cover12112x50

Дзяржаўная палітыка знішчэння нацыянальнай памяці беларусаў (2020–2024)

Прадстаўляем вашай увазе даследаванне палітыкі ўладаў Беларусі ў справе (дэ)канструявання нацыянальнай гістарычнай памяці ў адукацыйнай сферы і сацыякультурнай прасторы краіны (2020–2024).

У сваёй працы аўтар/аўтарка (імя не называем з прычынаў бяспекі) характарызуе захады ўладаў Беларусі ў знішчэнні нацыянальнай сімволікі, перайменаванні дзяржаўных установаў, змяненні ландшафтнай прасторы, ва ўсталяванні памятных знакаў. Адной з задач працы стала выяўленне прычынаў і заканамернасцяў у вызначэнні “экстрэмісцкіх” твораў беларускай літаратуры. 

Асаблівая ўвага надаецца зменам, што адбыліся ў змесце школьных і ўніверсітэцкіх падручнікаў па гісторыі за 2020–2024 гг. Праца выяўляе заканамернасці ў рэпрэзентацыі гістарычнай мінуўшчыны ў навучальных дапаможніках і адсочвае сувязь гэтых зменаў з сацыяльна-палітычным кантэкстам. 

Эмпірычнай базай даследавання сталі:

  • нарматыўна-прававыя акты органаў улады Рэспублікі Беларусь;
  • навучальныя дапаможнікі па гісторыі Беларусі для агульнаадукацыйных і вышэйшых навучальных установаў;
  • навуковыя манаграфіі і артыкулы;
  • вынікі маніторынгу адкрытых крыніцаў (медыі, старонкі ў сацыяльных сетках органаў пракуратуры, унутраных справаў, іншых сілавых ведамстваў, установаў адукацыі ды інш.).

Гэты аб’ёмны тэкст не дае адказаў на ўсе пытанні, але безумоўна з’яўляецца багатым зборам фактаў, сведчанняў, доказаў дзеянняў беларускіх уладаў (у многім – пад уплывам тэндэнцый з “русского мира”) у справе скажэння ўспрымання нацыянальных сімвалаў і гістарычнай памяці беларусаў. Праца таксама дае рэкамендацыі, як у межах культурніцкіх і адукацыйных праектаў можна аказваць супраціў планамерным захадам рэжыму Лукашэнкі, што намагаецца сцерці нацыянальную памяць беларусаў, пазбавіць нацыю культурнай ідэнтычнасці.

Даследаванне выкананае вясною 2025 года на замову Беларускай Рады культуры і часткова прафінансаванае Дацкім інстытутам культуры. 

Лавіна рэпрэсіяў, якую рэжым абрушыў на жыхароў Беларусі пасля здушэння пратэстаў 2020 г., сее страх. Мэта відавочная: знішчыць магчымасць паўтору пратэснага сцэнара. 

Нацыянальную сімволіку спрабуюць звязаць з калабарацыянізмам часу Другой сусветнай вайны, а калабарацыяністаў прыраўноўваюць да нацыстаў. 

Гісторыя робіцца інструментам для абвінавачвання праціўнікаў рэжыму, стварэння “гістарычнага абгрунтавання” іхнага пераследу.

Кнігі лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч і Ляйпцыґскай прэміі за ўнёсак у еўрапейскае ўзаемаразуменне Альгерда Бахарэвіча, творы беларускіх філосафаў, пісьменнікаў, гісторыкаў, сацыёлагаў канфіскуюць з бібліятэк, спальваюць, закопваюць бульдозерам. За іх захоўванне пагражае арышт. Ніхто дакладна не ведае, што яшчэ дазволена ў беларускім тэатры абсурду, а што ўжо не.

Празмерная жорсткасць рэпрэсіўных пастановаў, несувымернасць пакаранняў, калі падставаю для арышту робяцца белыя шкарпэткі з чырвонаю паласой, а продаж сувенірнай прадукцыі прыраўноўваецца да здрады дзяржаве, ствараюць уражанне хаосу ды бессістэмнасці. Але калі зірнуць на карціну звонку, дробныя кавалачкі складваюцца ў мазаіку. Сістэма існуе. Уважліваму назіральніку робіцца ясна, дзе для яе галоўны вораг, якія старонкі гісторыі імкнуцца “схаваць”, чые імёны – не згадваць.

