Frame 498

Каго мы лічым “дзеячамі культуры”: практычнае вызначэнне Беларускай Рады культуры

Усе кірункі дзейнасці Беларускай Рады культуры – ад гуманітарнай дапамогі да дыпламатыі на міжнародным узроўні – звязаныя са сферай культуры. Аднак у пэўны момант мы сутыкнуліся з патрэбай дакладна сфармуляванага вызначэння асноўнага актара гэтага поля – дзеяча культуры, якое б адпавядала практычным патрабаванням, а не было празмерна абстрактным.

Імаверна, гэтая акалічнасць вынікае з шматмернасці самога паняцця культуры, частага перакрыжавання альбо ўзаемаўплыву з іншымі сферамі, а таксама з досведам інтуітыўнага разумення. Тым не менш, для больш дакладнага акрэслення рамак і сутнасці сваёй працы, праектавання новых праграмаў развіцця сферы, упарадкавання формаў і прынцыпаў узаемадзеяння з іншымі арганізацыямі і ініцыятывамі мы павінны сфармуляваць дакладнае вызначэнне.

Да фармулёўкі паняцця “дзеяч культуры” мы падыходзім з разумення культуры,  акрэсленага Стратэгіяй – на сёння галоўным праграмным дакументам Беларускай Рады культуры. А менавіта разумення культуры як спосабу сацыяльнага дзеяння, праз які нацыя вызначае сябе, захоўвае суб’ектнасць і фармуе ідэнтычнасць, каштоўнасці і прэзентуе сябе свету. У беларускім кантэксце культура разглядаецца як дынамічная сістэма, якая фармуе нацыянальную і грамадзянскую свядомасць, захоўвае мову, памяць і каштоўнасці, спрыяе распаўсюду дэмакратычных каштоўнасцяў і працуе на кансалідацыю супольнасці і адаптацыю яе да сучасных выклікаў.

Культурнае поле грамадства ў гэтай рамцы – прастора сацыяльных дзеянняў і ўзаемадзеянняў, дзе ствараюцца, захоўваюцца, транслююцца і абараняюцца культурныя сэнсы, практыкі і формы самавыяўлення. Менавіта ў межах гэтага культурнага поля асобы, якія ствараюць, падтрымліваюць, даследуюць і тым самым развіваюць культуру, фармуюць яе сэнсы і забяспечваюць яе функцыянаванне, разглядаюцца як дзеячы культуры.

Такім чынам,

дзеячы культуры – асобы, якія сваімі дзеяннямі ўдзельнічаюць у фармаванні, падтрыманні, развіцці і абароне беларускага культурнага поля, напаўняючы яго сэнсамі, практыкамі, ведамі, сімваламі і формамі сацыяльнага ўзаемадзеяння.

Да дзеячаў культуры адносяцца як тыя, хто непасрэдна стварае культурныя прадукты і практыкі (у мастацтве, гуманітарнай думцы, крытыцы, перакладзе, даследаванні, архіваванні, культурнай памяці), так і тыя, хто забяспечвае ўмовы для існавання і развіцця культуры – арганізуе, курыруе, менеджарыць, падтрымлівае, фінансуе, распаўсюджвае і абараняе культурніцкую дзейнасць.

Статус дзеяча культуры не абмяжоўваецца прафесійнай занятасцю, вядомасцю або афіцыйным прызнаннем. Дзеячам культуры можа быць як прафесіянал, так і аматар: як чалавек, для якога культура – асноўная сфера дзейнасці, так і той, хто дзейнічае перыядычна, у межах супольнасных, ініцыятыўных або валанцёрскіх практык.

У сучасных умовах дзеячы культуры Беларусі з’яўляюцца аднымі з ключавых суб’ектаў захавання і развіцця нацыянальнай і грамадзянскай ідэнтычнасці. Яны свядома бяруць на сябе функцыю распаўсюднікаў сэнсаў, гістарычнай памяці і каштоўнасцяў, з’яўляюцца ўдзельнікамі культурнага супраціву асіміляцыі, прапаганды і дэградацыі грамадскіх сэнсаў.

Каго мы адносім да дзеячаў культуры

(па тыпах дзейнасці, у разуменні Беларускай Рады культуры)

1. Стваральнікі культурных формаў

Асобы, якія непасрэдна ствараюць культурныя прадукты і практыкі:

  • мастакі, дызайнеры, ілюстратары, рэстаўратары;
  • пісьменнікі, празаікі, паэты, драматургі, сцэнарысты, перакладчыкі;
  • спевакі, дырыжоры, кампазітары і выканаўцы музыкі;
  • тэатральныя, кіна- і перфарматыўныя дзеячы;
  • танцоры, харэографы, балетмайстры;
  • фатографы, відэа- і медыяартысты;
  • архітэктары і ўрбаністы;

2. Стваральнікі культурных сэнсаў

Асобы, якія асэнсоўваюць культуру і ўплываюць на яе праз думку, аналіз і мову:

