Літаратура: Бяспроззе Нацыянальнай літпрэміі і рост актыўнасці за мяжой
Кіно: Самаідэнтыфікацыя і прапаганда
Тэатр: Кактэйль з рэпрэсій і абмежаванага пазітыву
Музыка: Новыя імёны і вялікія страты
Традыцыйная культура: Трэнды старыя і новыя
Арт: Pra_bel. Час жанчын, цынічнасць кірмашу і сучасная мода
Літаратура: Бяспроззе Нацыянальнай літпрэміі і рост актыўнасці за мяжой
Публічная павестка літаратурнай і кніжнай справы ў два летнія, адпачынкавыя месяцы і ў традыцыйна багемным верасні была насычанай, але не сенсацыйнай. Для сенсацый чакаем прэміяльнага сезону, які распачнецца ў кастрычніку па-за межамі Беларусі. Таму, карыстаючыся зацішшам, у якасці вынікаў параўнаем ход літаратурнага жыцця ўнутры і звонку краіны.
Унутры. “Экстрэмізм”, шкодніцтва і нацыдэя: серыял працягнуты на чарговы сезон
На канец верасня ў Беларусі ў статусе палітзняволеных знаходзіліся 33 дзеячы, звязаныя з пісьменствам, хоць 11 верасня здарылася сумна-радасная падзея: некаторыя журналісты і блогеры, сярод якіх публіцыст Зміцер Дашкевіч і філосаф Уладзімір Мацкевіч, былі вызваленыя і прымусова вывезеныя з краіны. Але апроч прамых рэпрэсій працягваюцца сімвалічныя чысткі, якія, нібы нудны бясконцы серыял, увайшлі ў руціну.
Цягам мінулых трох месяцаў няспынна папаўняліся спісы кніг, забароненых у Беларусі. За гэтымі спісамі мы сочым праз зручны дадатак да сайту Беларускага ПЭНу, дзе на канец верасня налічвалі 258 выданняў пад забаронай. Гэтыя кнігі катэгарызуюцца экспертамі на тры групы, паводле статусу, нададзенага праз цэнзуру.
- Афіцыйны спіс “экстрэмісцкіх кніг” – у ім сёння 88 пазіцый, + 13 за квартал.
- Афіцыйны спіс “шкодных кніг”, якія, паводле версіі ўладаў, “могуць нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь”, тут 173 назвы; 63 пазіцыі дадаліся за агляданы перыяд.
- Неафіцыйны спіс (меркаваны чорны ліст, які існуе ў дзяржаўных установах культуры і турмах) на сайце адсутнічае, але можна знайсці аналіз гэтай з’явы і крытэры паводле якіх, меркавана, адбываецца забарона.
У цэлым, справа кніжнай цэнзуры на пазначаным рэсурсе мае грунтоўнае юрыдычнае і праваабарончае тлумачэнне. Рэкамендуецца для прачытання асабліва тым чытачам і аўтарам, якія застаюцца ў Беларусі.
На жаль, маніторынг ПЭНа не ахоплівае згадак пра культурніцкія рэсурсы і старонкі ў сацсетках дзеячаў культуры, якія трапілі пад забарону: з гэтай інфармацыяй карціна “віртуальных рэпрэсій” робіцца значна маштабнейшай. Напрыклад, экстрэмісцкім прызнаны рэсурс інтэрнэт-бібліятэкі “Камунікат”, на якім сабрана больш за 60 тыс. беларускіх выданняў у электронным фармаце. Старонкі, якія папаўняюць цэнзурны спіс, пачынаюць быць даступныя ўнутры краіны толькі праз VPN, што значна зніжае іх уплыў на фармаванне культурнай павесткі беларусаў.
Крытэры забароны размытыя, але заўважна, напрыклад, што “шкодніцкі” спіс папаўняецца пад уплывам расійскіх павеваў забароны прапаганды ЛГБТ+, а таксама з мэтай прафілактыкі гвалту ды прапаганды наркотыкаў. “Экстрэмістамі” абвяшчаюць пераважна аўтараў, у творах якіх можна вычытаць нязгоду з дзейным кіраўніцтвам Беларусі або крытыку дыктатуры як палітычнага ладу. Дэталёвы аналіз забарон прадставіў у медыя сакратар Міжнароднага саюзу беларускіх пісьменнікаў Ціхан Чарнякевіч.
На шчасце, пра выпадкі пераследу аўтараў або чытачоў забароненых кніг пакуль не вядома. Але невядома таксама, якія наступствы будзе мець спіс, што складаецца. Цалкам верагодна, у карных органаў пакуль не хапае рэсурсаў на “ператрус у музеі” (метафара А.Бахарэвіча). Прынамсі, на само складанне спісу інтэлектуальных сіл бракуе, пра што можа сведчыць агучаны ў пачатку верасня чыноўнікам Мінінфарма РБ Дзянісам Язерскім заклік да грамадзян выяўляць шкодныя кнігі і паведамляць пра іх. Знойдзеныя асобнікі, сцвярджае чыноўнік, падлягаюць канфіскацыі і знішчэнню.
Пра іншы прыклад сімвалічных чыстак нацыянальнага канону стала вядома ў наступнай частцы серыялу пра беларускую нацыянальную ідэю ў яе прарэжымнай версіі. У самым канцы агляданага перыяду канал СТБ пералічыў гістарычных асоб, якія з’явяцца на барэльефах адпаведнага музею. Спашлемся на грунтоўны аналіз эксперта, які падпісаўся як Ф. Раўбіч, прааналізаваўшы сам культурны феномен стварэння пантэону ў постнацыянальную эпоху. “Ідэя нацыянальнага пантэона ў Беларусі ўзнікла з вялікім спазненнем – амаль на два стагоддзі”, – заўважае крытык. Ён таксама адзначае познесавецкі дызайн самога спісу дзеячаў, і, следам за гісторыкам Цімохам Акудовічам, выразную прарускасць і антыпольскасць постацяў мінуўшчыны, кананізаваных уладамі. Параўноўваючы эскізы пантэона розных часоў, ён таксама заўважыў, што з фінальнага спісу зніклі літаратары Васіль Быкаў і Уладзімір Караткевіч.

