20250417-ZAM-rada_kultuty_merch-011

Кірунак дапамогі. Гэта водгук на вострую патрэбу людзей

Падтрымліваць і абараняць творцаў, якія трапілі ў на радзіме пад палітычны пераслед, спрыяць атрыманню візаў, дапамагаць з рэлакацыяй і аказваць фінансавую падтрымку Беларуская Рада культуры пачала яшчэ ў 2020 годзе. За 5 гадоў колькасць паспяховых кейсаў перавышае 2,2 тысячы і гэты кірунак застаецца запатрабаваны.

У 2020 годзе, калі пачаліся моцныя рэпрэсіі, не было аніякай сістэмы дапамогі, усё адбывалася стыхійна, без гатовых скрыптоў і інструкцый. Выпадала вучыцца ў жывым працэсе працы.

“Гэта быў водгук на вострую патрэбу людзей, – згадвае менеджарка напрамку дапамогі Алена Д. – Людзі звярталіся з рознымі праблемамі: гэта магла быць рэлакацыя, цяжкая фінансавая сітуацыя, псіхалагічную дапамогу прасілі. І мы ў індывідуальным парадку шукалі выйсця. За першы год было каля 250 зваротаў”.

Для нашай арганізацыі было відавочна, што  кірунак застанецца запатрабаваным. Таму цягам года гэтая дзейнасць выкрышталізавалася ў адмысловую галіну працы Беларускай Рады культуры.

“Паўставалі іншыя арганізацыі, мы абменьваліся падапечнымі, стваралі новыя працоўныя алгарытмы – гэта была вельмі плённая праца. Важна, каб людзі адчувалі, што яны не адныя. Я імкнулася размаўляць з людзьмі непасрэдна. Часам гэта выглядала, як прыёмны пакой, калі людзі прыходзілі, я з імі звязвалася, выслухоўвала, даведвалася і пра канкрэтную сітуацыю, і пра кантэкст. Гэта было вельмі эмацыйна, бо мае суразмоўцы  былі шакаваныя сітуацыямі, у якіх аказаліся . Ні яны не былі падрыхтаваныя да такога, ні мы – таму парадзіць з гэтымі выклікамі было вельмі цяжка. Было шмат выгарання, бо ніколі не сутыкалася раней з такой колькасцю болю, калі ў чалавека крызіс, а рэсурсу мала, і галоўнае – быць побач. Часам гэта адзінае, што можна было зрабіць”, – распавядае Алена.

“Асабліва эмацыйна складана, калі звяртаюцца людзі, якіх я асабіста ведаю, былыя выкладчыкі, аднагрупнікі, калегі. У такія моманты востра адчуваеш, што гэта нейкае раскіданае гняздо”.

Пасля першага году ў Беларускай Рады культуры ўжо была выпрацаваная пэўная сістэма працы і дапамогі: з’явіўся  сталы кантакт для зваротаў, пазней —  спецыяльны бот, некалькі прадстаўнікоў амбасадаў дапамагалі з візамі людзям з высокай рызыкай арыштаў. Рэлаканты часам кідалі ўсё і мелі патрэбу ўладкавацца на новым месцы – мы дапамагалі і з выплатамі на першасную адаптацыю ў краіне, аплатай хостэла, квіткоў, нават страховак, калі ад гэтага залежала бяспека, альбо шукалі партнёраў, якія спецыялізуюцца ў пэўным кірунку дапамогі.

Так праваабаронцы Freedom House вельмі дапамагалі, падтрымалі шмат кейсаў, і людзі пазбеглі зняволення і выехалі тэрмінова. З эвакуацыяй дапамагала каманда BYSOL. І гэта далёка не поўны спіс арганізацый, якія дзяліліся інфармацыяй пра свае праграмы, і якім мы ўдзячныя.

“Заўжды былі людзі, якія ўваходзілі ў становішча і дапамагалі не з нейкай зацікаўленасці, а таму, што так правільна і па-чалавечы”, – падкрэслівае менеджарка Беларускай Рады культуры.

Сітуацыя праз 5 гадоў

На сёння засталіся складанасці з візавымі пытаннямі, але мы даем кансультацыі людзям, дапамагаем ім знайсці варыянт, які пасуе, каб яны маглі з’ехаць у бяспечную краіну і там уладкоўваць сваё жыццё. 

Пішам лісты-хадайніцтвы – гэта асобны кірунак. Такія лісты дапамагаюць верыфікаваць чалавека як дзеяча культуры, дзейнасць, абставіны, каб кейс меў большую ўвагу. Бывае, у людзей мала доказаў палітычнага пераследу, тады менавіта хадайніцтвы  становяцца важнымі пацверджаннямі. Гэтыя лісты выкарыстоўваюцца таксама пры падачы на міжнародныя стыпендыі, навучальныя праграмы, і мы вельмі ўсцешаныя, калі ўсё атрымліваецца.

“Атрымліваем шмат водгукаў, падзякі за гэтыя лісты. Мы стараемся ўкласці максімум у звароты, і гэта становіцца важнай часткай маральнай і практычнай падтрымкі на складаным этапе жыцця. Напрыклад, тлумачым сітуацыю ў Беларусі, бо не ўсе ведаюць, што там адбываецца, ці не маюць дастатковую інфармацыю пра пераслед, сітуацыю на мяжы, небяспеку вяртання на радзіму і гд. Гэта запатрабаваная нашая опцыя”, – распавядае Алена. 

