Frame 490

«Паўночнае ззянне»: як грант ArtPower Belarus дапамог утрымаць беларускую праграму і ўзмацніць анлайн-пляцоўку фестывалю

Працягваем серыю інтэрв’ю з праектамі, якія былі падтрыманыя ArtPower Belarus пры фінансаванні Еўрапейскага Саюза.

Кінафестываль «Паўночнае ззянне» існуе ўжо больш за 11 гадоў і за гэты час неаднаразова змяняў форму і фармат. Асабліва істотныя трансфармацыі адбыліся пасля 2020 года, калі каманда была вымушаная перайсці да працы ў выгнанні. З таго часу фестываль фактычна пераасэнсоўваецца штогод: змяняюцца фарматы паказаў, тэхнічныя рашэнні, фінансавая мадэль і логіка ўзаемадзеяння з аўдыторыяй.

Заснавальніца і дырэктарка кінафестывалю «Паўночнае ззянне», а таксама прадзюсарка Воля Чайкоўская адзначае, што менавіта беларуская праграма выступае адным з ключавых кірункаў працы фестывалю. Яна ўзнікла як адказ на дэфіцыт пляцовак для незалежнага беларускага кіно і як спроба захаваць сувязь з аўдыторыяй унутры краіны. Частка праграмы рэалізуецца анлайн, іншая — праз афлайн-паказы ў розных еўрапейскіх гарадах, у тым ліку ў Варшаве, Вільнюсе і Таліне.

«Беларуская праграма для каманды — гэта не асобны дадатак, а важная частка місіі фестывалю і спосаб падтрымліваць незалежнае беларускае кіно і даваць яму прастору для сустрэчы з аўдыторыяй нягледзячы на ўсе абмежаванні і рызыкі».

Чаму вы вырашылі падацца на ArtPower Belarus?

Для каманды фестывалю рашэнне падавацца не было сімвалічным ці «на ўсялякі выпадак» — гэта быў прагматычны крок, які выцякае з самой мадэлі існавання фестывалю пасля 2020 года. Воля тлумачыць, што праект працуе ў сітуацыі, калі класічныя крыніцы прыбытку для культурніцкіх ініцыятыў фактычна не працуюць: камерцыйных паказаў мала, анлайн-фармат застаецца асноўным, а бясплатнасць становіцца часткай місіі і ўмоваю даступнасці для беларускай аўдыторыі.

«Грантавая падтрымка — гэта цудоўна, і без яе наш праект увогуле немагчыма ажыццяўляць».

Дырэктарка «Паўночнага Ззяння» наўпрост прызнае, што «ўстойлівасць» для фестывалю азначае не продажы і прыбытак, а здольнасць падтрымліваць праект праз розныя крыніцы грантавай дапамогі і планаванне падтрымкі ў часе. 

У выпадку ArtPower Belarus быў яшчэ адзін важны фактар — давер да самой інфраструктуры. Воля тлумачыць, што пра праграму ведала даўно, яна заўсёды была ў яе інфармацыйным полі, і каманда мэтанакіравана адсочвала аб’явы і дэдлайны, каб паспець падацца. Успрыманне ArtPower Belarus як часткі еўрапейскай сістэмы падтрымкі культуры і медыя, дзе грантавае фінансаванне — гэта спосаб утрымліваць праекты з выразнай грамадскай значнасцю, якія не здольныя існаваць за кошт камерцыйных даходаў.

Для Волі гэта таксама важнае адрозненне паміж рознымі мадэлямі фінансавання культуры: у еўрапейскім падыходзе такія ініцыятывы падтрымліваюць менавіта таму, што іх каштоўнасць не зводзіцца да камерцыйнага поспеху. І для беларускіх праектаў гэта набывае дадатковы сэнс, бо гаворка ідзе пра захаванне сваёй культурніцкай прасторы ў неспряльных умовах, калі праца з мовай, кіно і ідэнтычнасцю часта трымаецца не на інстытуцыйнай падтрымцы «дома», а на супольнасцях і міжнародных партнёрствах.

Што атрымалася рэалізаваць дзякуючы праграме?

Падтрымка ArtPower Belarus дала камандзе магчымасць не проста правесці чарговы выпуск беларускай праграмы, а істотна ўмацаваць як яе змест, так і тэхнічную і арганізацыйную аснову фестывалю. 

Першым і ключавым этапам стала паўнавартасная арганізацыя адкрытай падачы і адбору фільмаў. Каманда атрымала рэсурс, каб аб’явіць open call, прыняць і адгледзець усе заяўкі і сфарміраваць праграму на прафесійным узроўні.

Гэта дало магчымасць не толькі паказаць гатовыя працы, але і захаваць конкурсную логіку, уключыць міжнароднае журы і прапанаваць аўтарам празрысты працэс адбору, што асабліва важна для незалежнага беларускага кіно, якое часта пазбаўлена рэгулярных пляцовак для дэманстрацыі.