“Савецкія стэрэатыпы кіравалі стваральнікамі пантэону, ад старажытных часоў да нашых дзён”, – мяркуюць у “Нашай ніве”. Тое самае зазначалі мы раней, каментуючы падзеі Мінскага кніжнага кірмаша ў сакавіку гэтага году, і тое самае можна сказаць пра Дзень беларускай пісьменнасці ў Лідзе 6-7 верасня, канцэпцыяй якога зрабілася спалучэнне трох тэм: “80-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, Год упарадкавання, аб’яўлены ў Рэспубліцы Беларусь сёлета, 500 гадоў з выхаду кнігі „Апостал“ Францыска Скарыны”. Яшчэ адно добраўпарадкаванне, звязанае з літаратурай, адбылося ў Мінску, дзе здзічэлы лесапарк ператварылі ў “Сад вершаў”. Малады архітэктар Уладзімір Кашкоўскі, фактычна, візуалізаваў школьную праграму па беларускай літаратуры ва ўрбаністычным ландшафце.
Вернемся да Дня пісьменства: у Лідзе была ўручаная Нацыянальная літаратурная прэмія Беларусі (былая прэмія “Купідон”) у некалькіх намінацыях. У пераліку пераможцаў адсутнічае намінацыя “Проза”, што, хіба, азначае: лаяльныя пісьменнікі ў 2024 годзе не выпусцілі вартых празаічных кніг. Для параўнання: поўны спіс Прэміі Гедройця за 2024 год налічваў 19 кніжных пазіцый. Прычым кампетэнтныя асобы з Мінінфарма вельмі нават у курсе літпрацэсу ў паралельным сусвеце. Мінулагодні лаўрэат ПГ і сёлетні шорт-лістар фігуруюць у спісе кніг-экстрэмістаў. І, думаецца, арганізатары дзяржаўнага літпрацэсу ўсведамляюць, наколькі ганебнай выглядае сітуацыя. Гаворка нават не пра адсутнасць празрыстай працэдуры Нацпрэміі, якую мы з году ў год канстатуем: невядома, хто ўваходзіў у журы, якімі былі поўныя і кароткія спісы намінантаў. Сам факт, што ніводнай годнай кнігі прозы хоць бы па-руску, не спарадзіў ніводзін лаяльны дзяржаўны аўтар, моцна падрывае прэстыж усёй афіцыйнай літаратурнай сцэны. Чарговага разу даводзіцца дыягнаставаць скрайнюю дыстрафію праўладнага арганізму.
Звонку. Дыскусіі, імпрэзы, перформансы: сімптомы жывога літпрацэсу
У агляданы перыяд у медыйнай прасторы па-за Беларуссю было заўважнае значнае ажыўленне публічнай літаратурнай аналітыкі. Не стомімся паўтараць, што яе аб’ём усё яшчэ не дастатковы для паўтавартаснага літпрацэсу. Хоць спраўна працуе агрэгатар чытацкіх рэцэнзій на кнігі Bellit.store, аўтару гэтых радкоў усё мала. Але не можа не цешыць: у апошнія месяцы з’явілася некалькі якасна новых абмеркаванняў літаратурных тэкстаў, на якіх варта спыніцца.
Апроч крытыкі афіцыйнага наратыву, прыклады якой прыводзіліся, вышэй, прыцягвае ўвагу сутыкненне меркаванняў, уласна, унутры незалежнага літпрацэсу.
Першы адметны прыклад – рэакцыя на кнігу Андрэя Горвата “Дом”, якая не прымусіла сябе чакаць пасля веснавога рэлізу гэтага аўтафікшн-праекту, дзе аўтар у настальгічна-лірычным ключы апісвае адбудову палаца Горватаў ў Нароўлі і гісторыю шляхецкага роду аднафамільцаў, робячы цэнтральнай постаць Эдварда Горвата. Ганна Янкута ў сваёй рэцэнзіі ад 7 верасня на Фэйсбуку не пагаджаецца з гэтым тонам: “я ўяўляла [палац у Нароўлі] яшчэ і як месца, гаспадары якога мелі поўную ўладу над «сваімі людзьмі», дзе рэгулярна практыкаваліся фізічныя расправы і пралілося шмат крыві. Відаць, тое самае можна сказаць ці не пра любую шляхецкую сядзібу на беларускіх землях”. Меркаванне Янкуты – частка яе публічных рэфлексій што да гісторыі беларускага сялянства, абапертага на прачытаныя ёй манаграфіі па гісторыі сялянства прыгону ў Рэчы Паспалітай беларускіх і польскіх аўтараў. Таксама варта адзначыць уплыў польскага бестсэлера 2023 году “Сялянкі: гісторыя пра нашых бабуль” Яаны Куцель-Фрыдрышак – кнігі, якая са скепсісам апісвае агульнапольскае захапленне “шляхецкім”, сармацкім мінулым і асвятляе гісторыю “простага” насельніцтва Польшчы – у тым ліку і Заходняй Беларусі, што, на нашую думку, зробіць гэтую кнігу запатрабаванай у перакладзе на беларускую мову.
Усё гэта можна характарызаваць як левы па сутнасці “сялянскі паварот” цэнтральнаеўрапейскага наратыву, у рэчышчы якога выступае Янкута. На гэтым фоне захапленне мэйнстрымных беларускіх аўтараў шляхецкай пастараллю сапраўды – састарэлая тэндэнцыя.
На Янкуту спасылаецца аглядальнік “Нашай Нівы” Мікола Бугай у нацыяцэнтрычнай, палітызаванай рэцэнзіі “Не ўпаіцельны ў Нароўлі вечары”, дзе ён у дадатак падкрэслівае, што род Горватаў атрымаў даброты, служачы Расійскай імперыі, трымаючыся далей ад паўстанняў. Тым самым праводзячы паралель з сучаснымі беларускімі алігархамі.
Напісанае вышэй не азначае, што кніга Горвата была прынятая крытыкамі ў штыкі. У якасці станоўчага водгуку можна згадаць жнівеньскі падкаст Сяргея Дубаўца.
Другі адметны прыклад жывой аналітыкі – дыскусія вакол тэксту беларускага аўтара ў эміграцыі Колі Сулімы ад 25 верасня, дзе ён сабраў свае ўражанні ад кароткага візіту ў Мінск, верагодна, гэтым летам. Публікацыя “імпрэсіі” спарадзіла выбух “мінска-менскага” наратыву, якога, па меркаванні аднаго з аўтараў, які застаецца ў Беларусі, не было ў белліце хіба з канца 1990-х, калі ў кнізе “Мяне няма” ўсе прачыталі эсэ “Горад, якога няма” Валянціна Акудовіча. Прыкладам адказу Суліму можа быць тэкст іншай аўтаркі ў эміграцыі Тані Заміроўскай, дзе яна нагадвае пра палімпсестнасць беларускай сталіцы (“Мінск – як бы перазапіс сябе самога”) і пра тое, што крытыкаваць Менск “звонку” – шкодная звычка нулявых гадоў. Думаю, мы можам казаць пра існаванне ў сацыяльных медыях асаблівага ядра дыскусіі, дзе Мінск нязменна прысутны як полюс, дзе б ні знаходзіліся яго былыя і існыя жыхары. А складанае, шматаспектнае стаўленне да (як ні круці) галоўнага беларускага гораду, такім чынам – балючая тэма як для эміграцыі, так і для рэзідэнтаў Беларусі.
І, нарэшце, важным аналітычным выказваннем у канцы жніўня з’явілася эсэ “Людзі, казкі і ўтопіі” Альгерда Бахарэвіча, напісанае ім па-нямецку для дадатку “Bilder und Zeiten” газеты “Frankfurter Allgemeine Zeitung”. (На жаль, да канца верасня анансаваны аўтарам беларускі пераклад не быў апублікаваны). У сваім праграмным тэксце Бахарэвіч кажа пра шкоднасць захаплення чалавецтва жанрам фэнтэзі, называючы яго “муміяй казкі”:
“У аснове фэнтэзі ляжыць жорсткая ерархія. Лёсы яе герояў заўсёды ёсць вяртанннем да залатога веку, аднаўленнем статус-кво, здабыццём страчаных валадарстваў, увогуле: вяртанне, рэканструкцыя, мінулае – вось што тут найважнейшае. Місія фэнтэзійных герояў – аднавіць разбураную іерархію. Фэнтэзі заўсёды манархічнае, манахромнае, маніякальна засяроджанае на выкананні місіі. Манаполія на прыняцце рашэнняў у ім належыць арыстакратыі. Галоўныя героі могуць перажываць любыя прыгоды, але іх мэта – не дапусціць ніякай мадэрнізацыі”.
Такім чынам, мы разгледзелі тры сітуацыі, калі беларускія аўтары па-за Беларуссю выказваюцца пра літаратуру. Адзін з прадметаў абмеркавання – лакальны (Мінск), другі – рэгіянальны (рамантызацыя шляхецкага мінулага), трэці – глабальны (небяспека фэнтэзі). Хочацца выказаць спадзеў на працяг такіх жывых абмеркаванняў вострых праблем сучаснасці .
Як і раней, беларуская літаратура робіцца арганічнай часткай як беларускіх культурніцкіх фэстаў замежжа (“Летуцень” у Кракаве і “Тутака” пад Беластокам – у ліпені), так і міжнародных літаратурных кірмашоў ды іншых імпрэзаў (яскравы прыклад лета – “Месяц аўтарскага чытання” ў Чэхіі і Славакіі ўключаў выступы Уладзіміра Някляева, Віталя Рыжкова, Ганны Янкуты). Інтэнсіўна выступаюць у Нямеччыне ды іншых краінах Еўропы Альгерд Бахарэвіч і Юля Цімафеева, у якіх выходзяць кнігі па-нямецку.
Новыя (або добра забытыя старыя) фарматы ўзаемадачынення з публікай выпрабоўваюць паэты-міленіялы. Так, літаратар-шоўмэн Мікіта Найдзёнаў фактычна рэпублікуе сваю паэтычную кнігу “Плошча Нежалезнасці” ў інстаграме ў выглядзе відэапаэзіі. Віталь Рыжкоў у канцы верасня анансаваў прэзентацыю перавыдання свайго адзінага зборніка вершаў “Дзверы, замкнёныя на ключы” у фармаце стэндап-шоу. 25 верасня ў Познані адбылася музычна-паэтычная калабарацыя “Літараноты” з Настай Кудасавай і яе кнігай “Маё невымаўля” на першых ролях.
Падсумоўваючы, скажам: белліт у замежжы нацэлены на гучнасць і бачнасць, а таму рашуча атакуе так званую чацвёртую сцяну. Беларусь прысутная ў сусветнай павестцы ў тым ліку дзякуючы галасам яе літаратарак і літаратараў.
Унутры vs звонку: тэндэнцыі
Даводзіцца канстатаваць, што незалежны літаратурны працэс Беларусі ў яго жывых праявах цалкам выціснуты за яе межы або абраў маўчанне ўнутры “перыметра”. Унутры краіны права выказвання маюць толькі лаяльныя дзеячы культуры, якія выслаўляюць згоду з Расіяй і лаяльнасць асобе і палітыцы Аляксандра Лукашэнкі. Праілюструем гэта рэзкім і суб’ектыўным, але ў сутнасці справядлівым меркаваннем Сяргея Дубаўца, высказаным ім у рэцэнзіі на анталогію літоўскай паэзіі па-беларуску:
“…калі ў Беларусі на Сьвяце беларускага пісьменства беларускія вершы ўсё больш падмяняюцца расейскімі, усьцешна бачыць, як беларусы за мяжой вяртаюць працэсу натуральны рух — у кірунку разьвіцьця і ўзбагачэньня самой беларускай культуры, без падменаў, падманаў і фальшу. На жаль, сёньня трапіць у сусьветны літаратурны працэс можна толькі выйшаўшы за межы Беларусі, якая сілавым прымусам ператвораная ў культурную правінцыю і не сягае ўзроўню прапагандысцкай раёнкі”.
Адпаведна, знаходзячыся ў сусветным кантэксце, вонкавы беларускі літпрацэс пераймае яго структуру. На першы план выходзіць дзейнасць выдавецтваў і распаўсюд кніг, які, хоць і з цяжкасцямі, наладжваецца ў Еўропе. Выдавецтваў узнікае ўсё больш – няхай некаторыя пакуль маюць у бэк-лісце 1-2 пазіцыі. Літаратурныя арганізацыі бяруць на сябе каардынацыю літаратурнага жыцця: заснаванне прэмій, фестываляў і забеспячэнне беларускай прысутнасці на кніжных кірмашах Еўропы. Аўтары прэзентуюць кнігі як у сувязі са сваімі выдавецтвамі, так і незалежна, у рамках індывідуальных тураў. Кнігі выходзяць па-беларуску і на мовах краін, дзе жывуць беларускія пісьменнікі.
Пры тым, што ў Беларусі працягваюць дзейнічаць незалежныя выдаўцы, кніжная справа няспынна зазнае пагрозу: цэнзуру і самацэнзуру, абмежаванні продажаў “непажаданых” аўтараў; вельмі абмежаваная магчымасць праводзіць прэзентацыі навінак. Дзяржаўныя структуры знаходзяцца пад такім жа кантролем і пастаяннай пагрозай звальненняў і зняволення. Публічная карцінка літпрацэсу, якая не адлюстроўвае цэлай сітуацыі з літаратурай і літаратарамі, вылучаецца лубочнасцю, сервільнасцю і нагадвае па дынаміцы і пафасе часы брэжнеўскага застою. Разам з тым, старыя ідэі наліваюцца ў новыя мяхі і абкладаюцца свежымі бардзюрамі і акуратнай кахляй. Год добраўпарадкавання – перадусім.
Нягледзячы на гэта, у Беларусі працягваюць выдавацца вартыя ўвагі кнігі на беларускай мове. Тут мы чарговага разу хочам парэкамендаваць сумленныя штомесячныя зводкі кніжных навінак ад медыяплатформы Reform, складальнікі якіх не дзеляць аўтараў ды выдаўцоў на тых, хто з’ехаў ці застаўся. Дзеля цікавасці мы прааналізавалі спісы новых кніг за ліпень, жнівень і верасень, каб вызначыць, унутры ці звонку краіны навінак з’явілася болей.
Такім чынам: ліпень – 9 новых кніг унутры, 8 звонку; жнівень – 8 новых кніг унутры, 8 звонку; верасень – 10 новых кніг унутры, 5 звонку. Агулам за квартал: 27 : 21 на карысць выдавецтваў унутры Беларусі. Зазначым, што летась мы ацэньвалі долю новых кніг як 2 да 1 на карысць унутрыбеларускіх выдавецтваў. Як мы бачым, розніца імкліва скарачаецца. Паглядзім, якія вынікі за 12 месяцаў 2025 года прынясуць нам падлікі на Каляды.
Кіно: Самаідэнтыфікацыя і прапаганда
Беларускія творцы за мяжой спрабуюць знайсці свой шлях, дзяржаўная кінаіндустрыя ў Беларусі ўсё хутчэй губляе нацыянальнае аблічча ды канчаткова ператвараецца ў сродак прапаганды. Фільм, зняты ў Беларусі, перамагае ў Лакарне.
За мяжой
Раскіданыя па розных краінах ды кантынентах беларускія кінематаграфісты кааперуюцца ў групы, што дзейнічаюць пакуль асобна, спрабуючы знайсці кантакт з мясцовымі кінаструктурамі ды прыстасавацца да ўмоў мясцовай вытворчасці. Такім чынам працягваецца павольная, але няўхільная інтэграцыя беларускіх творцаў ў эміграцыі ў сусветную кінематаграфічную прастору. Тое адбываецца праз ўдзел у фестывалях, паказах, сцэнарных конкурсах, сяброўства ў журы.
Прэзентаваны ў лютым на Берлінале фільм Юрыя Сямашкі «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» быў запрошаны ў праграму фестывалю Nowe Horyzonty ва Уроцлаве. Таксама ў межах фестывальных онлайн-паказаў з 17 ліпеня па 3 жніўня адбылася агульнапольская прэм‘ера стужкі. Як і ў Берліне, кіно беларускага аўтара выклікала вялікую зацікаўленасць аўдыторыі, паказы прайшлі пры поўным аншлагу, і атрымалі прыхільную рэакцыю прэсы. Яшчэ раней, у чэрвені, «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» атрымала два прызы на фестывалі FILMADRID у сталіцы Гішпаніі: прыз моладзевага журы і прыз глядацкіх сімпатый.
Таксама ў межах праграмы Echoing Voices фільм Юрыя Сямашкі атрымаў запрашэнні ў праграмы паказаў Хельсінскага міжнароднага кінафестывалю і ў сталіцы Ірана, Тэгеране.
Адметна, што «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» мае літоўскага прадзюсара і прадстаўляе на міжнародных кінафорумах менавіта Літву. Сюжэт фільма разгортваецца ў нейкім дакладна не азначаным еўрапейскім горадзе. Аднак у водгуках прэсы і глядацкай аўдыторыі нязменна падкрэсліваецца прыналежнасць стужкі да Беларусі.
Кароткаметражны хорар «Суд мёртвых» рэжысёра Андрэя Кашперскага з Зояй Белахвосцік у галоўнай ролі быў паказаны ў праграме Міжнароднага фестывалю фільмаў жахаў Macabro ў сталіцы Мексікі.
Стужку «Пад шэрым небам» беларускі Мары Тамковіч паказвалі ў Ню-Ёрку ў межах тыдня польскага кіно, арганізаванага Польскім Інстытутам. Паказ стужкі ў Brooklyn Academy of Music завяршыўся адказамі рэжысёркі на пытанні гледачоў. Мара Тамковіч ў верасні таксама брала ўдзел у журы конкурсу дэбютных работ пяцідзясятага кінафестывалю польскіх ігравых фільмаў у Гдыні. Годам раней яна атрымала прыз за найлепшы рэжысёрскі дэбют за «Пад шэрым небам» менавіта на гэтым фэсце.
Рэжысёр Аляксей Палуян і кінакрытыца Ірэна Кацяловіч у якасці чальцоў журы адпаведна нацыянальнага ды еўрапейскага конкурсаў прынялі ўдзел у Адэскім міжнародным кінафестывалі, які напрыканцы верасня – пачатку кастрычніка праводзіўся ў Кіеве.
11 ліпеня, у другую гадавіну смерці закатаванага ў беларускай турме мастака і палітвязня Алеся Пушкіна, на «Белсаце» адбылася прэм‘ера дакументальнага фільма «Апошнія словы». Аўтар – нямецкі рэжысёр і журналіст Раман Шэль – цягам двух гадоў здымаў Алеся Пушкіна ў роднай вёсцы мастака Бобр, Мінску і Кіеве.
Сцэнар «Спадчына» беларуса з Нямеччыны Аляксея Палуяна і яго суаўтараў Эстэр Бершторф і Берхуза Карамізадэ прэтэндуе на Гэсэнскую кінапрэмію ў намінацыі «Найлепшы сцэнар». «Спадчына» распавядае пра беларускую сям‘ю, што трапіла ў віхуру падзей 2020 году.
Іншыя беларускія творцы ў эміграцыі паступова адыходзяць ад балючай тэмы 2020 году і яго наступстваў. Стваральнік серыяла «Працэсы», стужкі «Суд мёртвых» ды YouTube-праекта «ЧынЧынЧэнэл» разам з камандай беларусаў займаўся вытворчасцю пілота новага серыяла, «не звязанага з палітыкай». Сцэнарый «Свінгераў» Андрэй Кашперскі напісаў разам з акцёрам Міхаілам Зуём. Камедыйны серыял будзе распавядаць пра інтымнае жыццё саракагадовых. У пілотнай серыі здымаліся Валянціна Гарцуева, Вольга Калакольцава, Максім Шышко, Кацярына Жалудок, Аляксандр Церахаў, а таксама амерыканец Дуглас Эмары. Заяўлена, што фундатарам праекту выступае прыватная асоба. Стваральнікі «Свінгераў» плануюць, што пілотам серыялу зацікавяцца буйныя гульцы кінаіндустрыі кшталту Netflix.
Беларусы стварылі дакументальны анімацыйны фільм «Казкі старога Палесся» – пра гомельскую шляхту, якая пасля рэвалюцыі эмігравала ў Польшчу. Над міні-серыялам з чатырох частак па восем хвілін працавала група аўтараў, частка з якіх застаецца ананімнай. У праекце выкарыстоўваюцца дакументальныя матэрыялы і ўспаміны сведак, знойдзеныя ў польскіх архівах. Прэм‘ера анімацыі чакаецца ў YouTube.

