Screenshot 2025-05-15 at 15.03.33

Культурніцкая дыпламатыя: што гэта і якія выбітныя прыклады мы маем за 5 гадоў

Культурніцкая дыпламатыя стала важным кірункам дзейнасці розных беларускіх устаноў пасля 2020 года, калі да Беларусі пачалі ставіцца спачатку як да нестабільнай краіны, а потым – як да суагрэсара вайны Расіі з Украінай. Звычайную працу дзяржаўных установаў – прасоўванне культурніцкага наратыву – узялі на сябе актывісты і НДА. Гэты кірунак дапамагае ўмацаваць пазіцыі дэмакратычнай Беларусі і наладзіць стасункі паміж актарамі, палітыкамі і дзеячамі.

Institute for Cultural Diplomacy вызначае культурніцкую дыпламатыю як:

  • адзін з кампанентаў публічнай дыпламатыі, мяккая сіла/soft power;
  • дзейнасць, якая абапіраецца на абмен ідэямі, каштоўнасцямі, традыцыямі і іншымі аспектамі культуры ў мэтах умацавання адносін, пашырэння сацыяльна-культурнага супрацоўніцтва, папулярызацыі нацыянальных інтарэсаў і г.д.

Для Беларускай Рады культуры культурніцкая дыпламатыя – гэта ідэя “Расказаць Беларусь”, гэта шлях адвакацыі, шлях утрымання Беларусі на парадку дня на міжнароднай арэне праз міжнародныя акцыі – прамоцыя беларускіх творцаў на буйных пляцоўках, рэіндэнтыфікацыя беларускіх творцаў, прасоўванне беларускай мовы на разнастайныя сэрвісы і платформы, узмацненне палітычных візітаў культурніцкімі івэнтамі, прасоўванне краінавага патранату.

Мы прааналізавалі вынікі сваёй працы ў культурніцкай дыпламатыі за 5 гадоў  і прапаноўваем вам 10 выбітных прыкладаў таго, што Беларуская Рада культуры змагла зрабіць у таварыстве з іншымі арганізацыямі, НДА, палітычнымі структурамі, грамадскімі ініцыятывамі, дыяспаральнымі супольнасцямі, актывістамі і творцамі.

1. Альбом “Belarus Raising”

Фотаальбом “Belarus Raising” быў выдадзены ўвосень 2020 года. Фактычна, гэта быў першы праект, які рыхтавала наша першапачатковая маленькая каманда. 

Ён быў зроблены на замову Евангельскай царквы ў Нямеччыне, Нацыянальнай рады цэркваў у Нямеччыне і Рабочай група «Хрысціянская візія» Каардынацыйнай рады па Беларусі пры падтрымцы BCSF/Беларускага фонду культурнай салідарнасці (першапачатковая назва Беларускай Рады культуры). Галоўнай мэтай яго публікацыі быў распаўсюд інфармацыі пра падзеі ў Беларусі на супольнай малітве Prayer for freedom, justice and peace in Belarus at Berlin Cathedral у снежні 2020 года.

Гэты фотаальбом быў распаўсюджаны найперш сярод парламентарыяў і прадстаўнікоў урада Нямеччыны. Не абцяжараны тэкстам, ён перадаваў атмасферу і ствараў уяленне пра падзеі лета і пачатку восені 2020 года ў Беларусі, каб людзі, якія не былі ў Беларусі, маглі адчуць, што там адбывалася: і акцыі салідарнасці, і драматычныя падзеі, і здымкі выступу дыктатара, і прарэжымныя акцыі.

Выданне імгненна разышлося, бо наклад быў толькі 100 асобнікаў. 

Такое выданне дапамагло адчыніць дзверы для беларускіх палітычных, культурніцкіх і іншых актараў. Беларускай сітуацыяй цікавіліся, і такія матэрыялы былі вельмі важныя. Пераацаніць уплыў фотаальбому цяжка, ён адыграў сваю ролю ў інфармаванні палітычных дзеячаў і дзяячак пра падзеі ў Беларусі.

2. Кампанія #stopBTRС

Кампанія задуманая на фоне рэпрэсій у Беларусі пасля выбараў 2020 года, калі дзяржаўныя СМІ, уключна з БТ, выкарыстоўваліся як інструмент прапаганды і падтрымлівалі рэжым Лукашэнкі. Яна адбывалася ў 2021 годзе, калі Белтэлерадыёкампанія (БТ) усё яшчэ была арганізатарам удзелу Беларусі ў конкурсе “Еўрабачанне”.

