Frame 15

Інтэграцыйны форум iN’25 у Вільні. Калі мы хочам зменаў, то мусім быць суб’ектамі, а не аб’ектамі дзеяння

Віленскі нацыянальны форум iN’25: Integration & Inclusion Forum быў прысвечаны будучыні шматкультурнай Літвы, інтэграцыі нацыянальных меншасцяў і падтрымцы мігранцкіх супольнасцяў. Удзел у канферэнцыі ўзялі прадстаўнікі ўраду, міжнародных арганізацый, даследчых устаноў і грамадскіх ініцыятыў. 

Гэты форум ладзіўся, каб зацікаўленыя і абазнаныя ў тэме людзі маглі даведацца, як Літва фармуе палітыку ў дачыненні да нацыянальных меншасцяў і якія магчымасці могуць з’явіцца для беларускай супольнасці.

Прадстаўніца Беларускай Рады культуры Надзея Гарэцкая наведала форум і адзначыла, што галоўнай агучанай ідэяй была “інтэграцыя — гэта не асіміляцыя, а магчымасць для кожнай супольнасці заставацца сабой, захоўваючы сваю мову, культуру і ідэнтычнасць”.

Здымкі з асабістага архіва Надзеі Гарэцкай.

Прэм’ер-міністр Літвы Гінтаўтас Палуцкас у сваім пасланні падкрэсліў, што краіна імкнецца распрацоўваць інклюзіўныя механізмы, каб  кожны чалавек адчуваў сябе часткай грамадства. Асобна адзначалася роля культуры як інструмента грамадскай згуртаванасці і бяспекі, а не толькі сродку мастацкага самавыяўлення.

Для Беларускай Рады культуры важна было пачуць, як мысляць і дзейнічаюць літоўскія інстытуты, каб планаваць далейшае супрацоўніцтва. Мы бачым, што існуе патрэба ў актыўным прадстаўленні беларускай супольнасці на ўзроўні культурніцкіх і адукацыйных ініцыятыў, стварэнні платформаў для дыялогу і сумесных праектаў з літоўскімі арганізацыямі.

Падчас форуму вялікая ўвага была нададзеная праблемам дыскрымінацыі, вобразу нацыянальных меншасцяў у медыя, доступу да адукацыі, моўнага навучання і прававога становішча этнічных груп. Гучалі заклікі да інвеставання ў інтэграцыйныя праграмы, падтрымкі меншасцяў праз адукацыю, міжкультурныя праекты і медыйную бачнасць. Прадстаўнікі OSCE, даследчыкі і журналісты ўздымалі пытанні, звязаныя з сацыяльнай палярызацыяй, выкліканай вайной ва Украіне, і тым, як грамадства рэагуе на “старую” і “новую” міграцыю.

Беларуская супольнасць згадвалася толькі праз статыстыку: па стане на 2025 год беларусы з’яўляюцца найбуйнейшай замежнай групай у Літве (48 733 чалавекі). Мы займаем першую пазіцыю па колькасці бізнесаў, навукоўцаў, кваліфікаваных працаўнікоў агулам і працаўнікоў з высокай кваліфікацыяй. Даследчыкі адзначаюць  павелічэнне на 665% беларускамоўных і рускамоўных дзяцей у школах за апошнія тры гады. Пры гэтым у грамадскім дыскурсе беларуская супольнасць амаль не фігуруе як асобны суб’ект з уласнымі патрэбамі, выклікамі і патэнцыялам.

Пры гэтым Надзея перакананая, што ў цяперашніх умовах беларускія НДА могуць стаць надзейным партнёрам у фармаванні інклюзіўнага грамадства, калі будуць мець дасяг да стратэгічнай інфармацыі, падтрымкі з боку дзяржавы і магчымасці ініцыяваць праекты, якія спрыяюць культурнаму ўключэнню, міжкультурнаму ўзаемаразуменню і захаванню нацыянальнай ідэнтычнасці.

Падмацоўвае яе бачанне і выступ дырэктаркі British Council Літвы Она Вішняўске, якая вельмі дакладна зазначыла: менавіта культурніцкія праекты дапамагаюць разбураць стэрэатыпы і ствараць агульны наратыў, які ўключае ўсіх. Асобна яна звярнула ўвагу: бяспека — гэта не толькі танкі, гэта супольнасць, згуртаванасць і давер. І тут культура зноў фігуруе як “арсенал”.

Прафесарка Лаўра Камандулітэ-Мерфелдыене выступала на цяжкай тэме — інтэграцыя рускамоўных дзяцей у школы. Яна шчыра казала, што ізаляцыя існуе і з боку дзяцей, і з боку грамадства. Таму неабходна рабіць мову часткай жыцця, а не толькі прадметам і вучыць настаўнікаў працаваць у шматмоўным і культурна разнастайным асяроддзі.

На канферэнцыі была шырока падтрыманая  ідэя, што інтэграцыя — гэта не асіміляцыя, грамадства павінна быць адкрытым для культур, моў і звычаяў меншасцяў. Аднак прадстаўнікі некаторыя ўдзельнікі дэбатаў падтрымалі больш асіміляцыйны падыход, спасылаючыся на досвед польскай супольнасці і крытыкуючы ідэю “культурных рэзервацый”.

Па выніках большасць удзельнікаў і ўдзельніц прызналі, што ў любым выпадку этнічная і культурная  разнастайнасць Літвы будзе расці. Таму варта захаваць нацыянальную ідэнтычнасць літоўцаў і дазволіць іншым культурам развівацца ў межах агульнага грамадства, не варта баяцца разнастайнасці, трэба пашыраць уяўленне пра тое, хто такі “літоўцы” — як  этнічны і палітычны тэрмін.

Надзея Гарэцкая зрабіла выснову, што галоўная думка канферэнцыі была такая:

Калі мы хочам зменаў — меншасці мусяць быць суб’ектамі, а не толькі аб’ектамі палітык. Яны мусяць быць бачнымі і маюць права на ініцыятыву.

Таксама паглядзіце

Віленскі нацыянальны форум iN’25: Integration & Inclusion Forum быў прысвечаны будучыні шматкультурнай Літвы, інтэграцыі нацыянальных меншасцяў і падтрымцы мігранцкіх супольнасцяў. Удзел у …

Беларуская Рада культуры ўзяла ўдзел у адной з найбуйнейшых міжнародных падзей у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, якая аб’ядноўвае лідараў з  кам’юніці бізнесу, …