанне, супольнасць і інавацыі.
Ваша роля важная для таго, каб інтэграваць культурнае вымярэнне ў шырокі кантэкст пераменаў у Беларусі.

Мы шукаем партнёраў для міжсектаральнага ўзаемадзеяння:

  • культура і праваабарона — абарона культурных правоў і свабоды творчасці;
  • культура і медыя — супольнае пашырэнне культурнага кантэнту і візуалізацыя пераменаў;
  • культура і экалогія — устойлівае планаванне і экалагічны актывізм праз мастацтва;
  • культура і бізнес/IT — супольнае стварэнне прадуктаў, платформаў, адукацыйных і грамадскіх ініцыятыў.

Мы адкрытыя да ўдзелу ў сумесных заяўках на еўрапейскія праграмы і праекты.
Разам мы можам уплываць на палітыку, змяняць асяроддзе і будаваць будучыню.

Прафесійныя асацыяцыі, сеткі і галіновыя аб’яднанні,

Вы — аснова інстытуцыйнага ландшафту беларускай культуры і ключ да яе доўгатэрміновай устойлівасці. Вашая праца аб’ядноўвае творцаў і арганізацыі па абодва бакі мяжы, фармуе прафесійныя супольнасці і забяспечвае пераемнасць ведаў і стандарт высокай якасці ў сферы. Вы ствараеце сувязі паміж практыкамі, падтрымліваеце галіновую ідэнтычнасць і развіваеце супольную мову культуры.

Мы запрашаем вас далучацца да праграмы «Цэласнасць культурніцкае прасторы». Разам мы можам мапаваць патрэбы сферы, распрацоўваць стратэгічныя кірункі развіцця і ўмацоўваць сувязі паміж беларускімі ініцыятывамі ўнутры краіны і за яе межамі.

Мы гатовыя падтрымліваць супольныя праекты, у тым ліку трансгранічныя, ствараць пляцоўкі для галіновага дыялогу, арганізоўваць адукацыйныя ініцыятывы, супольна лабіяваць патрэбы сферы на міжнародным узроўні і праз міжсектаральнае супрацоўніцтва. Дзякуючы сумесным дзеянням мы зможам павысіць бачнасць беларускай культуры і ўплывовасць творчых супольнасцяў у знешнепалітычным, экспертным і донарскім полі.

Культурніцкія хабы і прасторы,

Вы — жывыя цэнтры супольнасці, прасторы даверу і натхнення, дзе нараджаюцца сэнсы і ствараюцца сувязі. У сённяшніх умовах вы адыгрываеце незаменную ролю — захоўваеце кантакт паміж творцамі, гуртуеце людзей вакол культурніцкіх ініцыятыў, падтрымліваеце жыццё супольнасці ўнутры краіны і ў дыяспары. Мы бачым вас як цэнтры, здольныя не толькі выконваць сваю працу лакальна, але і станавіцца каардынацыйнымі вузламі для ўсёй сферы.

Запрашаем вас далучацца да партнёрства ў межах праграмы «Цэласнасць культурніцкае прасторы». Разам мы можам арганізоўваць супольныя сустрэчы, дыскусіі і адукацыйныя мерапрыемствы. Мы гатовыя разам распрацоўваць інструменты для падтрымкі ўзаемадзеяння паміж хабамі, падтрымліваць мабільнасць, дапамагаць вызначаць і ўмацоўваць вашую ролю ў агульнай інфраструктуры.

Будзем радыя вашым прапановам і запытам на пошту info@byculture.org

Мы адкрытыя да партнёрства. Разам мы зможам больш!

Таксама паглядзіце

Існаванне моцнай супольнасці беларусаў — значны чыннік захавання і развіцця сучаснай беларускай культуры. Таму Беларуская Рада культуры не проста прэзентуе Стратэгію да …

Мы зацікаўленыя ў супольнай працы над умацаваннем беларускай культурніцкай прасторы. Беларуская Рада культуры мае стратэгію дзеяння да 2027 года і запрашае ўсіх …