Прэзентацыя дакумента з удзелам прадстаўнікоў Каардынацыйнай Рады, Беларускай Рады культуры і Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні адбылася падчас сустрэчы старшых службовых асоб (Senior Officials Meeting) па дапамозе Еўрапейскага Саюза для дэмакратычнай Беларусі.

Мэтай сустрэчы на такім высокім еўрапейскім узроўні стала абмеркаванне актуальных патрэб розных сектараў, выклікаў і стратэгічных прыярытэтаў у святле скарачэння міжнароднага фінансавання і новых геапалітычных абставінаў.
– Гэта быў мой першы досвед удзелу ў падзеі такога ўзроўню — і, прызнаюся, я вельмі хвалявалася. Але разам з тым адчувала адказнасць і гонар за магчымасць прадстаўляць беларускую культурніцкую сферу побач з іншымі сектарамі грамадзянскай супольнасці, – дзеліцца ўражаннямі дырэктарка па развіцці Беларускай Рады культуры Эліна Калнібалоцкая, – Святлана Ціханоўская выступіла з моцнай прамовай, у якой адзначыла, што падтрымка Еўрапейскім Саюзам беларускай грамадзянскай супольнасці – не дабрачыннасць, а дальнабачная інвестыцыя, якая з цягам часу абавязкова акупіцца. Як чалавек, які прадстаўляе сферу культуры, не магу не пагадзіцца: часта культура адсоўваецца на другі план, а ў прыярытэтах аказваюцца больш “вымяральныя” сферы, што даюць імгненныя паказчыкі поспеху. Але культура – гэта “гульня ўдоўгую”, калі ўпарта паліваеш дрэўца, якое з часам дасць плады.
Сёлета падчас Senior Officials Meeting культура і адукацыя былі аб’яднаныя ў адзін блок, тут слова меў прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Павел Баркоўскі. Ён зазначыў, што беларуская культура сёння – гэта і пра супраціў, і пра надзею. У краіне, дзе выкарыстанне роднай мовы можа ўспрымацца як акт непаслухмянасці, мастацтва становіцца палітычным, нават калі яго мэта – проста быць сабой.
У гэтым кантэксце асаблівую вагу набываюць наступныя кірункі падтрымання:
- умацаванне патэнцыялу дзеячаў культуры;
- выкарыстанне мастацтва супраць прапаганды;
- захаванне культурнай разнастайнасці;
- развіццё даследчага складніка і інтэграцыя беларускай культуры ў еўрапейскі кантэкст.
! Падрабязней пра выклікі, што стаяць перад сферай культуры, і стратэгічныя прыярытэты падтрымання галіны – у Дарожнай мапе (2026-2028 гг).
Дыялогі “паміж радкамі”
– У сваім выступе я звярнула ўвагу на неабходнасць пашырэння доступу беларускіх творцаў да еўрапейскіх крэатыўных індустрый і важнасць інтэграцыі незалежнай беларускай культуры ў пан-еўрапейскую прастору. Бо толькі праз такія ўзаемадзеянні можна захаваць дынаміку развіцця і не страціць сувязь з глабальным кантэкстам. Таксама я паспела падзякаваць прадстаўнікам еўрапейскіх краін за падтрымку праграмы ArtPower Belarus, – распавядае Эліна.
Таксама яна падзялілася некаторымі дэталямі размоў у кулуарах: са шчырай цікавасцю людзі падыходзілі, каб даведацца больш пра сітуацыю ў Беларусі, пра тое, чым жыве нашая культура па абодва бакі мяжы.
– Асабліва запомнілася размова з прадстаўніком Ірландыі, які хацеў даведацца пра лёс калектыву Купалаўскага тэатра. Ён ведаў пра яго дзякуючы пастаноўцы Translations — ірландскай п’есы, што закранае тэмы каланізацыі і мовы як інструмента, які можа як яднаць, так і раз’ядноўваць. Гэтая размова яшчэ раз паказала, што беларуская гісторыя рэзануе з досведам іншых народаў.
Не менш цікавай была сустрэча з прадстаўніком Балгарыі. Пагутарылі пра магчымыя формы супрацоўніцтва паміж беларускімі і балгарскімі ініцыятывамі ў сферы культуры – абмены, фестывалі, сумесныя праекты. Гэта асабліва каштоўна, бо Балгарыя звычайна не ўваходзіць у “традыцыйны пул” партнёраў Беларусі, але, як высветлілася, адкрытая да новага дыялогу і пошуку творчых рашэнняў.
Эліна адзначае, што ў дыскусіях выразна адчувалася: Еўропа бачыць Беларусь не толькі праз прызму палітычных рэпрэсій, але і як супольнасць, якая працягвае жыць, думаць і ствараць. Тэма культуры больш не пралятае “ніжэй радару” – наадварот, яна ўспрымаецца як інструмент “мяккай сілы”, што дазваляе падтрымліваць кантакт з людзьмі ўнутры краіны, калі іншыя формы ўзаемадзеяння немагчымыя.
Пра перспектывы і патрэбы
Па выніках сустрэчы можна зрабіць некалькі высноў.
Па-першае, неабходна працягваць адвакацыю: тлумачыць, што падтрымка культуры ёсць інвестыцыяй у будучыню, а не “дадатковым” напрамкам дапамогі.
Па-другое, варта распрацоўваць больш канкрэтныя прапановы: як зрабіць беларускія культурніцкія праекты больш бачнымі ў еўрапейскіх праграмах і як наладжваць сувязі паміж незалежнымі ініцыятывамі і еўрапейскімі партнёрамі.
І, нарэшце, трэба будаваць доўгатэрміновую стратэгію, каб такія сустрэчы не заставаліся разавымі, а ператвараліся ў пастаянны, глыбокі дыялог.
– Каб зрабіць гэтыя намаганні больш эфектыўнымі, мы мусім паказваць беларускую культуру не толькі як сферу творчасці, але як жывы арганізм, што нясе каштоўнасці, ідэнтычнасць і супраціў. Менавіта праз гэтую прызму нас найлягчэй зразумець – і менавіта так нас усё часцей пачынаюць бачыць, – упэўненая Эліна.