На платформе Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства апублікаванае інтэрв’ю з намесніцай кіраўніка Беларускай Рады культуры Надзеяй Гарэцкай, прысвечанае праграме ArtPower Belarus і шырокай трансфармацыі беларускай культурніцкай сцэны пасля 2020 года.

У гэтым матэрыяле праз досвед канкрэтнай праграмы прадстаўніца нашай арганізацыі фармулюе аргументацыю пра ролю культуры ў сітуацыі палітычнага крызісу і вымушанай транснацыяналізацыі. Так, ArtPower Belarus сёння – адзін з ключавых механізмаў падтрымкі беларускай культуры ў выгнанні і ўнутры краіны. Аднак гаворка ідзе не толькі пра інструмент фінансавання.
Надзея паслядоўна даводзіць, што ArtPower Belarus фактычна функцыянуе як інфраструктура, якая:
- падтрымлівае бесперапыннасць культурніцкай вытворчасці,
- забяспечвае сувязь паміж актарамі ў розных краінах,
- фармуе прастору для творчых пошукаў і пераасэнсавання ролі культуры.
У гэтым сэнсе праграма выходзіць за рамкі звыклай «праектнай падтрымкі» і набліжаецца да мадэлі экасістэмнага ўздзеяння на сферу культуры.
“Адзін з самых стратэгічна важных вынікаў – яўленне і ўмацаванне прафесійных асацыяцый, сетак і супольнасцяў у розных сектарах. Мы разглядаем гэта як доўгатэрміновую інфраструктурную працу: не толькі падтрымку асобных творцаў, але і садзеянне самаарганізацыі культурніцкіх актараў, развіццю супрацоўніцтва і ўзмацненню іх здольнасці да прадстаўлення сябе і вынікаў сваёй працы”, – падкрэслівае Надзея.
Бачнасць як палітычная задача
Важна, што праграмнае інтэрв’ю апублікаванае менавіта на сайце Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства. Гэтая рэгіянальная платформа аб’ядноўвае НДА краін Усходняга партнёрства для ўдзелу ў фарміраванні палітык, прасоўвання дэмакратычных каштоўнасцяў і ўмацавання супрацоўніцтва з Еўрапейскім Саюзам. Цалкам заканамерна, што ў прасторы гэтай міжнароднай сеткі культурніцкія кейсы могуць быць перакладзеныя на мову палітык і міжнародных стратэгій.
Таму інтэрв’ю прапануе шэраг важных назіранняў, якія маюць значэнне для фармавання сучаснай беларускай культурніцкай палітыкі.
- Культура як інфраструктура ўстойлівасці. ArtPower Belarus паказвае, што культура можа выконваць функцыі, якія традыцыйна не асацыююцца з ёй: падтрымка супольнасцяў, пераразмеркаванне рэсурсаў, стварэнне сетак даверу.
- Транснацыянальнасць як новая норма. Праз праграму добра бачна, як беларуская культура пераходзіць у рэжым размеркаванай прысутнасці, дзе геаграфія становіцца другаснай адносна сувязяў і супрацоўніцтва.
- Пераасэнсаванне ролі донараў. Адзін з ключавых пасылаў – неабходнасць руху ад emergency-падыходаў да доўгатэрміновых інвестыцый у культурніцкія структуры і інфраструктуру.
- Культура як форма дыпламатыі. Праекты, падтрыманыя ArtPower Belarus, працуюць як каналы камунікацыі паміж Беларуссю і міжнароднай супольнасцю, пераносячы складаныя палітычныя рэаліі ў культурную плоскасць.