Эксперты Аналітычнай групы Беларускай Рады культуры падвялі вынікі 2025 года. У гэтым тэксце мы сабралі топ-10 самых заўважных (на думку нашых шаноўных знаўцаў) трэндаў і яскравых падзей у кожнай з традыцыйна агляданых сфер – літаратуры, музыцы, кіно, тэатры, традыцыйнай культуры і выяўленчым мастацтве. Сёлета мы былі сведкамі вялікіх поспехаў беларусаў на культурніцкай мапе свету, але разам з тым застаемся ў палоне жорсткіх рэпрэсій у нашай краіне.
Запрашаем да чытання, параўнання і абмеркавання: ці адпавядаюць меркаванні нашых экспертаў вашым назіранням. Якім гэты год запомніцца вам?
Тэатр: Новая схема фінансавання і змрочнасць пад забаронай
Музыка: Фэсты вяртаюцца, гурты распадаюцца
Арт: Год жанчын
Традыцыйная культура: +1 у важным спісе і ўвага да каранёў
Кіно: Пахаванне фестывалю, перамогі ў Еўропе
Літаратура: Ці адшукае Maldzis крыж Еўфрасінні Полацкай?
Тэатр: Новая схема фінансавання і змрочнасць пад забаронай
З 1 студзеня тэатр перайшоў на новую сістэму фінансавання: 50% вылучае дзяржава, 50% калектывы зарабляюць самі. Замест сваёй асноўнай дзейнасці тэатры вымушаныя займацца чым заўгодна, каб завабіць больш гледачоў. Гэта прыводзіць да павелічэння долі забаўляльнай прадукцыі, відавочна замінае творчасці і адмоўна ўплывае на якасць спектакляў.
Працягваецца перманентны штурм сталічнага Лялечнага і яго касы. Звышпапулярнасць пастановак Яўгена Карняга далучае беларусаў да спектакляў высокага ўзроўню. Лялечны стаў модным. Адначасова гэта зрабіла немагчымым крытыку спектакляў (зрэшты, у Беларусі гэта глабальна немагчыма).
У Акадэміі мастацтваў ліквідаваны тэатральны факультэт. Ён стаў часткай Факультэта кіно, тэатра і тэлебачання. У Беларусі мае значэнне паслядоўнасць словаў. Відавочна, што прыярытэт будзе аддадзены менавіта гэтаму віду мастацтва.
Забаронены спектакль «Сёстры Грым». Камісія Міністэрства культуры палічыла яго «чорным» і надта змрочным, каб даць яму «зялёнае святло». Гэта паказвае, што ад цэнзуры не абаронены ніхто, а старыя правілы гульні не дзейнічаюць (у Тэатры лялек з 2015 года ішоў спектакль «Інтэрв’ю з вядзьмаркамі», на аснове якога створаныя «Сёстры«, і нікому не замінаў).
Працягваецца русіфікацыя. Віцебскі тэатр «Лялька», які дагэтуль працаваў толькі на беларускай мове, стаў ставіць спектаклі і па-руску. Дырэктар РТБД Святлана Навуменка заявіла, што ў тэатры створаць спецыяльны праект «РТБД па панядзелках«, у межах якога «паспрабуюць зрабіць рускую класіку на рускай мове« – пакуль гэта ідэя не рэалізаваная.
Беларускі тэатр балансуе на мяжы падтрымкі расійскай агрэсіі. Дзякуючы розгаласу Оперны тэатр не паехаў на гастролі ў Крым. Святлана Навуменка анансавала спектакль па творы расійскага пісьменніка Захара Прылепіна, які падтрымлівае вайну.
Беларусы дабіваюцца міжнародных поспехаў. Спявачка Аксана Волкава выканала галоўную ролю ў оперы «Кармэн« у Метраполітэн-апера. Дырыжор Дзмітрый Мацвіенка дэбютаваў у Парыжскай нацыянальнай оперы. Монаспектакль Паліны Дабравольскай «Сарматыя» паказвалі на фестывалі ў карэйскім Сеуле. Крытык Настасся Панкратава стала дадатковым консулам UNIMA (Міжнародны саюз дзеячаў тэатраў лялек, афіліяваная структура ЮНЕСКА) і інш.
РТБД гастраляваў у Кітаі. Калектыў паказаў на фестывалі ў кітайскім Шанхаі спектаклі «Май хомлэнд» і «Вечар». Гэта ўдалы прыклад папулярызацыі ведаў пра беларускі тэатр і Беларусь.


Беларускія драматургі застаюцца запатрабаванымі за межамі краіны. У шорт-ліст «Любімаўкі» – незалежнага праекту рускамоўных драматургаў увайшлі тры прадстаўніка Беларусі: Максім Дасько (п’еса «Инсула»), Рэната Талан («Лимб»), Хася Корнева («Рыжая белка»).
