Frame 417-3

Што мы пакінем пасля сябе: аўтамабілі ці творы мастацтва?

Беларуская Рада культуры ў сваёй стратэгіі падкрэслівае: культура — гэта не толькі мастацтва, але і фактар нацыянальнай бяспекі і развіцця грамадзянскай супольнасці. Яна захоўвае ідэнтычнасць, стварае сувязі паміж людзьмі і ўплывае на будучыню нацыі.

Менавіта таму мы ўдзельнічаем у дыскусіях пра ролю культуры і культурніцкага менеджменту, каб разам з экспертамі шукаць адказы на пытанні, што стаяць перад нашай супольнасцю. Адной з такіх размоў стала дыскусія Летняй школы культурніцкага лідарства Maldzis, дзе сустрэліся куратарка і арт-менеджарка Вольга Мжэльская, прадзюсарка і арганізатарка кінафестывалю “Паўночнае ззянне” Вольга Чайкоўская і прадстаўніца Беларускай Рады культуры, менеджарка адукацыйнага кірунку Вольга Кавальская.

Асноўныя выклікі

Адной з цэнтральных тэм стала адрозненне паміж камерцыйным і культурніцкім менеджментам. Калі машыны ці іншыя тавары маюць дакладную рынкава-вызначаную цану, то мастацтва ацэньваецца інакш: яно жыве ў сферы каштоўнасцяў і сэнсаў. Гэтая асаблівасць ускладняецца беларускім кантэкстам, дзе фактычна няма арт-рынку і традыцыі пакупкі твораў мастацтва.

Вялікай праблемай застаецца і недахоп інстытуцыйнай падтрымкі. У той час як у Польшчы існуе разнастайная сетка галерэй, арт-куратараў і прафесійных менеджараў, беларускае незалежнае мастацтва фармавалася і развівалася хутчэй “насуперак сістэме”, чым з яе падтрымкай.

Прысутнасць Беларусі на культурнай мапе свету

Беларускае мастацтва часта выглядае менш заўважным у параўнанні з украінскім. Прычына — не ў адсутнасці таленавітых творцаў, а ў браку арт-менеджараў, якія маглі б прадстаўляць Беларусь у міжнародных арганізацыях і прасоўваць яе культуру на глабальным узроўні.

“А ў нас па сутнасці няма краіны, не тое, каб інстытуцыянальная падтрымка. У нас менш бачнасці, а зоркі ёсць,” — падкрэсліла Вольга Кавальская.

Праца з творцамі ў Беларусі

Асобна ўдзельніцы абмеркавалі, як уключаць у культурныя праекты мастакоў і мастачак, што працягваюць працаваць у Беларусі ва ўмовах абмежаванняў і рызыкаў. Магчымымі шляхамі тут бачыцца ананімны ўдзел, выкарыстанне псеўданімаў і інтэграцыя іх у замежныя выставы і супольныя праекты праз міжнародных партнёраў.

“Нашая адказнасць — шукаць і ўключаць мастакоў і мастачак у Беларусі, спрабаваць з імі працаваць, нават калі гэта адбываецца ананімна,” — адзначыла прадстаўніца Беларускай Рады культуры.

Умовы працы і шляхі рашэння

Сярод асноўных перашкодаў у культурніцкім менеджменце былі названыя:

  • недахоп рэсурсаў і фінансавання,
  • выпадкі, калі праца адбываецца бясплатна або на ўласных сродках,
  • неабходнасць быць у курсе сусветных і лакальных трэндаў, каб праекты заставаліся вострымі і значнымі.

Пры гэтым адным з ключавых інструментаў развіцця быў вылучаны нэтворкінг. Удзел у канферэнцыях, рэзідэнцыях і міжнародных сустрэчах дае магчымасць пашыраць кантакты і робіць беларускую культуру больш бачнай у свеце.

Чаму гэта мае сэнс

Нягледзячы на ўсе цяжкасці, праца ў культурніцкім менеджменце дае свабоду і задавальненне, бо яна звязаная з выбарам сэнсаў і фармаваннем спадчыны.

“Ты акурат працуеш з сэнсамі і выбіраеш, што мы пакінем нашым нашчадкам. Што застанецца пасля нас,” — рэзюмавала Вольга Кавальская.

Беларуская Рада культуры ў межах сваёй дзейнасці плануе правядзенне навучальных праграмаў па арт-мэнеджменце. Каб не прапусціць навіны пра запуск такіх праграмаў, варта сачыць за сацсеткамі праекта ArtPower.

Мы таксама прапануем звярнуць увагу на іншыя міжнародныя адукацыйныя праграмы па гэтай тэме.

Таксама паглядзіце

1 кастрычніка 2020 года, у час жорсткіх рэпрэсій у Беларусі мы паставілі сабе мэту: аб’яднаць высілкі і стварыць умовы для развіцця незалежнай …

У Гданьскай ваяводскай і гарадской публічнай бібліятэцы (Wojewódzka i Miejska Biblioteka Publiczna w Gdańsku) цяпер можна знайсці яшчэ больш беларускіх кніг. Беларуская …