Другі важны вынік істотнае ўзмацненне анлайн-інфраструктуры фестывалю. Дзякуючы гранту каманда змагла перайсці на новага тэхнічнага правайдара і фактычна перазапусціць анлайн-платформу:

«Мы змаглі перавесці нашу анлайн-платформу на іншага тэхнічнага правайдара — эстонскую кампанію. Адбылася вялікая праца з бэкэндам, дызайнам і адаптацыяй платформы пад патрэбы фестывалю, у тым ліку з улікам бяспекі і даступнасці для аўдыторыі з розных краін».

Для беларускага кантэксту, дзе пытанні бяспекі, аўтарскіх правоў і рызыкаў для аўтараў застаюцца вострымі, гэта важны аргумент на карысць анлайн-фармату і пашырэння доступу да фільмаў.

Нарэшце, грант дазволіў умацаваць і афлайн-складнік фестывалю. Каманда змагла арганізаваць паказы ў розных гарадах і працаваць непасрэдна з аўтарамі, уключна з магчымасцю прывезці частку ўдзельнікаў на паказы:

«Мы змаглі зрабіць афлайн-паказы ў Вільнюсе, Варшаве і Таліне, а таксама прывезці туды некаторых аўтараў. Гэта было магчыма менавіта дзякуючы гранту».

Што змянілася пасля ўдзелу ў праграме?

Удзел у праграме ArtPower Belarus меў для каманды значэнне не толькі ў фінансавым сэнсе. Важным стаў сам факт падтрымкі як сігнал, што праект патрэбны, бачны і мае вагу ў больш шырокім культурным кантэксце.

«Каманда вельмі рада, што праект падтрымліваюць… Гэта не толькі фінансавая матывацыя, але і прызнанне: “О, крута, мы патрэбныя, мы цікавыя, мы пераканаўчыя”».

Гэтае адчуванне, паводле яе слоў, непасрэдна ўплывае на настрой і ўнутраны стан каманды, якая працуе ў няпростых умовах і часта вымушаная сумяшчаць удзел у культурных праектах з іншай працай. Нават калі грант не вырашае ўсіх матэрыяльных праблем, ён дае магчымасць людзям заставацца ў праекце і працягваць сваю працу.

«Зразумела, што гэта не аплачвае іх жыццё на год… але дае магчымасць працягваць працаваць, у тым ліку, з беларускім кантэнтам і беларускай мовай».

Цяжкасці ўдзелу ў праграме

Працэс падачы грантавай заяўкі заўсёды застаецца складаным і працаёмкім, нават калі за плячыма ўжо вялікі досвед.

«Грантавыя заяўкі — гэта заўсёды вялікая праца. Я не магу сказаць, што люблю іх запаўняць, але гэта карысны працэс: ён прымушае структураваць думкі і зрабіць бачанне праекта больш арганізаваным і зразумелым».

Воля падкрэслівае, што адна з галоўных складанасцяў — гэта неабходнасць апісаць праект так, каб ён быў зразумелы людзям, якія не ведаюць ні кантэксту, ні праблем беларускай культуры, ні гісторыі самога фестывалю.

«Чалавек, які раней нічога не чуў пра праект, павінен адразу зразумець, што вы робіце і навошта. А табе, калі ты жывеш у гэтым гадамі, здаецца, што ўсё і так відавочна, таму даводзіцца па сто разоў правяраць і перапісваць, каб быць упэўненай: растлумачана дакладна і зразумела».

Асобнай задачай становіцца рэалістычная ацэнка ўласных магчымасцяў і ў фінансавым, і ў арганізацыйным сэнсе. Асабліва гэта важна ў сітуацыі, калі праект уключае тэхнічныя змены або працу з новымі платформамі і інструментамі, вынік якіх не заўсёды можна дакладна прадказаць загадзя.

Менавіта гэты баланс паміж амбіцыямі, адказнасцю і рэальнымі рэсурсамі становіцца адным з ключавых выклікаў пры падрыхтоўцы заяўкі. Але адначасова гэты працэс дапамагае камандзе лепш зразумець уласны праект, яго межы і магчымыя шляхі развіцця.

Вынікі ўдзелу ў ArtPower Belarus?

Адным з самых моцных і эмацыйных вынікаў для каманды сталі афлайн-паказы і жывая рэакцыя супольнасці. Асабліва Воля вылучае паказ у Варшаве, які нечакана ператварыўся ў сапраўдную падзею:

«У Варшаве ў нас вельмі добра прайшоў паказ фільма Юрыя Сямашкі “Лебядзіная песня Фёдара Озерава”, быў поўны аншлаг. Людзі сядзелі нават на прыступках, і для каманды гэта стаў вельмі важны момант: можна заўважыць, што беларускае кіно здольнае збіраць поўную залу і выклікаць жывую рэакцыю аўдыторыі».

Для каманды гэта не проста ўдалы паказ, а доказ таго, што запыт на беларускі кантэнт існуе, нават нягледзячы на складаную тэматыку і агульную стомленасць аўдыторыі.

