У межах адукацыйнага трэка ArtPower Belarus разам са стартап-кам’юніці Ū Hub запускае праграму, прысвечаную партнёрству культуры і бізнесу. Яна скіраваная на беларускія культурніцкія арганізацыі і ініцыятывы, якія хочуць лепш разумець логіку бізнесу, навучыцца гаварыць з патэнцыяльнымі партнёрамі на адной мове і перайсці да канкрэтных прапаноў і рашэнняў. Вынікам стане офлайн-нетворкінг беларускіх культурніцкіх арганізацый і бізнесаў, які адбудзецца 21 лютага ў Варшаве. Дэдлайн рэгістрацыі на праграму 2 лютага.

Чаго чакаць
Гэтая праграма створаная як практычная падтрымка для тых, хто хоча ўмацаваць устойлівасць сваёй арганізацыі і пачаць (ці зрабіць больш эфектыўным) супрацоўніцтва з бізнесам. Яна дапаможа пераасэнсаваць тое, як культурніцкія ініцыятывы сябе прэзентуюць, як фармулююць прапанову і як вядуць размову пра партнёрства. Важны акцэнт праграмы — пераход ад агульных дэкларацый і «пітчынгу пра каштоўнасці» да больш яснай логікі: якую патрэбу можа закрыць культурніцкі праект, якую карысць ён дае партнёру і як гэта можна перакласці на мову бізнесу.
У межах сустрэч таксама будуць разглядацца тыповыя складанасці, з якімі сутыкаюцца культурніцкія арганізацыі: страх гаварыць пра грошы, імкненне распавядаць толькі пра ідэю без канкрэтнага прадукту, недахоп выразнай структуры прэзентацыі і ўяўленне, што бізнесу дастаткова «добрай місіі», каб далучыцца.
Поўная праграма:
1. Онлайн-воркшоп «Што шукае бізнес і як з ім размаўляць»
(8 лютага, 11:00-13:00 па Варшаве)
Бизнес-кансультантка раскажа:
- як сёння мысліць бізнес і якія тэндэнцыі важныя;
- чаго бізнес чакае ад культурных праектаў (і чаго дакладна не чакае);
- што можа быць каштоўнасцю культуры для бізнесу: аўдыторыі, імідж, сэнсы, экспертыза;
- на якой мове варта гаварыць з бізнес-партнёрамі, каб вас не ветліва выслухалі — а пачулі.
Асобны фокус – тыповыя памылкі культурных арганізацый: «пітчынг пра каштоўнасці», а не пра рашэнні; абстрактныя ідэі без канкрэтнай карысці; страх гаварыць пра грошы.
Вынік для ўдзельнікаў: разуменне, што менавіта яны могуць прапанаваць бізнесу.
2. Онлайн-воркшоп «Пітчынг праекта: як данесці ідэю так, каб яна спрацавала»
(10 лютага, 17:00-20:00 па Варшаве)
Мы будзем працаваць з тым, як:
- сцісла і выразна сфармуляваць ідэю;
- адаптаваць сваю ідэю пад бізнес-аўдыторыю;
- пабудаваць пітч як адказ на патрэбу, а не як апісанне праекта;
- выступаць упэўнена, нават калі вы не “публічны чалавек”.
Будзе шмат практыкі, канкрэтных прыкладаў і разбор тыповых сітуацый, якія ўзнікаюць падчас пітчынгаў, і самае важнае – кожная арганізацыя падрыхтуе пітчынг сваей ідэі.
Вынік для ўдзельнікаў: гатовы кароткі пітч, з якім не сорамна выходзіць да бізнесу.
3. Офлайн-нетворкінг беларускіх культурніцкіх арганізацый і бізнесаў
(21 лютага, 11:30-16:30, Варшава)
Удзельнікі пачуюць кейноут з бізнес-перспектывы пра тое, чым культура можа быць карысная бізнесу не як «сацыяльная місія», а як рэсурс аўдыторыі, даверу, брэнду, інавацый і доўгатэрміновай каштоўнасці. Таксама будуць прадстаўлены прыклады паспяховага супрацоўніцтва культурных праектаў і бізнесу, у тым ліку міжнародныя кейсы, каб паказаць, як гэта працуе ў іншых краінах і чаму там культура ўспрымаецца як паўнавартасны партнёр.
Асобным блокам пройдуць пітчынгі культурных праектаў: шэсць адабраных культурніцкіх арганізацый прэзентуюць свае ідэі і атрымаюць зваротную сувязь ад прадстаўнікоў бізнесу. Гэтая частка задумана не як «прэзентацыя дзеля прэзентацыі», а як магчымасць праверыць сваю логіку, пачуць пытанні партнёраў і лепш зразумець, што працуе ў рэальнай размове пра супрацоўніцтва.
Падрабязны расклад і лакацыю з месцам правядзення ўдзельнікі атрымаюць перад мерапрыемствам.
Умовы ўдзелу
Удзел у праграме — гэта магчымасць зрабіць крок да ўстойлівасці сваёй арганізацыі праз больш дакладнае разуменне партнёрства, праз новыя кантакты і праз практычныя інструменты для пітчынгу і перамоваў. Да ўдзелу запрашаецца па аднаму прадстаўніку ад арганізацыі або ініцыятывы.
Для нас важная бяспека ўдзельнікаў, таму праграма праходзіць у закрытым фармаце і прадугледжвае папярэднюю верыфікацыю.
Удзел бясплатны, а для ўдзельнікаў з іншых гарадоў Польшчы, а таксама з Літвы ці Германіі, магчыма пакрыццё выдаткаў на дарогу (аўтобус/цягнік).
Рэгістрацыя адкрытая да 2 лютага, 23:59 (па варшаўскім часе), а пра вынікі адбору ўдзельнікам паведамяць 4 лютага. Анкета рэгістрацыі даступная па спасылцы.