Рэжысёр і крытык Мікіта Лаўрэцкі выступіў стваральнікам відэа канцэрта вядомага коміка-мігранта Ідрака Мірзалізадэ ў Варшаве. Дарэчы, сам Ідрак, талыш па паходжанні, доўгі час жыў у Беларусі, вучыўся на факультэце журналістыкі БДУ. Аператарам здымкаў стаў рэжысёр-дакументаліст Максім Швед.
З сярэдзіны жніўня па пачатак верасня ў Варшаве ў дворыку Музея Вольнай Беларусі праходзілі паказы праекту «Нямая ліхаманка». Пад жывую музыку дэманстраваліся чатыры творы кіно нямога перыяду з Украіны, Нямеччыны, Польшы ды Беларусі. У тым ліку – «Прастытутка» вытворчасці Белдзяржкіно 1926 году, якая дасюль многімі называецца першым беларускім фільмам. Сярод музыкаў праекту – Вольга Падгайская і Five-Storey Ensemble. Фэст адбыўся дзякуючы фінансавай падтрымцы князя Мацея Радзівіла.
Belarusian Filmmakers’ Network распачала серыю онлайн-эфіраў BFN: LIVE з прафесіяналамі кінаіндустрыі. У шэрагу заяўленых тэм: краўдфандынг, індустрыяльныя лабараторыі, адбор на фестываль, фінансаванне, інклюзія ў кіно і бачанне будучыні беларускага кінематографа. Вядучы стрымаў, рэжысёр і прадзюсар Яўген Лыткін, разважае пра гэта з рознымі асобамі са свету незалежнага кіно: Андрэем Палупанавым, Дар‘яй Жук, Уладзімірам Казловым, Дзмітрыем Фрыгам, Леанідам Каліценем, Андрэем Кашперскім ды іншымі.
27 жніўня онлайн-кінатэатр VODBLISK, які паказвае беларускае незалежнае кіно (для гледачоў з Беларусі бясплатна), аб‘явіў пра пачатак вакацый у сваёй працы на нявызначаны тэрмін. Гэтае рашэнне тлумачыцца фінансавымі цяжкасцямі, а таксама з хуткім пераходам онлайн-кінатэатра на іншую відэаплатформу.
З 25 па 30 верасня праходзіў першы онлайн-фестываль AI-фільмаў Synthetic Dreams, ідэйнымі натхняльнікамі якога сталі кінашкола FILMSCHOOLBY і Андрэй Палупанаў. Дэбютны фэст быў прысвечаны беларускаму фальклору: старажытным паданням, легендам і міфам. Аўтарамі першых фестывальных стужак сталі выпускнікі курса «Нейрасеткі для стварэння відэа» FILMSCHOOLBY.
Стартап з беларускімі каранямі Filmustage запусціў ролік на знакамітым рэкламным экране на Times Square у Ню-Ёрку. Стартап прадае свае паслугі галівудскім кампаніям. Праект беларусаў дазваляе апрацоўваць сцэнары з дапамогай нейрасетак. Прадстаўнікі Filmustage зазначаюць, што іх кампанія ўжо паўнавартасны гулец галівудскай індустрыі. У сваім блогу яны нагадваюць пра беларускія карані многіх заснавальнікаў амерыканскай кінаіндустрыі ды прыводзяць шэраг адсылак да Беларусі, што можна знасйсці ў знакавых галівудскіх стужках кшталту «Джон Уік» або «Тэрмінал» Стывена Спілберга.
Беларусь усё часцей выкарыстоўваецца ў заходнім забаўляльным кіно ў якасці геаграфічнай экзотыкі. Паводле адной з версій — як краіна з «шэрай зоны», малавядомай заходняму гледачу, але назва якой усё часцей трапляе ў навіны. Пры гэтым, вобраз Беларусі ў сусветным кіно ўжо выразна аддзяляецца ад Расіі ды іншай постсавецкай прасторы, з якой яна яшчэ нядаўна асацыявалася ў Галівудзе.
Фільм, зняты непасрэдна ў Беларусі заходнімі кінематаграфістамі, атрымаў прыз аднаго з самых прэстыжных фестываляў аўтарскага кіно ў швейцарскім Лакарна. «Белы слімак» германа-аўстрыйскага дуэта рэжысёраў Эльзы Крэмсер і Левіна Петэра атрымаў спецыяльны прыз журы за рэжысуру і ўзнагароду для выканаўцаў галоўных роляў – мінчукоў Марыі Імбра і Міхаіла Сянькова. Напаўпадпольна зняты ў 2021 годзе, фільм з ўдзелам беларускіх выканаўцаў распавядае гісторыю кахання дваіх аўтсайдэраў – мадэлі, якая марыць пра кар‘еру ў Кітаі, і супрацоўніка мінскага моргу.
Беларусь
Нацыянальнае кіно ў краіне па-ранейшаму ў складаным стане, пад ціскам рэпрэсій ды татальнага кантролю з боку дзяржавы. Нешматлікія грамадскія ды прыватныя ініцыятывы па-ранейшаму не могуць выйсці на маштабныя праекты.
12 верасня ў маленькай залі сталічнага «Піянера» прайшоў першы за доўгі тэрмін паказ стужак, знятых у прыватным парадку. Прэм‘ерныя сеансы і абмеркаванне чатырох кароткаметражных фільмаў маладых аўтараў Антона Барысава, Мікіты Лахматава, Віталя Мартынюка і Яніны Данілевіч адбыліся пад эгідай ініцыятывы 49.cinemaclub.
13 верасня ў Музеі гісторыі беларускага кіно, філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея, пачала працу часовая (да 10 лістапада) экспазіцыя «Мінск — горад кіно». Тут наведвальнікі могуць убачыць кадры з вядомых фільмаў, якія былі знятыя ў розных кутках Мінска, а таксама фота лакацый у момант здымак і іх сучасны выгляд. Выстава змяшчае і цікавыя факты аб стварэнні фільмаў, іх героях і рэжысёрах.
30 верасня ініцыятыва kinocollider распачала дзевяцімесячны навучальны курс па рэжысуры кіно пад куратарствам Андрэя Кудзіненкі. Стваральнікі курсу абяцаюць удзельнікам «навучыць кіраваць увагай, працаваць з акцёрамі, будаваць драматургію ды ператвараць любую ідэю ў кіно».
Тым часам нацыянальнай кінематаграфіі, пазбаўленай найлепшых спецыялістаў, відавочна бракуе кадраў. Шырока разрэкламаваны «прарыў» «Беларусьфільма», прэм’ера якога суправаджалася беспрэцэдэнтнай піяр-кампаніяй у праўладных СМІ, аказаўся кепска зробленай прапагандысцкай падробкай. «Класная» — Стужка пра маладую настаўніцу на размеркаванні стартавала на вялікіх экранах 18 верасня і збірае залы толькі арганізаванай аўдыторыі. Малапрафесійная рэжысёрская праца нядаўняга выпускніка Беларускай акадэміі мастацтваў Кірыла Халецкага, непісьменная драматургія і недасканалая акцёрская ігра большасці выканаўцаў вылучаюць стужку як самую горшую ў бягучым рэпертуары. Трэба дадаць яшчэ і надзвычай прымітыўную прапаганду культу асобы Аляксандра Лукашэнкі, якой раней не адзначаліся нават самыя адыёзныя стужкі «Беларусьфільма».
Прапаганда і аднабакова зразумелы патрыятызм ставяцца на першае месца ў праўладнай палітыцы адносна кінематографа гэтак жа, як і ў іншых сферах. Менавіта «Класная» стала галоўным нумарам на адроджаным пад непасрэднай эгідай мінкульту фестывалі нацыянальнага кіно ў Брэсце, што адбываўся з 25 па 29 верасня. Папярэдні фэст прайшоў ажно ў 2010 годзе і потым быў фактычна скасаваны. Яго функцыі ў рэшце прыняла нацыянальная праграма МКФ «Лістапад» у Мінску. «Класная» стала стужкай адкрыцця брэсцкага фэсту.
Конкурсныя праграмы апошняга складаліся з фільмаў, знятых збольшага на «Беларусьфільме» і дзяржаўных тэлеканалах за апошнія пяць гадоў. Пры гэтым у ігравую праграму ўвайшло толькі пяць поўнаметражных стужак – творчыя пакуты Нацыянальнай кінастудыі ажно з так памятнага беларускім уладам 2020-га. Асноўнай тэмай пераважнай большасці неігравых прац на фэсце стала Другая сусветная вайна ў патрэбным для прапаганды ракурсе. На фоне праграмы вылучаўся «Чорны замак» – створаная расійскімі прадзюсарамі пад эмблемай «Беларусьфільма» экранізацыя рамана Уладзіміра Караткевіча.
Паралельна з нацыянальным кінафэстам, у якім таксама была анімацыйная праграма, у Магілёве 24-26 верасня адбываўся штогадовы міжнародны фестываль «Анімаёўка». Яго Гран-пры атрымала анімацыя расійскай студыі «ШАР» «Ручай, які бяжыць у горы» рэжысёра Аляксандра Храмцова. Звычайна апалітычная «Анімаёўка» на гэты раз таксама не пазбегла дозы прапаганды. Найлепшай беларускай стужкай Нацыянальнай кінастудыі стала «Пра што маўчаць гэтыя балоты» Юліі Пінцак з патрыятычнага альманаха «Мемарыяльныя комплексы Беларусі. Частка 2». У праграме фэсту круцілі і мультальманах «Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь. Каляндар святаў».
Прапагандысцкімі агіткамі, а не мастацкімі творамі па сутнасці з‘яўляюцца і абедзве часткі дакументальнае дылогіі «Беларусьфільма» «Нашы сімвалы». Яны прысвечаныя дзяржаўнаму сцягу і гербу сучаснай Рэспублікі Беларусь. Прэзентацыя праекта прайшла 17 верасня ў Мінску – напярэдадні г.зв. «Дня народнага адзінства».
Усюдыісная рэкламная кампанія стужкі «Класная» сталася вяршыняй істэрычнай актыўнасці мінкульту на чале з акцёрам Русланам Чарнецкім і загадчыцай аддзелу кіно Ірынай Дрыгай пасля разгромнага візіту Аляксандра Лукашэнкі на «Беларусьфільм» 10 чэрвеня. Адным з наступстваў гэтага візіту стала нечаканае аб‘яднанне тэатральнага факультэта і факультэта экранных мастацтваў беларускай Акадэміі мастацтваў. Новы факультэт кіно, тэатра і тэлебачання ўзначаліў дзейны рэжысёр «Беларусьфільма» Іван Паўлаў.
Узмацняецца і традыцыйна высокая роля Расіі ў сферы кіно ў Беларусі. Апрача шматлікіх здымак на тэрыторыі Беларусі, расійскія прадзюсары па-ранейшаму актыўна прэтэндуюць на фінансаванне сумесных праектаў з беларускага бюджэту. Праўладнае чынавенства фактычна спрыяе ператок сродкаў і творчых кадраў у Расію, падпісваючы адно за адным «пагадненні аб супрацоўніцтве» рознага кшталту.
Паралельна з гэтым у ліпені ў беларускі пракат не трапіў фільм «Не одна дома 2» вытворчасці Расійскай Федэрацыі, які здымаўся ў Беларусі. Ва ўік-энд выхаду стужка стала касавым лідарам кінапракату ў Расіі. У Беларусі яе паказ не адбыўся праз наяўнасць сярод акцёраў і здымачнай групы беларусаў з г.зв. «чорных спісаў». Паспяховая франшыза працягваецца – у жніўні ў Мінску здымалі ўжо яе трэцюю частку. Шмат беларускіх кінематаграфістаў, якія застаюцца ў краіне і трапілі пасля 2020 году ў «чорныя спісы», вымушаныя зарабляць грошы, абслугоўваючы чужынскую кінематаграфію.
Ідзе павольны аншлюс і спробы новай культурнай каланізацыі. У краіне адна за адной праводзяцца акцыі расійскіх прапагандысцкіх структураў. 26-27 верасня ў Мінску прайшлі паказы праграмы «RT.Doc: Время наших героев». Адметна, яны адбыліся ў будынку Нацыянальнай бібліятэкі, якую цяпер узначальвае адыёзны беларусафоб Вадзім Гігін. А напрыканцы верасня – пачатку кастрычніка ў Смаленску і Мінску адбываўся прапагандысцкі фэст «рускага свету».

