europeana-logo

“На Europeana людзі шукаюць рашэнне праблем, пра існаванне якіх мы яшчэ нават не ведаем”

Прадстаўнік Беларускай Рады культуры Аркадзь наведаў канферэнцыю Europeana, буйнейшага еўрапейскага агрэгатара культурнай спадчыны ў лічбавым выглядзе. Сярод мэтаў — усталяванне кантактаў для патэнцыйнай інтэграцыі беларускіх культурніцкіх праектаў у еўрапейскую экасістэму

Europeana была створаная ў 2008 годзе, каб забяспечыць доступ да адсканаваных старонак кніг, якія адлюстроўваюць розныя аспекты еўрапейскай культуры ў шырокім сэнсе (манускрыпты, геаграфія, спорт, гісторыя, І Сусветная вайна і гд). Цяпер гэта вялікая еўрапейская фундацыя, для якой, напрыклад, 43 арганізацыі збіраюць інфармацыю з мясцовых музеяў. У яе сетцы 3700 установаў паменей, як бібліятэкі і архівы, а колькасць удзельнікаў і ўдзельніц – больш за 5000. 

Штогод канферэнцыя праходзіць у розных еўрапейскіх гарадах. Гэтым разам у варшаўскі музей POLIN прыехала каля 400 экспертаў і экспертак у розных сферах.

На фоне маштабных еўрапейскіх праектаў беларускія праекты па лічбавізацыі культурнай спадчыны выглядаюць досыць блякла. Па словах А. параўнаць гэта можна з сітуацыяй, калі мы жывем на хутары і ездзім канём, а потым выходзім з леса, а тут аўтастрада, і носяцца фуры паміж лагістычнымі хабамі. І людзі шукаюць рашэнне праблем зусім іншага ўзроўню, ад якога мыпакуль яшчэ досыць далёка.

Так, у цэнтры ўвагі быў штучны інтэлект і ягоныя магчымасці. Напрыклад, ШІ  для апрацоўкі вялікай колькасці дадзеных, кшталту распазнавання вобразаў і тэматычнага тэгавання архіўных фота. З іншага боку, дэманстраваліся праекты па выкарыстанні ШІ і для атракцыйных музэйных праектаў. Так Музей Мунка прапаноўвае наведвальнікам і наведвальніцам пальцам на экране нешта намаляваць, а ШІ падбярэ з тысяч малюнкаў Мунка самую падобную выяву — ты малюеш як Мунк.

“У іх усё ўжо перапісанае і адлічбаванае. Цяпер яны прыдумляюць, як з гэтага зрабіць новую цікавінку”, — адзначыў прадстаўнік нашай установы.

Архітэктура, гранты і ўсё астатняе

“Калі ў Беларусі гавораць пра культурную спадчыну, то гэта ў асноўным — фізічныя будынкі і ландшафты. Тое, што можна памацаць. Europeana разумее гэта значна шырэй, гэта агромны спектр і іншае бачанне”, — падзяліўся сваім бачаннем Аркадзь.

Так праект Time Machine выкарыстоўвае AI, OCR, 3D-мадэляванне, геарэферэнцыю і іншыя тэхналогіі для стварэння інтэрактыўных мадэляў мінулага. Дае магчымасць паглядзець, як змяняліся будынкі, вуліцы, гарады — нават у маштабе стагоддзяў. Праект таксама скіраваны на адкрытасць даных і працуе як “інфраструктура для лічбавай гісторыі”.

Украінскія архітэкстары з RE:Ukraine Villages замералі і адлічбавалі габарыты традыцыйных украінскіх хатаў, і цяпер вы можаце з канструктара сабраць сабе будынак, уласцівы пэўнаму рэгіёну з чарцяжамі і памерамі. У часы, калі матэрыяльныя каштоўнасці разбураюцца ці развароўваюцца, — захоўваць іх у лічбавым выглядзе можа стаць паратункам для нацыі.

“Таксама ва Украіне ёсць віртуальны музей зніклай спадчыны. Шмат якія ўкраінскія музеі размарадзёраныя. І яны збіраюць звесткі і хаця б віртуальныя версіі таго, што скралі”, – адзначыў прадстаўнік Беларускай Рады культуры.

