Бяздомныя сабакі Расіі vs коцікі Еўропы

Беларуская культура: агляд (жнівень-кастрычнік 2023)

Бяздомныя сабакі Расіі vs коцікі Еўропы

Беларускае кіно: (don’t) mind the gap

Тэатр: стаўка на вайну ў Беларусі, два шляхі для замежжа

Поп & рок. Існаванне ў стане маналогу

Беларускі арт: у лабірынтах амбівалентнасці

 


Бяздомныя сабакі Расіі vs коцікі Еўропы

Беларуская літаратура жывая. І гэта не можа не радаваць. Цягам акрэсленага ў аглядзе перыяду заўважным стаў адмысловы тэматычны сайт, які выдатна пасуе і для заглыблення ў кантэкст, і для суцяшэння трывогі. Маўляў, працэсы ідуць, кнігі выходзяць, прэміі ўручаюцца. Праўда, працэсы гэтыя ў межах Беларусі і за яе межамі кардынальна розныя. У краіне функцыянеры ад літаратуры рызыкуюць зарабіць касавокасць, бо занадта пільна ўглядаюцца ў свайго ўсходняга суседа ды амаль цішком прыбіраюць з паліцаў бібліятэк хрэстаматыйныя творы, якія раптам сталіся занадта няправільнымі. А ў замежжы літаратары маюць поўную свабоду дзеянняў, але пры гэтым абмежаваныя  несвабодай унутранай- жаданнем пазбягаць канфліктаў і падабацца ўсім.

Трэнды

  • Распіл вектараў: беларускія аўтаркі, аўтары ды іхныя выдаўцы як аблічча і голас Беларусі ў свеце (звонку); праўладныя пісьменнікі як васалы расійскага літпрацэсу (унутры).
  • Узмацненне сімвалічных чыстак літпрацэсу (унутры).
  • Крызіс беларускага кнігараспаўсюду (звонку).
  • Партызанка і эзопаўшчына (унутры).

Мапа сэнсаў

Пачнём адразу з галоўнага. У верасні Беларускі ПЭН апублікаваў даследаванне пад назваю “Сфера культуры Беларусі ў 2022–2023 гг. Рэпрэсіі. Тэндэнцыі”. Гэты дадатковы маніторынг парушэння культурніцкіх правоў важны, бо акумулюе інфармацыю 42 інтэрв’ю з дасведчанымі дзеячамі культуры, абсалютная большасць якіх з сярэдзіны сакавіка да пачатку чэрвеня 2023 года жыла і працавала ў Беларусі. Праз спецыфіку ПЭНу найбольшая колькасць ананімных інфармантаў паходзіць са сферы літаратуры і кнігадруку, таму так ці іначай у гэтым тэксце мы будзем сінхранізавацца з гэтымі звесткамі. Пагатоў нашыя ацэнкі шмат у чым супадаюць. Дадамо толькі, што тэндэнцыі лета ў верасні – кастрычніку прадказальна зазналі восеньскія абвастрэнні.

Зрэшты, яшчэ ў жніўні прыйшла шызафрэнічная навіна: Мінская пракуратура прызнала экстрэмісцкімі два творы Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча і прадмову Язэпа Янушкевіча да аднаго са збораў твораў пісьменніка. Тэксталагічнае пікантнасці сітуацыі надае тое, што творы толькі прыпісваюцца класіку і фактычна пачынальніку новае беларускае літаратуры. Карціць назваць гэтую адважную аперацыю ідэолагаў “дубы супраць dubia” (dubia ад лац. ‘сумнеўнае’ – творы ў даробку пісьменніка, аўтарства якіх вызначыць дакладна не ўдалося). І ўжо зусім камічна – а для кагосьці і трагікамічна – экстрэмізм аўтара “Пінскае шляхты” выглядае таму, што яшчэ ў 2008-м на дзяржаўным узроўні з помпай адзначылі 200-годдзе стаўпа белліту, не кажучы ўжо пра 2018-ы. Дый сёлета, у гонар 215-годдзя, ён таксама выступаў важнаю постаццю навуковых, адукацыйных, культурніцкіх актыўнасцяў  у зачышчанай, як кірзач, да бляску Беларусі ўнутры. Чаму, за што – гучаць адчайныя галасы людзей, чыя абсалютна легальная і, здавалася б, карысная дзяржаве акадэмічная кар’ера абапіралася на даследаванні літаратуры ХІХ стагоддзя. Як людзі, прывучаныя рабіць высновы, даследнікі-гуманітарыі б’юць трывогу. Дунін-Марцінкевіча выпілавалі з дазволенае культуры за тое ж, чым займалася хрэстаматыя белліту ХІХ–ХХ стагоддзяў у поўным складзе: нараканне на цара і маскалёў, імкненне да адраджэння беларускага народу, мары пра незалежнасць, а потым вітанне гэтае незалежнасці… Багушэвіч, Купала, Колас, Багдановіч, Цётка… Ай, не будзем падказваць.

Прызнаная “экстрэмісцкай” паэма “Плынуць вятры”, аўтарам якой меркавана з’яўляецца Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Крыніца фота: euroradio.fm

Стэрыльнасць паліцаў у кнігарнях, адзначаную экспертамі ПЭНу, такім чынам цяпер адцяняюць прагалы на стэлажах бібліятэк. У нашай класіфікацыі гэта сімвалічныя чысткі, але кнігі самым натуральным чынам адпраўляюцца ў спецсховішчы (аддзелы бібліятэк, доступ у якія строга абмежаваны). Добра, што пакуль не на вогнішча, але тэндэнцыя прыгнятае.

Што ўзамен? Ясна, што расійская літаратура ды яе кантэкст, які сюды і запрашаць не трэба – усё тут даўно прысутнае. Што называецца, усе на П: Пушкін, Пруткоў, Платонаў, Пялевін, Палазкова, Прылепін. Уласна, літаратура ў постпратэставай Беларусі зрабілася вітрынаю лаяльнасці рэжыму старэйшаму брату, а забяспечвае гэтую бачнасць – сюрпрыз-сюрпрыз – праўладны пісьменніцкі саюз пад кіраўніцтвам Алеся Карлюкевіча.

Гэтак, увосень з падачы Рагнеда Малахоўскага – паэта, прадстаўніка сярэдняга пакалення актуальнага белліту і (гіпер)актыўнага функцыянера праўладнага саюзу – стала вядома пра выданне “спецыяльна да Міжнароднага кніжнага кірмашу ў Маскве” (30 жніўня – 2 верасня 2023 года ў ім узяла ўдзел і беларуская прарэжымная арганізацыя на чале з Карлюкевічам) анталогіі-білінгвы “З веку ў век” на 700+ старонак, якую ў 2003 (!) годзе ўклалі Алесь Кажадуб і Любоў Турбіна. Гэтую кнігу з серыі “Славянская паэзія” перавыпускаюць у Расіі ўжо 4-ы раз за 20 гадоў, магчыма, з нейкімі дапаўненнямі (у актуальным выданні “замазаныя” 116 беларускіх паэтаў – як жывых, гэтак і даўно спачылых), але менавіта сёлетняя версія была сустрэтая асабліва балюча: шмат якія аўтары, як выглядае, не ведалі пра існаванне такога праекту, а свае не вельмі добрай якасці пераклады на расійскую мову бачылі ўпершыню. Як напісаў расійскі чытач у водгуку на перавыданне 2016 года, калі выдаўцы неабачліва апублічылі (гл. выяву ніжэй) разварот з вершам Сяргея Законнікава: “Судя по стихотворению, приведённому на иллюстрации, белорусской поэзии перевод на русский не нужен, он только вредит. Тем ценнее взгляд на левую сторону этой билингвы: речь, понятная и без перевода”.

Крыніца: www.labirint.ru/books/462148

Нізкаякаснае выданне, якое тым не менш усплывае раз на пяцігодку і якім, на думку паэта Малахоўскага, беларускім удзельнікам трэба ганарыцца і захапляцца як вынікам нейкае “літаратурнае дыпламатыі”, – гэта, на наш погляд, яскравы маркёр васальнае залежнасці афіцыйнага беларускага літпрацэсу ад Расіі. І, уласна, у кантэксце, зададзеным яшчэ Дунін-Марцінкевічам і ягонымі наступнікамі, гэта выглядае як трагікамічная “зноскаўшчына”. Няясна, чаму прамоцыяй гэтага аспекту дзейнасці СПБ займаецца шаноўны Рагнед – праз неабачлівасць ці выконваючы нейкую місію. Але хочацца параўнаць такія дзеянні з паводзінамі бадзяжных сабачкаў. Адмыслоўцы кажуць, што бяздомныя сабакі прыбіваюцца да людзей на пляжах або вуліцах не таму, што хочуць есці, а каб ізноў адчуць сябе патрэбнымі чалавеку (шмат каго з іх выкінулі, бо тыя перасталі добра служыць – вартаваць, паляваць і г. д.). Гэткаю ж вартаю жалю выглядае паказная культурніцкая інтэграцыя з Расіяй з боку беларускіх літаратараў. Асабліва цяпер, калі такое сяброўства напаказ выкарыстоўваецца палітычна.

