new posts

Беларускія лялечнікі і UNIMA: гісторыя поспеху аднаўлення сувязяў

На працягу 27 гадоў беларускія лялечнікі мелі магчымасць быць часткай міжнароднай супольнасці UNIMA (Міжнароднага саюза лялечных тэатраў). Аднак пасля ліквідацыі нацыянальнага цэнтра UNIMA ў Беларусі ў 2024 годзе гэтая сувязь аказалася пад пагрозай. Дзякуючы ініцыятыве тэатральнага крытыка і журналісткі Настассі Панкратавай удалося аднавіць кантакт з кіраўніцтвам UNIMA і дамагчыся таго, каб было ўзнята пытанне аб падтрымцы беларускіх тэатральных дзеячаў.

Фота: Настасся Панкратава

З чаго ўсё пачалося?

У ліпені 2024 года стала вядома, што беларускія ўлады ліквідавалі нацыянальны цэнтр UNIMA ў Беларусі. Гэта азначала, што беларускія лялечнікі страцілі афіцыйнае прадстаўніцтва ў сусветнай супольнасці UNIMA, але жаданне працягваць працу заставалася нязменным.

Настасся Панкратава прыклала значныя намаганні, каб выйсці на кіраўніцтва арганізацыі, паколькі афіцыйныя запыты не давалі вынікаў. У выніку сувязь удалося наладзіць праз сацыяльныя сеткі, і ўжо ў снежні 2024 года адбылася першая размова з кіраўніком Еўрапейскай камісіі UNIMA Кляманам Перацьятка і прэзідэнткай UNIMA Карэн Сміт. Камунікацыя працягнулася не без дапамогі Беларускай Рада культуры. З нашага боку быў  складзены афіцыйны ліст, сабраны подпісы і прадастаўлены аналітычныя матэрыялы, якія сталі асновай для ліставання і артыкулаў.

«Калі пытанне ў тым, чаму гэтым пачала займацца я, то адказ просты: я з сям’і лялечнікаў, у сярэдзіне нулявых працавала загадчыцай літаратурнай часткі ў адным з беларускіх тэатраў лялек, з’яўляюся тэатральным крытыкам. Для мяне было важна, каб 27-гадовая гісторыя беларускага ўдзелу ў UNIMA не перарвалася праз рашэнні ўладаў, якія не адлюстроўваюць пазіцыю саміх беларускіх лялечнікаў», — адзначае Панкратава.

Пасля шэрагу перамоў беларускія лялечнікі ў выгнанні змаглі арганізаваць сустрэчу з вышэйшым кіраўніцтвам UNIMA, у якой прымалі ўдзел прадстаўнікі нацыянальных цэнтраў UNIMA Італіі, Іспаніі, Ірландыі, Венгрыі, Фінляндыі і іншых краін.

Стратэгія працы і першыя вынікі

Адной з першых прапаноў UNIMA было напісанне артыкула пра беларускую мастачку, якая з’яўляецца ганаровай сяброўкай арганізацыі. Гэты тэкст за аўтарствам Настассі Панкратавай ужо зацверджаны і будзе апублікаваны ў прафесійным часопісе UNIMA Magazine, які прэзентуюць на сусветным кангрэсе UNIMA ў Паўднёвай Карэі ў траўні 2025 года.

Наступным крокам стала арганізацыя анлайн-сустрэчы UNIMA з беларускімі лялечнікамі, сярод якіх, ў тым ліку, былі рэжысёр і акцёр Аляксандр Енджэеўскі (тэатр Pryehali, Беласток) і іншыя прадстаўнікі прафесійнай супольнасці. На сустрэчы прысутнічала вышэйшае кіраўніцтва UNIMA і прадстаўнікі нацыянальных цэнтраў UNIMA Італіі, Іспаніі, Ірландыі, Венгрыі, Фінляндыі і іншых краін.

Па выніках двухгадзіннай дыскусіі былі дасягнутыя некалькі важных дамоўленасцяў:

  • UNIMA узгадніла захаванне Беларусі на афіцыйнай карце нацыянальных цэнтраў у статусе «спячага» цэнтра. Гэта значыць, што пры магчымым аднаўленні беларускага цэнтра працэс яго вяртання будзе значна прасцейшым.
  • Кіраўніцтва UNIMA падтрымала ідэю распрацоўкі пратаколу працы з лялечнікамі, якія апынуліся ў выгнанні.
  • Беларускія лялечнікі атрымалі магчымасць далучацца да нацыянальных цэнтраў UNIMA тых краін, дзе яны цяпер знаходзяцца.
  • Унесена прапанова прызначыць беларускага прадстаўніка ў якасці консула пры UNIMA, што дазволіць уплываць на працэсы і прадстаўляць беларускую супольнасць на міжнародным узроўні.

«Мы стварылі прэцэдэнт, — адзначае Панкратава. — Да нас адзінай краінай, у якой быў ліквідаваны нацыянальны цэнтр UNIMA, быў Афганістан. Але афганцы не прадпрымалі маштабных спробаў аднавіць супрацоўніцтва, а беларусы першымі падрыхтавалі комплекс прапаноў, каб мець магчымасцьзахаваць сваю прысутнасць у арганізацыі. Гэта выклікала вялікую падтрымку з боку прадстаўнікоў іншых нацыянальных цэнтраў».

Што далей?

Пытанне беларускіх лялечнікаў у выгнанні будзе разглядацца на кангрэсе UNIMA ў траўні 2025 года. Гэта значыць, што ўжо хутка беларуская супольнасць можа атрымаць выразную стратэгію падтрымкі ад сусветнай лялечнай супольнасці.

Крыніца: www.unima.org/en/congress-2025/

Акрамя таго, на сустрэчы UNIMA быў прысутны прадстаўнік арганізацыі Artists at Risk Надзя Здравкова, якая распавяла пра магчымасць тэрміновай падтрымкі беларускіх лялечнікаў праз праграмы рэзідэнцый працягласцю ад трох да шасці месяцаў з фінансаваннем пражывання і асноўных выдаткаў.

«Галоўная задача — зрабіць так, каб беларуская лялечная традыцыя не перапынілася. Нашы майстры валодаюць унікальным і велізарным досведам, які неабходна не толькі захаваць, але і перадаць наступным пакаленням», — рэзюмуе Панкратава.

Таксама паглядзіце

На працягу 27 гадоў беларускія лялечнікі мелі магчымасць быць часткай міжнароднай супольнасці UNIMA (Міжнароднага саюза лялечных тэатраў). Аднак пасля ліквідацыі нацыянальнага цэнтра …

Падводзім вынікі першай эдыцыі праграмы ArtPower Belarus Маштабная праграма спрыяння беларускай культуры “ArtPower Belarus: захаванне беларускай грамадскай прасторы праз культуру і мастацтва” …