У Польшчы працягваецца фестывальнае беларускае жыццё. У Познані адбыўся чарговы беларуска-ўкраінска-польскі форум «Druga próba. Teatr ponad granicami». У Любліне – форум «Bliski Wschód», які гэтым разам амаль цалкам прысвечаны тэатру і згуртаванню «Вольныя Купалаўцы».
Музыка: Фэсты вяртаюцца, гурты распадаюцца
Міжнародны поспех беларускіх гуртоў
Molchat Doma працягнуў у 2025 годзе замацоўвацца на Захадзе. Выступілі на KEXP, буйным фестывалі Open’er у Гдыні і падаліся на Грэмі. Brutal death металісты Extermination Dismemberment выступілі на буйным фестывалі Wacken і пачалі супрацоўнічаць з буйной кампаніяй Unchained, якая займаецца прасоўваннем такіх гуртоў, як Lorna Shore і Killswitch Engage.
СОЮЗ выпусціў беларускамоўны альбом КROK на брытанскім лэйбле Mr Bongo і налета адправіцца ў еўрапейскі тур у яго падтрымку. Таксама гурт згадалі ў брытанскім анлайн-часопісе The Quietus. Артыкул быў прысвечаны музычнай сцэне Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.
Распад «Пятлі Прыхільнасці» і іншых калектываў
2025 год не прайшоў без стратаў. З гурта «Пятля Прыхільнасці» сышоў вакаліст Ілля Чарапко-Самахвалаў. Гурт з’ездзіў у вялікі еўрапейскі тур і спыніў сваё існаванне. Паставілі на паўзу дзейнасць ці цалкам яе спынілі яшчэ Son of Deni, Naka, SOZ і N.R.M. На жаль, не ўсе калектывы вытрымліваюць выпрабаванне эміграцыяй.
Пазнякс — галоўнае адкрыццё года
21-гадовы хлопец з Горадні стаў калі не галоўным адкрыццём года, то дакладна паказаў самы хуткі шлях да папулярнасці. Яшчэ на пачатку лета пра Пазнякса ніхто не ведаў, а ў 2026-ы ён заходзіць як артыст, якога клікаў на свой лебл Баста. А яшчэ хлопец выпусціў фіт з Maby Baby, Booker і Славам КПСС.
Канцэрт Макса Каржа ў Варшаве
Хлопец з Лунінца улетку сабраў Нацыянальны стадыён у Варшаве (каля 70 тысяч чалавек). Квіткі на канцэрт прадалі літаральна за 5 дзён. Пасля выступу стала вядома, што Польшча дэпартуе 57 украінцаў і шасцярых беларусаў за масавыя беспарадкі падчас канцэрту. Пасля гэтага канцэрт артыста адмянілі ў Казахстане, але Корж не разгубіўся і анансаваў выступ у Румыніі 23 мая 2026 года.
Моцнае кам’юніці лакальных артыстаў у Беларусі
У 2025 годзе канчаткова сфарміравалася моцнае кам’юніці лакальных артыстаў. Яны дапамагаюць адно аднаму ў прома, арганізацыі выступаў і нават сумесна адпачываюць. Ну і канешне ездзяць у туры па Беларусі.
Вяртанне буйных фестываляў у Беларусі
У 2025 годзе пасля перапынку вярнуліся адразу некалькі буйных фестываляў. Пасля сямігадовага маўчання прайшоў фестываль Stereo Weekend, лайн-ап якога складалі расейскія і беларускія выканаўцы. Хэдлайнерамі сталі Антоха МС, Моя Мишель, Mnogoznaal. Вярнуўся Lidbeer пасля двух гадоў перапынку. Хэдлайнерамі фэсту таксама сталі расійскія зоркі. З вядомых беларусаў выступілі «Барысаўскі Тракт» і Police in Paris.
Праява ідэнтычнасці сярод артыстаў, якія працуюць на расійскім рынку.
Беларускія артысты, што працуюць выключна на расейскім рынку, пачалі смела заяўляюць пра свае беларускія карані. Maybe Bayby выпусціла дыс-трэк на расійскую артыстку Інстасамку, у якім частку песні зачытала на роднай мове. Пасля гэтага беларусы пачалі здымаць свае ролікі пад гэты кавалак песні і выкладаць іх у сацсеткі.
Таксама артыстка выпусціла сумесны трэк з Пазняксам пад назвай «Жабінка-Гродна». Трыа Uniqe, Nkeeei, ARTEM SHILOVETS таксама падкрэсліваюць сваё беларускае паходжанне: пачынаючы ад адсылак у песнях да выступаў з афіцыйнай беларускай сімволікай на сцэне. Дуэт Nemiga у новым альбоме выпусціў песню на беларускай мове.
Праблемы з гастролькамі
Па-ранейшаму ўнутры краіны захоўваецца праблема свабодна ладзіць канцэрты. Па-ранейшаму здараюцца выпадкі, калі арганізатарам канцэртаў не выдаюць дазволы на правядзенне канцэртаў. Такія кейсы маюць сумныя наступствы, у тым ліку і фінансавыя. Немагчымасць стабільна праводзіць канцэрты негатыўна паўплывала на працу некаторых пляцовак.