Яшчэ адно назіранне, якое пацвердзілася падчас фестывалю, — устойлівы інтарэс да фармату кароткага метра. Воля адзначае, што менавіта такія праграмы часта аказваюцца найбольш «жывымі» ў кантакце з гледачамі:

«Мы заўважылі, што праграмы кароткага метра добра працуюць з аўдыторыяй. Калі кароткія фільмы збіраюцца ў адну праграму, фармат аказваецца запатрабаваным: гледачы актыўна глядзяць, абмяркоўваюць убачанае і задаюць пытанні».

Асобным важным вынік праца з фільмам «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч і яго паказамі ў розных гарадах. Гэта супала з міжнародным кантэкстам вакол стужкі і надало дадатковую вагу беларускім паказам:

«Нам удалося паказаць фільм «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч у Вільнюсе і Таліне, і гэта аказалася вельмі дарэчы: у гэты перыяд стужка атрымала намінацыю на прэмію Еўрапейскай кінаакадэміі European Discovery Prix Fipresci, а паказы сталі дадатковай нагодай зрабіць яе больш заўважнай. Так мы падтрымалі бачнасць беларускага кіно ў еўрапейскай прафесійнай прасторы».

Невідавочныя вынікі

Акрамя бачных вынікаў — паказаў, аўдыторыі і лічбаў — з’явіліся і менш прыкметныя, але стратэгічна важныя зрухі. Адзін з іх — запуск сістэмы акрэдытацый і першая спроба выбудаваць больш структураваную працу з медыя.

«Паралельна фестываль адкрыў індустрыйную акрэдытацыю INDUSTRY START для беларускіх фільммэйкераў-пачаткоўцаў і студэнтаў, з доступам да спецыяльных афлайн-паказаў і сустрэч у Вільнюсе, Варшаве і Таліне, каб прасцей уваходзіць у прафесійнае поле і здабываць кантакты».

Воля прызнаецца, што на старце гэта выглядае вельмі сціпла і патрабуе значных рэсурсаў:

«Мы ўвялі акрэдытацыю — гэта першы раз, калі мы наогул такую гісторыю зрабілі. Зарэгістравалася ўсяго 12 чалавек, але мы разумеем, што гэта працэс, і хочам развіваць яго далей».

Пры гэтым каманда бачыць у гэтым кірунку доўгатэрміновы патэнцыял, у тым ліку, для міжнароднай бачнасці беларускага кіно:

«Мы хочам працаваць не толькі з беларускімі, але і з замежнымі журналістамі. Гэта вельмі кропкавая праца, бо часта даводзіцца тлумачыць, што такое беларускае кіно і чаму яно цікавае і важнае. Па сутнасці, гэта асветніцкая работа».

Планы на будучыню

Пасля рэалізацыі беларускай праграмы каманда фестывалю не спыняецца і ўжо думае пра наступныя крокі. Сярод прыярытэтаў — далейшае развіццё афлайн-прысутнасці, у першую чаргу ў Варшаве, новыя партнёрствы і калабарацыі, а таксама пошук формаў, якія дазволяць фестывалю заставацца актуальным у зменлівым кантэксце.

Асобна Воля адзначае важную падзею, якая адкрывае новыя магчымасці для праекта: далучэнне фестывалю да міжнароднай сеткі Human Rights Film Festivals Network.

«Нас прынялі ў вельмі прэстыжную еўрапейскую сетку Human Rights Film Festivals Network. Мы спадзяёмся, што зможам праз яе далей прасоўваць і беларускае кіно».

Яшчэ адзін кірунак разваг — асэнсаванне ўласнай гісторыі і назапашанай культурнай «спадчыны» фестывалю. За гады працы сфармавалася цэлая сістэма візуальных маніфестаў, слоганаў і ідэнтычнасцяў, якія могуць стаць асобным праектам:

«Кожны год у нас ёсць свой слоган, маніфест і візуал. У гэтым годзе мы запускалі фестываль пад слоганам «Мы проста дзеці». За 11 гадоў гэтага ўжо хапіла б на выставу ці нават на кнігу».

Што параіць тым, хто толькі плануе падавацца?

Парада Волі Чайкоўскай вельмі канкрэтная: не прыдумляць сабе бар’еры, вучыцца і ўспрымаць адбор як працэс, а не як вердыкт пра сябе.

«Я таксама раю не прымаць адмовы экспертнай камісіі «на свой асабісты рахунак», а працягваць спрабаваць і прасіць зваротную сувязь, як можна палепшыць заяўку. Але галоўнае, верце ў сілу нашага кам’юніці, разам мы здольныя зрабіць шмат чаго карыснага».

Таксама паглядзіце

Беларуская Рада культуры абвяшчае кампанію ў падтрымку знакавага беларускага даследчыка і актывіста, планы якога раптоўна перарваў цяжкі дыягназ. Тэкст дапоўнены. Дарагія сябры, …

Літаратура: Галодныя гульні ў Краме Цудаў Кіно: Па той і гэты бок мяжы Тэатр: Перакадзіроўка на рускую ДНК Музыка: Распад “Пятлі Прыхільнасці”, …