У жніўні ў расійскім Выбаргу на чарговым кінафестывалі «Акно ў Еўропу» прайшла прэм‘ера «сямейнай камедыі» «Дранікі», знятай дэбютанткай, ураджэнкай Беларусі Ганнай Салаўёвай-Карповіч. Па сюжэце дзеці ў беларускай вёсцы адкрываюць прыбытковы бізнес і сутыкаюцца з перашкодамі. Створаны пад кантролем расійскіх прадзюсараў, у Беларусі фільм з‘яўляецца тыповым прыкладам сучаснай імперскай апрапрыяцыі. Гэты маскоўскі погляд на «Белоруссию» стаіць у адным шэрагу са стужкамі пра расійскія рэгіёны Каўказа ды іншыя «нацыянальныя ўскраіны». Гледзячы па ўсім, бліжэй да Новага году такі погляд паспрабуюць прышчапіць і беларускаму гледачу.
Тэатр: Кактэйль з рэпрэсій і абмежаванага пазітыву
У чарговы агляд падзей, што адбыліся ў беларускім тэатры, часткова трапіла летняя паўза паміж сезонамі. Але гэта не паўплывала на актыўнасць у сферы. Новыя праявы рэпрэсій, крыху пазітыву і прэм’еры — у нашым матэрыяле.
Ліквідацыя тэатральнага факультэта і курс на русіфікацыю РТБД
У новы навучальны год Акадэмія мастацтваў уступіла, маючы новую структуру. Улады не абмежаваліся мінулагоднім аб’яднаннем кафедраў акцёрскага майстэрства і рэжысуры, што ўжо з’яўляецца нонсэнсам для тэатральнай адукацыі. Цяпер ліквідавалі асобны тэатральны факультэт, з якога ўласна і пачыналася гісторыя ВНУ: яе стварылі ў 1945-м як тэатральны інстытут, праз восем гадоў пераўтварылі ў тэатральна-мастацкі інстытут, а ўжо ў гады незалежнасці надалі сучасную назву. Крытык Настасся Панкратава, якая першая звярнула ўвагу на гэтую трансфармацыю, адзначыла ў дакладзе на сёлетнім Міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі: “у нашай краіне вельмі істотная паслядоўнасць слоў у назве. Між тым, новая структура называецца Факультэт кіно, тэатра і тэлебачання, узначаліў яго кінарэжысёр Іван Паўлаў. Відавочна, што прыярытэт будзе аддадзены менавіта гэтаму віду мастацтва”.
Другой па значнасці падзеяй са знакам мінус (ды і тое, толькі таму, што яна яшчэ не рэалізаваная на практыцы) сталі анансаваныя змены ў дзейнасці Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Яго дырэктарка Святлана Навуменка заявіла на прэс-канферэнцыі перад адкрыццём сезона, што плануе спецыяльны праект «РТБД па панядзелках», у межах якога «паспрабуе зрабіць рускую класіку на рускай мове». У якасці першага спектакля плануецца пастаноўка паводле «Пацанскіх аповедаў» расійскага Z-пісьменніка-прапагандыста Захара Прылепіна, які браў удзел у агрэсіі Расіі супраць Украіны і знаходзіцца пад еўрапейскімі санкцыямі. У кулуарах кажуць, што ідэю такога рускамоўнага праекта Навуменка вылучала яшчэ ў 2010-я, але, на шчасце, не знайшла паразумення з адміністрацыяй. Цяпер яна сама дырэктарка і мае поўны карт-бланш, каб зарабляць грошы гастролямі ў Расіі. Між тым на сёння ў краіне толькі чатыры калектывы працуюць выключна па-беларуску. Акрамя РТБД гэта Купалаўскі, Коласаўскі і Беларускі тэатр «Лялька» (апошнія два знаходзяцца ў Віцебску). Калі ідэя Навуменкі будзе рэалізаваная, то калектыў – разам з ганебным фактам падтрымкі агрэсіі і вайны – спрычыніцца яшчэ і да змяншэння колькасці такіх калектываў на чвэрць.
Не дзіўна, што гледачы галасуюць нагамі. Калі раней квіткоў у РТБД было не дастаць, то цяпер ён пераўтвараецца ў шараговы айчынны калектыў, на спектаклі якога трапіць зусім не цяжка. Па нашых звестках, часам распаўсюджвальнікі прапануюць нават два квіткі па кошце аднаго. Прычым не летам (час адпачынкаў і лецішчаў), а ўвосень ці ўвесну. Такім чынам, яшчэ нядаўна ўсімі любімы, а цяпер знявечаны рэпрэсіямі РТБД ставяць на адным узроўні з нікому асабліва не патрэбным Купалаўскім: на яго пастаноўкі прыкладна аналагічны попыт.
Забарона «Сясцёр Грым» і непавага да мінуўшчыны
Па-ранейшаму самым запатрабаваным у беларускай сталіцы (а, магчыма, і ва ўсёй Беларусі) застаецца Тэатр лялек. Паводле пастоў гледачоў у сацыяльных сетках, яшчэ восенню 2022 года можна было лёгка набыць сюды квіткі перад пачаткам многіх спектакляў. Але адсутнасць усялякай альтэрнатывы і рэкамендацыі блогераў зрабілі сваю справу. У 2023-м попыт стаў расці. У 2024-м працэс набыцця квіткоў пераўтварыўся ў квэст і спаборніцтва на хуткасць і здагадлівасць. Велізарныя чэргі ў касу (напрыклад, адна з іх утварылася ў лістападзе мінулага года) сталі нерваваць «суседзяў» з Адміністрацыі прэзідэнта, якім мроіцца прывід 2020-га. Таму калектыў перастаў анансаваць момант, калі адкрывае продаж квіткоў.
Натуральна, прэм’ера «Сясцёр Грым», запланаваная на пачатак сезона, выклікала такі ж шалёны попыт. Квіткі размялі імгненна. Але перадпаказ, на які прыйшла камісія Мінкульта, скончыўся забаронай спектакля (трэці тлусты мінус у разгляданым перыядзе). Неўзабаве старонку «Сясцёр Грым» наогул выдалілі з сайта тэатра, што сведчыць пра канчатковую забарону пастаноўкі.

«Камісія, якая прымала спектакль, палічыла яго «чорным» і надта змрочным, каб даць яму «зялёнае святло», — распавялала крыніца выдання Reform. Хоць у Тэатры лялек з 2015 года ішоў спектакль «Інтэрв’ю з вядзьмаркамі», збіраў аншлагі і нікому не замінаў. Пасля звальнення Святланы Цімохінай, адной з актрыс, што там іграла, яго знялі з рэпертуара, а цяпер вырашылі вярнуць – ужо з іншай актрысай і з пэўнымі карэкціроўкамі. Але глабальна можна казаць пра другую версію старога спектакля з той жа асновай.
Дагэтуль можна было спадзявацца, што Тэатр лялек зможа неяк існаваць і ў цяперашніх умовах. Аднак гучная адмена паказвае, што ніякіх выключэнняў не існуе. Застаецца чакаць: ад калектыва адчэпяцца, ці рэпрэсіі будуць працягвацца.
Чацвёртай падзеяй са знакам мінус стаў працяг бясконцага айчыннага абнулення. Падводзячы вынікі 2024 года, мы называлі лічбу 5. Гэта колькасць айчынных тэатраў, у якіх з 2020-га не змянілася кіраўніцтва (гаворка як пра дырэктараў, так і пра мастацкіх кіраўнікоў і/ці галоўных рэжысёраў — у нейкіх тэатрах ёсць хтосьці адзін з іх, у іншых – абодва). Але памёр дырэктар Горкаўскага Эдуард Герасімовіч, звольнілі Алу Сцебакову, якая займала аналагічную пасаду ў Тэатры-студыі кінаакцёра. Цяпер кіраўніцтва цалкам захавалася нязменным толькі ў Гродзенскім лялечным, Палескім (працуе ў Пінску) і Слонімскім тэатрах. Калі казаць асобна паводле катэгорыяў, то з 28 калектываў толькі ў васьмі тэатрах засталіся дырэктары, толькі ў дзевяці – мастацкія кіраўнікі і/ці галоўныя рэжысёры.
Гэтыя факты сведчаць не толькі пра перагортванне старонкі, абнуленне, прызначэнне новых кіраўнікоў, якія не памятаюць адносную вольніцу 2010-х і будуць гатовыя выконваць любы загад зверху. Але і пра элементарную непавагу да ўласнай гісторыі. Прыклад Сцебаковай тут пасуе найлепш. Так, у навіне пра прызначэнне новай дырэктаркі Вольгі Дзюльдзі, што з’явілася ў сацыяльных сетках тэатра-студыі, няма ні слова ўдзячнасці Сцебаковай. Хоць, хутчэй за ўсё, у яе звальненні няма ніякай палітыкі – яна дэманстравала лаяльнасць уладзе і, мяркуем, проста сышла на пенсію.
Так, Тэатр-студыя кінаакцёра яшчэ з васьмідзясятых, калі там працаваў легендарны Барыс Луцэнка, не была флагманскім тэатрам. Яе унёсак у сучаснае мастацтва апошніх часоў дастаткова сціплы. Але Сцебакова ўрэшце рэшт кіравала калектывам дзесяцігоддзямі і – прынамсі ў фінансавым плане – шмат зрабіла для яго развіцця. Ад сваіх яна відавочна заслугоўвае цёплых публічных словаў. Але старонка перагорнутая, і ў раздзеле «Гісторыя» пра яе ні слова.
Няўжо гэта істотна? Але ёсць куды больш красамоўны прыклад. У свой час значную ролю ў развіцці Гомельскага тэатра лялек адыграў яго дырэктар Дзмітрый Гарэлік. У студзені 2024-га яго судзілі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, у тым жа годзе звольнілі. 1 студзеня 2025-га ён памёр. На сайце калектыву ў раздзеле, прысвечаным гісторыі, згадкі пра Дзмітрыя Гарэліка няма. Калі часопіс «Мастацтва» рабіў тэматычны выпуск, прысвечаны Гомельшчыне, дык з мінімальнымі праўкамі перадрукаваў тую інфармацыю. У выніку даследчыкі, які будуць займацца гісторыяй калектыву, возьмуць той нумар, не знойдуць у ім прозвішча Гарэліка і з вялікай доляй верагоднасці нават і не згадаюць яго.
Русіфікацыя, вайна — але адначасова барока і кватэрнікі
Іншыя падзеі, што адбываюцца непасрэдна ў Беларусі, згадаем больш тэзісна.
У мінулым аглядзе мы расказвалі, што тэатрам навязалі новую сістэму фінансавання: 50% дае дзяржава, 50% яны зарабляюць самі. З-за гэтага калектывы вымушаныя ўсяляк прыстасоўвацца да новых умоў. Напрыклад, РТБД стаў паказваць спектакль «Памінальная малітва» на пляцоўцы Цэнтральнага дома афіцэраў. Аналагічным шляхам ідзе Тэатр лялек, які пераносіць туды «Пансіён Belvedere». Гэта магчымасць прадаць больш квіткоў і больш зарабіць. Але абедзьве пастаноўкі ставіліся з разлікам на зусім іншыя, сталыя пляцоўкі тэатраў, больш камерныя па сваім памеры. Пры пераносе непазбежна губляецца якасць спектакляў.
Працягваецца курс на русіфікацыю і збліжэнне з Расіяй. Дзяржаўны Купалаўскі тэатр прапаноўвае новую паслугу: цяпер там можна пабрацца шлюбам — цырымонія адбываецца па-руску.
У Магілёве на гастролях паказалі спектакль пра жонку расійскага імператара Пятра І, які між іншым загадаў спаліць гэты горад. У Мінск за грошы расійскага «Росатама» прывозілі мюзікл «Дзеля сцяга над Рэйхстагам».