Камбэк Аляксея Хлястова
Спявак Аляксей Хлястоў, які трапіў у «чорныя спісы» пасля пратэстаў 2020 года, нечакана вярнуўся ў публічную прастору. Ролікі з артыстам, які зараз працуе ў таксі, завірусіліся ў сацсетках. Гэта дала штуршок у кар’еры спевака. Сёння Аляксей дае інтэрв’ю, праводзіць стрымы і рыхтуе новыя песні.
Інтэграцыі беларускіх артыстаў з брэндамі
У гэтым вельмі адзначыўся гурт «Барысаўскі Тракт». Спачатку яны закалабіліся з Mak.by, а пасля іх песня стала саўндтрэкам для фільма «Пераломны момант», знятага «Беларусьфільмам». Police in Paris са сваім рэміксам на «Касіў Ясь канюшыну» зрабілі інтэграцыю з Mark Formelle.
! Гэта далёка не ўсе важныя падзеі, якія адбываліся з беларускай музыкай у гэтым годзе. Мы бачылі еўрапейскія туры артыстаў з Беларусі, прызнанні цэлых гуртоў «экстрэмісцкімі», сыходы і вяртанні «Драздоў», пераапрананне ў паветры Віталя Артыста і шмат іншых цікавых і спрэчных падзей. Гэта ўсё кажа пра тое, што беларуская музыка працягвае развівацца, жыць і дыхаць. І гэта галоўнае.
Арт: Год жанчын
Дар’я Цемра. Fragile / Крохкасць (MAD gallery, Познань)
У новых працах і перформансе з праекта Fragile Дар’я Цемра працягвае працаваць над
тэмай траўмы і пошукам новых формаў арт-тэрапіі, змяняючы прывычныя функцыі рэчаў. Аб’ект замест карціны, замест аб’екту – цела, замест цела – рух, замест руху – гук, і калі ён знікае, то толькі святло застаецца, святло абсалютна белага, татальнага спакою Цемры.
«Тры грацыі» беларускай моды
Безумоўна, адным з самых яскравых з’яўленняў у 2025-м сталі «тры грацыі» беларускай моды – Маша Мароз, Таша Кацуба і Анастасія Рыдлеўская, якіх аб’ядналі некалькі ініцыятыў сучаснага польскага арт-поля. Сярод іх – праект Refashioned, арганізаваны Фундацыяй Kraina сумесна з Міжнароднай арганізацыяй па міграцыі / IOM Poland пры падтрымцы Vogue Polska. Нягледзячы на падабенства ў коле інтарэсаў, выкарыстаных медыя і стратэгій, можам адзначыць, што перад намі – тры цалкам самастойныя, выразна адрозныя мастацкія пазіцыі.
Першае персанальнае Fashion Collection Show Ташы Кацубы «Transition’25» адбылося ў варшаўскай Фундацыі Kraina. Праект, натхнёны арт-аб’ектам «Надзея», створаным падчас беларускіх пратэстаў 2020 года. Вуліца з яе гвалтам, разбурэннем і хаатычным ландшафтам не толькі фармуе пластыку дысфункцыі касцюмаў, у якіх цела будзь то аголенае або схаванае пад маскамі, надае калекцыі характар псіхатэрапеўтычнай споведзі, але і змяняе прастору для мастацтва, пераўтварая яе ў месца для перформансу.
Быць можа, тэму пераадолення крызісу ў сённяшнім беларускім мастацтве як найлепей увасабляе Анастасія Рыдлеўская. Яна так доўга стварала зоркі, што неўзабаве сама ёй стане. Мы бачым, як поспех узносіць і яго святло распаўсюджваецца на ўсе абшары таленту мастачкі. Яе музычная і паэтычная творчасць ўсё болей набывае папулярнасць, а эксцэнтрычасць формы бурлеску вядзе не толькі на музычную сцэну, але і ў тэатр. Творчасць Рыдлеўскай – гэта патокавая дынаміка цэласнай самасці, якая пераўтварае хворага чалавека ў творцу, а рэчаіснасць вакол – у суцэльны мастацкі космас.
Маша Мароз чэрпае натхненне з этнаграфічных вандровак па родным Палессі і даследавання архаічных і сакральных традыцый. Мэтай гэтых практык становіцца «пераасэнсаванне і інтэграцыя традыцыйнай культуры ў штодзённасць як неад’емнага складніка антыкаланіяльных практык». Захапленне мастачкі сімвалічнасцю колеру і формы ў народным мастацтве, спалучанае з традыцыяй геаметрычнай абстракцыі беларускага авангарду, яскрава праяўляецца ў імкненні да стварэння ўніверсальнага сінтэзу. Гэта відавочна, напрыклад, у перформансе «Рунь» (Kamień. Pawilon Edukacyjny Варшава), дзе калекцыя жаночага адзення становіцца часткай замкнёнага кола: выяўленчага мастацтва, перфарматыўных практык, харэаграфіі, музыкі ў адпаведнай ідэальнай архітэктуры.
