repressions

Рэпрэсіі

З 2020 года ў Беларусі рэпрэсавалі дзясяткі тысяч чалавек, сярод іх — сотні культурных дзеячаў і творцаў. Зараз у зняволенні па палітычных прычынах утрымліваюць як мінімум 156 дзеячаў культуры (паводле дадзеных Беларускага ПЭН на чэрвень 2025 года). Беларуская Рада культуры ў адказ на гэта арганізавала службу дапамогі рэпрэсаваным творцам.

За 5 гадоў існавання кірунаку дапамогі Беларуская Рада культуры адгукнулася на больш як 2000 зваротаў, дала 1400 кансультацый па пытаннях рэлакацыі, легалізацыі, адаптацыі, атрымання візаў, пошуку адвакатаў, звароту па падтрымку да партнёрскіх фондаў. Мы паспрыялі атрыманю візаў, гуманітарных дазволаў на жыхарства і інш. А фінансавую і псіхалагічную дапамогу атрымалі 590 асобаў.

Калі вы дзеяч/ка культуры і мае патрэбу ў псіхалагічнай, юрыдычнай ці іншай дапамозе, можаце напісаць на адрас rada_help@byculture.org

Сітуацыя з палітвязнямі і дзеячамі культуры ў Беларусі

Агульная сітуацыя

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца крытычнай. Дзеячы культуры сутыкаюцца з сістэмнымі рэпрэсіямі — гэта асноўны элемент шырокай кампаніі, накіраванай на задушэнне незалежнай думкі і грамадзянскай супольнасці.

Па стане на 10 чэрвеня 2025 года, паводле дадзеных вядучых праваабарончых арганізацый, у тым ліку Праваабарончага цэнтра «Вясна» і Dissidentby, у Беларусі больш за 1311 палітвязняў. З іх, паводле ПЭН Belarus, не менш за 156 чалавек, звязаных з культурніцкай дзейнасцю, знаходзяцца пад вартай або пад абмежавальнымі мерамі. Гэтыя лічбы сведчаць пра шырокае і сістэмнае падаўленне культурніцкай сферы.

У перыяд са студзеня па чэрвень 2025 года ПЭН Belarus зафіксаваў 319 выпадкаў парушэння правоў дзеячаў культуры. Гэта ўключае:

  • 115 выпадкаў адвольнага прызнання культурніцкага кантэнту «экстрэмісцкім»,
  • 49 выпадкаў цэнзуры,
  • 36 выпадкаў парушэння права на справядлівы суд,
  • 12 новых крымінальных спраў (палова з іх — паўторныя з 2020 года).

Гэтыя дадзеныя паказваюць на стратэгію ціску на незалежную культуру: крыміналізацыю творчасці, ізаляцыю мастакоў і інтэлектуалаў, забарону культурніцкіх твораў.

Сімвалічныя выпадкі: профілі пераследу

Наступныя гісторыі палітвязняў з асяроддзя культуры яскрава паказваюць жорсткасць рэпрэсій і заслугоўваюць міжнароднай увагі. Беларуская Рада культуры прааналізавала гэтыя выпадкі і рэкамендуе засяродзіць увагу на трох асноўных тэндэнцыях, якія патрабуюць неадкладнага вызвалення і адлюстроўваюць характар пераследу.

1. Пераслед за творчасць

Гэтыя выпадкі паказваюць рэакцыю рэжыму на свабоду слова, песні і творчыя выказванні. Людзей судзяць за іх творы, якія становяцца сімвалам пратэсту і надзеі.

  • Дзмітрый Галавач, Яўген Бурло, Андрэй Ярэмчык (гурт Tor Band): асуджаныя на тэрміны ад 7 гадоў і 6 месяцаў да 10 гадоў калоніі за музыку, адвольна прызнаную «экстрэмісцкай». Сам гурт прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем».
  • Яўген Бурло: пры вынясенні прысуду быў на мыліцах, мае патрэбу ў аперацыі на сцягне, праблемы са здароўем — вынік папярэдняга зняволення.
  • Андрэй Ярэмчык, бас-гітарыст, таксама ўнесены ў спіс экстрэмістаў.
  • Аляксандр Санчук, барабаншчык: асуджаны на 6 гадоў калоніі за ўдзел у пратэстах і творчасць.
  • Анастасія Мацяш, паэтка і даследчыца: асуджаная на 3 гады калоніі. Актывістка і дзяячка культуры.
  • Алег Хаменка, беларускі музыка, радыёвядучы, настаўнік, кампазітар, аматар культуры, прадзюсар, лідар фолк-гурта „Палац”.