Уласна ператасоўванне дазволеных, забароненых і сумнеўных кніг на паліцах кнігарняў, экстрэмісцкія спісы, у якіх значацца кнігі Уладзіміра Арлова, Уладзіміра Някляева, Ларысы Геніюш, Наталлі Арсенневай і г. д., і – адначасова –  існаванне адносна бяспечных тэмаў для занятку культураю, да якіх ананімныя эксперты ПЭНу адносяць  “народныя традыцыі, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і пошукі культурнага коду”, паказвае барацьбу ў культурніцкай парадыгме Беларусі дзвюх узаемавыключальных плыняў – “сістэмнага нацыяналізму” (“сістэмны нацыяналіст” – самаазначэнне прапагандыста Ігара Тура) і памянёнай ужо “зноскаўшчыны” (радыкальным варыянтам якое выступае “бондараўшчына”). Для першае плыні характэрнае размахванне беларускім культурным кодам у камбінацыі з поўнаю лаяльнасцю рэжыму, мяккая беларусізацыя ды чарка-шкваркавы патрыятызм. Для другое – увесь спектр прасоўвання ў Беларусі “русского мира”: ад софт-фармату саюзу Карлюкевіча  да гард-фармату аднае жыхаркі Горадні. Вось толькі той жа Дунін-Марцінкевіч, атакаваны прарасійскаю прапагандаю, да апошняга часу быў трывалым падмуркам таго самога культурнага коду, які мацуе “сістэмны нацыяналізм”. Як з тым Гары Потэрам  і Валдэмортам: адзін мусіць загінуць ад рукі другога, бо ніводзін не здолее жыць спакойна, пакуль жывы другі. Вельмі займальна было б назіраць за гэтым эпічным батлам жабы і гадзюкі з папкорнам, калі б не давялося быць у яго эпіцэнтры.

А як там звонку?

Як ні дзіўна, на фоне расколаў і пертурбацыяў шмат якіх іншых сфераў эміграцыйнае беларушчыны (сілавікоў, бізнесу, спорту) і гучнага скандалу жніўня – выцяснення з памяшкання Беларускага Моладзевага Хабу ў Варшаве каманды Алеся Лапко камандаю Сяргея Бульбы – літаратары нічога так, трымаюцца. Увосень запусцілі працэс адразу некалькіх традыцыйных для сферы прэміяў, у тым ліку перакладніцкае Карласа Шэрмана і пасля тэхнічнага перапынку на  пару гадоў – прэміі “Дэбют”. Без кансалідацыі літаратурных арганізацыяў за мяжою гэта было б праблематычна. Магчыма, белліту проста пасуе еўрапейскі індывідуалізм, прысутны ў атмасферы Літвы, Польшчы, Нямеччыны (тры асноўныя цэнтры рэлакацыі нашых літаратараў). Апроч таго, ідзе заўважнае адстройванне аўтараў вакол выдавецкіх ініцыятываў: Hochroth-Minsk Дзмітрыя Строцава (Берлін), Gutenberg Валянціны Андрэевай (Кракаў), Januskevic/Knihauka (Варшава), Kamunikat Яраслава Іванюка (Беласток), “Логвінаў” (Вільня), “33 кнігі для Беларусі” Ірыны Герасімовіч (Цюрых), Skarynapress Ігара Іванова (Лондан), “Мяне няма” Паўла Анціпава (Варшава), Vesna Вэсны Вашко і Сяргея Шупы, “Пфляўмбаўм” Святланы Алексіевіч і Алены Казловай (лакацыя няясная) ды інш.

Тут гаворка толькі пра юрыдычныя адрасы: геаграфія аўтарак і аўтараў ды асобаў, задзеяных у стварэнні кніг, вельмі розная і, безумоўна, залучае Беларусь. Пералічаныя выдавецтвы розныя сваймі місіямі, і шырокі спектр беларускіх творцаў, спадзяёмся,  ужо знаходзіць або знойдзе тут сваю нішу. Ужо відавочныя плюсы “тамвыдату”: адсутнасць абсурднае цэнзуры ў параўнанні з тым, што адбываецца ў індустрыі ўнутры, у тым ліку магчымасць выдаць табуяваную ў Беларусі тэму (напрыклад, анталогія гей-пісьменства “Мальцы выходзяць з-пад кантролю” Skarynapress).  Тлусты мінус таксама ёсць: дарагавізна высылкі кніг ад рэлакаваных выдавецтваў да чытачоў па ўсім свеце, што робіць запатрабаванымі вочныя культурніцкія падзеі.

Такіх за мяжой у агляданы адцінак часу таксама не бракавала. Бадай галоўныя з іх – праца аб’яднанага стэнду беларускіх выдаўцоў у Франкфурце пад лэйблам Інстытуту беларускае кнігі, прыклад інтэграванасці свабодных беларускіх літаратараў у сусветны кнігавыдавецкі працэс і  Фестываль інтэлектуальнае кнігі “Прадмова” , які цягам пяці тыдняў у верасні і кастрычніку збіраў аўтараў, выдаўцоў і чытачоў у цэнтрах беларускае рэлакацыі (Варшава, Беласток, Вільня, Батумі), а таксама онлайн. Гэтая ініцыятыва (асабліва яе сесіі, блізкія да межаў Беларусі) паслужыла таксама як пляцоўка для інтэграцыі рэлакантаў і кнігароў, якія працуюць у Беларусі. (Ведаем, любім, чытаем, але не называем, каб не сурочыць.)

Беларускія кнігі на фестывалі “Прадмова” у Вільні. Крыніца: www.facebook.com/pradmova

“Прадмова” агаліла яшчэ адну адметную рысу беларусаў як нацыі, крытыкаваную, скажам, украінцамі: прагу ўсім падабацца і быць коцікамі. Цяпер, калі нашыя культурніцкія цэнтры фізічна залежаць ад еўрапейскіх юрысдыкцыяў, адчувальнае жаданне літаратараў звонку не пасварыцца з гаспадарамі, дагадзіць чужой кан’юнктуры, але не здрадзіць і сваёй аўдыторыі.

Адчувальным было жаданне годна выйсці з беларуска-літоўскае медыябуры з літвінізмам, калі на віленскай “Прадмове” зладзілі сур’ёзную і пафасную дыскусію на гэтую тэму, якая кампрамітавалася амаль поўнай адсутнасцю  на ёй літоўскіх экспертаў. Цікава, што пасля выступілі беларускія і літоўскія паэты, якія ўжо дзесяць гадоў перакладаюць вершы для супольных анталогіяў, і заявілі, што ў іх няма ніякіх міжнацыянальных праблемаў ды непаразуменняў… Так ці іначай, варта канстатаваць, што чым далей, тым болей нашыя еўрапейскія беларусы прасякаюцца глыбокаю занепакоенасцю, калі вы разумееце, пра што мы.

Нейкім такім жа “кацізмам” тхнула ад “Дзікага палявання караля Стаха” – оперы беларускага Свабоднага тэатру на падмостках брытанскага тэатру Barbican. Прэм’ера прайшла па-беларуску з удзелам оперных спевакоў з Украіны ў верасні. Адначасова творчае і палітычнае выказванне, мікс, якім моцныя Мікалай Халезін і Наталля Каляда, пакінула тое ж адчуванне: стваральнікам хацелася ўсім спадабацца. Ці ўдалося?

У канцы нагадаем, што літаратурную руціну як па-за Беларуссю, гэтак і ўнутры яе аператыўна акумулюе сайт Bellit.info. Стваральнікам варта палепшыць навігацыю парталу, але, калі зазіраць на старонку часцей, то насычэнне фактамі нашага літаратурнага жыцця, якое нікуды не дзелася, гарантаванае.

Высновы і прагнозы

Літаратурная сітуацыя ў Беларусі  закручваецца ў спіраль абсурду, і чым далей гэта будзе працягвацца, тым гучней стрэліць напятая спружына. Цынікі могуць адкрываць таталізатар, хто каго адужае: Бондарава хрэстаматыю белліту ці хрэстаматыя Бондараву. Нервовым варта адысці ад экранаў і запасціся валяр’янкай ды іншымі кроплямі.

Беларусы ад літаратуры звонку зазнаюць выпрабаванне характару, дыпламатычныя гульні будуць працягвацца, што, варта спадзявацца, прынясе плён у доўгатэрміновай перспектыве. Але відавочна адно: напоўніцу патэнцыял нашае культуры і ў прыватнасці літаратуры можа раскрыцца толькі на сваёй зямлі, ва ўмовах свабоды. Да чаго варта імкнуцца ўсім, якога б вектару мы ні трымаліся.


Беларускае кіно: (don’t) mind the gap

Пры значнай колькасці падзеяў за тры месяцы, якім і прысвечаны агляд, кінакрытыка, аўтара гэтых радкоў усё ж не пакідае адчуванне калі не стомы, дык пэўнага прыпынку ў развіцці беларускага кіно. Спробам высветліць, што гэта за прыпынак і адкуль такія дваістыя “ашчушчэнія” ўзяліся, і прысвечаны гэты тэкст.  

Трэнды

  • Беларусь становіцца зонаю змоўчвання, і гэта робіцца інструментам падзелу і ўлады.
  • Дзяржаўнае кіно перараджаецца ў сімуляцыю.
  • Эмігранцкае кіно распадаецца, але працягвае інстытуцыялізавацца.