  • філосафы, культуролагі, гуманітарныя даследчыкі;
  • крытыкі і аглядальнікі;
  • эсэісты, публіцысты, аўтары тэкстаў культурніцкай тэматыкі;
  • рэдактары;

3. Захавальнікі культурнай памяці і пераемнасці

Асобы, якія працуюць з памяццю, спадчынай і перадачай ведаў:

  • архівісты і даследчыкі архіваў;
  • музейныя работнікі і куратары калекцый;
  • бібліятэкары;
  • калекцыянеры і захавальнікі матэрыяльнай і нематэрыяльнай культурнай спадчыны;
  • ініцыятары і ўдзельнікі праектаў па дакументаванні культуры, гісторыі, сведчанняў;

4. Куратары, арганізатары і менеджары культуры

Асобы, якія забяспечваюць існаванне і развіццё культурных працэсаў:

  • арт-менеджары, прамоўтары, адміністратары;
  • куратары выстаў, праграмаў і фестываляў;
  • прадзюсары (у розных галінах культуры);
  • арганізатары культурніцкіх падзей і платформаў;
  • праграмныя дырэктары фестываляў;

5. Распаўсюднікі культуры

Асобы, якія робяць культуру бачнай і даступнай:

  • выдаўцы – кніжных і перыядычных выданняў;
  • журналісты, публіцысты і аўтары, якія працуюць з тэмай культуры;
    медыяменеджары і рэдактары культурніцкіх платформаў;
  • блогеры і незалежныя аўтары, калі іх дзейнасць мае дачыненне да культуры;
    камунікацыйныя спецыялісты ў культурніцкіх праектах – прэс-сакратары, аташэ па культуры (у тым ліку пры дзяржаўных і недзяржаўных інстытуцыях, амбасадах);
  • экскурсаводы і гіды;
  • гукарэжысёры/саўндпрадусары, сцэнографы, адмыслоўцы ў візуальных эфектах;

6. Тыя, хто падтрымлівае інфраструктуру сферы

Асобы, якія ствараюць матэрыяльныя і арганізацыйныя ўмовы для культуры:

  • мецэнаты, інвестары, крэдыторы, якія робяць унёсак у сферу культуры;
  • фандрайзеры і грант-менеджары ў сферы культуры;
  • ініцыятары, заснавальнікі і кіраўнікі культурніцкіх інстытуцый;
  • асобы, што аказваюць сістэмную экспертную або інфраструктурную падтрымку культурніцкім ініцыятывам;

7. Культурніцкія актывісты і дзеячы супольнасці

Асобы, якія дзейнічаюць у культуры як у прасторы грамадзянскага ўдзелу:

  • культурніцкія актывісты і нізавыя ініцыятары;
  • каардынатары суполак, у тым ліку ў дыяспары;
  • ініцыятары адукацыйных і асветніцкіх праектаў;
  • удзельнікі культурнага супраціву і абароны беларускай мовы, памяці, сімволікі;

8. Адукатары і даследчыкі

Асобы, якія перадаюць культурныя веды і практыкі:

  • даследчыкі;
  • выкладчыкі і навукоўцы, чый інтарэс закранае сферу культуры;
  • ментары, коўчы, фасілітатары ў сферы культуры;
  • аўтары адукацыйных культурных праграм.

!!! Важныя заўвагі:

Беларуская Рада культуры зыходзіць з таго, што:

  • паняцце “дзеяч культуры” з’яўляецца шырокім і інклюзіўным. Пры гэтым дзеяч культуры вызначаецца праз удзел у культурным полі, а не праз фармальную пасаду, эпізадычнае з’яўленне ў полі ці фармальна атрыманую адукацыю, звязаную са сферай;
  • адзін чалавек можа належаць да некалькіх тыпаў дзейнасці адначасова;
  • пералік тыпаў дзейнасці з’яўляецца адкрытым і можа пашырацца па меры развіцця культуры і з’яўлення новых форм;
  • у межах сваёй дзейнасці Беларуская Рада культуры можа вызначаць аперацыйныя прыярытэты падтрымкі, не звужаючы пры гэтым агульнага разумення культуры.

Мусім адзначыць, што нашае вызначэнне “дзеяча культуры” носіць канвенцыйны характар і можа ўдакладняцца ў дыялогу з іншымі культурніцкімі і прафесійнымі супольнасцямі, у тым ліку ў міжнародным кантэксце. 

Калі ў вас ёсць думкі на гэты конт і вы маеце прапановы па тым, як дапоўніць дакумент, – пішыце нам на info@byculture.org

Тлумачальная запіска створаная Аналітычнай групай у супрацы з кірункам дапамогі Беларускай Рады культуры 

Таксама паглядзіце

19 сакавіка з беларускіх турмаў і калоній пачалі вызваляць палітвязняў па спісе, які налічвае 250 асобаў. Сярод іх – 17 дзеячаў культуры.  …

Праграма грантавай падтрымкі ArtPower Belarus абвяшчае запуск чарговага конкурснага кола па Трэку 1. Арганізацыйнае развіццё. Падача заявак стартуе 17 сакавіка 2026 года …