design_A_realistic_photo_of_a_androgynous_person_sitting__dc490d04-cad8-44df-bd4f-0b73705bad40

Паўстагоддзя адліг ды зім для традыцыі

Мы распачынаем новую рубрыку.

#прыСутнасць – гэта меркаванні экспертаў у культуры з Беларусі і з замежжа. Пра тое, што ім баліць як прафесіяналам і як беларусам, пра іх адкрыцці, развагі і назіранні, іх думкі і высновы. 

Гэта не гатовыя адказы і не падказкі, дзе “правільна”, а дзе “не”. Гэта спробы зафіксаваць рысы рэчаіснасці, убачыць іх праз прызму ўласнага досведу  і адзначыць непаўторныя асаблівасці часу, у які мы жывём.

Новая рубрыка – гэта запрашэнне да дыялогу і сумеснага роздуму.

Калі вы гатовыя падзяліцца ўласнымі думкамі, пішыце нам: media@byculture.org 

*Меркаванні аўтараў могуць не супадаць з пазіцыяй Беларускай Рады культуры.

***

Фолкавыя «Песняры» на чале з Уладзімірам Мулявіным у 1976 годзе сталіся першым рок-гуртом з былога СССР, які гастраляваў у ЗША. У той жа час у Нью-Ёрку набірала вядомасць Бафі Сэнт-Мары (Buffy Sainte-Marie), прадстаўніца карэнных народаў Амерыкі. І Мулявін, і Сэнт-Мары нарадзіліся ў 1941 годзе і прысвяцілі сябе папулярызацыі традыцыйнай музыкі, якая не адпавядала стандартам сусветнага рок-мэйнстрыму. Абое сталі вядомымі ў сферы фолку: Сэнт-Мары — у Паўночнай Амерыцы і Еўропе, Мулявін – на постсавецкай прасторы. Такія людзі ўвогуле нараджаюцца рэдка – як правідцы ды шаманы, а фіналы іх жыццяў выглядаюць па-рознаму… Але пра гэта – напрыканцы нашае размовы пра прысутнасць традыцыйнае культуры ў сённяшняй арт-прасторы Беларусі.

“Песняры” падчас гастроляў у ЗША. Злева направа: Уладзіслаў Місевіч, Валеры Дайнэка, Уладзімір Нікалаеў, Уладзімір Мулявін, Анатоль Шчолакаў. Крыніца: pesnyary.com

У 2025 годзе з фальклорам у Беларусі назіраецца «цішыня»: няма буйных фолк-рок-канцэртаў і фестываляў кшталту «Камяніцы» ці «Берагіні». Спробы падтрымліваць абрады і традыцыйныя формы мастацтва сутыкаюцца з адсутнасцю цікавасці з боку дзяржаўных структур. Моладзь, якая атрымлівае мінімальныя веды па музыцы ў школе, часта не знаёмая нават з вядомымі беларускімі танцамі, напрыклад, «Лявоніхай» – найвыбітнейшым па гісторыка-культурным кантэксце танцам беларусаў, музыку да якога некалі выконвалі «Песняры».

Да фолк-канцэртаў, фэстаў і павагі да традыцыйнае культуры беларусы ХХІ стагоддзя прыабвыкліся, але не надта рупіліся на гэнай глебе. Падзеі ж апошніх 5 гадоў «жорсткім электрашокам» змянілі стаўленне грамадства да ўласнай спадчыны. Беларусы адчулі: тое, што адрознівае нас ад іншых – здольнае захаваць народ і падоўжыць у часе і прасторы ягоны лёс. 

На пачатку ХХІ стагоддзя вядомыя беларускія фалькларысты, сярод якіх і Зінаіда Мажэйка (унесеная Кембрыджам у пералік 200 вядучых жанчын-інтэлектуалак свету), уздымалі тост «за поспех нашай безнадзейнай справы». Сёння ж сітуацыя змянілася. Беларускія традыцыі выклікаюць выразны інтарэс: людзі масава наведваюць музеі, падчас святкавання Купалля на дарогах утвараюцца заторы, папулярнымі сталі дэфіле ў традыцыйных строях, лекцыі пра матэрыяльную культуру і абрады. Шырокае распаўсюджанне атрымала цікавасць да беларускае кухні, да адпачынку ў вёсцы і да набыцця і рэстаўрацыі дамоў за горадам.