Галоўнае ў тэатры цяпер — адлюстраваць падзеі Другой сусветнай вайны. Напрыклад, Таццяна Кушаль, дырэктар Мінскага абласнога тэатра лялек «Батлейка», што працуе ў Маладзечна, расказвала, што калектыў сутыкнуўся з адсутнасцю мастацкага кіраўніка. Яна запрасіла на гэтую пасаду рэжысёра Зміцера Нуянзіна.
«Першае, што ён зрабіў, нават яшчэ не заступіўшы на пасаду, – падарыў нашаму тэатру спектакль „Пераможцы“ – пра тое, як падчас вайны дзеці, што знаходзіліся ў тыле, працавалі на заводах, фермах, у полі, каб наблізіць доўгачаканую перамогу. Я кажу „падарыў“, таму што працаваў над пастаноўкай Зміцер выключна ў вольны час», – адзначае Кушаль.
Падвялі вынікі Нацыянальнай літаратурнай прэміі. У намінацыі «Найлепшы твор драматургіі» перамагла Улада Альхоўская з кнігай п’ес для падлеткаў «Аватары тэатра» (на рускай мове). Аўтарка дэтэктываў, яна вядомая камедыяй «Трыксцер клуб», што ідзе ў сталічным Моладзевым. Між тым не адзначанымі застаюцца годныя драматургі (як беларускамоўныя, так і рускамоўныя), чые п’есы ставяцца ў замежжы і якія ўздымаюць сапраўды істотныя для грамадства праблемы.
Натуральна, ёсць і пазітыўныя навіны (насамрэч іх куды больш, чым мы згадваем у гэтым тэксце. Але ў цяперашніх умовах часам цішыня дапамагае рэалізацыі планаў больш, чым апублічванне інфармацыі). Оперны тэатр не паехаў на гастролі ў Крым. Гэтага атрымалася дасягнуць дзякуючы супраціву калектыву, а таксама грамадскаму розгаласу. У тым жа калектыве анансавалі першую пастаноўку барочнай оперы (гаворка пра твор Гендэля «Ацыс і Галатэя»). Для Опернага, які робіць стаўку на творы ХІХ стагоддзя, гэта крок наперад. РТБД аб’явіў, што першай прэм’ерай сезона стане пастаноўка «Ладдзя Роспачы» па аднайменным творы Уладзіміра Караткевіча. У гэтым жа калектыве працягваюцца лекцыі цыклу «Беларуская рэжысура ХХ стагоддзя». Такое рашэнне спрыяе захаванню памяці, а для масавага слухача вяртае (напаў)забытыя імёны. Нарэшце, аўтару гэтага тэкста вядома, што ў Мінску працягваюцца кватэрнікі, дзе ажыццяўляюцца пастаноўкі па творах сучаснай драматургіі. Аналагічны рух быў у Савецкім Саюзе, у які шмат у якой ступені вярнуліся беларусы.
Форум у Познані і паказы айчынных спектакляў
У адрозненне ад Беларусі, сітуацыя ў замежжы глабальна не змяняецца. Эмігранцкія калектывы і асобныя творцы маюць свабоду выказвання, але вымушаныя шукаць фінансаванне і аўдыторыю.
Цэнтрам замежнага тэатральнага жыцця застаецца Польшча. Галоўнай падзеяй стаў чарговы беларуска-ўкраінска-польскі форум «Druga próba. Teatr ponad granicami» (папярэдні ладзіўся летась), які прайшоў у Познані. Сярод іншага на ім адбылася прэм’ера спектакля «Скажы прывітанне Абдо» (рэжысёрка Валянціна Мароз па тэксце Мікіты Ільінчыка, які прысвечаны ўяўным падзеям 2035 года, калі на месцы ЕС ўзнікае Еўраісламскі Саюз), паказ пастаноўкі «Да дому наўпрост 10 гадзін язды» (рэжысёрка і аўтарка п’есы Жэня Давідзенка – спектакль грунтуецца на досведзе трох дзяўчат-эмігрантак), дыскусія на тэму «Беларускі і ўкраінскі тэатр ва ўмовах вайны і рэпрэсій», а таксама перфарматыўныя чытанні сучасных айчынных п’ес.
Сярод тых, хто працягвае працу, – “Купалаўцы”, якія распачынаюць ужо шосты сезон і анансавалі паказы спектакляў «Экстрэмісты» у Вільнюсе і «Валізка» – у Варшаве.
А вось пра фестываль беларускага тэатра INEX FEST, які ладзіўся ў Польшчы папярэднія два гады, сёлета не чуваць. Але ініцыятыва INEXKULT, якая займалася яго арганізацыяй, працягвае працу. Гэтай восенню ў Гданьску анансаваны паказ спектакля «Па што ідзеш, воўча?», у тым жа горадзе і ў Варшаве – яшчэ і пастаноўкі «Шэпт».

Ставяцца новыя спектаклі. У Беластоку адбылася прэм’ера пастаноўкі «Бежанцы 1915» (рэжысёр Андрэй Новік, праект BY Teatr), прысвечанай жыхарам усходняй Польшчы, якія пасля пачатку Першай сусветнай вайны былі прымусам эвакуяваныя ўглыб Расіі. У Варшаве – першы паказ спектакля Neurostorm (рэжысёр Вікторыя Ягорава, праект Teatr_beznazvaniia), дзе штучны інтэлект выходзіць за межы алгарытмаў і дзейнічае, як чалавек з эмоцыямі і ўласнай воляй.
Натуральна, працягваюць дзейнасць і асобныя творцы. Напрыклад, Ігар Шугалееў увайшоў у трупу варшаўскага Новага тэатра. Аляксей Ляляўскі, пра якога было не чуваць пасля сыходу са сталічнага Тэатра лялек, ставіць у пецярбургскім тэатры Karlsson Haus спектакль Ecce Homo па матывах рамана «Падарожжа Гулівера». Мяркуючы па ўсім, і ён – як і шэраг іншых творцаў – у далейшым будзе вымушаны працаваць у гэтай краіне. А Юра Дзівакоў рыхтуе ў Варшаве прэм’еру музычнага кабарэ Dolores Imperfecti. Full Strip Soul, у якім прадстаўленыя рэальныя гісторыі ананімных секс-работніц з Украіны і Расіі.
Музыка: Новыя імёны і вялікія страты
Беларускае музычнае жыццё з ліпеня па кастрычнік падобнае да эмацыйных арэляў. З аднаго боку мы бачылі поспехі беларускіх артыстаў на міжнародных кірунках, з іншага — развітваліся з любімымі гуртамі і музыкамі. У Беларусі адбыліся буйныя фэсты, з’явіліся новыя імёны і сюды прыязджала адна вялікая амерыканская зорка.
Выступы беларускіх гуртоў на міжнародных фестывалях і віруснасць Мэйбі Бэйбі
Лета для артыстаў і гуртоў — сезон фестываляў. Molchat Doma ў пачатку ліпеня выступілі на буйным фестывалі Open’er у Гдыні. А ў лістападзе гурт ужо будзе хэдлайнерам на фэсце Hipnosis у Мексіцы.
Дасягненні ў міжнародным кірунку ёсць і ў металістаў. У канцы ліпеня-пачатку жніўня брутал-дэз метал гурт Extermination Dismemberment выступіў на буйным метал-фестывалі Wacken у Германіі. Дарэчы, гурт падкрэслівае сваё беларускае паходжанне, пачынаючы інтра з песні «Песняроў».
Гурт Flower&Pines у пачатку ліпеня выступіў на польскім фэсце Inne Brzmienia, які адбыўся ў Любліне. Каманда грае эксперыментальную музыку, у якой сумяшчае дарк-кабарэ, індастрыял, пост-метал і шмат іншых стыляў. У верасні калектыў выпусціў 20-хвілінны лайв, запісаны ў храме.
Макс Корж 9 жніўня зладзіў канцэрт у Варшаве, сабраўшы поўны стадыён «Нарадовы» (больш за 70 тысяч чалавек). Квіткі на выступ прадалі за 5 дзён. Гэты канцэрт выклікаў вялікі рэзананс у польскіх і беларускіх СМІ. А ўсё таму, што на канцэрце фанаты артыста пераскоквалі з сектараў на танцпляц (квіткі сюды былі даражэйшыя). Шоу не пачыналася, пакуль парушальнікі не вярнуліся на свае месцы.
Пасля падзеі стала вядома, што Польшча дэпартуе 57 украінцаў і шасцярых беларусаў за масавыя беспарадкі падчас канцэрту. Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск падкрэсліў, што парушальнікі мусяць пакінуць краіну добраахвотна ці прымусова.
На фестывалі Burning Man упершыню з’явіўся беларускі кэмп, ён меў сімвалічную назву «Мара». Беларускі дыджэй Sir Gay прэзентаваў тут свой сэт з 55 трэкаў на беларускай мове. Праграму ён назваў Voices of a Nation in Exile: From Dictatorship to the Dancefloor (Галасы нацыі ў выгнанні: з дыктатуры на танцпляц).