Леся Пчолка. Прыдарожныя аб’екты (Festival de la jeune photographie européenne. 15e édition, Парыж)
Фальклор і нацыянальная сімволіка адыгрываюць важную ролю ў сённяшнім беларускім мастацкім працэсе. Як пацверджанне гэтай думкі, хочацца ўзгадаць вельмі прыгожы праект Лесі Пчолкі «Прыдарожныя аб’екты». Ён быў натхнёны кнігай «Беларускія народныя крыжы» этнографа Міхаіла Раманюка. Аўтарка ішла маршрутам яго мапы, аднак ніводны з крыжоў пры дарогах і скрыжаваннях, згаданых у выданні, не быў ёю знойдзены. На іх месцы паўсталі новыя формы. І гэты ананімны традыцыяналізм вольнага паўтору мае нешта агульнае з сучаснай канцэптуальнай практыкай тапаграфіі і цытавання. Фатаграфіі крыжоў, паўпразрыстыя і амаль натуральнага памеру, размешчаныя ў галерэйнай прасторы, счытваюцца ў абодва бакі, быццам ствараючы метафару руху скрозь прастору і час.

Георг Ягуноў. Камень з Олебэка / Дзікія руны (Rundetaarn | The Round Tower, Капенгаген)
Яшчэ далей, у прагістарычную глыбіню паўстання тэктанічнай матэрыі зазірае у праекце «Камень з Олебэка / Дзікія руны» Георг Ягуноў. Разважанні пра «дзікія руны» — прыродныя, нечалавечыя знакі, у якіх пераплятаюцца геалогія, эпохі, ландшафт і забытыя мовы, натхняюць мастака на стварэнне інсталяцый з аскепкаў фундаментальнай цвёрдасці і мяккай глебы, дзе яго ўласныя знакі нагадваюць пра безвыніковыя спробы дэшыфраваць сэнсы абстрактнага.
Парушаючы цішыню. Куратарка Дзіна Даніловіч (НЦСМ, Mінск)
Важна адзначыць менавіта куратарскую дзейнасць як працэс стварэння атмасферы і прасторавай рэалізацыі. Дзіна Даніловіч безумоўна з’яўляецца адной з самых яркіх прадстаўніц прафесіі ў Мінску. Сярод шматлікіх рэалізаваных ёю праектаў вылучым «Парушаючы цішыню» – канцэптуальнае выказванне пра камунікацыю. Ён сведчыць, што мастацтва як інструмент і мова зносінаў – неверагодна трывалы пасярэднік і медыум нават у сённяшніх складаных абставінах. Той самы выпадак, калі карціны «кажуць» больш за словы, а пластыка і форма рэпрэзентацыі адпавядаюць сучаснаці.
Канстанцін Селіханаў. Свяшчэнная кніга (Арт-рэзідэнцыя «Кайрас», Астрашыцкі Гарадок)
«Свяшчэнная кніга» (куратарка Вольга Рыбчынская) можа трактавацца як тэстамэнт, што падсумоўвае творчы шлях аўтара, альбо рэвізія сэнсаў сучаснага стану рэчаў. Тут абсалютна асэнсавана задзейнічаны прынцып site-specific інсталяцыі як стратэгіі адпаведнай дачыненню чалавека з фатальнымі гістарычнымі абставінамі.
Ганна Сакалова. Netz / Сетка (Kunst-Station Sankt Peter, Кёльн)
Анна Сакалова паслядоўна працягвае распрацоўваць тэму ўзаемадзеяння мінімалістычнай пластыкі і архітэктурнага асяроддзя. Свой чацвёрты за гэты год вялікі праект з цыклу Linement мастачка адмыслова напярэдадні адвэнту стварае для касцёла Святога Пятра ў Кёльне. Манументальная светлавая відэаскульптура Netz, даўжынёй каля 20 метраў, цягнецца дыяганаллю ад падлогі да столі і ўступае ў дыялог не толькі з архітэктурай і кантэкстам прасторы, але і з творамі Рубенса, Рыхтара і Чэліды побач, працягваючы пластычную традыцыю радыкальнага выказвання.
Кацярына Кузмічова. Betonium
Кацярына Кузмічова сёлета прадстаўляла свой праект на некалькіх выставах і фестывалях. Betonium фарміруецца на працягу многіх гадоў і ахоплівае геаграфію 11 краін. У гэтым праекце фатографка даследуе сувязь паміж сучаснай калектыўнай ідэнтычнасцю і архітэктурнай спадчынай Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, дзе элементы позняга мадэрнізму пераплятаюцца з яго бруталісцкім прагматызмам, што непасрэдна ўплывае на чалавечыя паводзіны. Многія фатаздымкі па сутнасці з’яўляюцца артэфактамі перформансаў, якія падкрэсліваюць нязграбнасць і псеўдагуманнасць аксесуараў постсацыялістычнай прасторы.