Шэраг беларускіх культурных дзеячаў і актывістаў заклікалі Еўрапейскі Вяшчальны Саюз (EBU) выключыць БТ з ліку ўдзельнікаў арганізацыі і пазбавіць яе права прадстаўляць Беларусь на “Еўрабачанні”. 

Было апублікавана некалькі зваротаў, петыцыяў і адкрытых лістоў, у якіх аргументавалася, што дзяржаўны транслятар не прадстаўляе сапраўдную беларускую культуру, а выкарыстоўваецца для прапаганды і апраўдання рэпрэсій.

Асаблівую хвалю выклікала сітуацыя з выбарам гурта “Галасы ЗМеста” для ўдзелу ў конкурсе. Іх песні былі адкрыта прапагандысцкімі, што выклікала рэакцыю як з боку беларускага грамадзянскага сектара, так і з боку міжнароднай супольнасці.

У выніку, ЕBU адхіліў песні гурта “Галасы ЗМеста” і не прыняў іншыя, што прывяло да дыскваліфікацыі Беларусі з Еўрабачання 2021.

Гэтая кампанія стала адным з прыкладаў таго, як культурніцкая супольнасць можа ўплываць на міжнародную супольнасць, выкарыстоўваючы інструменты адвакацыі і медыйнай прысутнасці. Беларуская культура паказала сябе як незалежная і злучаная з грамадзянскай пазіцыяй.

3. #art_born_Belarus

Карціна Марка Шагала «Любоўнікі»

Гэтая ініцыятыва накіраваная на папулярызацыю беларускай культурнай спадчыны і карэкцыю няправільных пазначэнняў паходжання вядомых мастакоў і мастачак у міжнародных музеях. Такія сусветна вядомыя мастакі як Марк Шагал і Надзя Хадасевіч-Лежэ маюць паходжанне з Беларусі, але ў музеях іх часта пазначаюць як «рускіх» ці «нарадзіўся ў Расіі». Кампанія #art_born_Belarus мела на мэце выправіць гэтыя недакладнасці.

Кампанія складалася з 3х частак: 

  • Інфармацыйная праца – падрыхтоўка аргументацыі і шаблонаў лістоў для зваротаў у музеі з просьбай выправіць няправільныя пазначэнні паходжання мастакоў.
  • Публікацыі – артыкулы і даследаванні, якія падкрэсліваюць беларускае паходжанне вядомых мастакоў і іх уклад у сусветнае мастацтва.
  • Супрацоўніцтва з дыяспарай – заклік да беларусаў ва ўсім свеце далучацца да кампаніі, распаўсюджваць інфармацыю і звяртацца ў культурныя ўстановы з мэтай карэкцыі няправільных дадзеных.

У выніку кампанія #art_born_Belarus ужо прывяла да павышэння інфармаванасці пра беларускае паходжанне шэрагу мастакоў і спрыяла карэкцыі інфармацыі, напрыклад, да апісання карціны “Любоўнікі” Марка Шагала ў музеі мастацтваў LACMA ў Лос-Анджэлесе, ЗША.

Гэта важны крок у захаванні і папулярызацыі беларускай культурнай спадчыны на міжнародным узроўні. І сёння ўсе ахвочыя могуць скарыстацца распрацаванымі формамі зваротаў і іншымі дакументамі акцыі, калі захочуць удакладніць апісанне прац мастакоў і мастачак з беларускім паходжаннем у сусветнавядомых і лакальных музеях.

4. #ByCultureGlobal

Скрыншот відэа “Купалле, Цэслер, палітвязні: як прайшлі “Дні беларускай культуры”? Belarus Must Go On” Крыніца: https://www.youtube.com/watch?v=gdp5XJJCEB8

Пры дапамозе і падтрымцы Беларускай Рады культуры тройчы адбыліся Сусветныя дні беларускай культуры – у 2021, 2022 і 2023 гг. Мы праводзілі інфармацыйныя кампаніі, прасоўвалі і падтрымлівалі івэнты і гд. У 2021 годзе акцыя пад лозунгам “Культура мацнейшая за дыктатуру” прайшла у 19 краінах і ахапіла больш як 40 гарадоў. У 2022 годзе маштабная акцыя мела слоган “Belarus Must Go On” і аб’яднала 125 асобных імпрэзаў, што прайшлі ў 38 гарадах 16 краін свету. Як праходзіла акцыя ў 2022-м, глядзіце тут.