Супольнасць супраць супольнасці

Пачаць варта з баркэмпу незалежных беларускіх фільммэйкераў у жніўні ў Варшаве. Сапраўды, кіношнікі сабраліся, каб абмеркаваць цэхавыя пытаннечкі не ў межах фестывалю ці не ўпершыню за тры гады (і ці ўвогуле не ўпершыню? Беларускія кінематаграфісты, здаецца, ніколі асабліва не былі схільныя да калектыўных імпрэзаў).

Праз усе івэнты – сустрэчы, дыскусіі, майстар-класы ды кінапаказы, якія даволі добра зымітавалі мінулае звычайнае кіношнае жыццё, па якім адчувалася і настальгія, – ішла прыхаваным матывам патрэба ў яднанні.

Выглядала, што галоўнаю праблемаю фільммэйкераў застаецца не страта і таго мінімуму прысутнасці ў беларускай прасторы, таго мінімуму рэсурсаў, што былі, і таго мінімуму звычайных прафесійных магчымасцяў, а проста раз’яднанасць – збольшага геаграфічная.

Адна з сустрэч баркэмпу беларускіх незалежных фільммэйкераў. Леанід Каліценя і Кшыштаф Зансусі. Фота: Reform.by.

На баркэмпе панаваў звыклы для беларускага кіно вайб новых пачынанняў і пачынальнікаў. І рабілася відавочным, што гэты модус існавання – заўсёднае пачаткоўства на энергіі энтузіязму, без пашырэння рэсурсаў і ўладкавання кіно як сістэмы – па-ранейшаму зручны для ўсіх, бо прапануе працягваць жыць у сталым рэжыме надзеі, дзе існуюць толькі такія задачы, для вырашэння якіх дастаткова піянерскага “трэба проста рабіць – і ўсё будзе”.

Але ж, вядома, і ў рэжыме надзеі ды аўтаномнага дзеяння можна зрабіць шмат: падчас баркэмпу прэзентавалі Беларускую незалежную кінаакадэмію, а таксама абралі арганізацыйны камітэт Belarusian Filmmakers Network – інстытуцыяў неабходных не тое каб для аб’яднання, але ж для супраціву энтрапіі выгнання.

Неўзабаве Belarusian Filmmakers Network зладзіла ў Берліне семінар на тэму інтэграцыі кінематаграфістаў у еўрапейскую індустрыю і запусціла інкубатар мікрабюджэтнага кіно, падмацаваўшы самы звыклы для беларускіх фільммэйкераў фармат існавання. І самае запатрабаванае ды безвыходнае ўменне – зняць кіно за пару тысяч долараў.

Цяжка прадбачыць, у якім кірунку разгорнуцца тыя інстытуцыі, але ўжо можна заўважыць у руках заснавальнікаў спакушальныя інструменты ўлады.

Mind the gap

Вось на што прапануюць увагі не звяртаць як на натуральны стан рэчаў: частка супольнасці, якая застаецца ў Беларусі, дый мноства працэсаў у кіно па-за яе межамі пакідаюцца ў зоне змоўчвання “з пытанняў бяспекі”. (Дзіўна, што пры дбайнай фіксацыі на пытаннях бяспекі супольнасць дасюль не выказалася і нават не абмеркавала публічна кейсу фільму “Хроніка рэчаіснасці”, які паставіў тыя ж пытаннечкі – і бяспекі, і рэпутацыі супольнасці – вастрэй няма куды. Гэта іншае?)

Такая рытарычная фігура з’явілася натуральна і непазбежна ва ўмовах рэпрэсіяў. Але ж, калі прыгледзецца, можна ўбачыць, як яна гэтаксама натуральна і незаўважна ператвараецца ў інструмент уплыву ды падзелу рэсурсаў.

Цікава, колькі часу спатрэбіцца той частцы супольнасці, што мае прывілей быць бачнымі, каб аднавіць трывалы мінкультаўскі патэрн улады: непразрыстасць пры дэклараванае празрыстасці, заахвочванне лаяльнасці пры дэклараванае роўнасці, перавагу набліжаных пры дэклараваным дбанні пра ўразлівых. Цікава, ці ўдасца супольнасці вырвацца з такое звыклае дваістасці.

Пакуль жа, падобна, ґэп паміж нутраной і вонкаваю Беларуссю паспяхова шырыцца, і супольнасць намагаецца зберагчы адносна яго добра вядомую пазіцыю: бачыць і не бачыць адначасова.

На баркэмпе ў жніўні тэма Беларусі не тое каб замоўчвалася, але не агучвалася. У верасні беларуская прэмія кінакрытыкаў “Чырвоны верас”, абвесціўшы другую эдыцыю, адмыслова акрэсліла, што не дапускае да разгляду фільмаў, “часткова ці поўнасцю створаных за грошы рэжымаў у Беларусі ці Расеі”. Сабраўшы сёлета 92 заяўкі (на 4 болей, чымся мінулай эдыцыяй) і выклаўшы доўгі спіс з 71 стужкі, “Чырвоны верас” зазначыў, што ў ім не адлюстраваныя фільмы, “аўтары якіх пажадалі застацца ананімнымі ўдзельнікамі”.

Як бачым, нутраная Беларусь цяпер укладаецца ў прастору паміж замоўчваннем і адмаўленнем. Калі шчыра, дык і пераможцам сёлетняй эдыцыі “Чырвонага верасу” мусіць быць – калі прэмія жадае схапіць хоць які нерв часу – фільм без назвы аўтара-інкогніта. Ґэп мусіць быць нарэшце зацверджаны.

Сімуляцыя сімуляцыі

Тым часам у Беларусі было багата паказальных падзеяў, але ж, быццам падпарадкуючыся сцэнару змоўчвання, яны імкнуліся не адбывацца.

Ціха і руцінна пад Дзень народнага адзінства прапаўзла па краіне прэм’ера фільму “На другім беразе”, якую адказныя асобы імкнуліся падаць гучнаю падзеяй. Для гэтага купкі прыняволеных гледачоў не проста адпраўлялі ў кінатэатры, але ж прымушалі “пасвяціць тварам” у сацыяльных сетках з водгукамі пра значнасць стужкі.

І фільм, і кампанія вакол яго пацвердзілі: дзяржаўнае кіно ператварылася з бюракратычнага рытуалу, якім збольшага было, у жывучы і нават схільны да самастойнага памнажэння сімулякр.

Кадр з фільма “На другім беразе”. Крыніца: minsknews.by

Сюжэт пра падзеленую Беларусь уласна і стварылі, каб запусціць сімуляцыю: кіно мусіць абслугоўваць пусты ідэалагічны запыт пустой, замкнёнай на сабе калекцыяй серыяльных вампук і падлучаць пусты бюракратычны працэс забеспячэння пустога кінапракату гледачом, не зацікаўленым у фільме. Абсалютнае свята сімуляцыі, з якім нават павіншаваць няма каго, бо і аўтары працэсу сімулююць аўтарства.

Дарэчы, у стужцы, якая ўжо і не ведае сваёй першакрыніцы – фільму Корш-Сабліна “Чырвонае лісце”, – хаваюцца забаўныя паралелі з сучаснасцю: пры ідэалагічнай задачы зняважыць вобраз Польшчы, наадварот, фігураю неіснавання робіцца савецкая Беларусь, якая бачыцца адначасова месцам ідэальнае свабоды і рэальнага збыту кантрабанды, а вобраз савецкіх беларусаў абмяжоўваецца купкаю чэкістаў, чыноўнікаў і піянераў. Ёсць і заўважная сцэна паклёпніцкага суда над камуністамі-экстрэмістамі, які пазнавальна прамаўляе афіцыйна замоўчаны досвед судзілішчаў пасля 2020-га. Кіно, нават стаўшыся сімуляцыяй, не-не дый набалбоча лішняга.

Зліў гэтай стужкі ў сеціва, а пасля і паказ на тэлебачанні адбыліся гэтаксама ціха ды рытуальна. Злілі – і злілі, паказалі – і паказалі.

Тым часам напярэдадні нягучнае прэм’еры свежанькі гендырэктар “Беларусьфільму” Юрый Аляксей на гарачую галаву паабяцаў, што студыя здыме кіно аб пратэстах 2020-га. Чэлендж абяцае быць яшчэ цікавейшым, калі прыняць да ўвагі, што і на леташнюю стужку рэжысёра давялося пазычаць глыбока ў Расеі. А здымачная група прыхавалася, каб не заўважылі.

Сімуляцыяй праходзіць і кінафестываль “Лістапад”, які меў пачацца 17 лістапада. За два тыдні да яго адбылася дзіўная рытуальная прэс-канферэнцыя, на якой не агучылі ніводнага імя, ніводнае назвы фільму, апроч “Кіношнікаў” Кірыла Халецкага, і ніводнага івэнту, а аповед пра фэст вёўся спрэс бюракратычнай аўтаматычнаю моваю. Праграмы не агучылі і за тыдзень да фэсту. Гэтая сімуляцыя сімуляцыі ўжо не мае патрэбы не толькі ў першакрыніцы, але ж нават і ва ўласным ажыццяўленні. Толькі іранічна праходзіць сёлета пад слоганам “Ствараем будучыню”.