Мастачка і спявачка Анастасія Рыдлеўская выступіла на міжнародным тэатральным фестывалі ў Лодзі. Яе ж працы можна было пабачыць падчас Warsaw Gallery Weekend.
Ва ўсходнім кірунку галоўнай падзеяй стаў кліп ураджэнкі Жабінкі Мэйбі Бэйбі. Гэта дыс на расейскую артыстку Інстасамку, у якім беларуска частку песні зачытала на роднай мове. Пасля гэтага беларусы пачалі здымаць свае ролікі пад гэты кавалак песні і выкладаць іх у сацсеткі. На сёння ў Цік-току апублікавана больш як 12 500 ролікаў, створаных у межах гэтага трэнду.
Беларусы ўсё трывалей замацоўваюцца на міжнародных музычных рынках. Большасць артыстаў працягвае працаваць у Расеі. Гэта абумоўлена адсутнасцю моўнага і памежнага бар’еру і наяўнасцю інфраструктуры і грошай. На Захадзе запатрабаванымі застаюцца найперш беларускія пост-панкі, металісты і фонкеры.
Вяртанне лідбіру і прыезд амерыканскай зоркі
Музычнае жыццё унутры Беларусі таксама не стаяла на месцы. У канцы ліпеня ў Менск прылятаў амерыканскі спявак Джэйсан Дэрула. Гэты артыст у свой час запісаў сумесныя трэкі з Lil Wayne, Maroon 5, Snoop Dog і іншымі знакамітасцямі. Адзін з яго кліпаў мае амаль 2 мільярды праглядаў.
А ў беларускай сталіцы Дэрула быў у якасці хэдлайнера серыі вечарынак у бары на Зыбіцкай. У Беларусі ён сустрэўся з прэм’ер-міністрам Аляксандрам Турчыным і кіраўніком НАК Віктарам Лукашэнкам. З апошнім ён абмеркаваў шоў у кастрычніку і выказаў спадзяванні на выступ у Беларусі.
Паралельна з гэтым у Беларусі актыўна ладзіліся фестывалі. 9-10 жніўня у Бярэзінскім запаведніку прайшоў фэст славянскай міфалогіі «Шлях Цмока».
У самым канцы жніўня у Віцебску адбыўся фестываль электроннай музыкі «Пойма», на якім выступілі беларусы Police in Paris, Nevika.
Беларускія гурты былі прадстаўленыя і на адноўленым Lidbeer. Тут таксама выступілі “Борисовский тракт”, “Давай на ты”, Parade of Planets і Police in Paris.
На вялікую сцэну вярнуліся «Дразды». У чэрвені лідар гурта Віталь Карпанаў заявіў, што гурт не будзе больш выступаць. Але пасля нешта адбылося і «Дразды» адмянілі свой сыход са сцэны і анансавалі выступы ў абласных цэнтрах Беларусі.
У канцы верасня ў Маскве прайшло «Інтэрбачанне» — мясцовая альтэрнатыва «Еўрабачанню». У конкурсе узялі ўдзел прадстаўнікі 23 краін. Пераможцам стаў спявак з В’етнама Дык Фук. Беларуска Анастасія Краўчанка з песняй «Матылёк» заняла шостае месца.
Беларускія ўлады спрабуюць прыцягваць замежных артыстаў у краіну. Пакуль гэтыя спробы маюць адзінкавыя паспяховыя вынікі. У большасці выпадкаў на фестывалях і буйных канцэртных пляцоўках па-ранейшаму выступаюць расейскія зоркі. Беларускія ж артысты ўнутры краіны працягваюць працаваць на лакальным узроўні. Яны падтрымліваюць адно аднаго, ладзяць сумесныя выступы і нават разам адпачываюць.
Забароны выступаў і выклік для маладых артыстаў
Лідару гурта «Красные звезды» Уладзімеру Селіванаву не так пашчасціла, як «Драздам». У сваім допісе «Вконтакте» артыст пахваліўся граматай ад генерал-маёра КДБ за тое, што Селіванаваў заспяваў песню «Барыкаднае каханне» перад вялікай залай афіцэраў. І тут жа паскардзіўся, што нейкія «шэрыя невядомыя асобы» з Міністэрства культуры Беларусі забаранілі канцэрт, таму што ім не спадабалася слова «сіфіліс» у той жа песні.
Забароны прайшліся і па вулічных музыках у Горадні. Ім цяпер нельга выступаць у цэнтральных дворыках горада. Пра гэта напісалі адразу тры мясцовых жыхары. У сацсетках гараджане абураюцца — гродзенцы лічаць, што гэтае рашэнне ўладаў пазбавіла горад візітоўкі.
Гарадзенскі гурт Dzieciuki прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем». Цяпер за любую камунікацыю з музыкамі беларусам у Беларусі можа пагражаць крымінальная адказнасць.
Сілавікі затрымалі дырэктараў двух івент-агенцтваў — Іллю Пятроўскага з Blackout Studio і Аляксандра Манышава з «Атом Интертейнмент», дырэктара Палаца рэспублікі Максіма Прыхадоўскага, а таксама кіраўніцтва сервіса Kvitki.by. Прычынай стаў чат арганізатараў івэнтаў «Орг BY», які прызналі «экстрэмісцкім фарміраваннем».
Але ёсць і пазітыўныя навіны. У канцы жніўня-пачатку верасня адбыліся еўрапейскія туры адразу трох беларускіх артыстаў з Менску.
Каманда КЛІК правяла конкурс для маладых артыстаў і артыстак «Выклік». Пераможцам конкурсу стаў Domsun.
Не абышлося і без стратаў. 6 верасня стала вядома, што памёр Алег Тумашоў — былы вакаліст гурта Ulis. Тумашоў спяваў у гурце ў 1991-1994 гадах. З ім быў запісаны альбом «Танцы на даху».
Адразу чатыры гурты (акрамя “Пятлі Прыхільнасці”) заявілі аб прыпыненні сваёй дзейнасці. У жніўні гурт “Пятля Прыхільнасці” анансаваў маштабны еўрапейскі тур, які ўключае 23 выступы. Гэты тур можа стаць для гурта апошнім. Вакаліст калектыву Ілля Чарапко-Самахвалаў у верасні абвясціў аб сваім сыходзе з гурта.
З лета 2025 гурт Sož паставіў на паўзу канцэртную дзейнасць з-за негатыўных сацыяльных фактараў. Аб гэтым паведаміў лідар гурта Алесь Плотка.
Спыніў сваё існаванне гурт Son of Deni. А пра завяршэнне гісторыі гурта Naka паведаміла вакалістка калектыву Анастасія Шпакоўская.
На медыйным полі з’явіліся адразу тры музычныя праекты. Gorizont_live — здымаюць жывыя выступы беларускіх артыстаў на заводзе «Гарызонт». K6Live — музычнае шоу. Першы выпуск быў запісаны з гуртом LÖS. Журналіст Аляксандр Чарнуха таксама анансаваў сваю музычную перадачу «Сепультура Alive», што стартуе 16 кастрычніка. Па словах журналіста, кожны месяц на канале будуць адбывацца онлайн-канцэрты беларускіх гуртоў.
Нягледзячы на забароны і цяжкасці з гастролькамі ўнутры і перасячэннем мяжы звонку, беларускія артысты працягваюць выступаць, шукаючы новыя магчымасці. Паралельна з гэтым расце і медыйныя падтрымка. З’яўляюцца новыя адмысловыя праекты, якія распавядаюць пра беларускую музыку. Не ўсе гурты вытрымліваюць ціску часу, канкурэнцыі і творчых крызісаў ды ставяць праекты на паўзу. Гэта, на жаль, цалкам натуральны працэс.
Беларускамоўны рэліз ад зоркі беларускага рэпу і тэхна ад унука Мулявіна
З ліпеня па кастрычнік беларускія артысты і гурты прадставілі больш за 400 рэлізаў.
Калектыў Syndrom Samazvanca ў новым альбоме «Mahajba» звярнуўся да беларускіх народных спеваў. Хлопцы скрыжавалі іх з псіхадэлікай, краўтрокам, ракабілі і блюзам. Атрымаўся вельмі эксперыментальны альбом, у якім аўтарскае спалучаецца з народным. Асновай значнай часткі песень сталі доўгія джэмы гурта.
Да беларускай спадчыны апелюе і гурт Relikt у сваім новым сінгле «Bursoniki». Асновай песні стаў беларускамоўны комікс «Дзе жылі бурсонікі», што выйшаў у першай палове 1990-х.
Shuma прадставіла новы міні-альбом «Bagna». Чатыры трэкі, якія зацягваюць у нацыянальны беларускі рэйв з гіпнатычным вакалам.
Дуэт Police in Paris, адзін з удзельнікаў якога з’яўляецца ўнукам Уладзіміра Мулявіна, выпусціў тэхна-рэмікс на песню «Касіў Ясь канюшыну». Трэк шчыльна ўварваўся ў беларускі кантэкст. Напрыклад, брэнд адзення Mark Formelle зрабіў з хлопцамі рэкламную інтэграцыю.
Менскі альтэрнатыўны гурт Zvonku выпусціў альбом «Арэлі» і зняў цэлы фільм па яго матывах.
Праз чатыры гады маўчання кампазітар Dzivia вярнуўся і прадставіў эпічную калабарацыю з нідэрландскім фольк-выканаўцам Gealdyr. Гэта артыст, музыку якога можна пачуць у серыяле «Вікінгі. Вальгалла». У сінгле Try Iskry Нідэрландзец заспяваў па-беларуску. Кампазіцыя заснаваная на беларускім міфе аб стварэнні свету, згодна з якім Пярун высек тры іскры з каменя падчас бітвы з Вялесам.
Рэпер Murovei выпусціў трохпесенны рэліз «Saudade» на беларускай мове. Артыст узяў настальгічную партугальскую эстэтыку і паспрабаваў перанесці яе на беларускую рэчаіснасць. Па-беларуску таксама часткова заспявалі Nemiga і Maby Baby.
Прарывам за апошнія месяцы стаў дакладна 21-гадовы рэпер з Горадні Пазнякс. Сніпет на яго апошні сінгл «Гавайская піца» набраў мільён праглядаў у інстаграме, а журналісты пішуць выключна пазітыўныя водгукі на творчасць артыста.
На стрымінгах беларусы працягваюць збіраць мільёны. У Spotify па праслуховаўннях ANDROMEDA абышоў Molchat Doma амаль у два разы: 5 387 166 супраць 3 002 642 слухачоў. У «Яндэкс музыцы» лідарамі з’яўляюцца Макс Корж, Iowa і Б’янка. У першага амаль шэсць мільёнаў слухачоў, у астатніх крыху больш за пяць. Беларускіх мільённікаў на «Яндэксе» у разы больш, чым на Spotify: 42 артысты супраць 9.
Беларуская музыка працягвае развівацца ва ўмовах нестабільнасці. З аднаго боку прасочваюцца нейкія кволыя промні лібералізацыі ў выглядзе прыезду Джэйсана Дэрула. З іншага — артысты па-ранейшаму сутыкаюцца з забаронамі, гастролькамі і экстрэмісцкімі статусамі.
Выехаць беларускаму артысту на Захад, каб даць там канцэрт, становіцца задачай з вялікай зорачкай. Асабліва пасля закрыцця апошняга пераходу на мяжы з Польшчай. Усё больш артыстаў унутры краіны шукае выхады на рынак Расеі, бо там грошы, слухачы і пляцоўкі.
Фестывальнае жыццё у краіне заўважна ажывілася, але да ўзроўню другой паловы дзясятых яму вельмі далёка. Хэдлайнеры любога беларускага фэсту зараз — лаяльныя расейскія артысты. А большасць спонсараў такіх фестываляў — онлайн-казіно. Пра замежных артыстаў гаворкі амаль не ідзе. Пазітыўны момант у гэтай сітуацыі можна бачыць хіба ў тым, што фэсты не пераўтвараюцца ў выключна расейскія оўпэн-эйры. Амаль на кожным прысутнічаюць беларускія гурты, а на Lidbeer — і ў якасці хэдлайнера.
Музычнае жыццё Беларусі працягвае падпрадкоўвацца агульнапалітычным тэндэнцыям. Паслабленняў і адлігі не прадбачыцца, таму ўсё большую ролю і граюць расейскія артысты. Яны лідуюць па праслухоўваннях у стрымінгах, з’яўляюцца хэдлайнерамі на фестывалях і збіраюць вялікія пляцоўкі ў Менску.
Дзяржава не тое што не падтрымлівае беларускіх артыстаў, яна працягвае ствараць штучныя забароны ў выглядзе гастрольных пасведчанняў, цэнзуры і немагчымасці вольна перамяшчацца на гастролі ў розных кірунках. Гэта вельмі абмяжоўвае беларускіх артыстаў і зусім не спрыяе стварэнню сваёй незалежнай індустрыі.
Традыцыйная культура: Трэнды старыя і новыя
У папярэднім аглядзе мы адмовіліся ад тэматычнага падзелу на святы, танцы, спевы і рамёствы, а выдзелілі некалькі трэндаў, якія назіралі ўнутры Беларусі і ў замежжы. У ліпені-верасні старыя трэнды засталіся актуальнымі: вялікая ўвага да рамёстваў і інструментальнае выкарыстанне традыцыйнае культуры для падкрэслівання збліжэння з Расіяй унутры Беларусі, а ў замежжы – далучэнне беларускіх гуртоў да мясцовых культурніцкіх ініцыятываў і вялікая доля забаўляльнага кантэнту ў відэапрадукцыі, якая папулярызуе традыцыйную культуру.
У дадатак да гэтага цяпер мы адзначылі пашырэнне геаграфіі святкавання Багача, вялікую колькасць кулінарных фестываляў і прааналізавалі долю даследаванняў традыцыйнае культуры ў беларускай сацыяльна-гуманітарнай сферы на аснове праграмы і вынікаў прысуджэння прэміі Кангрэса даследчыкаў Беларусі, які прайшоў у канцы верасня ў Берліне.
Працяг старых трэндаў
У Беларусі па-ранейшаму шмат фестываляў і выстаў прысвечана рамёствам: ткацтву, набіванцы, выцінанцы, ганчарству, саломцы. Вялікай падзеяй, пра якую шмат пісалі ў сацсетках, стала дэфіле ў традыцыйных строях, якое прайшло 20 жніўня ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры.
Тэндэнцыя інструментальнага выкарыстання традыцыйнай культуры для падкрэслівання збліжэння з Расіяй, якую ў папярэднім аглядзе мы адзначылі як характэрную пераважна для Магілёўскай вобласці, цяпер заўважная і на Віцебшчыне: у аршанскім этнаграфічным музеі “Млын” прайшла выстава рускага народнага роспісу па дрэве, а ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі экспанавалі праект “Традыцыі Абрамцава скрозь стагоддзі”. У Мінску ж прайшоў беларуска-расійскі конкурс народных выканальніцкіх мастацтваў “Душа народная”.
Традыцыйная культура інструментальна выкарыстоўваецца і на дзяржаўных ідэалагічных мерапрыемствах: цалкам на ёй збудаваныя Дажынкі, якія цяпер праходзяць на абласным і раённым узроўнях (рэспубліканскія Дажынкі не праводзяцца з 2014 г.), шматлікія этнаграфічныя куткі дзейнічаюць на фестывалі “Славянскі базару Віцебску” і падчас Дзён беларускага пісьменства.
Беларусы замежжа працягваюць удзел у культурных ініцыятывах, прысвечаных традыцыйнай культуры, у краінах свайго цяперашняга знаходжання: беларуская дуда прагучала на Вялікапольскім танцавальным летніку і на Дударскім канвенце ў Дамахове (заходняя Польшча), а таксама на Турніры праўдзівых музыкаў у Шчэціне. Гурт “Беларускі цуд” і танцавальны клуб „Ойра” выступілі на Кірмашы народаў (Tautų mugė) у Вільні. З ініцыятыў, звязаных з беларускай традыцыйнай культурай, у Грузіі нашым экспертам вядома пра спеўны гурток у Тбілісі і танцавальны – у Батумі. Абедзьве ініцыятывы амаль ніколі не ўдзельнічаюць у грузінскіх імпрэзах, што можна патлумачыць моўным бар’ерам і вялікім непадабенствам беларускай і грузінскай традыцыйных культур. Часамі пазначаныя ініцыятывы далучаюцца да мерапрыемстваў, арганізаваных іншымі экспатамі ў Грузіі – украінцамі і расейцамі.
У ліпені–жніўні выйшлі апошнія серыі праграмы тэлеканала “Белсат” “Падляшскія вакацыі”, у якіх гледачоў знаёмяць у т. л. з традыцыйнай культурай рэгіёна на польска-беларускім памежжы. Праграма “Нітка зорка” вярнулася пасля вакацый, але новых выпускаў, прысвечаных традыцыйнай культуры, пакуль няма.
Багач ад Іркуцка да Беластока
Багач на апошніх альбо перадапошніх выхадных верасня сёлета адзначылі ў Мінску і пад сталіцай: у Музеі народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы, у парку гісторыі “Сула”, у загарадным клубе “Фестывальны”. Святкавалі таксама ў Брэсцкім раёне, у Падляшскім музеі народнай культуры ў Васількаве пад Беластокам і нават у Сібіры – у архітэктурна-этнаграфічным музеі “Тальцы”, што пад Іркуцкам. Апошняя імпрэза прайшла ў межах супрацоўніцтва з Маларыцкім раёнам Беларусі, хаця няма вартых даверу этнаграфічных крыніц, якія сведчылі б, што ў гэтай мясцовасці святкавалі Багач.

