photo_2025-05-08 14.48.40-2

Кангрэс — рок-фестываль для даследчыкаў Беларусі. Нататкі Эліны Калнібалоцкай

XII Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі прайшоў у Берліне і стаў адной з самых яскравых беларускацэнтрычных падзей верасня. Сёлета форум адбыўся ва Універсітэце Гумбальта пры падтрымцы — у ліку іншых партнёраў — Фонду Конрада Адэнаўэра і Еўрапейскага Саюза.

Дырэктарка па развіцці Беларускай Рады культуры Эліна Калнібалоцкая ўзяла ўдзел у Кангрэсе. На панэлі «Беларуская музейная справа: адказнасць ва ўмовах несвабоды і эміграцыі» яна расказала пра кампанію #art_born_Belarus і прывяла прыклад супрацы з польскімі музеямі — падтрыманы ArtPower Belarus праект перакладчыка Сяргея Шупы, дзякуючы якому быў створаны беларускі аўдыягід для Музея гісторыі польскіх габрэяў POLIN.

Пасля вяртання з Кангрэсу Эліна падзялілася сваімі ўражаннямі ад удзелу ў гэтым буйным форуме:

— Яшчэ да прыезду ў Берлін было зразумела — нас чакаюць тры вельмі насычаныя дні. Трынаццаць тэматычных секцый: ад бяспекі і эканомікі да культуры і гісторыі. І ў кожнай яшчэ па тры–пяць панэляў, прысвечаных больш вузкім пытанням. Нават калі проста чытаеш праграму, вочы разбягаюцца, а адчуванне FOMO (fear of missing out) толькі мацнее: усе тэмы настолькі розныя і прывабныя, што хочацца мець герміёнаўскі махавік часу, каб паспець паўсюль. Гэта прыблізна як на топавым фестывалі — калі б на адной сцэне грала б Nirvana, а паралельна з ёй на другой — Queen.

На адкрыцці адзін з удзельнікаў сказаў: «Вы — будучыня дэмакратычнай Беларусі». Гэтая фраза дакладна перадае настрой і значнасць падзеі. Тут збіраюцца акадэмікі, практыкі, актывісты, каб не толькі прэзентаваць вынікі сваёй працы, але і разам думаць пра новыя выклікі, прасторы даследавання і дзеяння. Для мяне ж гэта была ўнікальная магчымасць сустрэцца з беларускай інтэлектуальнай супольнасцю, дзе ідэі гучаць, нібы музыка, і хочацца іх слухаць бясконца.

Як лінгвістка я асабліва захапілася панэллю пра пераклады кнігі Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?» на нарвежскую і польскую мовы. Перакладчыкі дзяліліся, як складана перадаць беларускія культурныя асаблівасці іншай мовай. Асабліва цяжка, на маю думку, знайсці баланс — каб і не перагружаць тэкст транслітарацыяй і зноскамі, але й не падмяняць нашыя з’явы рэаліямі з іншых краін і захоўваць аўтэнтычнасць.

Ці, напрыклад, карысна было паслухаць выступы на тэму бяспекі — тое, што зараз хвалюе кожнага ў нашым рэгіёне. З таго, што запомнілася: выступоўца, кажучы пра суб’ектнасць ці васальнасць Беларусі, параўнаў яе з Абхазіяй ці паўднёвай Асетыяй. Я магу не пагаджацца з такім пунктам гледжання, але гэта, лічу, цікавая перспектыва, у гэтым кірунку раней я не думала.

Панэль, у якой я сама брала ўдзел, была прысвечана музейнай працы ва ўмовах несвабоды і эміграцыі. Калегі ўздымалі пытанні суб’ектнасці музея як палітычнага актара, уплыву калектыўнай траўмы на мастацтва, а таксама паказвалі прыклады так званых «музеяў у выгнанні». Гэта было настолькі цікава, што нават з’явілася ідэя правесці асобны кангрэс, прысвечаны толькі гэтай тэме.