Гэтаксама безгалосна прайшоў у Магілёве анімацыйны фэст “Анімаёўка”. Прайшоў – і прайшоў, вы зразумелі.

З сімуляцыі няма выйсця, акрамя як у іншую сімуляцыю.

Хавайся ў “Бульбу”

Калі ствараўся гэты тэкст, набліжаліся да старту фэст “Паўночнае ззянне”, які прапанаваў слоган “Увага адлегласць” і з ім насычаную, але ж поўную адчувальнае разгубленасці беларускую праграму, і Bulbamovie – з тою ж дваістасцю. Ва Украіне распачаўся фэст дакументальнага кіно “На мяжы” – сёлета з сеансамі ў Адэсе, Бучы, Кіеве, Луцку і Тэрнопалі.

Дырэктар Bulbamovie Януш Гаўрылюк сфармуляваў сэнс разгубленасці так: фільмаў з Беларусі меней, і меней праз страх ды перасцярогу аўтараў, кіно завісла паміж набрыньвальнаю немагчымасцю паказваць створанае ў Беларусі і нежаданнем ператварацца ў эмігранцкі прадукт.

Ігар Сукманаў, дырэктар беларускага конкурсу “Паўночнага ззяння”, кажа больш ухіліста: “Феномен беларускага кіно сёння не мае дакладных абрысаў, межаў ды індустрыйных перспектываў”.

Разгубленасці дадаў і Варшаўскі кінафэст, які сёлета зладзіў пітчынґ беларускіх праектаў – і выявілася, што на яго не прыйшлі польскія фільммэйкеры, якіх уважалі за мэтавую аўдыторыю. А ў зале сабраліся адныя беларусы-заўзятары.

Няхай гэтая сітуацыя застанецца праявай і пабочкаю рэжыму надзеі, альтэрнатыва якому пакуль бачыцца адзіная – неіснаванне (як заўжды з рэжымам надзеі).

Усё ж цягам трох месяцаў беларускае кіно мела спакойны пракат за мяжою, на фестывалях і ў дыяспарах ад Варшавы да Стакгольму. Мелі і прэм’еры: Юры Сямашка прэзентаваў анімацыйную стужку “Кроў і караоке”, Максім Швед – док “Фатограф з плошчы Пераменаў”, Таццяна Гацура-Яворская – док “ГУпоЗ”, Януш Гаўрылюк – ігравы фільм Bocian. ЧынЧыны ўзялі Берлін і неўзабаве рыхтуюць прэм’еру серыялу Андрэя Кашперскага “Працэсы”.

Фільм Андрэя Кашперскага “ЧынЧыны бяруць Берлін”.

Белкіно нават сягнула надзвычай рэдкае вышыні: док Ганны Бадзякі і Аляксандра Міхалковіча “Радзіма” намінавалі на прэмію Еўрапейскае кінаакадэміі.

Высновы і прагнозы

Праз віншаванні і зычэнні перамогі заўважым, што сярод краінаў-вытворцаў у “Радзіме” няма Беларусі: Швецыя, Украіна, Нарвегія.

І калі шукаць прагнозаў, то пасярод спробаў захавацца хаця б намінальна, закукліцца ў мікрабюджэтнай грантавай кінавытворчасці, у спарадычных праектах на мінімальных рэсурсах ці афіліяцыі з купкаю медыяў наўрад ці варта чакаць хаця б прамоўленай амбіцыі ды ўцямнае мэты – вярнуць замоўчанае найменне Беларусь у вытворчыя звесткі фільмаў – удзельнікаў вонкавых кінафэстаў.

Яшчэ трошку спакусы карыстання інструментамі змоўчвання – і гэтая высакародная мроя таксама станецца рытарычнаю фігураю сімуляцыі.

Пакуль час ё, можна яшчэ паглядзець кіно – і няхай нам нарэшце хоць разочак пашанцуе.


Тэатр: стаўка на вайну ў Беларусі, два шляхі для замежжа

Прорва паміж беларускім тэатрам у краіне і за мяжой з цягам часу становіцца ўсё шырэйшай і глыбейшай. Чыноўнікі ад культуры ў Беларусі дыктуюць строгія правілы: пастаноўкі мусяць быць пра вайну, іскрыць патрыятызмам (праўды, ніхто не тлумачыць, што азначае гэтае слова ў дадзеным кантэксце), арыентавацца на Расію. Тэатралы замежжа спрабуюць сябе ў новых ролях, жанрах, ствараюць на новых мовах, спрабуюць гуртавацца вакол новай супольнасці, якой яшчэ трэба завяршыць фармальны шлях да інстытуцыі. Праўда, свабода гэтая не пакуль не мае трывалага матэрыяльнага падмурку: пытанне памяшкання для беларускага тэатру ў выгнанні пакуль не вырашанае. 

Трэнды

  • У рэпертуары і кадравай палітыцы працягваецца стаўка на патрыятычныя спектаклі (найперш прысвечаныя падзеям Другой сусветнай вайны). Іх залучэнне ў рэпертуар пакрысе робіцца абавязковым для ўсіх тэатраў.
  • Дзяржава працягвае штучна ствараць сістэму іерархіі праз адбор спектакляў на прэміі ды фестывалі, не грунтуючыся пры гэтым на мастацкія складнікі.
  • У рэпертуары і кадравай палітыцы трывае стаўка на Расію.
  • Пасля свайго летняга фестывалю ініцыятыва Inexkult перайшла да прадзюсавання асобных спектакляў, што непазбежна зменшыла колькасць прэм’ераў у замежжы.
  • Тэатральная эміграцыя акрэсліла два падыходы да развіцця: захаванне ўласнай адметнасці ці ўбудоўванне ў мясцовую сістэму.

Патрыятызм і вайна

Трэндам новага сезону ў айчынных дзяржаўных тэатрах стаўся патрыятызм. “У мінулым сезоне адбылася 141 тэатральная прэм’ера па краіне, з іх 63 – на патрыятычную тэму”, – з гонарам паведаміла дзяржаўная газета “Звязда”. Пра неабходнасць пашырыць рэпертуар такімі спектаклямі заявіла адна з кіраўніц Мінкульту Ірына Дрыга.

Якія спектаклі пасуюць пад такія крытэры, не тлумачаць. Але агулам стаўка цяпер відавочна робіцца на прысвечаныя падзеям Другой сусветнай вайны.

У Музычным тэатры яшчэ ў мінулым сезоне паставілі пра гэта “Беражы мяне, каханая”. У РТБД – “Карней” на тую ж тэму. У дзяржаўным Купалаўскім тэатры ў якасці прэм’ераў заяўленыя “Радавыя” паводле Дударава і “А досвіткі тут ціхія” Васільева. Тыя ж “Радавыя” запланаваныя ў Тэатры-студыі кінаактора. У Горкаўскім пакажуць “спектакль, прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Вызначылі рэжысёра (мастацкі кіраўнік тэатру Сяргей Кавальчык), але што гэта будзе за спектакль, яшчэ дакладна невядома. Аналагічная няпэўная заяўка (спектакль да 80-годдзя вызвалення) ужо ёсць ад віцебскага Тэатра імя Якуба Коласа. У гэтым калектыве таксама паставяць “Сотнікава” паводле Васіля Быкава.

Як відаць, названы трэнд не толькі сталічны, але і агульнарэспубліканскі: спектаклі пра Другую сусветную вайну пакрысе робяцца добраахвотна-прымусовымі для ўсіх беларускіх тэатраў. Прыклады Горкаўскага ды Коласаўскага сведчаць яшчэ і пра тое, што часта калектывы самыя не ведаюць, што паставяць. Галоўнае – своечасова зрабіць справаздачу.

Між тым масавая пастаноўка “дацкіх” спектакляў не толькі вяртае айчынны тэатр да савецкага часу, але і непазбежна зніжае яго агульны ўзровень. Цягам нулявых – дзясятых гадоў спектаклі, прысвечаныя гэтай тэме, не рабіліся падзеямі. З выключэнняў згадваюцца хіба “Дажыць да прэм’еры” (РТБД, 2012) і “Быў у пана верабейка гаварушчы” (Свабодны тэатр, 2017). Абедзве пастаноўкі пераасэнсоўвалі той канфлікт, а іх стваральнікі (як драматургі, гэтак і рэжысёры) глядзелі на вайну вачыма сучаснага пакалення. Гэта лагічна, бо і акторы, і аўдыторыя самыя яе не бачылі. Але ў творах, анансаваных для новых пастановак, ваенныя падзеі найчасцей паказваюцца нібыта праз успрыманне іх відавочцаў. Адначасова над спектаклямі пераважна працуюць творцы, якія робяць стаўку на досыць традыцыйнае ўвасабленне тых гісторыяў. Гэта не дае падставаў спадзявацца на мастацкі поспех новых дзеяў.

