Беларуская Рада культуры працягвае працу па вызначэнні прыярытэтных кірункаў і ацэнцы патрэбных аб’ёмаў падтрымкі для розных сектараў беларускай культуры. Вынікам гэтай дзейнасці стала новая Дарожная мапа падтрымання галіны культуры Беларусі на 2026–2028 гады.
Дарожная мапа — гэта дакумент, які ўлічвае сучасны кантэкст існавання сектара культуры, акрэслівае асноўныя выклікі, што стаяць перад ім, і вызначае стратэгічныя прыярытэты падтрымання з боку еўрапейскіх інстытуцый.
Кантэкст і прыярытэты
Пры разглядзе сітуацыі ў беларускай культуры неабходна ўлічваць шэраг істотных фактараў:
- У культурным полі ўнутры Беларусі ўсё больш дамінуюць расійскія актары і наратывы. Каб уплываць на беларускае грамадства і ўцягнуць яго ў геапалітычны канфлікт на сваім баку, Расія актыўна выкарыстоўвае маніпуляванне гісторыяй і знішчэнне беларускіх культурных адметнасцяў.
- Беларускі рэжым узмацняе кантроль над культурай праз шырокамаштабную цэнзуру, абмежаванне доступу да інтэрнэт-рэсурсаў і прызнанне “экстрэмісцкай дзейнасцю” спажыванне або падтрымку “забароненых” культурніцкіх прадуктаў, артыстаў і арганізацый.
- Беларуская мова застаецца адным з галоўных сродкаў самавыяўлення і супраціву – праз яе прысутнасць у незалежнай літаратуры, кіно, тэатры і музыцы – нават ва ўмовах, калі іншыя формы грамадзянскага актывізму амаль немагчымыя.
- На развіццё сектара таксама паўплывала скарачэнне фінансавання з боку Злучаных Штатаў Амерыкі: толькі ў 10% выпадкаў страта амерыканскіх сродкаў не адбілася на дзейнасці арганізацый.
У 2026 – 2028 гадах Дарожная мапа вызначае наступныя прыярытэты:
- Узмацненне патэнцыялу дзеячаў культуры і паляпшэнне доступу да рэсурсаў ва ўсіх тэматычных падсектарах беларускай культуры;
- Павелічэнне ўплыву культурніцкага сектара на грамадскія працэсы ў Беларусі;
- Падтрыманне і развіццё культурнай разнастайнасці, а таксама забеспячэнне рэалізацыі культурных правоў;
- Садзеянне каардынацыі і супрацоўніцтву паміж беларускімі дзеячамі культуры і развіццю агульных культурных палітык;
- Інтэграцыя беларускіх творцаў у еўрапейскую культурную прастору і пашырэнне міжнароднага супрацоўніцтва.
Удзельнікі працэсу ацэнкі патрэбаў
Дарожная мапа грунтуецца на выніках працы па ацэнцы патрэбаў сектара грамадзянскай супольнасці на 2026–2028 гады, зробленай на замову DG ENEST і Каардынацыйнай Рады беларускага дэмакратычнага руху.
Да стварэння дакумента спрычыніліся: Беларуская Рада культуры, Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, Фонд Tutaka, Музей Вольнай Беларусі, грамадская арганізацыя “Годна” ды іншыя культурніцкія арганізацыі і ініцыятывы.
Кароткі тэкст Дарожнай мапы на беларускай і англійскай мовах можна спампаваць у фармаце PDF.