  1. Роля галоўнага геапалітычнага ворага сучасным кіраўніцтвам Беларусі адведзеная Польшчы. Гэта абумоўлена не толькі падтрыманнем польскім бокам праціўнікаў нелегітымнага рэжыму, але і жаданнем пазбавіць беларускую гісторыю еўрапейскага кантэксту. Праўладныя гісторыкі не лічаць больш патрэбным вылучаць гісторыю Рэчы Паспалітай у асобны перыяд. Аднабакова негатыўна трактуюць перыяд Другой Рэчы Паспалітай.  Зафіксаваныя прыклады дзяржаўнага вандалізму адносна месцаў памяці жаўнераў Войска Польскага і Арміі Краёвай. У грамадскай свядомасці замацоўваюцца даты, якія падкрэсліваюць супрацьстаянне з “польскім светам”: 17 верасня (1939) зацверджаны як Дзень народнага адзінства. Свята адзінства Беларусі з Расіяй расійскі бок прапануе адзначаць у дзень трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, 24 кастрычніка (1795).
  2. У выніку русіфікацыі беларускай гістарычнай прасторы пасля 2020 г. найбольш пацярпела XIX стагоддзе. Матыў зразумелы: аўтары абноўленых навучальных дапаможнікаў імкнуцца даказаць, што ў складзе Расійскай імперыі беларусам жылося лепш, а антырасійскія паўстанні псуць гэтую карціну. Выпускнікі сучасных школаў і ўніверсітэтаў амаль нічога не ведаюць пра ўпартую антырасійскую барацьбу сваіх продкаў, якая знайшла ўвасабленне не толькі ў паўстаннях, а і ў захаванні ідэнтычнасці праз веру, адукацыю, цікавасць да гістарычнай спадчыны.
  3. Ёсць імёны, згадка пра якія выклікае страх у прадстаўнікоў беларускіх уладаў: іх выдаляюць з геаграфічных мапаў, старонак дапаможнікаў, апаганьваюць месцы памяці. Найбольшы ўдар быў нанесены па рэпрэзентацыі асобы кіраўніка нацыянальна-вызваленчага паўстання Кастуся Каліноўскага і лідара нацыянальнага адраджэння Вацлава Ластоўскага. Арганізацыя канферэнцыяў, конкурсаў, кўэстаў і вандровак з мэтаю вывучэння і папулярызацыі іхнай дзейнасці – найлепшы спосаб ушанаваць памяць герояў.

У беларускіх падручніках адсутнічаюць тэмы сталінскіх рэпрэсіяў ды іх наступстваў, гісторыі беларускай эміграцыі, усебаковага аналізу падзеяў Другой сусветнай вайны. Адначасова яе гераізацыя дасягнула абсурдных памераў у беларускай адукацыйнай прасторы. Курс “Генацыд беларускага народу” рэкамендаваны з 1-га класу, а вывучэнне айчыннай гісторыі прадугледжанае з 4-га. Такім чынам, вывучэнне гісторыі пачынаецца з ваеннай тэмы, апісання карных аперацыяў і пакутаў беларускага народу.

Мілітарызацыя адукацыйнай і выхаваўчай прасторы – найбольш небяспечная тэндэнцыя ў сучаснай сістэме адукацыі. “Гульню ў вайну” спрабуюць зрабіць прывабнаю для дзяцей, пачынаючы з трохгадовага веку. Мы назіраем сапраўдную гонку за колькасцю ахопленых вайскова-“патрыятычнымі” захадамі школьнікаў, максімальнае набліжэнне формаў гэтых захадаў да дзейнасці вайсковых падраздзяленняў. Пад выглядам патрыятычнага выхавання дзецям прышчапляюць вернасць асабіста Лукашэнку, навязваюць ідэалогію “русского мира”.

Злачынствы службовых асобаў, якія спрыяюць мілітарызацыі адукацыйнай прасторы Беларусі, павінны быць зафіксаваныя для наступнага выстаўлення абвінавачанняў у Міжнародны крымінальны суд. Рэальная пагроза адказнасці за свае дзеянні можа знізіць высокі градус актыўнасці беларускіх чыноўнікаў у гэтым кірунку.

Таксама паглядзіце

Адной са сфераў зацікаўленасці нашай арганізацыі з’яўляецца вывучэнне сістэмаў фінансавання культуры, што склаліся ў розных краінах. Так, з гэтай мэтай мы ініцыявалі …

Літаратура: Бяспроззе Нацыянальнай літпрэміі і рост актыўнасці за мяжой Кіно: Самаідэнтыфікацыя і прапаганда Тэатр: Кактэйль з рэпрэсій і абмежаванага пазітыву Музыка: Новыя …