Цяпер жа гэтая ініцыятыва жыве сваім жыццём і натхняе беларусаў і беларусак па ўсім свеце гуртавацца вакол святкавання Купалля.

Мэта акцыі – паказаць беларускую культуру вартай увагі і згуртаваць беларускія дыяспары. Праз гэтыя згуртаванні ў розных краінах прасцей данесці да міжнароднай аўдыторыі каштоўнасць беларускай культурнай спадчыны, пашырыць веды пра Беларусь праз мастацтва, музыку, мову, рамёствы і гісторыю.

У Сусветны дзень беларускай культуры адбываюцца канцэрты сучаснай і традыцыйнай музыкі, мастацкія выставы, прэзентацыі кніг і лекцыі пра гісторыю і культуру; майстар-класы па рамёствах, паэтычныя чытанні, спевы, сустрэчы з пісьменнікамі і перакладчыкамі; кулінарныя вечарыны з беларускімі стравамі; дыскусіі пра культуру і яе ролю ў фармаванні супольнасці.

Дзякуючы актыўнасці беларускіх дыяспаральных суполак геаграфія акцыі вельмі шырокая. Беларусы і беларускі разам з мясцовымі сябрамі Беларусі ладзілі падзеі ў Варшаве, Вільні, Берліне, Празе, Тбілісі, Нью-Ёрку, Таронта, Мюнхене, Лондане, Стакгольме, у Кіеве, Таліне, Вене, Сальвадоры і Сейландыі (Бразілія), у Велігаме (Шры-Ланка) і іншых гарадах.

5. Акцыі Belarus with Ukraine 

«Belarus with Ukraine» — гэта шырокі рух салідарнасці, які аб’яднаў беларускіх культурніцкіх дзеячаў, грамадскіх актывістаў і дыяспару ў падтрымку Украіны пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ў 2022 годзе. Гэта адказ на выкарыстанне тэрыторыі Беларусі для расійскай агрэсіі і месца выказвання пазіцыі многіх беларусаў і беларусак, якія не падтрымліваюць дзеянні рэжыму Лукашэнкі.​

Галоўны акцэнт – медыякампанія ў падтрымку Украіны, адвакацыя негатыўнага стаўлення беларускага грамадства да расійскай ваеннай агрэсіі. Сумарны ахоп пастоў у сацыяльных сетках кампаніі складае больш як 1 млн. карыстальнікаў. Ахоп апублікаваных ва ўкраінскіх медыя і пабліках падрыхтаваных намі матэрыялаў аб дапамозе беларусаў украінцам складае больш як за 3,2 млн. чалавек. Ініцыяваныя і натхнёныя намі ролікі з хэштэгам #BelarusWithUkraine набралі больш як 4 млн. праглядаў у Tik-Tok.

З пачатку сакавіка 2022 года, пасля жорсткага ўварвання Расіі на тэрыторыю Украіны, каманда праекта планамерна дакументавала гісторыю дапамогі, падтрымкі, супрацоўніцтва беларусаў і ўкраінцаў у драматычных умовах вайны. Інфаграфіка “Беларусы – не рэжым”, відэаролікі, адмысловая анімацыя, а таксама інтэрв’ю з вядомымі людзьмі з Беларусі і Украіны. Сабраныя разам, гэтыя матэрыялы пацвярджаюць маштаб беларуска-ўкраінскай салідарнасці. Кампанія вялася ў Instagram, Facebook, X, Telegram, TikTok, YouTube.

Вынікам  стала тое, што ў Еўропе палітыкі і грамадскія дзеячы пачалі адрозніваць рэжым Лукашэнкі і беларускую грамадзянскую супольнасць. Гэта было асабліва істотна, калі падчас разгляду варыянтаў пакарання і падтрымкі на дзяржаўных узроўнях было разуменне, што некаторым людзям з Беларусі патрэбная дапамога і віды на жыхарства, а некаторым – асабістыя санкцыі. 