Што ж сёння дае сілы аматарам і захавальнікам спадчыны Беларусі «заставацца ў справе» ды працягваць працаваць з фальклорам? 

Сфармуляваць адказ на гэтае пытанне няпроста, таму варта звярнуцца да гістарычных фактаў. Паводле даследаванняў, беларусы належаць да заходнебалцкай групы. Асноўныя рысы ментальнасці – спакой, акуратнасць, дысцыплінаванасць, любоў да эстэтыкі ў побыце, прагматызм і імкненне да ўпарадкаванага жыцця – маюць глыбокія карані. Таму нават працяглыя перыяды залежнасці ад іншых дзяржаў мала паўплывалі на агульны светапогляд нацыі. У 1918 годзе гэта знайшло адлюстраванне ў абвяшчэнні Беларускай Народнай Рэспублікі, першай дзяржавы з этнонімам «Беларусь». У 1990-я гады, пасля распаду СССР, з’явілася надзея на адраджэнне незалежнасці. Менавіта тады актывізаваліся працэсы самаідэнтыфікацыі: аднаўленне беларускай мовы ў сферы адукацыі і кіравання, рост цікавасці да нацыянальнага мастацтва і медыяў, а таксама фармаванне палітычных рухаў, якія задэкларавалі ідэю беларускай дзяржаўнасці.

Гэтыя працэсы закранулі і фальклорны рух, умацаваўшы яго пазіцыі і паказаўшы перспектывы развіцця. Супольнасць людзей, якія арыентаваліся на ідэі самадастатковасці і незалежнасці, здолела перанесці іх у сферу адукацыі, выхавання, мастацкіх практык і дзейнасці недзяржаўных арганізацый. У той час нярэдка даводзілася суадносіць свае намаганні з умовамі 1970-х гадоў, калі пасля Хельсінскіх пагадненняў 1975 года з’явіліся спадзяванні на большыя магчымасці для краін постсавецкай прасторы, хаця шлях да свабоды і справядлівасці быў няпростым.

З 1970-х мінула ўжо больш за пяцьдзесят гадоў, і лёсы Мулявіна і Сэнт-Мары, якія ў 1976 годзе былі маладымі зоркамі сусветнага фолк-року, склаліся па-рознаму. Уладзімір Мулявін атрымаў шэраг высокіх званяў, у тым ліку Народнага артыста Беларусі (1979), Заслужанага дзеяча культуры Польшчы (1980) і Народнага артыста СССР (1990). Ён трагічна загінуў у 2003 годзе і быў пахаваны ў Мінску. Сёння па постсавецкай прасторы гастралююць гурты, дзе досыць рандомныя людзі выконваюць натхнёныя традыцыйнай музыкай песні Мулявіна. Гэныя людзі ды іх маскоўскія прамоўтары зарабляюць на спадчыне песняра грошы… 

Бафі Сэнт-Мары засталася вядомай зоркай сусветнага фолк-року і кінаіндустрыі: яна напісала музыку для некалькіх фільмаў і знялася ў ролі актрысы ў больш чым дзясятку карцін. Сёння яна працягвае выступаць, выконваючы песні свайго народа, якія знаходзяць слухачоў як сярод яго нашчадкаў, так і сярод шырокай міжнароднай аўдыторыі.

Параўнанне лёсаў Мулявіна і Сэнт-Мары, а таксама разважанні пра стан традыцыйнай культуры ў Беларусі, падштурхоўваюць да пытання: дзе фолк-музыка і народная спадчына атрымліваюць большую падтрымку і прызнанне – у краінах постсавецкай прасторы ці ў заходнім свеце, які ў нашых мясцінах чамусьці прынята называць “бездухоўным”?

*З прычын бяспекі тэкст публікуецца ананімна

Таксама паглядзіце

Адной са сфераў зацікаўленасці нашай арганізацыі з’яўляецца вывучэнне сістэмаў фінансавання культуры, што склаліся ў розных краінах. Так, з гэтай мэтай мы ініцыявалі …

Літаратура: Бяспроззе Нацыянальнай літпрэміі і рост актыўнасці за мяжой Кіно: Самаідэнтыфікацыя і прапаганда Тэатр: Кактэйль з рэпрэсій і абмежаванага пазітыву Музыка: Новыя …