Ілюстрацыйная выява.

Пасадкі пад Мінскам. Палявыя нататкі культуролага-даўншыфтара. Допіс 3

Гэта рубрыка «ПрыСутнасць». Тут публікуем меркаванні экспертаў у культуры з Беларусі і з замежжа. Пра тое, што ім баліць як прафесіяналам і як беларусам, пра іх адкрыцці, развагі і назіранні, іх думкі і высновы. 

Запрашаем і вас да сумеснага роздуму. Калі вы гатовыя падзяліцца ўласнымі назіраннямі, уражаннямі, пішыце нам: media@byculture.org 

*Меркаванні аўтараў могуць не супадаць з пазіцыяй Беларускай Рады культуры.

Кароткі змест папярэдніх серый. Чатыры калегі: неўміручы «Форд-транзіт» 1997 года, энергічны ўласнік садаўнічай фірмачкі Ігар, а таксама былы архітэктар, а цяпер перадпенсійны беспрацоўны Жан, і нарэшце – культуролаг на паўзе, восенню 2025 года на катэджным участку пад Мінскам садзяць сад.

Допіс 3. Метасеквоя канадыйская

Сёння ў нас будзе фотасесія. Ігар будзе здымаць, як Жан садзіць канадыйскую метасеквою са звычайнымі беларускімі соснамі ў яе на падтанцоўцы. Жан вырашыў эміграваць у Канаду. Вырашыў даўно, яшчэ да 2020-га, а цяпер кажа «вярнуўся да каранёў», то бок, да свайго дарэвалюцыйнага жадання. Ён нават шантажаваў колісь сваёй эміграцыяй дарослага сына, маўляў, «будзеш піць, з’еду ад цябе пад халерумаць у Канаду!»

Ілюстрацыйная выява.

Цяпер, у 2025, калі нікога эмігранцтвам не пашантажуеш, калі ў Данію з’ехаў і сам Жанаў сын, а бутлегер сына – яшчэ кудысьці, Жанава «жаданне стала чыстай, незамутнёнай мрояй», – кажа ён.

Ідэя фотасесіі наступная. Калі Жан эмігруе і там стане шукаць працу, то здымкі яму прыдадуцца. Замест натарыяльна заверанага перакладу дыплома, якога ў яго няма, Жан зможа прад’явіць гэтыя фоткі. А ўжо чэпкае вока ўласніка тамтэйшай садаўнічай фірмы заўважыць добрага працаўніка, таму ніякіх дыпломаў не спатрэбіцца. 

За прафесійныя позы, эмоцыі і рэквізіт Жана адказвае сам Ігар. Ён цяпер на здымках – адначасова і эксперт, і аператар. Ён то дае Жану цяпку трымаць пад пэўным кутом. То кажа апусціцца на калені і капаць лунку. То камандуе ўзяць пабольш угнаенняў у далоні, абцягнутыя садаўнічымі пальчаткамі з кіпцюркамі на падушачках. То з крыкам падлятае да Жана і змятае грануляваны конскі гной з пяска – гранулы ж трэба класці ў лунку, пад расліны! То раптам налівае Жану з олдскульнага (мэйд ін чайна, з астрамі на падрапаным корпусе) тэрмаса кубачак духмянай рэквізітнай кавы, якую мы купілі ў Астрашыцкім Гарадку, і прымушае Жана на камеру смачна пацягваць тую каву на фоне сіняга неба і ўглядацца ў дальнія далі. Падчас здымкаў яго камера выхоплівае адлюстраванні пажаўцелых пагоркаў у шкельцах акуляраў-сподачкаў нашай немаладой мадэлі. Выходзіць праўдзіва і нават трохі рамантычна.

Вось таму Ігар узгадніў на сёння з заказчыкам пасадку канадыйскай метасеквоі пры ўездзе на прыватны паркінг, каб фотасесія выйшла яшчэ лепшай. Метасеквоя – рэліктавая хвойная расліна з сямейства цыпрысавых, але яе выганяе ўгору ўдвая вышэйшай за нашы сосны. Знаёмыя расліны на здымках прывабяць патэнцыйнага канадыйскага працадаўцу. 