6. ArtPower Belarus і гранты мабільнасці

Фота: Маска “Буду кахаць цябе” беларускай мастачкі і спявачкі Насты Рыдлеўскай, рэалізаванай у межах праграмы #ArtPowerBelarus

ArtPower Belarus — гэта праграма падтрымкі беларускіх дзеячаў культуры, якая дзейнічае з 2022 года. Яе галоўная мэта — умацаванне незалежнай беларускай культуры ва ўмовах эміграцыі і ў Беларусі, рэпрэсій і ваенна-палітычнага крызісу. Рэалізуецца Беларускай Радай культуры сумесна з Дацкім інстытутам культуры пры фінансаванні Еўрапейскага Саюза. Не ўсе праекты праграмы наўпрост накіраваныя на культурніцкую дыпламатыю, але праз шырокую геаграфію рэалізацыі прасоўваюць беларускую культуру ў мясцовае асяроддзе.

Праграма  мае два трэкі падтрымкі актыўнасці: фінансаванне праектаў і фінансаванне мабільнасці культурніцкіх актараў і актарак.

Сярод падзей, якія адбыліся дзякуючы падтрымцы ArtPower Belarus, — фестываль Tutaka і першае беларускае Купалле ў Даніі, публічныя лекцыі пра слуцкія паясы, мастацкія выставы, у тым ліку “Беларускі мартыралог” Ксішы Анёлавай, тэатральныя пастаноўкі, сярод якіх «Зэкамерон» і опера «Дзікае паляванне караля Стаха», запіс аўдыёкніг і выданне папяровых накладаў, некалькі вялікіх  кніжных турнэ аўтараў і выдаўцоў, гастролі, экспедыцыі, стажыроўкі, канцэрты. Агулам рэалізаваныя  83 праекты. 

Дзякуючы праграме мабільнасці ArtPower Belarus 214 творчых беларусаў змаглі прыняць удзел у розных міжнародных канферэнцыях і фестывалях, арганізаваць уласныя даследаванні, папрацаваць у творчых рэзідэнцыях, выступіць перад публікай у розных краінах.

Разам з партнёрамі  мы дамагліся за 2 гады, каб культура трапіла ў прыярытэт Еўрапейскага Звязу па падтрымцы грамадзянскай супольнасці Беларусі. 

7. Кампаніі салідарнасці

З 2020 года Беларуская Рада культуры працуе для падтрымкі рэпрэсаваных творцаў. Некалькі гісторый гвалту ў дачыненні  музыкаў і мастакоў сталі асобнымі акцыямі салідарнасці і падтрымкі.

#FREEIRDORATH

Фота: Peter Streng. Крыніца: https://ru.wikipedia.org/wiki/Irdorath#/media/Файл:Irdorath_live_2015.jpg

Кампанія ў падтрымку музыкаў фэнтэзі-фолк гурта Irdorath і іх сяброў, затрыманых 2 жніўня 2021 года на лецішчы пад Мінскам. Тады лідары гурта Надзея і Уладзімір Калачы атрымалі па 2 гады калоніі, Антон Шніп, Пётр і Юлія Марчанкі — па 1,5 года калоніі. Бо гралі на вуліцах падчас масавых шэсцяў у Мінску ў жніўні 2020 года. Падчас кампаніі ладзіліся акцыі салідарнасці, збор сродкаў на падтрымку арыштаваных, шмат высілкаў было скіравана на распаўсюд інфармацыі ў сусветных медыя.

Да кампаніі далучыліся і замежныя музыкі: нямецкі фольк-гурт Corvus Corax даў канцэрт у падтрымку беларускіх калегаў, а расійскі музыка Барыс Грабеншчыкаў выставіў на аўкцыён Беларускай Рады культуры сваю камізэльку.

#FREEPUSHKIN

Міжнародная акцыя салідарнасці з палітзняволеным мастаком, што аб’ядноўвала выставы, кінапрагляды, дабрачынныя аўкцыёны і распаўсюд пастоў з тэгам #FREEPUSHKIN у сацсетках. Мастак, рэстаўратар і перформер Алесь Пушкін быў арыштаваны 30 сакавіка 2021 года і асуджаны на 5 гадоў калоніі строгага рэжыму. Ён памёр 11 ліпеня 2023 у гарадзенскай турме № 1. 