Цікава, што на ілюстрацыях да артыкулаў пра Багач у СМІ даволі рэдка сустракаюцца галоўныя сімвалы свята – свечка, зерне, снапкі. Часцей візуальны шэраг апавядае агулам пра традыцыйную культуру – людзі ў строях на фоне драўлянай архітэктуры, пачастункі.
Такая папулярнасць Багача, на нашую думку экспертаў, можа тлумачыцца спробай замяніць гэтым нібы больш аўтэнтычным святам Дажынкі, якія шмат для каго асацыююцца з савецкім часам і сцэнічным фальклорам. На Багачы таксама гучаць жніўныя песні і ўспрымаецца ён як свята ўраджаю.
Фестывалі – кулінарныя і не толькі
У аналізаваны перыяд адбылося шмат кулінарных фестываляў: каравай-фэст “Бацькава булка” ў Свіслачы, святы “Паўлаўскі каравай” у в. Навасёлкі Слонімскага раёна, “Мотальскія прысмакі” ў Іванаўскім раёне, “Дварышчанскія прысмакі” – у Лідскім, “Палескі ўюн” у Пінскім раёне, “Каша – карміліца наша” ў в. Путрышкі Гарадзенскага раёна, конкурс караваяў на Дажынках у Ваўкавыску і фэст “Воранаўскі дранік”. Стравы, у несеныя ў Інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі, былі прэзентаваныя ў Лідзе на Днях беларускага пісьменства. У парку гісторыі “Сула” пад Мінскам прайшоў Халаднік-фэст.

Цікава, што большасць пералічаных кулінарных фестываляў адбылася ў Заходняй Беларусі: у Гарадзенскай і Брэсцкай абласцях. Мы не можам сцвярджаць, што ва ўсходняй частцы краіны кулінарных фестываляў не праводзілася, аднак звесткі пра іх у прэсе і сацсетках нашым экспертам не трапіліся. Некаторыя з пералічаных мерапрыемстваў прайшлі ў рамках большых фестываляў і святаў, аднак дзяржаўныя СМІ звярнулі на іх увагу. Ва ўсходняй жа частцы краіны гэтага не адбылося. Магчыма, такая розніца тлумачыцца большай ступенню брэндзіраванасці страў традыцыйнай кухні ў Заходняй Беларусі праз іх статус нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў краіны. Ва ўсходняй частцы Беларусі страў з такім статусам менш, а тыя, што ёсць, часта ўнесеныя ў складзе рэгіянальных ці агульнарэспубліканскіх намінацый (напрыклад, клёцкі “з душамі” ў Віцебскай вобласці, стравы з таркаванай бульбы) і, магчыма, не ўспрымаюцца як падстава для стварэння мясцовых брэндаў.
Можа быць, што святы халадніка, у т. л. пазначаная вышэй імпрэза ў Суле, адбываюцца пад уплывам адпаведнага свята ў Вільні. Сёлета яно прайшло з 30 траўня па 1 чэрвеня, а віленскія беларусы далучыліся да агульнагарадскога фестывалю, зладзіўшы міні-фэст у Карчме 1863. Нам вядома таксама аб святах халадніку, якія зладзілі беларусы ва Уроцлаве 31 траўня і ў Батумі – 7 чэрвеня. Такім чынам, сезон кулінарных імпрэзаў у дыяспары прайшоў раней, чым у Беларусі. Час правядзення фестываляў, мабыць, абумоўлены тым, што ў цёплую пару зручна есці на вуліцы.
Папулярызацыя рамёстваў, пра якую мы ўжо згадалі вышэй, таксама часта адбываецца ў форме фестываляў. Акрамя таго, улетку ў Беларусі адбываюцца вядомыя фестывалі, якія складана аднесці да нейкай катэгорыі – “Спораўскія сенакосы”, фестываль гумару ў Аўцюках.
Што да замежжа, элементы традыцыйнай культуры (часцей у стылізаваным выглядзе) з’яўляюцца на фестывалях на агульнабеларускую тэматыку, аднак вялікіх імпрэзаў, прысвечаных выключна беларускай традыцыйнай культуры, за аналізаваны перыяд нашымі экспертамі не выяўлена.
Навуковыя даследаванні
Як паказаў Кангрэс даследчыкаў Беларусі, які прайшоў у верасні ў Берліне, тэмы, звязаныя з традыцыйнай культурай, з аднаго боку, не вельмі папулярныя – цалкам ёй было прысвечана толькі дзве панэлі з 52 (менш за 4 %):
- Дуды Еўропы: адукацыя праз межы і пакаленні;
- Незавершанае мінулае: беларуская этналогія, культурная антрапалогія і фалькларыстыка ў зваротнай перспектыве.

Асобныя выступы, прысвечаныя даследаванням традыцыйнай культуры, адбыліся і на іншых панэлях, але гэта не змяняе агульнай карціны: доля гэтай тэматыкі ў беларускай сацыяльна-гуманітранай сферы нізкая. З другога боку, тыя даследаванні, што адбываюцца, даволі прадуктыўныя – сярод 23 пераможцаў прэміі Кангрэса чатыры тэксты (каля 17 %) звязаныя з традыцыйнай культурай:
- Яніна Грыневіч. Як нацыя вучылася спяваць. Мінск: Беларуская навука, 2023 – манаграфія пра фалькларыста Антона Грыневіча падзяліла 2-3 месца (агульная колькасць балаў) з кнігай Вольгі Раманавай “Другая история белорусского советского кино” ў катэгорыі “гуманітарныя навукі (манаграфіі)”;
- Вольга Лабачэўская. (Уводзіны) Архіў забытай экспедыцыі, Экспедыцыя Вацлава Ластоўскага 1928 году. Лёндан: Skaryna Press; Варшава: Czabor Publishing, 2024. С. 10-43 – першае месца ў катэгорыі “гуманітарныя навукі (артыкулы)”;
- Тая ж аўтарка перамагла (месцы не прысуджаліся) ў конкурсе грантаў на падтрымку публікацыі навуковых тэкстаў з манаграфіяй: Вольга Лабачэўская. Аброк. Абыдзённік: Жаночыя рытуальныя практыкі;
- У тым жа конкурсе падтрымалі планаваную публікацыю артыкула: Алена Ляшкевіч, Symbolic functions of the Belarusian Bagpipe (“Duda”) in Narratives of Modern Urban Bagpipes.
Такім чынам, можна сказаць, што традыцыйную культуру даследуе не так шмат навукоўцаў, але іх праца заўважная ў грамадстве.
Арт: Pra_bel. Час жанчын, цынічнасць кірмашу і сучасная мода
Я сканчваю гэты тэкст у дзень святкавання аб’яднання дзвюх Германій, у Дзюсельдорфе, на беразе Рэйна – празрыстага, але крывавага падзелу цывілізацый, дзе гісторыя працягвае гучаць і вучыць. Аднак невялікі, усяго два тыдні, разрыў паміж святамі – з 17 верасня – сведчыць пра неверагодна рознанакіраваныя шляхі часу і народаў.
За мінулыя пяць гадоў дыстанцыя надзеі, асабліва для тых, каго зноў і зноў арыштоўваюць і судзяць, выглядае інакш – як і для тых, для каго 17 верасня не аб’ядноўвае разнагукавасць Belarus, Wit-Rusland, Baltarusija.
Тым больш дзіўна чытаць навіны з Мінска пра стварэнне пантэона нацыянальных герояў, у якім прадстаўлены толькі адзін мастак – Міхаіл Савіцкі, які таксама калісьці аказаўся ў палоне Дзюсельдорфа – і, магчыма, менавіта тут падхапіў «вірус» Арно Брэкера, сугучны савецкаму канону.
Мастак як архіў
Мастак Канстанцін Касцючэнка, які некалі прадстаўляў краіну на Венецыянскім біенале, цяпер стварае помнік як ненавіснік мадэрнізму, і ў той жа час ягоны будынак (Творчыя майстэрні жывапісу і скульптуры Акадэміі мастацтваў СССР) – аплот акадэмізму – праз 10 гадоў паступова трансфармуецца ў пляцоўку суч-арту (Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь), на якой сёлета дэманструецца куратарскі праект Дзіны Даніловіч «Архіў. Прастора паміж…».

Тэма архіва застаецца надзвычай важнай для Беларусі – краіны, дзе дасюль няма свабоднага доступу да дзяржаўных дакументаў, дзе гісторыя вынішчэння хаваецца, дзе ўхвалены культ рэпрэсій, дзе кожнае пакаленне пачынае адбудоўваць сябе зноў і зноў з нуля. На выставе «Архіў. Прастора паміж…» пра гістарычнае і мінуўшчыну гавораць сучаснай мовай рэпрэзентацыі, і менавіта прастора «паміж» становіцца элементам, важнейшым за аб’екты.
Паралельна, Сяргей Шабохін, вядомы як куратар, архівіст і рэдактар платформы Kalektar, сам – інстытуцыя і архіў у адной асобе. Яго мастацкая практыка – няспынная праца па ўкладанні арт-архіваў, што добра ілюструе прадстаўленая на выставе ў Рызе праца «Reliquary XX–XXI. Версія 6: Птушыны канклаў», якую ён стварае з 2009 года. Яна аб’ядноўвае фрагменты твораў памерлых мастакоў двух апошніх стагоддзяў, у якіх вобраз птушкі выступае не як аб’ект адлюстравання, а як пасярэднік – пасланец, прадвеснік смерці, знак пераходу. Форма збору тут выступае як супрацьвага знішчэнню і забыццю.
Праект «Memory Landscapes» Вольгі Бубіч быў прадстаўлены ў межах міжнароднай выставы The Voices of Memory, што адбылася падчас 9-га штогадовага кангрэса Memory Studies Association у Празе (гаворка ішла пра тое, як памяць фармуе мастацкую практыку). Праект спалучае архіўныя даследаванні, музеалогію, выяўленчае мастацтва і тэкст. Тэма: «маніпуляцыі калектыўнай памяццю, настальгія як інструмент прапаганды ў аўтарытарных і папулісцкіх рэжымах, а таксама ролі музеяў і мемарыялаў, што ўзведзеныя на месцах былых канцэнтрацыйных лагераў і масавых забойстваў у Еўропе». Але тут пытанне пра гістарычную памяць адлюстроўвае менавіта сучаснасць.
Назва даследчага праекта Аксаны Гурыновіч у сваёй першай частцы гучыць амаль па-дзіцячы – «Грыб і воблака», але іронія пераўтвараецца ў трывожны дадатак: «Свет, які пабудаваў уран. Раздзел Вісмут», і яшчэ больш узмацняецца цытатай Вернера фон Браўна: «Прырода не ведае знікнення; яна ведае толькі пераўтварэнне». Выстава прысвечаная ядзернаму працэсу пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. На першы погляд, гаворка пра адносна далёкае мінулае і зусім не пра мастацтва. Аднак насамрэч фокус архітэктаркі скіраваны на тое, як ядзерны экстрактывізм фармуе прасторавае мысленне – і выглядае як папярэджанне пра будучую гонку ўзбраення, у якой мастацтву ў шырокім сэнсе будзе навязвацца форма падпарадкавання рацыянальнасці фізічных і эканамічных вайсковых задач.
Сучаснасць – гэта працяг гісторыі. У сённяшніх умовах дакументальная фатаграфія – ужо не проста хроніка падзей, а візуальнае сведчанне трансфармацый, што адбываюцца падчас вайны. Яна фіксуе знікненне, разбурэнне і смерць, пакідаючы пасля сябе адзіны доказ – здымак як факт. «Па закрытых дарогах Украіны» адкрывае архіў Аляксандра Васюковіча, які ахоплівае адзінаццацігадовую акупацыю і агрэсію Расіі супраць Украіны. Праект сёлета быў прадстаўлены на фестывалі Vilnius Photo Circle і атрымаў Alexia Award.
Кірмаш падчас вайны
Прыход восені нагадвае пра гандаль. Кірмаш – адна з жорсткіх формаў жыцця ў ваенны час, і асабліва арт здаецца дзіўным госцем у такіх умовах. У гэтым сезоне беларускія творцы былі даволі выразна прадстаўленыя па абодва бакі фронту і лініі размежавання.
У Мінску рыхтуюцца да продажу арыштаванай калекцыі палітвязня Віктара Бабарыкі – былога кандыдата ў прэзідэнты. Унікальны збор работ мастакоў Парыжскай школы беларускага паходжання. Менавіта дзякуючы намаганням Віктара Бабарыкі ў краіну вернутыя некаторыя працы Хаіма Суціна і Марка Шагала.
Тым часам другое “дзецішча” каманды Бабарыкі — «Восеньскі салон з Белгазпрамбанком 2025» – зноў, нібыта нічога не здарылася за апошнія пяць гадоў, дае гандлёвы трамплін 260 маладым мастакам, у якіх, здаецца, амаль не засталося крытычнага погляду на рэчаіснасць. Паводле навінаў, толькі за першы дзень «салон Саюза мастакоў» наведалі больш як 5 тысяч аматараў мантажнага кітчу.

