corporate-business-team-meeting-with-a-manager-or-2025-01-15-16-23-23-utc

Форум культурніцкіх арганізацый: што гэта і як далучыцца?

Форум культурніцкіх арганізацый – гэта прастора, дзе беларускія культурніцкія арганізацыі раз на паўгода сустракаюцца, каб сінхранізавацца, дзяліцца досведам, абмяркоўваць выклікі і разам шукаць рашэнні. Гэта не новая структура, а працоўны фармат каардынацыі і падтрымкі. 

*Выява мае ілюстрацыйны характар

Што такое Форум і навошта ён існуе?

Мэта Форуму – зрабіць культурніцкі сектар больш узгодненым: абмен навінамі, адкрытая размова пра выклікі, пошук партнёрстваў і рабочых рашэнняў. Іншымі словамі, гэта якасны нэтворкінг, што сінхранізуе «гадзіннікі» ўнутры культурніцкага поля.

Асаблівая ўвага падчас Форума надаецца фінансавай устойлівасці актараў, развіццю мецэнацтва, культурніцкага прадпрымальніцтва і прасоўванню беларускай культуры.

У працы Форума бяруць удзел больш за 25 арганізацый, сярод якіх – Музей Вольнай Беларусі, Беларускі ПЭН, Беларускі Свабодны Тэатр, грамадская кампанія “Будзьма беларусамі!”, музей імя Івана Луцкевіча ў Вільні, выдавецтва Gutenberg Publisher, Беларуская экспертная платформа ў Любліне, Беларускі Моладзевы Хаб, праект “Беларускія Магістраты” і іншыя. 

Першую сустрэчу Форума арганізавала Беларуская Рада культуры, другую – Фонд Tutaka, а наступная  адбудзецца пад эгідай Музея Вольнай Беларусі.

Чаму фокус на арганізацыях?

Форум – гэта працоўная пляцоўка для рашэнняў і дзеянняў, таму базава ў яго запрашаюцца арганізацыі. За іх голасам стаіць каманда, адказнасць і магчымасць даводзіць агульныя дамоўленасці да практыкі і будаваць устойлівыя партнёрствы. Такі фармат дае сістэмнасць, бо дапамагае бачыць патрэбы супольнасцяў, а не толькі асобныя кейсы, забяспечвае празрыстасць і павялічвае шанцы на рэальныя вынікі. 

Пры гэтым дзверы не зачыненыя для індывідуальных прафесіяналаў: тут радыя экспертам і эксперткам без арганізацыі, калі іх удзел рэлевантны тэме і падтрыманы ўдзельнікамі (па прынцыпе “няма яўных пярэчанняў”). 

Як далучаюцца новыя ўдзельнікі?

Форум пашыраецца паступова: кожныя паўгода дадаюцца 4-5 новых арганізацый. Гэта дазваляе захоўваць працоўны рытм і якасць узаемадзеяння. Новых удзельнікаў прапануюць дзейныя арганізацыі – важна, каб каманды новых удзельнікаў падзялялі каштоўнасці Форума і былі гатовыя ўключацца ў агульную працу. 

Сустрэчы Форума не транслююцца, публічнымі становяцца толькі ўзгодненыя сумесныя матэрыялы.

Калі вашая арганізацыя хоча далучыцца – запоўніце, калі ласка, гэтую форму.

Таксама паглядзіце

Праграма ArtPower Belarus працягвае грантавы конкурс для прадстаўнікоў беларускай незалежнай культуры і абвяшчае новае кола прыёму заявак па Трэку 2 — Творчыя …

Адной са сфераў зацікаўленасці нашай арганізацыі з’яўляецца вывучэнне сістэмаў фінансавання культуры, што склаліся ў розных краінах. Так, з гэтай мэтай мы ініцыявалі …