Frame 421

Эліна Калнібалоцкая стала дырэктаркай па развіцці Беларускай Рады культуры

Каманда Беларускай Рады культуры ўзмацнілася: дырэктаркай па развіцці прызначаная Эліна Калнібалоцкая.

Эліна мае шырокія сувязі з культурніцкай супольнасцю, арганізоўвала і каардынавала шматлікія падзеі ў Беларусі і за мяжой, валодае шасцю мовамі і мае багаты досвед міжкультурнай камунікацыі. Яшчэ ўвосень 2020 года яна стаяла ля вытокаў Беларускай Рады культуры і наладжвала працу арганізацыі, займала пасаду тэхнічнай дырэктаркі, а пазней стала грант-менеджаркай праграмы ArtPower Belarus.

Сёлета Эліна скончыла College of Europe, дзе атрымала ступень  Master of Arts у галіне  European Affairs. Цяпер у яе функцыі ў Беларускай Радзе культуры ўваходзіць наладжванне новых сувязяў і партнёрстваў на карысць беларускай незалежнай культуры, прадстаўленне арганізацыі на міжнародным узроўні і каардынацыя працэсаў стратэгічнага развіцця.

«Гэта шанец зрабіць падтрымку беларускай культуры больш устойлівай»

Пра вяртанне ў Беларускую Раду культуры і новыя выклікі Эліна распавядае так: 

“Вяртанне ў Беларускую Раду культуры ў новай ролі — гэта перадусім магчымасць зрабіць унёсак у стратэгічнае развіццё арганізацыі, а не толькі ў рэалізацыю асобных праектаў. Гэта шанец зрабіць падтрымку беларускай культуры больш устойлівай, а саму культуру — больш бачнай і ўплывовай у шырэйшым кантэксце”.

Пра эвалюцыю нашай арганізацыі Эліна адзначыла, што за 5 гадоў адбыўся рост ад Фонду культурнай салідарнасці, які складаўся з некалькіх чалавек, да паўнавартаснай інстытуцыі:

“За гэты час мы прайшлі шлях ад мадэлі хуткай дапамогі да фармавання супольнасці экспертаў, менеджараў і творцаў, якая працуе над сістэмнай адбудовай культурнай экасістэмы. Гэта вялікі пераход: ад рэакцыі на крызіс — да стратэгічнай працы з будучыняй”.

Навучанне ў College of Europe для дырэктаркі па развіцці было ў нейкай ступені  “маленькім амбасадарствам”: яна мусіла пастаянна прадстаўляць сваю краіну перад трыццаццю іншымі. 

“Па тым, як ты камунікуеш, якімі ведамі дзелішся і як паказваеш сваю культуру, фармуецца вобраз краіны. Было вельмі важна і прыемна пачуць на развітанне, што дзякуючы мне многія адкрылі для сябе Беларусь і ўбачылі яе па-за клішэ «прыдатку Расеі».

За гэты год я лепш зразумела, як «пітчыць» краіну і працу арганізацыі ў залежнасці ад суразмоўцы, — і гэта дакладна будзе карысна ў нашай далейшай працы ў кірунку адвакацыі. Плюс Каледж даў глыбокае разуменне Еўразвязу, яго інстытуцый і ўзаемадзеяння з краінамі Усходняга партнёрства”.

Сярод прыярытэтаў развіцця Беларускай Рады культуры Эліна бачыць дыверсіфікацыю і ўстойлівасць:

“Гэта значыць — пашыраць і пераасэнсоўваць кірункі дзейнасці, каб не залежаць ад знешніх геапалітычных абставінаў і пры гэтым стабільна трымаць Беларусь і беларускую культуру ў міжнароднай павестцы”.

Галоўнай каштоўнасцю беларускай культуры для Эліны з’яўляецца яе здольнасць захоўваць сябе праз усе гістарычныя перашкоды і яе «мяккая сіла» — прыцягальнасць як кропкі ўваходу ў беларускі свет. Яна перакананая, што беларуская культура здольная стаць месцам сустрэчы і для сваіх, і для тых, хто толькі адкрывае Беларусь.

Таксама паглядзіце

У Гданьскай ваяводскай і гарадской публічнай бібліятэцы (Wojewódzka i Miejska Biblioteka Publiczna w Gdańsku) цяпер можна знайсці яшчэ больш беларускіх кніг. Беларуская …

Кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін на фестывалі Мальдзіс падзяліўся сваім бачаннем таго, “як прадаць Беларусь беларусам і беларускам з досведу Беларускай …