Беларуская Рада культуры не працуе непасрэдна з музеямі ці аховай спадчыны, але мы арганізавалі адвакацыйную кампанію #art_born_Belarus. Яна заклікала людзей звяртаць увагу на памылковыя подпісы ў музеях свету — напрыклад, «Марк Шагал — рускі мастак». Для гэтага мы разам з мастацтвазнаўцам падрыхтавалі шаблоны лістоў да кіраўніцтва ўстановаў. Аргументы аказаліся пераканаўчымі, і некаторыя музеі ўжо змянілі подпісы да твораў мастакоў з беларускімі каранямі ў сваіх экспазіцыях.

Такія ініцыятывы асабліва важныя цяпер, калі няма афіцыйнай інстытуцыі, здольнай прадстаўляць нашыя нацыянальныя інтарэсы і абараняць спадчыну мастакоў. Таму менавіта мы павінны быць амбасадарамі сваёй культуры. Гэтая надае ёй бачнасць і суб’ектнасць, а беларусы па ўсім свеце могуць адчуваць «сваё» ў музейнай прасторы. Так ствараюцца «якары прыналежнасці», якіх так бракуе ў эміграцыі.

Таксама як паспяховы прыклад я згадала супрацу з Музеем гісторыі польскіх габрэяў POLIN у Варшаве. Дзякуючы праекту Сяргея Шупы, падтрыманаму ArtPower Belarus, быў створаны беларускамоўны аўдыягід для экспазіцыі. Аўдыёгід на беларускай мове быў даступны і раней, але яго фінансавала беларуская амбасада. Пасля таго, як музей змяніў сістэму аўдыёгідаў і спыніў супрацоўніцтва з амбасадай, гід знік. Але запыт на беларускую мову заставаўся, і цяпер, дзякуючы новаму праекту, ён вярнуўся.

На гэтых прыкладах мы бачым, што музейная праца сёння мае на мэце не толькі захаванне мінуўшчыны. Яна скіраваная таксама на стварэнне жывых, інтэрактыўных, шматмоўных прастораў прызнання.

Агулам, Кангрэс яшчэ раз даказаў: беларуская культура — гэта не перыферыя і не «другасны» пласт беларускіх даследаванняў. Наадварот, культура — гэта поле, дзе захоўваецца памяць, фармуецца суб’ектнасць і нараджаюцца новыя сэнсы, што дапамагаюць грамадству вытрымліваць крызісы і марыць пра будучыню.

Для нас гэта азначае, што праца з культурай павінна быць працяглай і сістэмнай. Нельга ўспрымаць яе як «дадатак» да палітычных ці эканамічных даследаванняў. Яна — аснова, якая надае іншым тэмам чалавечае вымярэнне. 

Што да супольнасці вакол кангрэсу, то яна нагадвае рух — жывы, адкрыты, разнастайны. Тут адчуваецца атмасфера ўзаемнай падтрымкі і салідарнасці. Людзі прыязджаюць не толькі прэзентаваць свае працы, але і слухаць, чуць адно аднаго, натхняцца і прапускаць праз сябе чужы досвед. Гэтая атмасфера вельмі нагадвае фестывальную: шматгалосая, творчая, крыху хаатычная, але заўсёды ўзрушальная. Кангрэс паказаў, што ўжо існуе моцная інтэлектуальная і творча актыўная супольнасць, здольная стаць ядром пераменаў і прасторай для сумеснага руху наперад.

Таксама паглядзіце

1 кастрычніка 2020 года, у час жорсткіх рэпрэсій у Беларусі мы паставілі сабе мэту: аб’яднаць высілкі і стварыць умовы для развіцця незалежнай …

У Гданьскай ваяводскай і гарадской публічнай бібліятэцы (Wojewódzka i Miejska Biblioteka Publiczna w Gdańsku) цяпер можна знайсці яшчэ больш беларускіх кніг. Беларуская …