Узнагароды для беларускіх артыстак
Праект State of Denial Сашы Вялічкі стаў лаўрэатам фестывалю Les Boutographies 2025 у французскім Манпелье і атрымаў галоўную ўзнагароду The SEEEU Photo Essay Award першага Еўрапейскага Месяца фатаграфіі ў Японіі, які сёлета праходзіў у Токіа. State of Denial – шматузроўневы канцэптуальны праект, у якім інтэрактыўнасць фатаграфіі і тэкстаў, даведзеныя да абсурду, агаляюць механізмы прапаганды і сведчаць пра палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі. Мастачка пераасэнсоўвае траўму і цынізм гвалту праз пастановачныя здымкі, створаныя як крытычны і іранічны адказ на інфармацыйны шум прапагандысцкіх медыя.
Ала Савашэвіч стала лаўрэаткай Wrocławskie Nagrody Artystyczne 2025 за «выдатную пазіцыю, мастацкую сталасць, мультымедыйныя інсталяцыі, якія закранаюць тэмы памяці, улады і глабальных канфліктаў…».
Міжнародныя куратарскія калабарацыі
Праект «Пра што марым разам? Глабальныя сувязі – занядбаныя сяброўствы» ў Нацыянальнай галерэі Zachęta ў Варшаве, сакуратаркай якой стала Антаніна Сцебур. У ліку іншых творцаў у ім узяла ўдзел мастачка Марына Напрушкіна. Яе інтэрактыўная інсталяцыя «Зямля без памяці, цела без адпачынку» выдатна адпавядае канцэпцыі выставы «звярнуцца да мінуўшчыны не для яе ідэалізацыі, а каб, убачыўшы яе складанасць, задумацца, што яна можа сказаць нам пра сучаснасць і магчымыя сцэнарыі агульнай будучыні». У межах гэтага праекта куратары – разам з запрошанымі мастакамі, актывістамі і актывісткамі – ставяць пытанні пра ролю культурніцкіх інстытуцый у кантэксце ўсё большай этнічнай і нацыянальнай разнастайнасці.
Таксама важнай для беларускага мастацтва сталася навіна пра будучыню – Антаніна Сцебур прызначаная куратаркай галоўнай выставы transmediale 2027 – аднаго з самых уплывовых фестываляў лічбавага і медыямастацтва ў свеце, які праходзіць у Берліне.
Аляксандр Адамаў. Гіперрэалістычная маці (Галерэя Szczur, Познань)
Ну і напрыканцы па сутнасці жаночага года беларускага мастацтва зазірнем у люстэрка прагнозаў, дзе за шыбай «Гіперрэалістычнай маці» мастака ў спадніцы Аляксандра Адамава, пад куратарскай апекай Лізаветы Сцяцко, можна ўбачыць новую лёгкасць беларту. Спалучэнне інтэлектуальнай гульні і канцэптуальнай мовы з сюррэалістычнай і абсурдысцкай іроніяй як формай крытычнага выказвання і татальнага панавання над прасторай і кантэкстам, узброенага новымі тэхналогіямі голасу з будучыні: «Хтосьці стукае. Яна ўваходзіць і напаўняе прастору, быццам эфір – мяккі і цёплы. Цяпер ты не мусіш турбавацца».
Традыцыйная культура: +1 у важным спісе і ўвага да каранёў
Неглюбская тэкстыльная традыцыя ўнесеная ў адзін са спісаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Гэта адбылося ў Нью-Дэлі, падчас 20-й сесіі Міжурадавага камітэта ЮНЕСКА па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Тэкстыльная традыцыя вёскі Неглюбка Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці трапіла ў спіс спадчыны, якой патрабуецца тэрміновая ахова. Намінацыі ў спісах ЮНЕСКА падвышаюць бачнасць Беларусі на міжнародным узроўні.

Манаграфія Вольгі Лабачэўскай «Аброк. Абыдзённік: жаночыя рытуальныя практыкі»
Гэтая кніга, апублікаваная ў лістападзе, – вынік шматгадовых экспедыцый даследчыцы па ўсёй Беларусі. Яна паказвае адзін з механізмаў рэагавання на жыццёвыя крызісы ў традыцыйным вясковым грамадстве. Праца стала грунтоўным падсумаваннем тэмы, паказала, што апісаныя практыкі заставаліся жывымі ў беларускіх вёсках падчас Другой сусветнай вайны і пазней.
Альбом «Анталогія прыгажосці. Традыцыйны беларускі касцюм»
Багата ілюстраваная кніга падрыхтаваная на аснове аднайменнага выставачнага праекта Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Гэта чарговая праца, якая робіць даступнымі для шырокай публікі зборы традыцыйнага адзення ў беларускіх музеях.