Умяшальніцтва дзяржавы назіраецца і праз штучнае стварэнне сістэмы іерархіі. Яе сведчаннем стаўся чарговы спіс спектакляў, якія прайшлі адбор чыноўнікаў і вылучаныя на Нацыянальную тэатральную прэмію. Натуральна, у цяперашніх умовах рэпрэсіяў, калі прыватны тэатр амаль знішчаны ды існуюць чорныя спісы, казаць пра нейкую аб’ектыўнасць апрыёры не выпадае. Дый тэатральная супольнасць даўно адхіленая ад адбору спектакляў. Але паказальны прыклад з РТБД. Адборшчыкі праігнаравалі “Пачупкі” Яўгена Карняга – ці не адзіны спектакль апошніх двух гадоў, які выклікаў рэзананс у тэатральным асяроддзі і стаўся падзеяй. У канчатковым спісе ніводнага спектаклю гэтага калектыву наагул няма, і гэта нонсэнс. Бо ў цяперашніх умовах РТБД – адзін з апошніх сталічных тэатраў, што імкнецца трымаць ранейшую планку.

Сцэна са спектаклю Яўгена Карняга “Пачупкі”. Крыніца: rtbd.by/spectacles/pachupki/

 

Сімвалічна выказаўся на ўрачыстым адкрыцці прэміі Віталь Катавіцкі: “Мы захапіліся сучаснаю драматургіяй і забыліся пра агромністы пласт класікі”. Гэты рэжысёр займае істотную пазіцыю ў дзяржаўнай іерархіі ды пазіцыянуецца як старшыня Рэспубліканскай экспертнай камісіі ў тэатральным мастацтве (менавіта гэтая структура адбірала спектаклі на праўладны фестываль “Перамога”). Канстатуем, што Катавіцкі проста агучыў дзяржаўны падыход да тэатру: ніякае сучаснасці – класіка і патрыятызм.

Сувязь з Расіяй

Агульны кірунак дзяржаўнае рэпертуарнае палітыкі можна зразумець з Канцэпцыі развіцця нацыянальнае культурнае прасторы, якую Мінкульт выклаў у сеціва. Сярод прапановаў (канцэпцыя пакуль вынесеная на абмеркаванне) – павялічыць колькасць спектакляў паводле твораў беларускіх аўтараў. Пры гэтым усяляк асуджаецца набыццё бібліятэкамі замежнае літаратуры, робіцца стаўка на адмову ад святаў, рытуалаў і абрадаў замежнага паходжання. На гэтым фоне Горкаўскі тэатр (акрамя згаданае ваеннае пастаноўкі) заяўляе яшчэ чатыры спектаклі. Усе яны паводле твораў расійскай літаратуры: Пушкін, Лермантаў, Андрэеў і Салагуб. Здзіўляцца не выпадае. Стаўка робіцца на супрацу з Расіяй, літаратура гэтае краіны не лічыцца замежнай, а ідзе паводле асобнае катэгорыі.

Акцэнт на Расію праяўляецца і ў кадравай палітыцы. Новым галоўным дырыжорам Опернага тэатру Беларусі ў верасні стаўся расіянін Арцём Макараў. Між тым, пачынаючы з 2020 года, з тэатру звольнілі чатырох айчынных маэстра: Вячаслава Чарнуху-Воліча, Андрэя Галанава, Івана Касцяхіна і Алега Лесуна.

Сувязь з Расіяй міжволі праяўляецца і ў выцісканні туды творцаў, з розных прычынаў не гатовых працягнуць кар’еру на Захадзе. Напрыклад, Настасся Грыненка зрабілася галоўнаю рэжысёркаю Іркуцкага музычнага тэатру. Апошнім часам яна кіравала ўласным тэатрам “Тэрыторыя мюзіклу”, але яго закрыццё не пакінула выбару.

Промацыйнае фота спектаклю “Антыгона” гарадзенца Алега Жугжды ў пецярбургскім Малым тэатры лялек. Крыніца: mtkteatr.ru/antigona

Адначасова айчынныя рэжысёры, якія стала працуюць на Усходзе, пачынаюць успрымацца мясцовымі спецыялістамі як свае. “Апрача «Гадунова» [Аляксандра Янушкевіча. – Заўвага аўт.], у афішы агляду яшчэ адна «пушкінская» гісторыя – спектакль Алега Жугжды (як і Янушкевіча, расійска-беларускага режысёра)”, – піша расійскі часопіс “Театр”. “Дачакаліся. Цяпер знакамітыя беларускія рэжысёры становяцца ў вачах незалежнага тэатральнага выдання расійска-беларускімі (добра, што не “расійскімі беларускага паходжання/месца пражывання”). Яшчэ крыху – і беларусам ізноў давядзецца дзесяцігоддзямі даказваць, што таленавітыя айчынныя творцы – беларуская культурная спадчына, а не частка чыёйсьці імперыі”, – каментуе крытык Настасся Панкратава.

Два шляхі для эміграцыі

Цягам лета найбуйнейшаю падзеяй беларускага тэатральнага жыцця ў эміграцыі стаўся фестываль Inex Fest, пра які вялося ў папярэднім аглядзе. У жніўні форум завяршыўся паказам саўндрамы “Сарматыя”. Вольга Кулікоўская, стваральніца ініцыятывы Inexkult, што ладзіць форум, анансавала яго працяг і рэгулярныя прэм’еры. Пакуль словы не разыходзяцца са справай: у кастрычніку адбылася прэм’ера дакументальнага праекту Зоі Белахвосцік “Мой хлеб”, які паказалі ў польскіх Кракаве, Вроцлаве, Варшаве і Сопаце. Аднак рэгулярнасць прэм’ераў (адна цягам двух месяцаў) намякае, што летняе разнастайнасці чакаць пакуль не выпадае. Яна магчымая хіба раз на год як падагульненне падзеяў сезону. Дый тое, калі набяруцца новыя пастаноўкі. Бо пакуль іх зусім няшмат.

Сярод іх – “Тыль Уленшпігель”, апошняя прэм’ера варшаўскага Team Theatre (куратар спектаклю – Юра Дзівакоў), “Святло ў цемры” (агульны праект тэатру “Тутэйшыя” і фонду “Тутака”, рэжысёр – Андрэй Саўчанка), “Экстрэмісты” (чытанне п’есы Юлі Цімафеевай у берлінскім Maksim Gorki Theater).

Цягам жа сезону хутчэй варта разлічваць на прадзюсаванне Inexkult асобных паказаў. Іх рэгулярнасць у тым ліку залежыць і ад існавання ўласнае пляцоўкі, што была б адкрытая для ўсіх незалежных беларускіх калектываў, якія працуюць у Польшчы ды іншых еўрапейскіх краінах. Кулікоўская зрабіла спробу адшукаць яе ў Варшаве, абвясціўшы збор подпісаў пад петыцыяй. Але пытанне адкрытае.

Пакуль жа эстафета перайшла да Свабоднага тэатру, які зладзіў у верасні прэм’ерныя паказы оперы “Дзікае паляванне караля Стаха”. Рэжысёр Мікалай Халезін замовіў твор айчыннай кампазітарцы Вользе Падгайскай. Гэтак спектакль стаўся сусветнаю прэм’ераю, што само па сабе нячастая з’ява ў цяперашніх умовах. А таксама прыцягнуў увагу як айчынных, гэтак і замежных медыяў (найперш брытанскіх, якія даўно ў шчыльным кантакце са Свабодным). Трансляваў прэм’еру тэлеканал “Белсат”, што дазволіла пашырыць аўдыторыю за кошт уласна беларускай.

Тым часам беларускія тэатралы ў замежжы зрабілі першыя крокі да інстытуалізацыі. У верасні ў Варшаве зладзілі канферэнцыю, у выніку якой абвясцілі стварэнне Беларускага інстытуту тэатру. Але пакуль трывае юрыдычная рэгістрацыя БІТу, таму казаць пра практычныя крокі рана.

Агулам пакуль складваецца ўражанне, што айчынны тэатр у эміграцыі – на паўзе перад новым выклікам ці этапам у сваім развіцці. Нездарма менавіта ўвосень 2023 года тэатралы выразна сфармулявалі і агучылі два розныя падыходы да эміграцыі. На практыцы яны абмяркоўваліся і дасюль, але ці не ўпершыню былі акрэсленыя гэтак выразна. Альтэрнатыва агучаная наступным чынам: захоўваць сваю адметнасць ці ўбудоўвацца ў мясцовую сістэму.

“Бывае, нейкія людзі кажуць мне, што мы займаемся глупствам, маўляў, трэба растварацца ў польскай культуры. Я адказваю, што не буду тады працаваць у тэатры, буду рабіць нешта іншае. Пакуль ёсць вера ў тое, што мы вернемся, мы павінны зберагаць беларускі тэатр, культуру, кожны з нас на сваім месцы”, – заявіў рэжысёр Аляксандр Гарцуеў.

“Я зразумеў, што можна доўга граць па-беларуску, але гэта будзе для абмежаванай аўдыторыі, тым больш беларусы, якія тут жывуць, разумеюць польскую мову, – адзначыў рэжысёр Юра Дзівакоў. – Інтуіцыя падказвае, што так трэба [у ягоным спектаклі два беларускія акторы гралі па-польску. – Заўв. аўт.], бо спектаклямі на мове краіны ты сябе прапануеш, паказваеш, што можаш працаваць не для адной аўдыторыі. Да таго ж у працы з мовай, якую ведаеш не ідэальна, ёсць цікавы момант складанасці: ён дапамагае знайсці візуальныя вобразы, мацнейшыя за словы”.