І даволі нечакана мінскі “Салон” аказваецца вельмі падобным па ўзроўні з Cosmoscow (з удзелам беларусаў Яўгена Шадко і Сямёна Маталянца): тыя ж трэнды і стратэгіі – часам эфектныя, але і слізкія.
Крытычны погляд на супярэчлівы свет
У гэты час у Вене, у Rodler Gschwenter Gallery – зноў разважанні пра «маладое дваістае спалучэнне фігуратыўнага і абстрактнага»… Аднак усяго за некалькі крокаў адтуль, у Zone1 (платформа viennacontemporary для падтрымкі новых талентаў), куратар Аляксей Барысёнак прадстаўляе дзесяць аўтарскіх пазіцый. Яны закранаюць тэмы міграцыі і перасялення, а таксама крытычныя фемінісцкія перспектывы, важныя для сучаснай мастацкай сцэны Вены. У сваёй куратарскай дэкларацыі ён «крытычна глядзіць на свет, скажоны сваімі супярэчнасцямі» і «разглядае пытанні аб разнастайных умовах, з якімі мы сутыкаемся ў момант планетарнай надзвычайнай сітуацыі».
Вельмі важна, калі крытычны погляд, нават у рамках арт-рынку, не застаецца без увагі. Таксама тут згадаем удзел Цемры, Анастасіі Рыдлеўскай і Яны Шостак у варшаўскім аўкцыёне «Фемінізм і мастацтва жанчын». Гэта важны сімвал сястрынства і падтрымкі з боку польскіх каляжанак.

Варшава становіцца ўсё больш важным горадам беларускага мастацтва і двярыма ў міжнародны арт. Асаблівая заслуга ў гэтым менавіта мастачак, якія дзесяцігодзі таму трапілі ў сусветны нерв феміністычнага руху і занялі ў ім яскравае месца. ХХІ стагоддзе – сапраўды час беларускіх жанчын, і гэта яшчэ толькі пачатак.
Згадаем прамое палітычнае выказванне Яны Шостак на акцыі ў падтрымку беларускіх палітвязняў падчас Маршу Волі.
У гэты ж дзень у Познані адкрылася выстава «Золата Беларусі» пад куратарствам Вольгі Архіпавай. Праект пра творчы акт мастака як трывалую барацьбу і надзею, што звязаная са свабодай. Але, магчыма, гаворка ідзе пра тое, што яна ўжо з намі – як гэта інтэрпрэтуе Аляксей Лунёў у сваім новым маніфесце экзыстэнцыяльнага аптымізму «Wszystko jest», дзе ён свядома супрацьпастаўляе гэты пасыл уласнаму знакаваму слогану з іконы 2009 года: «Нічога няма».
Палітычныя лозунгі Марыны Напрушкінай «Твой страх — наш капітал / Твая нянавісць — наш мандат» 2020 года, з калекцыі Беластоцкай галерэі Arsenal, прадстаўленыя на выставе «Радыкальная надзея» у Белфасце, не страцілі сваёй актуальнасці. Гэта прыклад аб’яднання актывізму і мастацтва. Яе сацыяльная пластыка знаходзіць працяг у майстэрні «Зямля без памяці, цела без спакою», якую мастачка арганізавала ў варшаўскай Zachęta для стварэння прац з іншымі людзьмі. Мяркуецца, што гэтыя творы стануць часткай будучай выставы «Пра што мы разам марым?», сакуратаркай якой з’яўляецца Антаніна Сцебур.
Паэтыка палітыкі знаходзіць адлюстраванне ў скульптурнай пластыцы Алы Савашэвіч – вобразах і метафарах, якія дакладна ўвасабляюць жаночую мяккасць і сілу праз іронію і бунт. Будзь то сукенка-кальчуга на выставе «Мяккія каваліцы. Жаночая металапластыка» ў Цэнтры польскай скульптуры ў Ароньску ці манументальнае пустое паліто «Прывід» (тут мяккасць матэрыялу выяўляе пустату прапаганды, аднак і яе смертаносную небяспеку). І, нібыта працягваючы дыялог, на выставе “Плюнь на магілу Г*тлера” Алена Рабкіна ў інсталяцыі «Другі камень» даследуе цыклічнасць разбурэння і нянавісці на прыкладзе тэорыі разбітых вокнаў. А знішчаная наведнікам праца яшчэ болей падкрэслівае, як сацыяльна-псіхалагічы стан асобы звязаны з крымінальнай агрэсіяй.
Досвед посттраўмы. Пункціры
Мы бачым, як працягваюцца арышты беларускіх мастакоў. Для тых, хто не патрапіў за краты, хатняя хімія выглядае як «арт-рэзідэнцыя альбо творчы дом адпачынку». У кантэксце гвалту і злачынства, памножанага на злоўжыванні ўладай, можна разглядаць іншыя праекты беларускіх куратарак і мастачак. Яны самі сутыкнуліся з палітычным тэрорам, а постраўматычны досвед знайшоў адлюстраванне ў іх творах.
Гэта дэманструецца на Cancan Biennale #1 у «Нябачнай траўме» Лесі Пчолкі (ва ўмовах жорсткага кантролю, цэнзуры і пераследу нават белы ліст паперы можа стаць сімвалам пратэсту). Саша Вялічка на фестывалі Valencia Photo ў праекце «Стан адмаўлення», выкарыстоўваючы спалучэнне фатаграфіі, пастановачных рэканструкцый і малюнкаў, згенераваных штучным інтэлектам на падставе рэальных медыяматэрыялаў, ставіць пад сумнеў даступнасць праўды ва ўмовах аўтарытарных рэжымаў і кідае выклік нашаму ўспрыманню рэчаіснасці. А выставай «Застацца», прымеркаванай да 60-годдзя з дня нараджэння Алеся Пушкіна, куратарка Ліза Каліверда паказвае, як пасля смерці творцы ідэя можа знаходзіць водгук ў сэрцах іншых мастакоў.
Можна і далей пералічваць шматлікія прыклады стратэгій беларускіх мастачак, рэалізаваныя за апошнія месяцы.
Прэзентацыі Надзі Саяпінай – пра пошук беларускай ідэнтычнасці ў кантэксце выгнання, і Лены Давідовіч – пра сітуацыі памежжа ў геаграфіі і мастацтве.
Асэнсаванне досведу міграцыі, рэалізаванае ў маштабных прасторава-фатаграфічных перфомансах Арыны Есіповіч.
Дэканструкцыя ў фармаце фотакалажу ў кнізе Машы Святагор – у ФШ1 бібліятэцы: падвойны дэбют для мастачкі і выдавецтва Tamaka.

Эмігранцкая трансфармацыя паэтычнага досведу ў візуальны: гісторыя, прэпараваная калажом і вершамі, – у новай кнізе Юлі Цімафеевай.
Новыя камерцыйныя стратэгіі з эспрэсіяй жывапісу Тані Кандраценкі, што перакульвае з ног на галаву.
Даследаванне прыватнай прасторы гарадоў Аліны і Джэфа Блюмісаў – праз сумесныя вячэры з аматарамі мастацтва.
Пагружэнне ў жаночы гнеў, бунт і трансфармавальную сілу прыроды ў праекце (Her)ban rage.
Стварэнне інтэрактыўных інсталяцый PYL collective, дзе цялеснае і сэнсавае ўзаемадзеянне з паўсядзённымі матэрыяламі робіць гледача часткай хэпенінгаў.
Пераадольванне ўяўнай мяжы паміж навуковым і мастацкім выказваннем у мультымедыйных перформансах і інсталяцыях Эвеліны Домніч і Дзмітрыя Гельфанда.
Куратарскія ініцыятывы, праекты: выстава як працяг спектакля Вольгі Мжэльскай, і яе новы онлайн-праект, прысвечаны актуальнаму польскаму мастацтву, якія ўздымаюць нязручныя тэмы беларуска-польскіх адносінаў.
Арт-адукацыйная, менеджарская і выставачная дзейнасць Вольгі Кліп скіраваная на падтрымку і прасоўванне маладых мастакоў.
Кацюм і маска як гульня
Безумоўна заўважнымі ў гэтым арт-квартале былі «тры грацыі беларускай моды» Маша Мароз, Таша Кацуба і Анастасія Рыдлеўская, якіх аб’ядналі некалькі ініцыятыў сучаснага польскага арт-поля. Сярод іх — праект Refashioned, арганізаваны Фундацыяй Kraina сумесна з Міжнароднай арганізацыяй па міграцыі / IOM Poland пры падтрымцы Vogue Polska.
Маша Мароз чэрпае натхненне з этнаграфічных вандровак па родным Палессі і даследавання архаічных традыцый. Мэтай становіцца «пераасэнсаванне і інтэграцыя традыцыйнай культуры ў штодзённасць як неад’емнага складніка антыкаланіяльных практык». Захапленне мастачкі сымбалічнасцю колеру і формы ў народным мастацтве, спалучанае з традыцыяй геаметрычнай абстракцыі беларускага авангарду, яскрава праяўляецца ў імкненні да стварэння ўніверсальнага сінтэзу. Гэта відавочна, напрыклад, у перформансе «Рунь», дзе калекцыя жаночага адзення становіцца толькі часткай кола: выяўленчае мастацтва, перформатыўныя практыкі, харэаграфія, музыка і ідэальная архітэктура.
Зусім іншы характар мела першае персанальнае Fashion Collection Show «Transition’25» Ташы Кацубы, што прайшло ў варшаўскай Фундацыі Kraina як фінал яе мастацкай рэзідэнцыі. Інспірацыяй для паказу стаў арт-аб’ект «Надзея», створаны падчас беларускіх пратэстаў 2020 года як асабісты і палітычны жэст. Менавіта вуліца ўносіць пластычныя элементы ў касцюмы мастачкі, якія часта свядома аддаленыя ад функцыянальнага выкарыстання. Рэзкі рытм, надарванасць формаў і фрагментарная аголенасць адлюстроўваюць стан транзіту – напружаную, балючую спробу пераадолення траўмы.

Тэму пераадолення крызісу ў сённяшнім беларускім мастацтве як найлепей увасабляе Анастасія Рыдлеўская. Яна так доўга стварала зоркі, што неўзабаве сама ёй стане. Мы бачым, як поспех узносіць і яго святло распаўсюджваецца на ўсе абшары таленту мастачкі. Яна стварае карнавал гратэскных форм і буйных колераў, з яго глыбіннай паганскай міфалогіяй. Кацюм і маска як гульня. Радасць ад пераадоленага страху і прымірэнне з сабой. Творчасць Рыдлеўскай – гэта патокавая дынаміка цэласнай самасці, якая пераўтварае хворага чалавека ў творцу, а рэчаіснасць вакол – у суцэльны мастацкі космас.
Мастацтва як дыягностыка грамадства
Згаданы досвед пэўным чынам звязаны з імкненнем беларускага мастацтва міленіяльнага пераходу асвойваць капіталістычныя стратэгіі стварэння арт-дызайну. Такі кірунак можна трактаваць як своеасаблівую вульгарызацыю ідэй незалежнага «чыстага» мастацтва. Аднак некаторым, як, напрыклад, Уладзіміру Цеслеру, удаецца дзесяцігоддзямі ўпэўнена ісці па гэтым «мінным полі» і пры гэтым не страчваць актуальнасці. Пра гэта яскрава сведчаць шматлікія выставы ягоных плакатаў – работ, што сталі не толькі мастацкімі творамі, але і знакавымі культурнымі сімваламі і мемамі, у якіх іронія даўно пераўтварылася з простай жартаўлівасці «хохмаў» у вострую палітычную крытыку.
Выхад мастака ў іншыя творчыя сферы часам аказваецца нават больш заўважным і выразным, калі ахоплівае прынцыпова іншую і значна шырэйшую міжнародную аўдыторыю. Фільм «Белы слімак» аўстрыйска-нямецкага рэжысёрскага дуэта Эльзы Крэмер і Левіна Пэтэра з удзелам Міхаіла Сянькова (мастака-патолагаанатама, дзе ён па сутнасці грае самога сябе) і Марыі Імбро заваяваў дзве ўзнагароды на Locarno Film Festival. Кіно прыгожае. Аднак бярэ жудасць ад прадказальнай сюррэалістычнай праўды вобразаў карцін А.Р.Ч. (Міхаіла Сянькова), якія сёння нагадваюць навіны. І, на жаль, нам не ўдалося загадзя прэпараваць цела мастацтва, каб распазнаць набліжэнне хваробы грамадства.