Зборнік «Здані і прывіды ў традыцыйнай культуры»
Гэта VIII выпуск у серыі «Таямнічая Беларусь«. Артыкулы ў выданні аб’яднаныя агульнай тэмай і тычацца не толькі Беларусі, але таксама Эстоніі, Чэхіі і Расіі. У дадатку прадстаўлена каля 100 унікальных, раней не публікаваных тэкстаў аб прывідах.
Кніга Яніны Грыневіч «Як нацыя вучылася спяваць», выдадзеная ў 2023 г., стала адной з пераможцаў прэміі Кангрэса даследчыкаў Беларусі, які прайшоў у верасні ў Берліне. У манаграфіі распавядаецца пра лёс фалькларыста Антона Грыневіча (1877 – 1937). Прэмія Кангрэса даследчыкаў Беларусі – бадай, самая прэстыжная ў беларускай гуманітарыстыцы.
Зборнік «Беларускія калыханкі» з аўдыядадаткам
Кніга ўкладзеная Сержуком Доўгушавым, а выдадзеная праектам «Этна Традыцыя». Істотна, што ў выданні сабраныя калыханкі з усіх беларускіх этнічных рэгіёнаў. Апрача тэксту і нотаў, кожная песня мае гукавую версію, якую можна праслухаць, адсканаваўшы QR-код. Збор аўдыяверсій – тут.
Першы альбом гурта мужчынскіх спеваў Kasary, які так і называецца – Kasary
На кружэлку трапілі рэкруцкія і лірычныя песні. Гэта першы паўнафарматны студыйны рэліз гурта, які ўжо добра вядомы праз сваю канцэртную дзейнасць і выпуск кліпаў. Альбом можна паслухаць на розных стрымінгавых платформах.
Перадачы серыі «Нітка зорка»
У праекце Belsat пра гістарычны строй «Нітка зорка» з удзелам Кацярыны Ваданосавай робіцца спроба сумясціць забаўляльны і адукацыйны складнікі. Можна даведацца пра строі розных часоў, у тым ліку пра традыцыйнае сялянскае адзенне канца ХІХ – пачатку ХХ стст. За год у відэа распавядалі пра саян, паясы, жаночыя і мужчынскія кашулі, панямонскі строй, экспедыцыю Вацлава Ластоўскага 1928 г., вясельнае адзенне і верхнюю традыцыйную вопратку. Усе выпускі можна паглядзець на канале Belsat History. Дарэчы, днямі стала вядома, што праект «Нітка зорка» ўганараваны прэміяй імя Францішка Багушэвіча (уручаецца за найлепшы гістарычны твор).
Перадачы серыі «Падляшскія вакацыі»
Відэа ў забаўляльным стылі road movie, дзе падляшская моладзь паказвае аднагодкам з Беларусі сваю малую радзіму. У кожным выпуску так ці інакш закранаецца тэматыка традыцыйнай культуры. Перадачы выходзілі ў чэрвені – жніўні. Усе выпускі можна паглядзець на канале Belsat Life.
Дакументальныя фільмы серыі «Сведкі часу»
Відэа серыі «Сведкі часу» (Świadkowie czasu) выпушчаныя рэгіянальным аддзяленнем тэлеканала TVP у Беластоку. З іх можна даведацца пра розныя аспекты традыцыйнай культуры Падляшша. Гэты праект вылучаецца падкрэсленай дакументальнасцю.
Кіно: Пахаванне фестывалю, перамогі ў Еўропе
Берлінале наш!
Удзел фільма Юрыя Сямашкі «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» ў конкурснай праграме «Форум» Берлінскага міжнароднага кінафэсту. Упершыню ў гісторыі стужка, створаная беларускім рэжысёрам, трапіла ў афіцыйную конкурсную праграму Берлінале, аднаго з асноўных кінафэстаў у свеце.
«Пад шэрым небам» ідзе па свеце
Стужка Мары Тамковіч пра беларускіх палітзняволеных журналістаў Кацярыну Андрэеву ды Ігара Ільяша працягвала фестывальныя гастролі, яна выйшла ў польскі кінапракат, а напрыканцы году трапіла ў бібліятэку стрымінг-сэрвісу HBO MAX. Стужка «Пад шэрым небам» пакуль сталася самым прыкметным кінавыказваннем нацыянальных кінатворцаў пра драматычныя падзеі ў Беларусі.

Зваршчыца перамагла ў Вялікабрытаніі
Дакументальная стужка Анастасіі Мірашнічэнкі «Звараныя разам» перамагла на ўплывовым фэсце ў брытанскім Шэфілдзе. Галоўная гераіня фільма – маладая дзяўчына з Брэста, якая працуе зваршчыцай на мясцовым прадпрыемстве.