Сцэна са спектаклю Юры Дзівакова Ulenspiegel у варшаўскім Team Theatre. Крыніца: radiounet.fm/zhyve-belarus-zhyve-flandryya-u-varshave-projdze-premera-spektaklya-ulenspiegel

Найперш традыцыйны падыход увасабляюць Аляксандр Гарцуеў і трупа “Купалаўцаў”. Больш радыкальны – рэжысёры Юра Дзівакоў, Паліна Дабравольская, Мікіта Ільінчык ды іншыя творцы.

Калі ў палітычнай сферы не адбудзецца нейкіх радыкальных зменаў, менавіта гэтыя стратэгіі будуць вызначальныя ў развіцці беларускага эміграцыйнага тэатру найбліжэйшыя гады.

Высновы

Тэатр у Беларусі працягвае сутыкацца з няспынным умяшальніцтвам у свае справы. У тым ліку гэта праяўляецца ў рэпертуарнай палітыцы праз навязванне пастановак пэўнае тэмы (найперш пра вайну). Стварэнне штучнай іерархіі ды празмерны акцэнт на расійскім вектары размываюць адметнасць айчыннага тэатру і ўсё больш ператвараюць яго ў глыбока правінцыйны. Яго асноўнаю задачаю робіцца захаванне рэштак старое, дарэвалюцыйнае мінуўшчыны.

У замежжы беларускі тэатр працягвае сутыкацца з нястачаю фінансавання, нязначным падтрыманнем ад беларускіх інстытуцыяў і г. д. Развязваць праблемы даводзіцца самастойна. Гэтак, прадзюсарская ініцыятыва Inexkult пасля летняга фестывалю перайшла да прадзюсавання асобных пастановак. Найбольш эфектыўным шляхам пераадолення праблемаў пакуль ёсць дзейнасць Свабоднага тэатру, убудаванага ў брытанскую тэатральную сістэму.

Агулам жа перад эміграцыяй паўстаў выразны выбар: ісці шляхам Свабоднага і ўбудоўвацца ў мясцовую сістэму або захоўваць сваю адметнасць і шукаць адмысловыя схемы працы.


Поп & рок. Існаванне ў стане маналогу

Беларуская музыка ў роспачы. Калектывы і арганізатары, якія працуюць у Беларусі, мусяць прыстасоўвацца да ўсё больш жорсткіх правілаў гульні, што дыктуе рэжым. А густ у рэжыму так сабе, будзем шчырымі. Гурты з кагорты эмігрантаў, перажываючы заканамерныя працэсы адаптацыі да жыцця ў новай краіне, мусяць пры гэтым у сваёй творчасці браць пад увагу пажаданні і настроі беларусаў у Беларусі. Як тое зрабіць? Хто ведае.

Баліць усім. Гэты боль узмацняецца чарговым жорсткім прысудам за творчасць. Праз жменю песень з настроямі нязгоды музыканты Tor Band атрымалі тэрміны большыя, чым асобна ўзяты крымінальнік атрымаў бы ў нашай краіне за наўмыснае забойства. 

Трэнды

  • Вайна дзяржавы з непаслухмяным мастацтвам: злодзей мусіць сядзець у турме.
  • Крызіс канцэртавае дзейнасці ў Беларусі: вынішчэнне беларускага андэграўнду, адсутнасць экспертызы і тэхналогіяў.
  • Эмігранцкія альбомы спрабуюць дагрукацца да аўдыторыі ў геаграфічных межах Беларусі.

Прысуд Tor Band як сігнал

Храналогія стасункаў дзяржавы з музыкамі рагачоўскага гурта Tor Band вельмі імклівая. Спачатку іхныя песні прызналі экстрэмісцкімі, пасля творцаў затрымалі паводле адміністратыўнай справы. Потым дадавалі новы адміністратыўны тэрмін за кожны кліп. Нарэшце прызналі гурт экстрэмісцкім фармаваннем і завялі ўжо крымінальную справу. Суд адбываўся ў закрытым рэжыме, таму мы нават не ведаем падрабязнасцяў абвінавачання, але, мяркуючы з артыкулаў Крымінальнага кодэксу, музыкаў судзілі за распальванне іншае сацыяльнае варожасці, стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім, дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь і абразу Лукашэнкі. У выніку – ад 7,5 да 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Цяпер мы маем цудоўную ілюстрацыю пазіцыі дзяржавы адносна творчай асобы.

Музыкі гурта Tor Band падчас суда

Калі раней нязручныя і смелыя музыкі ў Беларусі маглі трапіць у адначасова міфічныя ды пры гэтым рэальныя “чорныя спісы”, то бок максімум – пазбавіцца магчымасці камунікаваць са сваёй аўдыторыяй у live-фармаце, то цяпер усё выглядае значна горш. За нязручную творчасць і выказванне, якое не адпавядае ідэалагічным пастулатам “кіроўнае партыі”, творцу чакае крымінальная адказнасць. Змаганне са свабодаю творчасці перайшло ў адкрыта рэпрэсіўны фармат: дзяржава кваліфікуе творцу як злодзея, а гітару – як зброю. Настолькі ён небяспечны для грамадства, паводле судовай сістэмы. Свабоды выказвання дзяржава баіцца больш, чым цяжкіх злачынстваў. І праверыць гэта даволі проста: мінімальны тэрмін пакарання за наўмыснае забойства ў Беларусі складае 6 гадоў.

Сігнал вельмі адназначны: за любое творчае выказванне, якое не адпавядае разуменню дзяржавы пра патрыятызм, а тым больш за крытыку ўлады музыку чакае вельмі балючая помста. Гэта ўжо не цэнзура ў выглядзе чорных спісаў, а адкрытыя рэпрэсіі ды нават катаванні (падчас прысуду бубнач Tor Band не мог нават узняцца на мыліцах – у такім ён складаным стане). Пасля такога выраку творца, застаючыся ў Беларусі, мусіць трансляваць у публічную прастору думкі патройнае фільтрацыі – проста каб запэўніць уласную бяспеку.

Канцэрты ў Беларусі: толькі звышлаяльнасць

Яшчэ адзін важны пункт з творчага жыцця ў межах Беларусі: канцэртавая дзейнасць канчаткова скіраваная ў рэчышча ідэалагічнага кантролю. У краіне прынялі пастанову аб арганізацыі і правядзенні культурна-відовішчных імпрэзаў. І ў гэтым дакуменце шмат важных і цікавых пунктаў, якія датычаць канцэртавае дзейнасці.

Па-першае, нарэшце запрацаваў гэтак званы рэестр арганізатараў культурна-відовішчных імпрэзаў. Раней там было больш за 700 асобаў і арганізацыяў. Цяпер 58. У гэты спіс трапілі толькі звышлаяльныя асобы, якім на афіцыйным узроўні дазволена арганізоўваць канцэрты. У дакуменце адсутнічае нават найбуйнейшая канцэртавая кампанія Беларусі Atom Entertainment, што ледзь не зарганізавала бясплатны праўладны канцэрт каля Палацу спорту за дзень да выбараў 2020 года і ладзіла імпрэзы ў “Мінск-Арэне” падчас пандэміі.

Па-другое, цяпер канцэртавая дзейнасць мусіць быць асноўная для арганізатара. Плюс ён мусіць мець мінімум тры гады досведу ў сферы.

На што гэта паўплывае? Найперш на сегмент клубных канцэртаў. Напрыклад, каб зарганізаваць імпрэзу з удзелам малавядомых беларускіх гуртоў, чалавек мусіць быць у рэестры і цалкам адпавядаць крытэрам, а гэта практычна немагчыма.

Яшчэ адзін важны сегмент – буйныя канцэрты з удзелам зорак сусветнага маштабу.

Амаль ні ў каго з арганізатараў з рэестру няма досведу правядзення складаных тэхналагічных імпрэзаў. У выніку арганізатар будзе выконваць выключна юрыдычную функцыю, а ўсю асноўную частку для рыхтавання канцэрту ці фестывалю будуць браць на сябе падрадчыкі. У беларускай сістэме каардынатаў гэта азначае карупцыю, адмыванне грошай ды іншыя цікавыя працэсы.

У любым выпадку гэта адназначна паўплывае як на кошты квіткоў, гэтак і на якасць арганізацыі.

Архіў падзей у “Мінск-арэне” (скрыншот з сайта https://arena-minsk.com/)

Глядзім на спіс імпрэзаў, якія чакалі беларуса ў лістападзе: Філіп Кіркораў, “Лесоповал”, расійская “Песня года”, Дзідзюля – канцэртавая праграма фармуецца выключна з улікам уяўленняў лаяльных арганізатараў пра высокае мастацтва. У перспектыве гэтая тэндэнцыя стане яшчэ больш заўважнай. Нас чакае паступовае вынішчэнне беларускага андэграўнду, які служыць якаснаю глебаю для фармавання аўтэнтычнай і незалежнае нацыянальнае сцэны.

