Працягваем серыю інтэрв’ю з праектамі, якія былі падтрыманыя ArtPower Belarus пры фінансаванні Еўрапейскага Саюза.
Праект People of Salt («Людзі солі») — вялікая праца мастака і куратара Уладзіміра Грамовіча, якая вырасла з доўгага даследавання саляных шахтаў Салігорска як вобраза і метафары беларускай гісторыі, эканомікі і этыкі. У гэтай гісторыі поспеху гаворым пра тое, як ідэя развівалася гадамі, чаму падтрымка ArtPower Belarus стала практычнай неабходнасцю, як у мастацтве працуюць гранты і як тэма паўстанняў чытаецца замежнай аўдыторыяй.

Інсталяцыя, зробленая ў 2024 годзе, ўяўляе сабой фантан з рознымі незвычайнымі элементамі. Ваду падфарбоўвае перманганат калію — соль, якую здабываюць у Салігорску. Некаторыя з прадметаў, напрыклад шлемы, сімвалізуюць цяжкую працу людзей у шахтах, кар’ерах і на будаўнічых пляцоўках. Іншыя, напрыклад, косы, сімвалізуюць сельскагаспадарчыя працы ў сельскай мясцовасці. Але з прылад працы яны сталі прыладамі барацьбы. Праца прысвечана двум падзеям: паўстанню 1863-1843 гадоў і пратэстам 2020 года, кожнае з якіх пацярпела няўдачу. “Але што ўяўляе сабой гэтая няўдача? Як мы можам запомніць гэта і выкарыстоўваць у сапраўдны момант?” – гэтымі пытаннямі задаецца мастак.
Як усё пачалося?
Уладзімір кажа, што да тэмы саляных шахтаў ён падыходзіў не як да «сюжэту», а як да вобраза, які тлумачыць Беларусь і яе гісторыю і праз эканоміку, і праз этыку. Для яго соль — гэта рэдкі «натуральны матэрыял», які здабываецца з нетраў і праходзіць мінімальную перапрацоўку, таму вобраз працуе як сімвал базавай, «сыравіннай» краіны і адначасова як напамін пра тое, хто і якой цаной стварае гэты рэсурс.
«Я на самой справе даўно думаю пра тэму салігорскіх шахтаў, як пра ідэю і метафару існавання Беларусі і беларускай гісторыі. Гэта вельмі падобна: і эканамічны складнік, і этычны. Гэта, па сутнасці, адзіны такі прыродны матэрыял, які здабываецца з нетраў Беларусі і прадаецца амаль без моцнай перапрацоўкі. Умоўна такая беларуская нафта».

Першы «складнік» гэтай гісторыі з’явіўся яшчэ задоўга да старту праграмы ArtPower Belarus у 2017 годзе ў форме лекцыі-перформансу. Пасля 2020 года тэма атрымала новы, востры пласт ужо праз досвед пратэстаў і страйкаў:
«У 2020 годзе, калі рабочыя спрабавалі зрабіць страйк, выйшлі на пратэсты, гэтая гісторыя пашырылася».
Падача на грант ArtPower Belarus
Рашэнне падацца на грант першай эдыцыі ArtPower Belarus у 2023 годзе было звязана з канкрэтнай магчымасцю паказаць працу ў міжнародным кантэксце. Уладзімір тлумачыць, што яго запрасілі з гэтай ідэяй на біенале Matter of Art у Празе, і ён шукаў дадатковае фінансаванне менавіта на вытворчасць і маштаб.
«Я проста шукаў дадатковае фінансаванне, каб быў бюджэт на інсталяцыю, на гэтую ідэю, на гэты фантан. Таму і падаўся. У мастацкім полі гранты часта становяцца адным з ключавых інструментаў, якія дазваляюць рэалізаваць складаныя або маштабныя працы, бо без фінансавай падтрымкі многія праекты проста не адбываюцца».
Што атрымалася рэалізаваць дзякуючы праграме
Падтрымка ArtPower Belarus дазволіла закрыць асноўныя выдаткі на вытворчасць інсталяцыі: закупку матэрыялаў і выраб ключавых элементаў.
Паводле слоў мастака, працэс ад першых эскізаў да гатовай працы заняў каля паўгода. Частка элементаў была выраблена ў Чэхіі, астатнія дэталі ён зрабіў сам.
Уладзімір гаворыць пра вынікі даволі стрымана: яго жыццё не змянілася радыкальна. Аднак для яго важным стаў сам факт з’яўлення маштабнай працы, якая аб’яднала ідэі і даследаванні апошніх гадоў. Інсталяцыя стала і новым этапам у яго мастацкай практыцы, у тым ліку праз свой фізічны маштаб.
«Гэта адна з маіх важных работ, дзе мне ўдалося аб’яднаць шмат ідэй, над якімі я працаваў даўно, і зрабіць вялікае выказванне. У мяне няма такой вялікай працы па маштабе: тры на тры з паловай метры. І гэта важна: гэта дае табе наступную прыступку, ты ўжо ад гэтага адштурхоўваешся».
І тут ён выходзіць на больш шырокую праблему, якая для яго выглядае сістэмна: у Беларусі часта няма магчымасці на эксперымент і на «вялікія» праекты, не толькі праз цэнзуру, але і праз рэсурсы, інфраструктуру, майстэрні, стабільнасць.