Аднак калі я разгружаў з «Форда» парасткі заморскай расліны, мне патрапіў на вока лядашчы комлік, аздоблены сплюснутымі ці то іглінкамі, ці то арабінавымі лісточкамі. Проста не верыцца, што гэтага голага чахліка выганіць вышэй за нашы хваіны, і што метасеквоя будзе, як карабельная мачта мезазойскай эскадры, лунаць і разгортваць ветразі сваіх галін над Дубраўскім вадасховішчам. Жан нават засумняваўся ўголас. Ігар пацвердзіў сур’ёзныя намеры метасеквоі прадзіравіць небасхіл пад Мінскам. Спрэчку паміж імі развязаў апошні аргумент у кожнай сучаснай палеміцы – Вікіпедыя. Метасеквоі, як паказалі фоткі ў адпаведным артыкуле, сапраўды гіганты.

Фотасесія і пасадкі яўна ўдаліся. Я раю Ігару зрабіць такія «эмігранцкія» здымкі сваім тутэйшым стартапам. Прычым у розных прыкладных прафесіях. 

Зрабіў – і пашкадаваў, бо пры словах «У мяне да цябе прапанова» ў Ігара заўжды нараджаюцца контрпрапановы. Тут ён пачаў доўга пералічваць, якія стартапы, на яго думку, пойдуць добра ў Беларусі-2025. 

  1. Дом састарэлых для бацькоў, бо дзеці падаліся ў эмігранты, дзяржаўных не хопіць, а да прыватных будзе болей даверу. 
  2. Стартап «Бяспечныя прагулкі па Мінску»: эмігрант можа з дапамогай камеры прайсціся па ўлюбёных маршрутах. Дзеля большага эфекту разам з праграмай за мяжу будзе дасылацца  пакет беларускай кавы з Астрашыцкага Гарадка і абгорткі ад глазураваных сыркоў Бярозаўскага малакамбіната. 
  3. – – – – – – 

– А-а-а, сціхні, Ігар! 

Я не заўважаю, як голасна крычу гэтыя словы.

Ігар выходзіць з крэатыўнага настрою, азіраецца на вокны вілы ў скандынаўскім стылі і кажа мне:

— А ТЫ не хацеў бы зрабіць фотасесію?

Я мармычу. Гляджу на яго і разумею… На пагорках, так падобных да канадыйскіх, рве вока залатая восень, якая ўжо тут, і злом кліновых лістоў, і парудзелыя зарасці папараці, на лістках якой матляюцца кропелькі ператворанай у вільгаць начной шэрані. Сто разоў я думаў пра ад’езд. Сто разоў я бачыў, як мае сябры і знаёмыя проста знікалі ТАМ, усё радзей дасылаючы электронныя лісты ці паведамленні ў сацсетках. «Але што я там буду рабіць, дзе працаваць?» – на гэтай думцы фантазіі заўжды спыняліся. І вось, калі ласка – сёння мае развагі пра цалкам магчымую эміграцыю ўвянчаліся пераходам на цалкам новы ўзровень. Ніколі, ніколі ў жыцці, як сёння, я не быў такі блізкі да эміграцыі! 

Але дзякуй богу – я цяпнуў вострай цяпкай сябе па пальцы. Пайшла кроў. Ігар дастаў з бардачка аптэчку, спрытна перавязаў мне палец, мы загрузіліся і паехалі назад у Мінск.

Працяг будзе.

Таксама паглядзіце

19 сакавіка з беларускіх турмаў і калоній пачалі вызваляць палітвязняў па спісе, які налічвае 250 асобаў. Сярод іх – 17 дзеячаў культуры.  …

Праграма грантавай падтрымкі ArtPower Belarus абвяшчае запуск чарговага конкурснага кола па Трэку 1. Арганізацыйнае развіццё. Падача заявак стартуе 17 сакавіка 2026 года …