Фінансавае пытанне таксама застаецца актуальным. Беларуская Рада культуры ці далучаецца да агульных глабальных і асабістых збораў, ці ладзіць зборы пад канкрэтныя мэты, ці звяртаецца да еўрапейскіх арганізацый-донараў. Праз перажыты стрэс людзі гублялі здароўе, бывалі патрэбы ў аперацыях, шпіталізацыі, набыцці лекаў ад цяжкіх хранічных захворванняў, – на гэта таксама шукаем сродкі.

“Мы імкнёмся дапамагаць дзеячам культуры ў самым шырокім сэнсе”, – падкрэслівае менеджарка.

Так яна мае досвед дапамогі шматдзетным сем’ям, якія на новым месцы сутыкаюцца з асаблівымі выклікамі, каб наладзіць жыццё: пакуль бацькі ўладкуюцца на працу і атрымаюць заробак, на гэты час Беларуская Рада культуры вылучала пэўную суму. Таксама пры магчымасці аплачвалі хостэлы для ўцекачоў.

“Напрыклад, адна шматдзетная сям’я, якая яшчэ жыла ў Беларусі, аказалася  амаль у асадзе. Бацькоў звольнілі з працы за адкрыта выказаную нелаяльную пазіцыю. У дзяцей былі праблемы ў школе, ціск, запалохванне. Гэта моцна адбілася на іх стане, яны пачалі хварэць, сітуацыя станавілася ўсё цяжэйшай. Сацыяльныя службы пачалі пагражаць, што могуць забраць дзяцей. У нейкі момант людзям стала зразумела, што ім трэба тэрмінова з’язджаць.

Мы разам з партнёрамі з праваабарончай арганізацыі дапамаглі зрабіць дакументы, знайшлі і аплацілі жыллё на першы час, вылучылі сродкі на адаптацыю ў новай краіне. Адзін з нашых калег паехаў ноччу на вакзал, каб сустрэць іх. Потым далучыліся іншыя, правяралі, ці ўсё ў парадку, ці патрэбна нешта. Цяпер яны ў бяспецы, дзеці вучацца ў беларускім класе, займаюцца творчасцю. Не ўсё проста, але яны разам, і гэта ўжо іншае жыццё. Мы дагэтуль на сувязі, цікавімся як у іх справы”, – згадвае Алена.

Яна падкрэслівае, што найбольш запамінаюцца не гісторыі пра медыйных асобаў, а пра звычайных людзей, выкладчыкаў музыкі, краязнаўцаў, мастацтвазнаўцаў, музейшчыкаў. Быў выпадак, як адзін таленавіты музыка выехаў у далёкую экзатычную краіну, але праз сканчэнне тэрміну легальнага знаходжання быў вымушаны пераязджаць з адной краіны ў іншую. Гэта працягвалася некалькі гадоў. Мы звярталіся ў амбасады, пісалі рэкамендацыйныя лісты. У выніку ён змог легалізавацца ў Еўропе і пазбег дэпартацыі. Гэта быў вельмі важны вынік.

Асаблівасці працы кірунку

За 5 гадоў былі літаральна адзінкавыя выпадкі, калі ў Беларускую Раду культуры звярталіся ашуканцы. Алена перакананая, што нават у тых выпадках нельга адназначна сказаць, што людзям не была патрэбная дапамога, а хутчэй гаворка ідзе пра празмерны запыт. 

Яна звярнула ўвагу на тое, што часам выпадае працаваць з людзьмі, якія першапачаткова вельмі негатыўна ставіліся да Беларускай Рады культуры з розных прычынаў, літаральна хейцілі. Але калі рэпрэсіўная машына дабралася і да іх, то звярнуліся да нас, і іх ранейшае  стаўленне не паўплывала на нашае рашэнне аб падтрымцы і яны яе атрымалі. Пасля непасрэдных кантактаў і дапамогі меркаванне іх істотна змянілася.

Таксама ёсць таленавітыя людзі, якія маюць праблемы з залежнасцямі і праз іх трапляюць у кепскія сітуацыі. “Так, яны праблемныя, вельмі складана з імі камунікаваць, працаваць, складана мець надзею на супрацу, але найперш яны – асобы і, якія патрабуюць дапамогі, таму мы працуем і з такімі людзьмі. Мы ўсё адно на іх баку, бо нельга пакідаць людзей  на вуліцы і без аніякай падтрымкі”. 

Агулам за 5 гадоў існавання кірунаку дапамогі Беларуская Рада культуры адгукнулася на больш як 2000 зваротаў, дала 1400 кансультацый па пытаннях рэлакацыі, легалізацыі, адаптацыі, атрымання візаў, пошуку адвакатаў, звароту па падтрымку да партнёрскіх фондаў. Мы паспрыялі таму, што было выдадзена больш за 370 візаў, гуманітарных дазволаў на жыхарства і інш. А фінансавую і псіхалагічную дапамогу атрымалі 590 асобаў.

Калі вам патрэбная дапамога, можаце напісаць на адрас [email protected]

Таксама паглядзіце

Механізмы фінансавання, прасоўванне беларускага брэнду і як не згубіць беларускую ідэнтычнасць – гэтым і іншым тэмам былі  прысвечаны некалькі падзей на IV …

Клуб Беларускіх мецэнатаў пры падтрымцы Беларускай Рады культуры правёў першае публічнае мерапрыемства – адкрытую лекцыю Аляксея Адамовіча «Беларусь на старажытных мапах».  Аляксей …