photo_2025-01-30_10-49-51-575x1024

Беларуская мова вярнулася ў музей POLIN: аўдыёгід цяпер даступны для наведнікаў 

«Гэта важны крок для беларускай супольнасці. Мы вітаем падобныя праекты, скіраваныя на падтрымку і папулярызацыю беларускай мовы ў культурніцкіх установах розных краін свету. Стварэнне беларускамоўнага аўдыёгіда ў музеі POLIN – добры прыклад дзейнасці, які мы заўжды гатовыя падтрымліваць», — адзначыў кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін падчас афіцыйнага візіту ў музей гісторыі польскіх яўрэяў POLIN у Варшаве.

Цяпер у музеі, дзякуючы грантавай праграме ArtPowerBelarus, даступны аўдыёгід на беларускай мове, што значна спрашчае ўспрыманне інфармацыі наведнікам з Беларусі. Гэта не толькі камфорт успрымання інфармацыі на роднай мове, але і важны элемент нацыянальнай ідэнтычнасці. Мы самі ўжо затэсцілі аўдыёгід і вельмі ўдзячныя музею за такі крок насустрач.

 

Беларусь і яўрэйская спадчына ў музеі POLIN

POLIN — адзін з найбуйнейшых музеяў у свеце, прысвечаных гісторыі яўрэяў, і Беларусь займае ў гэтай гісторыі важнае месца. У міжваенны час яўрэі складалі значную частку насельніцтва Беларусі, тут развівалася ідышкультура, працавалі школы, тэатры, універсітэты, друкаваліся газеты. Але сёння вывучэнне яўрэйскай спадчыны ў Беларусі знаходзіцца ў заняпадзе. У гэтым кантэксце прысутнасць беларускай мовы ў POLIN — неабходны крок для захавання памяці і сувязі паміж пакаленнямі.


Як з’явіўся аўдыёгід?

Як распавяла Малгажата Вашчук, кіраўніца секцыі міжкультурных праграм і лідарства музея POLIN, аўдыёгід на беларускай мове ўжо быў даступны раней, але яго фінансавала беларуская амбасада. Пасля таго, як музей змяніў сістэму аўдыёгідаў і спыніў супрацоўніцтва з амбасадай, гід знік. Але запыт на беларускую мову заставаўся, і цяпер, дзякуючы новаму праекту, ён вярнуўся.

Агучку аўдыёгіда зрабіў вядомы перакладчык, пісьменнік і даследчык беларускай гісторыі Сяргей Шупа. Яго голас надае гэтаму праекту яшчэ большую каштоўнасць і звязвае яго з беларускай культурнай традыцыяй.

У музеі цяпер 400 аўдыёгідаў, статыстыка карыстання беларускай версіяй пакуль не збіраецца, бо праект дзейнічае толькі месяц. Але ў будучыні такая інфармацыя будзе даступная.

Кіраўніца секцыі міжкультурных праграм і лідарства музея POLIN Малгажата Вашчук, кіраўнік БРК Сяргей Будкін і спецыялістка па камунікацыях БРК Маргарыта Прохарчык


Новыя магчымасці для беларусаў у POLIN

Музей адкрыты да далейшага супрацоўніцтва з беларускімі даследчыкамі, прадстаўнікамі культуры і грамадскіх ініцыятыў. Ужо цяпер у POLIN ладзяцца спецыяльныя аўтарскія экскурсіі і тэматычныя актыўнасці на беларускай мове, а таксама гарадскія шпацыры, прысвечаныя яўрэйскай спадчыне Варшавы. Такія ініцыятывы важныя не толькі для беларусаў у Польшчы, але і для захавання культурнай памяці, якая аб’ядноўвае Польшчу, Беларусь і іншыя краіны рэгіёна.

Музей гісторыі польскіх яўрэяў POLIN вядомы сваёй адкрытасцю і імкненнем да міжкультурнага дыялогу. Установа супрацоўнічае з рознымі нацыянальнымі меншасцямі, у тым ліку з украінцамі, і цяпер адкрывае новыя магчымасці для беларусаў.

Мы дзякуем музею POLIN за падтрымку беларускай мовы і культуры. Гэта не проста аўдыёгід — гэта прастора памяці, дзе беларусы могуць пазнаёміцца з гісторыяй, якая з’яўляецца часткай нашай агульнай спадчыны.

Беларуская Рада культуры

 

Таксама паглядзіце

На працягу 27 гадоў беларускія лялечнікі мелі магчымасць быць часткай міжнароднай супольнасці UNIMA (Міжнароднага саюза лялечных тэатраў). Аднак пасля ліквідацыі нацыянальнага цэнтра …

Маштабная праграма спрыяння беларускай культуры “ArtPower Belarus: захаванне беларускай грамадскай прасторы праз культуру і мастацтва” стартавала ў канцы 2022 года і доўжылася …