Водападзел узмацняецца: эмігранцкія альбомы

Галоўны трэнд сезону – эмігранцкія альбомы, якія з’яўляюцца ў публічнай прасторы. Беларускія творцы пачынаюць асэнсоўваць сістэмы каардынатаў, у якой апынуліся пасля падзеяў 2020 года, і выдаюць адпаведны матэрыял рознае ступені якасці. Сярод іншых тут варта вылучыць два лонґплэі: альбом “Там” гурта Leibonik і праект Emihranty Лявона Вольскага. Кожны з іх прапануе слухачу пэўную рэфлексію, але пры гэтым выкарыстоўвае розныя мастацкія прыёмы.

Вокладкі альбомаў гурта Leibonik (крыніца: soundcloud.com/leibonik/sets/tam) i Лявона Вольскага (крыніца: music.apple.com/pl/album/emihranty/1707166852)

Leibonik выдаў тэкстацэнтрычны альбом, у якім яскрава праяўленая пазіцыя “я”: усе складанасці нутранога стану ды эмігранцкія акалічнасці прамаўляюцца ад першай асобы і правакуюць дыялог. Слухач нібыта бярэ ўдзел у размове і мае магчымасць суперажываць лірычнаму герою. Тэкставы складнік тут мае вызначальную ролю ды канструюе персанальнае выказванне і адпаведнае яго ўспрыманне.

Emihranty працуюць па-іншаму. Гэта карыкатурныя карцінкі з эмігранцкага жыцця, акумуляцыя кагнітыўнага досведу яго стваральнікаў: альбому ўласцівыя абагульненні і размова не з персаналіямі, а з калектыўным беларускім эмігрантам.

“Там” – спроба дыялогу з беларусам незалежна ад геаграфіі ягонае прысутнасці, споведзь лірычнага героя з прыцэлам на паразуменне і суперажыванне. Emihranty – праца з вузкаю нішаваю суполкай эвакуантаў, якая ў стане дакладна зразумець гэты матэрыял і яго геапалітычны кантэкст.

У любым выпадку жанр эмігранцкае песні ўзмацняе той самы міфічны водападзел паміж тымі, хто з’ехаў, і тымі, хто застаўся, ды фармулюе небяспечны наратыў непаразумення. З аднаго боку, гэта дастаткова прагматычная праца з мэтавай аўдыторыяй, якая можа забяспечыць творцу пэўную фінансавую стабільнасць. З другога – канчатковая адмова ад увагі слухача ў геаграфічных межах Беларусі. У чым небяспека гэтага падыходу? Пра гэта – у высновах.

Высновы

Беларуская дзяржава канчаткова пераўтварыла нязручных творцаў у злодзеяў. Прысуд гурту Tor Band ілюструе факт, што музыкі для ўлады больш небяспечныя, чымся забойцы. Наперадзе – творчасць патройнае фільтрацыі, татальная цэнзура і самацэнзура. Гэта амаль беспрэцэдэнтная практыка ў межах сучаснай Еўропы і шлях да паступовае дэградацыі мастацкіх наратываў.

Канцэртавая дзейнасць адфільтраваная да неабходнага дзяржаўнай ідэалогіі максімуму. Цяпер у спісах арганізатараў – толькі патрэбныя людзі, і гэта радыкальным чынам паўплывае на ўжо амаль няісную індустрыю. З яе канчаткова знікнуць экспертыза і тэхналогіі, а застанецца толькі гастрольны тур па малых і вялікіх гарадах адэптаў псеўдашансону і напалову спарахнелых зорак з расійскага тэлебачання – у адпаведнасці з густамі лаяльных арганізатараў.

Таксама пад пагрозаю знішчэння – важны сегмент дробных клубных канцэртаў, які спрыяе развіццю лакальнае сцэны. У перспектыве гэта прывядзе да знікнення цікавых андэграўдных праектаў.

Дыялог эмігранцкае сцэны са слухачом у краіне адбываецца не заўсёды. Лідары меркаванняў прагматычна размаўляюць з мэтавай аўдыторыяй, якая можа фізічна прысутнічаць на канцэртах. Небяспека такога падыходу ў тым, што гэтак яны губляюць інертнага і нейтральнага слухача ў Беларусі, які звяртаецца да больш даступных, зразумелых і простых варыянтаў. Узмацняецца міфічны ментальны водападзел паміж тымі, хто з’ехаў, і тымі, хто застаўся. У перспектыве гэта можа прывесці да канчатковай (сама)ізаляцыі эмігранцкае сцэны ды адсутнасці якаснага дыялогу з публікай у геаграфічных межах Беларусі.

Беларуская музыка ды яе актары існуюць у стане маналогу, і кожны пераследуе свае мэты. Творчае раз’яднанне спрыяе разрыву камунікацыі ды зніжае якасць крэатыўных высілкаў незалежна ад краіны актуальнага побыту.


Беларускі арт: у лабірынтах амбівалентнасці

Ігнат Абдзіраловіч, стваральнік вядомай тэорыі “двудушша” беларусаў, быў бы ў шоку. Радзіма і рэпрэсіі, палітвязні і іх пакуты ў зняволенні не адпускаюць артыстаў, якія, працуючы ў арт-рэзідэнцыях розных краін Еўропы, не спыняюць сваіх думак пра Беларусь. Мастакі, якія застаюцца ў краіне і маюць пад нагамі тую самую родную зямельку, ці то падманліва прыглушылі ўласны голас, ці то напраўду мімікрыравалі пад шэрую будзённасць прыгнёту. Бо яркае выказванне небяспечнае. Зрэшты, застаюцца і творцы, якія не бачаць нічога заганнага ў супрацы з Расіяй. 

Трэнды

  • Міжнародны кангрэс і супольныя выставы: беларуская арт-сцэна сталася часткаю значнае міжнароднае супрацы ды выставаў у розных краінах Еўропы і Нью-Ёрку.
  • Мастацкая салідарнасць з палітычнымі вязнямі: прыкметная тэндэнцыя – павелічэнне колькасці мастацкіх праектаў і выставаў за мяжой, якія дэманструюць салідарнасць з беларускімі палітзняволенымі.
  • Выклікі айчыннай арт-сцэны: у Беларусі мастакі сутыкаюцца з пераследам, трываюць спробы сцерці грамадскую памяць.
  • Адраджэнне мастацкае крытыкі і даследаванняў: у беларускім мастацтве адбылося адраджэнне мастацкае крытыкі і паглыбленне ў сучасныя тэмы.
  • Этычныя дылемы і нутраныя падзелы: імпрэзы кшталту Восеньскага салону з “Белгазпрамбанкам” працягваюць выклікаць заклапочанасць наконт аўтэнтычнасці мастацкага выказвання ў дзяржаўных сцэнарах.

Ініцыятывы, калабарацыі і арт-актывізм за мяжою

Акрамя шырока прызнанага Кангрэсу беларускае культуры ў Варшаве, у верасні 2023 года адбыўся росквіт мастацкіх рэзідэнцыяў, якія прывялі да розных індывідуальных і групавых выставаў па ўсёй Еўропе і ў Нью-Ёрку.

Першы Кангрэс беларускае культуры ў эміграцыі, што праходзіў у Варшаве 16–17 верасня 2023 года, сабраў шмат якіх дзеячаў беларускае культуры з усёй Еўропы. Імпрэза мела на мэце ацаніць стан беларускае культуры і яе захаванне ў эміграцыі, а таксама спрыяць міжнароднае супрацы. Дыскусіі, якія вялі такія эксперты як прафесарка Алена Глагоўская і даследніца Наталля Гардзіенка, былі прысвечаныя гістарычнаму і сучаснаму досведу беларускіх мастакоў у эміграцыі, фармаванню культурніцкіх супольнасцяў і выклікам пасля 2020 года, асабліва разрыву культурніцкіх сувязяў паміж Беларуссю і дыяспараю. Мастак і куратар Андрэй Дурэйка падкрэсліў неабходнасць больш шырока ўзаемадзеяць з міжнароднымі інстытутамі і перасцярог ад рызыкі калабарацыянізму ў беларускай культуры.

Падчас адной з імпрэзаў Кангрэса беларускай культуры ў эміграцыі. Фота: Інбелкульт 2.0

Чарговая панэльная дыскусія Te-Raz 13 і 20 лістапада 2023 года ў Biuro Wystaw/Фондзе сучаснага польскага мастацтва ў Варшаве прадэманстравала працы беларускіх мастакоў, якія жывуць у Польшчы. Праграму адкрыла Вольга Архіпава ўступнаю лекцыяй, у якой асвятліла ўнёсак творцаў беларускага паходжання ў Польшчы, у тым ліку групы “Бергамот”, Рамана Трацюка, Яны Шостак і Ула Пазняка. Акрамя таго, імпрэза сталася пляцоўкаю для асобных мастакоў: свае працы экспанавалі Аляксандр Адамаў, Дар’я Сямчук (Сemra), Віка Грабеннікава і Настасся Рыдлеўская. Кожны творца меў 15–20 хвілінаў на самапрэзентацыю.

