“Мне ў адным горадзе распавядалі, колькі людзі ўсяго напрыдумвалі, але рук на ўсё не хапае, – згадвае аўтар ідэі, грамадскі актывіст Цімох Акудовіч падзеі трохгадовай даўніны. – Я тады і падумаў, што 100 чалавек маглі б скінуцца па 10 еўра і наняць менеджара, каб парадзіць з самымі неабходнымі праектамі”.
З гэтай ідэяй Цімох Прыйшоў да Беларускай Рады культуры і атрымаў падтрымку. Так пачала афармляцца ідэя праекта “Беларускія Магістраты”. Па сутнасці магістрат — гэта форма мясцовага самакіравання – аб’яднанне групы людзей вакол патэнцыйна карыснай задумкі , яго ўдзельнікі пагаджаюцца праз падпіску падтрымліваць праект цягам некалькіх месяцаў.
Самы вядомы Магістрат – “Кнігаўка”, ён паўстаў, калі выдавец Андрэй Янушкевіч пасля пераезду з Беларусі ў Польшчу аднаўляў сваю выдавецкую дзейнасць. Далучыліся 300 чалавек, якія падтрымлівалі праект 10 доларамі штомесяц.
Таксама ў спісе паспяховых праектаў – платформа аўдыягідаў ULEGEND, падлеткавы клуб развіцця і культуры SPADČYNA і спартовы клуб “Волат”.
У чэрвені 2025 года скончыўся Магістрат “Беларуская Школа ў Варшаве”, які дзейнічаў 9 месяцаў. Школа шмат паспела зрабіць за гэты час: перавялі праектна камерцыйныя рэйкі, падтрымалі настаўнікаў, запусцілі новыя курсы онлайн і офлайн, наладзілі супрацу з іншымі беларускамоўнымі адукацыйнымі і культурніцкімі ініцыятывамі і нават стварылі школьны часопіс “Буслянка” (9 нумароў ужо гатовыя, рыхтуецца 10-ы).
І Беларускія Магістраты былі сярод тых спонсараў, якія падтрымалі Школу на шляху яе развіцця. Наступная мэта “Беларускай Школы ў Варшаве”– стварэнне паўнавартаснага адукацыйнага цэнтра і атрыманне адпаведнага сертыфікату.
Цяпер ідзе праца над новым магістратам – “Кніжным”.
“Мы выбралі адну са сфер беларускай культуры, якой варта займацца доўгатэрмінова. Беларускі кніжны рынак павінен развівацца. Мы стварылі супольнасць, куды далучаюцца тыя, хто падпісваецца на штомесячны данат ад 10 еўра ў скарбонку магістрата.Раз на некалькі месяцаў праводзім конкурс праектаў і шляхам агульнага галасавання выбіраем, каго падтрымаць сабранай сумай”, – напісана ў тэлергам-канале супольнасці.
Першы крок гэтага Магістрату — інвестыцыя ў выданне рамана Аляксандра Карнаўха “Халодныя землі” выдавецтвам “Gutenberg Publisher”. Інвеставанне азначае, што выдаткаваныя грошы вернуцца, калі наклад будзе распрададзены. Для выдавецтваў гэта важна, бо яны атрымліваюць абаротны капітал, дзякуючы якому могуць выдаваць больш кніг. Наступным дзеяннем стане фінансаванне перакладу і публікацыі сусветнага нон-фікшн бестселера.
У траўні адбудзецца наступны этап галасавання. Цяпер “Кніжны магістрат” падтрымлівае 40 чалавек і ён працуе ў закрытым рэжыме: дапрацоўваюць механізмы, удакладняюць правілы і наладжваюць працэсы. Але да гэтых працэсаў ужо можна далучыцца.
Магістраты – гэта не краўдфандынг і не Patreon
“План у тым, каб ствараць Магістраты яшчэ па іншых тэмах і рабіць супольнасці, якія б падтрымлівалі розныя кірункі: адна – кніжнае выдавецтва, другая – медыярынак, трэцяя – адукацыйную сферу і так далей”, – падзяліўся Цімох.
Які праект падтрымаць – вырашае сам Магістрат. Часам у сацсетках праекту абвяшчаецца збор ідэй, і з наяўнага выбіраюць. Праз іх жа можна далучыцца да Магістратаў.
За тры гады дзейнасці ў Магістратах паўдзельнічала агулам каля 500 чалавек. Каля 50 чалавек падтрымалі больш за адзін Магістрат – гэта дае надзею на тое, што фармуецца супольнасць людзей, гатовых увесці ў свае фінансавыя звычкі падтрымку беларускіх праектаў. Гэта адрознівае Магістраты ад краўдфандынгавых платформ кшталту “Гронкі”, дзе людзі аднаразова данацяць і могуць больш не ўдзельнічаць і не сачыць за падзеямі ініцыятывы.
Але гэта і не такая падтрымка, як падпіска праз Patreon на блогера ці медыя.
“У маёй галаве кожны Магістрат можа жыць сам сабе. Усе ўдзельнікі і ўдзельніцы прапаноўваюць ідэі, абмяркоўваюць правілы супрацы, ініцыююць праект унутры праекта. Гэта жывы ўплыў кожнага чалавека на канчатковы вынік”, – падкрэслівае Акудовіч.
Тут Цімох прывёў як прыклад умоўны Магістрат, дзе сабраліся 500 чалавек, заплацілі свае ўнёскі па 10 долараў і раз на месяц галасаваннем вырашаюць, на што выдаткаваць супольныя 5000 долараў.
“Гэта адбываецца ў закрытым чаце, дзе людзі камунікуюць, галасуюць, дзеляцца думкамі. Мяркую, пазней будзем сустракацца і офлайн, каб людзі ладзілі ўласныя гарызантальныя сувязі”, – падкрэсліў Цімох Акудовіч.