6 жніўня 2025 года ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве адкрыецца выстава “Zostać / Застацца”, прымеркаваная да 60-годдзя Алеся Пушкіна. Гэта працяг традыцыі супольнага ўшанавання мастакамі памяці калегі-творцы. У 2024 годзе выстава “Ales Pushkin. AFTERLIFE”, якая таксама ладзілася да Дня нараджэння мастака, была падтрыманая #ArtPowerBelarus. З дапамогай ArtPowerBelarus пачалася праца над стварэннем сайта-каталога Алеся Пушкіна на беларускай і ангельскай мовах 

Дабрачынныя аўкцыёны

Серыя з 18 інтэрнэт-аўкцыёнаў. Усе сродкі ад продажу эксклюзіўных лотаў былі скіраваныя на падтрымку рэпрэсаваных творцаў. Да руху ў межах аўкцыёнаў у свой час далучыліся: гурт MEUTE, Святлана Алексіевіч, Альгерд Бахарэвіч, Маргарыта Ляўчук, Лера Яскевіч, гурт NRM, Барыс Грабеншчыкоў, Вольга Якубоўская, Руфіна Базлова, Уладзімір Цеслер і іншыя творцы. Лотамі станавіліся творчыя працы, музычныя інструменты, унікальныя сцэнічныя касцюмы, кнігі (у тым ліку – выдадзеная ў адзіным асобніку адмыслова для аўкцыёна) і нават крыштальная рок-карона.

Так, сусветна вядомы нямецкі тэхна-гурт MEUTE падтрымаў былога беларускага палітвязня — дыджэя Аляксандра Багданава (Папу Бо), які ў 2020-м граў на пратэстах і на адным з маршаў паставіў трэк гэтых музыкаў. Музыкі выставілі на продаж свой сцэнічны пінжак, які за 1700 еўра выкупіла швейцарская арганізацыя Fondation du Week-end au bord de l’eau і ён цяпер знаходзіцца ў музеі. Пазней, з’ехаўшы з Беларусі, Папа Бо сустрэўся з MEUTE і сыграў свой аўтарскі сэт у межах іх канцэрту.

8. Ноч Паэтаў

Штогод у Беларусі і за яе межамі 29 і 30 кастрычніка праходзяць вечары памяці рэпрэсаваных беларусаў: паэтаў, мастакоў, выдаўцоў, вучоных, выкладчыкаў, рабочых, сялян, гараджан і вяскоўцаў. Галасы гэтых імпрэзаў — галасы ахвяр рэпрэсій у Беларусі. Але не толькі. Сам факт правядзення такіх вечарын — знак нашай пашаны да папярэднікаў, нявінна знішчаных уладамі.

У «Ночы паэтаў» удзельнічаюць паэты і паэткі з розных краінаў, чытаючы вершы беларускіх аўтараў, а таксама свае ўласныя творы. Звычайна імпрэзы адбываюцца ў фармаце жывых чытанняў, трансляцый, відэазапісаў або публічных сустрэч — у музеях, бібліятэках, культурніцкіх цэнтрах.

Акцыю падтрымліваюць па ўсім свеце: у Польшчы, Літве, Нямеччыне, ЗША, Францыі, Украіне, Канадзе і іншых краінах.

Вершы чытаюцца па-беларуску і ў перакладах. Штогод напярэдадні акцыі папаўняецца бібліятэчка вершаў рэпрэсаваных творцаў у перакладзе  на ангельскую, італьянскую, гішпанскую, французскую, партугальскую, чэшскую, украінскую, нямецкую і іншыя мовы.

9. Удзел у глабальных сетках 

Прысутнасць у спецыялізаваных глабальных супольнасцях адкрывае магчымасці для вузкаспецыялізаванай культурніцкай дыпламатыі. Сёння Беларуская Рада культуры мае стасункі з 3-ма такімі сеткамі.