У беларускім сучасным мастацтве пераважае тэма выказвання салідарнасці з палітычнымі вязнямі: шмат якія мастакі актыўна выступаюць за пашырэнне глабальнае дасведчанасці пра ахвяраў рэжыму Лукашэнкі. У жніўні 2023 года беларуская мастачка Караліна Палякова ў супрацы з Politzek.me стварыла мазаіку ў гонар беларускіх палітычных вязняў. Іншыя прыклады сучасных твораў мастацтва, створаных у супрацы з Politzek.me, – гэта творы Максіма Тымінька і Руфіны Базловай, прэзентаваныя на выставе “Узор, сетка і іншыя сістэмы” (Pattern, the Grid, and Other Systems) у Тэхналагічным інстытуце моды ў Нью-Ёрку 27 кастрычніка. Таксама варта адзначыць відэаролік Максіма Тымінько “Ударная п’еса для 2009 ігракоў” (A Percussion Piece for Two Thousand and Nine Players). Праца “У рамках у Беларусі” (Framed in Belarus) Руфіны Базловай дэманструе партрэты незаконна асуджаных беларускіх грамадзянаў у выглядзе традыцыйнае беларускае вышыўкі.

Café Belarus II: Kassandra Komplex, што адкрылася 8 верасня ў Дрэздэне ў Japanische Palais, прэзентавала працы дуэта беларускіх мастакоў” “1+1=1” Антаніны Слабодчыкавай і Міхаіла Гуліна. Выстава лучыць 26 работаў, у тым ліку фільмы, перформансы, малюнкі, інсталяцыі, а таксама новыя графічныя і мультымедыйныя творы, якія адлюстроўваюць складаную дынаміку міфаў і ўлады ў аўтарытарных сістэмах. І Слабодчыкава, і Гулін з кастрычніка 2022-га бяруць удзел у стыпендыяльнай праграме Ініцыятывы Марціна Рота, што падтрымлівае мастакоў, якія сутыкаюцца з пераследам у сваіх краінах.

Сярод шматлікіх выставаў беларускіх мастакоў па ўсёй Еўропе асаблівай ёсць персанальная выстава Жанны Гладко “Нястомная плынь часу” (Relentless Flow Of Time), якая адкрылася ў Осла 2 лістапада. Цяпер Гладко бярэ ўдзел у праграме Oslo Safe Artistic Haven арганізацыі Safemuse Artistic Residency. Мастацкія спробы сканцэнтраваныя вакол стварэння амбівалентных вобразаў, якія крытычна разглядаюць феномен дэфармацыі інфармацыі ў эпоху постпраўды, калі звесткі напластоўваюцца, скажаюцца і абясцэньваюцца.

Жанна Гладко. Нястомная плынь часу. Шкло, попел, 2022 г. (Фота: gladko.org/Relentless-Flow-Of-Time)

Апошнія падзеі ў беларускім мастацтвазнаўстве ажывіліся ў публікацыі крытычных тэкстаў і эсэ. Адметна, што ў жніўні 2023 года на платформе Kalektar.org апублікавалі эсэ Андрэя Дурэйкі “З таго свету: памяці Алеся Пушкіна” (From the other side. In memory of Ales Pushkin), прысвечанае жыццю і творчасці памерлага знакамітага беларускага мастака і палітычнага вязня Алеся Пушкіна. Шматграннае мастацтва Пушкіна ахоплівала жывапіс, тэатр, перформанс і палітычную актыўнасць, спалучаючы сучасныя і традыцыйныя стылі, звяртаючыся да грамадскіх і гістарычных супярэчнасцяў. Ягоная творчасць адрознівалася палітычнаю тэмаю ды бесперашкоднай інтэграцыяй жыцця і мастацтва ў міфападобны аповед.

Айчынная арт-сцэна: складанасці і супярэчнасці

Беларуская мастацкая супольнасць усцяж зазнае значныя страты, пераслед і спробы сцерці грамадскую памяць пры цяперашнім рэжыме. Некалькі мастакоў застаюцца ў зняволенні закладнікамі рэжыму Лукашэнкі, у тым ліку лічбавы мастак Віктар Кулінка, вулічны мастак Дзмітрый Падрэз, мастак, дызайнер і аніматар Іван Вярбіцкі, мастак і ілюстратар Аляксандр Нудзінаў, мастак і былы лідар суполкі “Пагоня” Генадзь Драздоў.

21 лістапада на 73-м годзе пайшла з жыцця беларуская мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн. Яна была выбітнай асобаю сучаснага беларускага мастацтва, прапрацавала некалькі дзесяцігоддзяў у мінскім Палацы мастацтва і ў сваёй галерэі “Брама”. Зрабіла значны ўнёсак у мастацкую адукацыю і сродкі масавай інфармацыі, значны паўплываўшы выкладаннем і публікацыямі.

Яркім прыкладам культурніцкага сцірання сталася зафарбоўванне фрэскі Свята-Успенскага манастыра ў Жыровіцах, створанай Раманам Бандарэнкам. Мастак, які трагічна загінуў пасля затрымання ў Мінску, першапачаткова выканаў фрэску ў чэрвені 2007 года. Гэты твор – сімвал спадчыны Бандарэнкі – замянілі выяваю “Тайная вячэра”. Знялі і памятную шыльду. Акцыя падкрэслівае барацьбу за справядлівасць, што трывае ўжо тры гады пасля забойства Бандарэнкі рэжымам Лукашэнкі.

Нядаўнія падзеі на беларускай арт-сцэне хаця і прыкметныя, выклікаюць пытанні сапраўднага адраджэння айчыннага мастацтва праз складаную маральную дынаміку. З 7 верасня да 2 кастрычніка ў мінскім Палацы мастацтва праходзіла выстава-продаж маладых беларускіх мастакоў – Восеньскі салон з “Белгазпрамбанкам”. Не зважаючы на дэманстрацыю больш як 430 твораў 246 мастакоў і набыццё вядомасці як галоўнае культурніцкае падзеі, арт-крытыкі выказваюць скептыцызм наконт аўтэнтычнасці і свабоды мастацкага выказвання ў імпрэзах, звязаных з дзяржаваю.

Неадназначны артыст, вядомы пратэставымі выступамі, Аляксей Кузьміч нядаўна сакрэтна наведваў Беларусь. Ягоны візіт дзеля завяршэння праекту “Транзіт” і аднаўлення асабістых дакументаў, быў ахутаны напружанасцю і рызыкай, улічваючы гісторыю адміністратыўнага арышту творцы і неабходнасць заставацца інкогніта. Візіт, хаця і паспяховы, падкрэслівае хісткасць і неадназначнасць, з якімі сутыкаюцца мастакі ў Беларусі, дзе любоў да радзімы суіснуе з адчувальным дыскамфортам.

Ролік Аляксея Кузьміча Transit, or Ass backwards. 2020/08/09 – 2023/10/09

Беларускае сучаснае мастацтва аказваецца ў цэнтры ўвагі ў праекце Карэна Карнака на Syg.ma, у якім бяруць удзел такія творцы як Раман Аксёнаў. І гэтая імпрэза таксама адрозніваецца складанасцю. У той час як “Антыпраекты” Аксёнава дапаўняюць багаты габелен беларускага мастацтва, супраца творцы з расійскімі платформамі і нутраныя расколы, выкліканыя гэтым у арт-супольнасці, падкрэсліваюць бесперапынную барацьбу ды этычныя галаваломкі, з якімі сёння сутыкаюцца беларускія мастакі. Гэтыя падзеі сведчаць: хоць рух на беларускай мастацкай сцэне і ёсць, ён багаты на маральную неадназначнасць і выклікі, якія ставяць пад сумнеў магчымасць сапраўднага адраджэння ў цяперашніх умовах.

Высновы і прагноз

Працяг міжнароднае супрацы: беларуская мастацкая супольнасць будзе падтрымліваць і пашыраць сваю глабальную прысутнасць дзякуючы куратарскім ініцыятывам, групавым і персанальным выставам, дэманструючы таленты з Беларусі ў міжнародным маштабе.

Мастацтва як сродак палітычнае салідарнасці: відаць, тэндэнцыя выкарыстоўваць мастацтва для салідарнасці з палітычнымі вязнямі і развязання грамадска-палітычных праблемаў у Беларусі захаваецца. Гэта можа прывесці да большае колькасці выставаў і мастацкіх праектаў, якія асвятляюць палітычную барацьбу ў краіне, як у Беларусі, гэтак і за мяжою.

Айчынная арт-сцэна – пад пільнай увагаю: яна, хутчэй за ўсё, будзе працягваць сутыкацца з праблемамі, звязанымі з палітычнымі рэпрэсіямі і цэнзурай. Аднак гэта таксама можа прывесці да ўсплёску андэграўндавых і больш тонкіх формаў мастацкага выказвання, якія існуюць у абмежавальным асяроддзі.

Рост у дыскурсе крытычнага мастацтва: будзе больш крытычных тэкстаў і дыскусіяў вакол беларускага мастацтва. Такія платформы як Kalektar.org, будуць адыгрываць галоўную ролю ў давядзенні сучаснага беларускага мастацтва да больш шырокай аўдыторыі і спрыянні крытычнаму дыскурсу.

Этычныя і маральныя выклікі: беларуская арт-супольнасць будзе працягваць змагацца з этычнымі дылемамі, у прыватнасці адносна супрацы з пралукашэнкаўскімі і расійскімі структурамі. Гэта можа прывесці да больш выразных унутраных падзелаў у арт-супольнасці, але таксама можа выклікаць новыя дыялогі і разважанні пра ролю мастацтва ў палітычна дэпрэсіўным асяроддзі.