2. Зняволенне нягледзячы на сур’ёзныя хваробы або ўзрост

Утрымліванне людзей з цяжкімі хваробамі ці ў сталым узросце без належнай меддапамогі вядзе да пагаршэння здароўя і пакут.

  • Вячаслаў Арешка, гісторык і культуралог: асуджаны на 13 гадоў калоніі, мае сур’ёзныя праблемы са зрокам, амаль не бачыць, але яму адмаўляюць у прызнанні інваліднасці. 
  • Уладзімір Гундар, краязнавец і грамадскі актывіст: асуджаны на 20 гадоў калоніі, мае цяжкія хваробы, яму адмаўляюць у меддапамозе. Мае інваліднасць (няма ног), часткова страціў слых у турме. 
  • Аляксандр Фядута, літаратурны крытык і культурніцкі дзеяч: асуджаны на 10 гадоў калоніі. Цярпіць ад падагры, праблем з сэрцам і дыханнем. Некаторы час яму не давалі патрэбных лекаў. 

3. Інтэлектуальны і грамадзянскі супраціў: вядомыя грамадскія асобы

Гэтыя людзі прадстаўляюць культурніцкую, адукацыйную і экспертную супольнасці. Улада вядзе мэтанакіраваную кампанію супраць іх.

  • Алесь Бяляцкі, пісьменнік, праваабаронца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру: асуджаны на 10 гадоў калоніі. У спісе экстрэмістаў. 
  • Уладзімір Мацкевіч, філосаф, метадолаг, пісьменнік, стваральнік «Лятучага ўніверсітэта»: асуджаны на 5 гадоў калоніі. Пенсіянер, перанёс дзве аперацыі. 
  • Валерыя Касцюхова, паліталагіня, рэдактарка: асуджаная на 10 гадоў калоніі. Заснавала супольнасць «Наша Меркаванне», рэдагавала «Беларускі Гадавік», узначальвае «Belarus in Focus». 
  • Павел Мажэйка, журналіст і культурніцкі менеджар (Цэнтр гарадскога жыцця ў Гродне): асуджаны на 6 гадоў пасля вяртання ў Беларусь. Падвяргаўся псіхалагічнаму ціску. 
  • Павел Белавус, арганізатар культурніцкіх праектаў, Symbal.by: асуджаны на 13 гадоў, у спісе тэрарыстаў. Следчы камітэт сцвярджаў, што «пад выглядам развіцця культуры і гісторыі ён распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму для змены ўлады». 
  • Зміцер Дашкевіч, пісьменнік і актывіст: асуджаны на 2,5 года. У спісе экстрэмістаў.
  • Аляксей Кузьмін, саліст гурта «Закон Гука»: асуджаны на 7 гадоў

Што можа зрабіць міжнародная супольнасць

Дзеячы культуры пакараныя за захаванне мовы, памяці і сэнсаў. Іх пераслед — гэта не толькі праблема правоў чалавека, але і культурніцкая надзвычайная сітуацыя.

Мы заклікаем міжнародныя арганізацыі, культурніцкія інстытуты і дэмакратычныя ўрады:

  • публічна асудзіць рэпрэсіі супраць дзеячаў культуры ў Беларусі;
  • патрабаваць неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітвязняў сферы культуры;
  • падтрымліваць механізмы рэабілітацыі і міжнароднай абароны для пераследаваных дзеячаў культуры;
  • умацоўваць культурніцкую салідарнасць, узмацняючы беларускія галасы культуры ў выгнанні.

Таксама паглядзіце

Першае кола грантавай праграмы ArtPower Belarus выклікала вялікую зацікаўленасць з боку творцаў і культурніцкіх ініцыятываў. На Трэк 2. Творчыя праекты — паступіла …

Літаратура: Нацыянальная ідэя, прэміі і пончыкі Кіно: Зваршчыца з Брэсту перамагае ў Шэфілдзе. Смерць рэжысёраў Тэатр: З Расіяй і “Перамогаю” Музыка: Вяртанне …