У Венгрыі ёсць праект Fortepan, які лічбуе і збірае ў куратарскія калекцыі  старыя фотаздымкі, утвараючы лічбавы архіў па тэмах і эпохах. Сёння архіў змяшчае больш за 100 000 фотаздымкаў, загружаных з сямейных збораў і вулічных знаходак. Інтэрактыўны таймлайн: фоткі размешчаны па часе — ад 1900 да 1990 г.г. — з магчымасцю зрабіць геарэферэнцыю.

Europeana займаецца лічбавай культурнай спадчынай, найперш, ЕЗ, але і краіны па-за Звязам могуць патрапіць у сетку. Бо цяпер лічбавізацыя закранае любыя формы і з’явы культуры. Нават такія, пра якія ў экспертаў няма аднаго меркавання. 

“Адна з панэляў канферэнцыі была прысвечанай не адлічбаваным фізічным аб’ектам, а born-digital рэчам. Напрыклад, што рабіць з пастамі ў сацсетках? Ці ёсць сэнс архівістам архіваваць інстаграм? Ці гэта агульная чалавечая сметніца, ці трэба захоўваць усю гэтую інфармацыю для вывучэння? І калі “так”, то як і дзе?”, — распавёў эксперт.

Адной з папулярных панэляў тычылася грантаў: абмяркоўвалі нэтворкінг, каб разам шукаць фінансаванне, магчымасці розных еўрапейскіх праграм і гд. — класічныя пытанні любой канферэнцыі.

Каштоўнасць Europeana 

Падчас свайго выступу генеральны дырэктар Europeana Гары Вервэйен (Harry Verwayen) адзначыў, што фундацыя прайшла пэўную эвалюцыю. Спачатку яе бачылі як вялікую бібліятэку, дзе культурніцкія інстытуцыі дзеляцца сваімі здабыткамі, а людзі прыходзяць і знаёмяцца са спадчынай.

Потым Europeana стала працаваць у два бакі: дадзенымі інстытуцый людзі маглі карыстацца, каб ствараць нешта новае. Цяпер фундацыя бачыць сваё развіццё ў накірунку стварэння экасістэмы, data space і выкарыстання штучнага інтэлекту. Стварэнне разнастайных Data space’аў — актуальны еўрапейскі падыход. Не стварэнне цэнтралізаваных сховішчаў, а платформа і peer-to-peer пратаколы, па якіх розныя трымальнікі лічбавых дадзеных могуць абменьвацца інфармацыяй. І ў галіне культурнай спадчыны гэты падыход імплементуе Europeana разам з партнёрскімі арганізацыямі. То бок, гаворка ўжо ідзе пра механізмы апрацоўкі і абмена дадзенымі, а ў беларускай сітуацыі адпаведныя дадзеныя вельмі часта нават не алічбаваныя, падобных праектаў у нас адзінкі.

Экасістэма Europeana выглядае вельмі перспектыўнай для беларускі праектаў, хаця нам яшчэ варта павучыцца таму, як і з чым працуюць еўрапейскія калегі. Як такога “аднаго акна” ў Europeana няма, але па выніках сустрэч падчас канферэнцыі усталяваныя кантакты з прадстаўнікамі фундацыі дзеля далейшай камунікацыі па інтэграцыі беларускіх праектаў у экасістэму Europeana, патэнцыял стварэння нацыянальнага агрэгатара і магчымыя стажыроўкі для прадстаўнікоў беларускай культурніцкай сферы.

“Гэта настолькі цікавы іншы свет, што мы мусім стаць ягонай часткай”, – перакананы Аркадзь.

Таксама паглядзіце

Прадстаўнік Беларускай Рады культуры Аркадзь наведаў канферэнцыю Europeana, буйнейшага еўрапейскага агрэгатара культурнай спадчыны ў лічбавым выглядзе. Сярод мэтаў — усталяванне кантактаў для …

21 чэрвеня стала вядома пра вызваленне 14 палітзняволеных з беларускіх турмаў. “Мы рады вітаць са свайго боку вызваленне некаторых палітвязняў, і спадзяёмся, …