Узнагароды ў Лакарна
Мінчукі – мадэль Марыя Імбра і мастак Міхаіл Сянькоў, атрымалі супольную ўзнагароду за акцёрскую працу на фестывалі аўтарскага кіно ў Лакарна. Іх адзначылі за зняты ў беларускай сталіцы чатыры гады таму фільм «Белы слімак» германа-аўстрыйскага дуэта рэжысёраў Эльзы Крэмсер і Левіна Петэра. Таксама стужка атрымала спецыяльны прыз журы за рэжысуру.
Жывуць кінафестывалі!
У розных гарадах Еўропы адбыліся фестывалі нацыянальнага кіно. Беларуская офлайн-праграма «Паўночнага ззяння» і паказы фэсту «Нефільтраванае кіно» прайшлі ў Польшчы, Літве, Эстоніі, Нямеччыне, Фінляндыі ды скарылі гледачоў не толькі з дыяспары.
…і паміраюць…
Пачынальнік і нязменны арганізатар польскага фестывалю беларускага кіно «Бульбамуві» Януш Гаўрылюк заявіў пра вымушанае закрыццё свайго знакамітага праекта. Прычынамі сталіся адсутнасць фінансавання ды канкурэнцыя з праграмамі іншых фэстаў. У Мінску зачынілася прастора «Манахром» ад ініцыятывы «Сінемаскоп», яе асноўнай дзейнасцю былі кінапаказы.
Вучыцца кіно ў Мінску
Актыўна дзейнічае кам‘юніці «KinoCollider». Апрача існавання кінаклуба і паказаў сусветнага фестывальнага кіно, тут адкрылі першую пасля працяглага часу ў Мінску кінашколу з курсамі кінарэжысуры, анімацыі ды сцэнарнага майстэрства.
Глядзець кіно ў Мінску
У малой залі (49 месцаў) мінскага кінатэатра «Піянер» з вялікім поспехам прайшлі прэм‘ерныя паказы ды абмеркаванне чатырох кароткаметражных фільмаў маладых аўтараў ініцыятывы «49.cinemaclub». У траўні адбыліся паказы кароткіх метраў незалежных пачаткоўцаў, дыскусіі ды майстар-класы на аднадзённым студэнцкім фэсце SYNOPSIS у сталічнай прасторы «Эхо двор».
Кінапрапаганда актывізавалася
Незвычайна бурлівую актыўнасць праяўляе «Беларусьфільм». Пасля прызначэння новага дырэктара ды пагромнага візіту Аляксандра Лукашэнкі на студыю, выхад на экраны новых стужак «Класная» ды «Пераломны момант» суправаджала сапраўдная рэкламная істэрыя пры звыклым прымусовым метадзе напаўнення глядзельных заляў.
Дайце новых тэмаў!
Аўтар ды рэжысёр незалежнага беларускага кіно Андрэй Кашперскі стварыў пілот новага серыяла «Свінгеры», «не звязанага з палітыкай». Іншыя фільммэйкеры таксама ўсё часцей звяртаюцца да лёгкай забаўляльнай тэматыкі.
Літаратура: Ці адшукае Maldzis крыж Еўфрасінні Полацкай?
Уручэнне Прэміі Ляйпцыгскага кніжнага кірмаша 1. Альгерду Бахарэвічу за нямецкую версію эпапеі «Сабакі Еўропы» з фармулёўкаю «за ўнёсак у еўрапейскае паразуменне» (выдавецтва Voland & Quist, пераклад Томаса Вайлера); 2. Томасу Вайлеру – за нямецкую версію кнігі «Я з вогненнай вёскі…» Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка (ням.: Feuerdörfer, выдавецтва Aufbau).

Важныя наратывы беларускіх літаратараў канца ХХ – пачатку ХХІ ст аказаліся ў цэнтры ўвагі нямецкамоўнага (а значыць, і сусветнага) кніжнага рынку.
Уручэнне прэміі Карласа Шэрмана Лявону Баршчэўскаму за паэтычны пераклад «Іліяды» Гамера. І працяг унутры Беларусі працэсаў перакладу і выданняў для серыі сусветнага эпасу пад рэдакцыяй Змітра Коласа (выдавецтва Рамана Цымберава, «Энцыклапедыкс»). Так, сёлета беларусы атрымалі магчымасць прачытаць рымскі эпас «Энеіда« Вергілія, месапатамскі «Эпас пра Гільгамеша«, эпас народа мая-кічэ «Попаль-Вух» (усё ў перакладзе Лявона Баршчэўскага). Перавыдадзены фінскі эпас «Калевала» ў перакладзе Якуба Лапаткі.
Эпасы народаў свету, даступныя па-беларуску – істотны прарыў для айчыннай навукі, пісьменства, адукацыі, вяршыня развіцця нацыянальнай школы перакладу і ўмацаванне беларускай культуры, нагода для гонару, што падмацоўвае нацыянальную ідэнтычнасць.