Форум грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства

15 гадоў таму Еўрапейскі Саюз запусціў ініцыятыву Усходняе партнёрства — для паглыблення супрацоўніцтва з шасцю краінамі рэгіёна: Арменіяй, Азербайджанам, Беларуссю, Грузіяй, Малдовай і Украінай. Беларусь на дзяржаўным узроўні пасля 2020 года выйшла з Усходняга партнёрства, але грамадзянская супольнасць захавала ўдзел у форуме і працягвае сваю працу. Нацплатформа Беларусі перажывае перыяд пераасэнсавання і аднаўлення. Каля 50 актыўных арганізацый фармуюць новую супольную павестку. Гэта добры момант, каб уключацца ў працу, будаваць новыя сувязі і разам прадстаўляць інтарэсы беларускага культурніцкага сектару на міжнародным узроўні.

RESET!

Аўтар фота: Marko Marjanovic

У студзені 2025 года Беларуская Рада культуры далучылася да нізавой міжнароднай сеткі RESET!, якая аб’ядноўвае культурніцкія і медыяарганізацыі, дакументуе стан незалежнай культуры ў Еўропе і адстойвае яе каштоўнасці перад палітыкамі. Уступленне ў гэтую сетку дае новыя магчымасці для развіцця незалежнай культуры і міжнароднага супрацоўніцтва. Таксама мы можам пашыраць інфармацыю пра Беларусь праз удзел у міжнародных нетворкінг-івентах, падкастах і публікацыях, дзе мы зможам распавядаць пра сітуацыю ў беларускай культуры. RESET! не толькі збірае і аналізуе інфармацыю пра незалежную культуру, але і распрацоўвае дапаможнікі і рэкамендацыі для яе падтрымкі на ўзроўні ЕЗ.

ЕUNIC – European Union National Institutes for Culture

Сеткавае аб’яднанне нацыянальных культурніцкіх інстытутаў краін Еўрапейскага саюза прасоўвае культурную разнастайнасць і міжкультурны дыялог па ўсім свеце.

Супольнасць ЕUNIC мае больш чым 30 арганізацый з 28 краін Еўропы (не ўсе з ЕС, але з агульнымі еўрапейскімі каштоўнасцямі), больш за 130 лакальных кластараў (мясцовых партнёрскіх супольнасцяў) у 100+ краінах свету. Сюды ўваходзяць, напрыклад: Goethe-Institut (Германія), Institut Français (Францыя), British Council (Вялікабрытанія), Instituto Cervantes (Іспанія), Adam Mickiewicz Institute (Польшча), Danish Cultural Institute (Данія) і інш. На сёння Беларуская Рада культуры мае супольныя праекты з некаторымі арганізацыямі-ўдзельніцамі ЕUNIC і мае на мэце ўступленне ў саму супольнасць Еўрапейскага Звязу Інстытутаў.

10. Публікацыі Беларускай Рады культуры

Штогод мы замаўляем базавыя даследаванні стану культурніцкага поля  з двух бакоў мяжы, штоквартал нашая Аналітычная група стварае агляды трэндаў і падзей у кіно, музыцы, тэатры, арце, традыцыйнай культуры і літаратуры Беларусі  – усе гэтыя матэрыялы па-беларуску і ў перакладзе на ангельскую мову публікуем на сваім сайце, у сацсетках і робім іх рассылку ў выглядзе newsletter. Праз гэта павялічваем кола людзей, якія лепей разумеюць сітуацыю беларускага культурніцкага асяродку.

Research papers

Analytical reviews

Гэтыя публікацыі – масток паміж намі і светам, гэта і глеба для далейшых даследаванняў і больш грунтоўных прац замежных навукоўцаў. Часта менавіта да нас звяртаюцца англамоўныя даследчыкі, бо  матэрыялаў на дасяжнай для іх мове па беларускіх працэсах у цэлым даволі мала, а часам яны і зусім адсутнічаюць.

Такі шлях культурніцкай дыпламатыі не глабальны, як папярэднія, але ён спрацоўвае на мэтавую аўдыторыю, на людзей, якія дапамагаюць данесці іншым супольнасцям веды пра Беларусь.

Таксама паглядзіце

Беларускае грамадства з надзеяй сачыла за перамовамі паміж амерыканскай дэлегацыяй і прадстаўнікамі ўлады ў Мінску. Па выніку перамоваў на волю выйшлі 52 …

17 верасня стартуе адукацыйная праграма, якая будзе ўяўляць сабой серыю з пяці анлайн-варкшопаў для беларускіх творцаў, менеджараў, куратараў і ўсіх, хто працуе …