«Адна з асноўных праблем беларускага культурнага поля ў мастацтве, што ў цябе практычна няма магчымасці на эксперымент, няма магчымасці рабіць вялікія выставы, праекты. Таму людзі робяць працы, якія можна паказаць у інстаграме».
Адной з самых складаных частак праекта для мастака стала падрыхтоўка грантавай заяўкі. Ён адзначае, што для многіх мастакоў бюракратычная логіка грантавых праграм гэта зусім іншы тып мыслення.
«Запаўняць заяўку для мяне было цяжка. Ты робіш працу, а табе трэба пісаць, на што яна будзе адказваць. У многіх проста галава так не працуе, але гэта правілы сістэмы і іх прыходзіцца прымаць».
Але самы моцны вынік на думку Уладзіміра — сам факт, што вялікая праца адбылася і была паказаная ў важным міжнародным кантэксце. Ён пра гэта гаворыць як пра «вялікае выказванне», якое ўключае ўсё, над чым ён думаў доўгі час. Ну і, канешне, бачнасць: калі ў тваім партфоліа з’яўляецца праца такога маштабу, яна задае наступныя магчымасці, як доказ, што ты здольны рабіць складаныя інсталяцыі і працаваць у вялікіх фарматах.
Міжнародныя партнёрствы і кантэкст
Гаворачы пра міжнароднае мастацкае поле, Уладзімір падкрэслівае важнасць сеткі кантактаў і супрацоўніцтва з інстытуцыямі. Паводле яго слоў, праблема не ў тым, што беларускае мастацтва «не на той мове» гаворыць з Еўропай.
«У нас мастацтва не горшае… Адзінае, чаго не хапае, — гэта рэсурсы. Рэсурсы і магчымасці паказваць».
Сваю гісторыю трапляння ў міжнародны кантэкст ён таксама тлумачыць праз сетку: яго на пражскае біенале Matter of Art запрасіў куратар беларус, з якім ён даўно працуе.
Што да тэмы паўстання 1863-1864 года, Уладзімір падкрэслівае: сам матыў паўстання, ператварэння «мірнай рэчы» ў сімвал супраціву — інтэрнацыянальны. Ён прыводзіць прыклад касы як прадмета: для розных еўрапейскіх гісторый гэта зразумелая метафара.
«Калі браць тэму паўстання, паўстанні былі ўсюды. Такія косы рабілі і ў Германіі. Гэта міжнародная гісторыя: калі звычайны прадмет становіцца зброяй».
Пасля завяршэння праекта мастак працягвае працу над новымі ідэямі. Сярод бліжэйшых падзей выстава ў Варшаве і некалькі новых праектаў, якія пакуль знаходзяцца ў стадыі распрацоўкі.

Намінацыя на берлінскую прэмію Neuköllner Kunstpreis-2026: як атрымалася? https://galerie-im-saalbau.de/de/ausstellungen/neukoellner-kunstpreis-2026
Гэта не «цуд», а настойлівасць і разуменне кантэксту: прэмія лакальная, падавацца могуць людзі, якія жывуць у берлінскім раёне Нойкёльн або маюць там майстэрню. І, вядома, важна быць «не зусім чужым» для мясцовай арт-сцэны праз папярэднія ўдзелы ў выстаўках і кантакты з муніцыпальнымі пляцоўкамі.
«Я падаваўся два разы. У мінулым годзе з той жа працай не трапіў. У гэтым годзе падаваўся і трапіў у шорт-ліст. Заявак вельмі шмат, канкурэнцыя высокая, і нават моцная праца не гарантуе выніку з першага разу».
Парада тым, хто плануе падавацца на грант
На думку Уладзіміра, галоўнае — не ўспрымаць вынікі конкурсаў як ацэнку мастацтва.
«Трэба разумець: калі не атрымаецца — гэта не галоўнае. Гэта ніяк не гаворыць пра якасць працы. Трэба працягваць рабіць тое, што робіш, і шукаць іншыя магчымасці».