Татуяванка з крыжам Еўфрасінні Полацкай, якую набіла сабе на руцэ беларуска ў снежні 2025 г. Невядома, у Беларусі ці па-за Беларуссю знаходзіцца дзяўчына і ці існуе такая асоба ўвогуле. Невядома, ці сапраўды было зробленае тату на жывым чалавеку, ці фота – прадукт ШІ. Важна, што выява з тату-крыжам «заляцела ў Threads». Беларускі інтэрнэт-трэнд 2025 г. – шматгалосае патрабаванне BY-сегменту да сегменту-RU пра вяртанне перамешчанай культурнай каштоўнасці, нацыянальнай рэліквіі – у Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр, у Полацк. (Цытата пад любой выявай крыжа ў Threads: «Беларусы, расходимся: это не тот»).
Можна было б назваць замест гэтай падзеі іншую – пераўтварэнне беларускай дзяржаўнай ідэалогіі ў нацыянальную, увод ідэолагамі Нацыянальнага Пантэону з выразным прабеларускім ядром – у масавы дыскурс праз афіцыйныя медыя. Але народ – перадусім.
Год існавання культурнай ініцыятывы Maldzis. У 2025 г. беларускія мецэнаты выкупілі прынамсі шэсць артэфактаў культурнай спадчыны Беларусі (у тым ліку тры кнігі: першавыданняў Трэцяга Статуту ВКЛ (1588) і трактату «Жезлъ правленія» (1667) Сімяона Полацкага, франкамоўнага перакладу «Вялікага майстэрства артылерыі» (1650) Казіміра Семяновіча). Гэтая важная культурна-грамадская тэндэнцыя расшыфроўваецца так: у першай чвэрці ХХІ ст. з’яўляюцца людзі, для якіх Беларусь – каштоўнасць, і яны гатовыя фінансаваць захаванне мінуўшчыны (а значыць, інвеставаць у будучыню) Беларусі.

Заснаванне буйным бізнес-гульцом унутры Беларусі – парталам OZ.BY – уласнага выдавецтва і абвешчаны ім пошук новых аўтараў унутры краіны. Рашэнне, маўляў, было прынятае з увагі на камерцыйны поспех фэнтэзійных выданняў кніжнай ініцыятывы «Шуфлядка пісьменніка», якую не так даўно стварылі аўтаркі і аўтары беларускіх каляфэнтэзійных жанраў. Няўжо неўзабаве мы пабачым сапраўдны – нейкі чысцейшы, мірнейшы, больш незалежны ў параўнанні з англамоўным, расійскім ці польскім – твар «беларускага фэнтэзі»?
Выхад у канцы жніўня ў галоўнай нямецкай газеце FAZ 17-старонкавага эсэ Альгерда Бахарэвіча «Людзі, казкі і ўтопіі: прамова на адкрыцці літаратурнага фестывалю ў Грааль-Мюрыцы». Беларускі пісьменнік вызначыў галоўную гуманітарную пагрозу сучаснаму чалавецтву. Гэта фэнтэзі як тып мыслення, што вяртае нас да старой добрай казкавай мадэлі бачання свету. Разам з тым «Кожны сапраўдны пісьменнік мусіць напісаць казку«, – піша ён у кнізе «Папяровы Голем» (2025).
Заснаванне ў Польшчы АБВ – Асацыяцыі беларускіх выдаўцоў. Нарэшце кірылічны алфавіт пачынаецца для нашых аўтараў і чытачоў з важнай абрэвіятуры. Пра неабходнасць аб’ядноўвацца, каб паляпшаць умовы кнігадруку і кнігагандлю, у Беларусі гаварылася апошні дзясятак гадоў, але толькі ў эміграцыі ўтварылася рэальная структура за старшынствам Валянціны Андрэевай. Гэтак (следам за Інстытутам беларускай кнігі) інстытуалізуюцца найбольш важныя аспекты айчыннага літпрацэсу.
Выхад паэтычнага альманаха «Круцель-трава», дзе з’явіліся новыя вершы аўтараў і аўтарак, якія застаюцца ў Беларусі (выдавец Цымбераў). Можна адчытаць у змесціве гэтага калектыўнага вершазбору імкненне філосафа і паэта Ігара Бабкова напаўняць культурную прастору вайбам «тутэйшай метафізікі», публічныя лекцыі пра якую ён чытае ў Музеі Максіма Багдановіча цягам 2025 г.
Прызначэнне старшынёй Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзіміра Караніка, прарэжымнага чыноўніка, вучонага-медыка; як імаверны вынік гэтага – прызначэнне дырэктаркай Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Вольгі Папко, доктаркі мастацтвазнаўства, эксперткі ў справе вяртання страчаных каштоўнасцяў. Гэткае амаладжэнне навуковага істэблішменту дае спадзяванні на больш адэкватнае, чым у апошнія гады, гуманітарнае напаўненне афіцыйнага дыскурсу культуры ў самай блізкай будучыні.
Агляды падрыхтаваныя пры падтрымцы ArtPower Belarus і Еўрапейскага Саюза.
