Кіно: Важная прэм’ера фільму Мары Тамковіч і барацьба за прысутнасць на кінамапе Еўропы
Традыцыйная культура: гарлячкі ўваходзяць у моду, а народныя спевы пашыраюць прысутнасць у актуальных рэлізах
Тэатр: рэпрэсіі, турбулентнасць і абнуленне
Літаратура і кніжная справа: Альпійская балада пра дыктатара
Музыка: Замаруджаны броўнаўскі рух, або Падрыхтоўка да падрыхтоўкі
Арт: мова цела, акцыянізм і зварот да прыроды
Кіно: Важная прэм’ера фільму Мары Тамковіч і барацьба за прысутнасць на кінамапе Еўропы
Канец вясны – лета – пачатак восені – ці не самы плённы сезон у кіно. Звычайна на гэты час прыпадае большасць здымкаў новых стужак. Раскіданыя па свеце беларускія кінематаграфісты вымушаныя падпарадкоўвацца не сваім творчым задумам і здымачным графікам, а суворай рэчаіснасці. Шмат для каго з іх здымкі толькі наперадзе: на парадку дня – пошук фінансавання для праектаў, спробы прыстасавацца да нязвыклых умоваў эміграцыі, а галоўнае – асэнсаваць сваё новае становішча, зразумець, пра што здымаць у новых абставінах. Калі меркаваць з тэмаў на пітчынгах і нешматлікіх прэм’ерах, беларускае кіно па-ранейшаму перажывае калектыўную траўму 2020 году. Якім чынам рухацца далей? Гэта і ёсць галоўнае экзістэнцыйнае пытанне, на якое пакуль няма адказу.
Галоўная стужка пра Беларусь узору 2020
Галоўны беларускі фільм гэтага лета і, відаць, усяго 2024 году, «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч – менавіта пра падзеі 2020-га ды іх наступствы. Тэматычна гэта працяг кароткаметражнае стужкі рэжысёркі «У жывым эфіры», што пабачыла свет 2 гады таму. Сюжэт «Пад шэрым небам» заснаваны на драматычнай гісторыі журналісткі «Белсату» і палітычнай зняволенай Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай). 15 лістапада 2020 году падчас стрыму з плошчы Пераменаў у Мінску яе схапілі разам з журналісткаю Дар’яй Чульцовай. Кацярына дасюль у турме.
Ясна, што фільм здымаўся за межамі Беларусі, у Польшчы, дзе вучылася ў Варшаўскай кінашколе ды Школе Вайды і даўно жыве ды працуе Мара
Тамковіч. «Пад шэрым небам» – добры прыклад інтэграцыі беларусаў у еўрапейскую кінематаграфічную прастору, ён ствараўся супольна беларускімі і польскімі кінематаграфістамі: над сцэнаром Мары Тамковіч дапамагалі працаваць Улада Сянькова, Нэла Агрэніч і Маруся Ясіневіч, ролі выконвалі беларускія акторы, у кадры яны прамаўляюць па-беларуску і па-расійску. А вось беспасярэдне здымачную групу складалі польскія прафесіяналы, у тым ліку аператар-пастаноўшчык Кшыштаф Трэля.
7 чэрвеня адбылася сусветная прэм’ера стужкі ў межах міжнароднай конкурснай праграмы фестывалю TriBeCa(«Трайбэка») у Нью-Ёрку. Вядомасць фэсту, яго адкрытасць творцам з розных краінаў і высокая цытаванасць у медыях сведчаць пра высокі ўзровень міжнароднага старту стужкі Мары Тамковіч. Фільм заўважылі сярод іншых: пра «Пад шэрым небам» напісалі аўтарытэтныя амерыканскія кінарэсурсы і аглядальнікі. Раней стужка выклікала цікаўнасць і ў Еўропе.
А 27 верасня ў Гдыні на агульнапольскім фестывалі ігравых стужак фільм Мары Тамковіч, што браў удзел у асноўным поўнаметражным конкурсе, атрымаў прыз за найлепшы дэбют. Калі ўлічыць традыцыйна высокі ўзровень конкурсных працаў і гучныя імёны іх аўтараў ды аўтарак, гэтую ўзнагароду беларускай рэжысёркі можна назваць вельмі значнаю.
Зрэшты, прыз і высокія ацэнкі рэцэнзентаў можна патлумачыць не толькі вельмі актуальнаю тэмаю. Бальшыня аглядальнікаў адзначае «Пад шэрым небам» высокага прафесійнага ўзроўню. Сама Мара Тамковіч падкрэслівае ў інтэрв’ю, што ейную стужку нельга лічыць адно дакументальнаю рэканструкцыяй падзеяў. «Пад шэрым небам» – востраактуальнае палітычнае кіно, але ў аснове ляжыць псіхалагічная драма герояў, якія не хочуць скарацца пад уплывам абставінаў і, нягледзячы ні на што, працягваюць змагацца за праўду, волю і сваё каханне.
Да фінансавання стужкі далучыўся Польскі інстытут кінамастацтва, але бюджэт 250 тысяч еўраў, якім распараджаліся стваральнікі, для поўнаметражнай ігравой карціны на цяперашні час выглядае зусім сціплым. Фільм вылучаецца пэўным мінімалізмам, там няма маштабных кадраў. Талент Мары Тамковіч якраз у тым, што яна ўтрымлівае ўвагу аўдыторыі з дапамогай эмацыйна цяжкай гісторыі праз паўтары гадзіны без спецэфектаў і масавых сцэнаў, выключна камернымі рэжысёрскімі прыёмамі.
Фільм вельмі ўражвае нават тых, хто няшмат ведае пра падзеі і становішча ў Беларусі, пры гэтым аўтарка не дае агульнае панарамы. Але паводле невялічкага фрагменту беларускае рэчаіснасці, увасобленага ў стужцы Мары Тамковіч, можна адчуць напружанасць агульнабеларускае драмы нават глыбей, чымся прагледзеўшы дзясяткі тэлевізійных рэпартажаў. «Пад шэрым небам» – гэта акторскае кіно, яно трымаецца на выканаўцах галоўных роляў Аляксандры Вайцаховіч і Валянціне Навапольскім. Акторам удалося стварыць вельмі праўдзівыя і выразныя партрэты актуальных герояў, такіх рэдкіх у сучасным беларускім кіно.
Мара Тамковіч нездарма вучылася ў польскіх майстроў рэжысуры. Ейны рэалістычны поўнаметражны дэбют відавочна створаны ў традыцыі польскае псіхалагічнае кінадрамы з вострасацыяльным адценнем, што мае карані яшчэ ў кінематографе сямідзясятых – васьмідзясятых. «Пад шэрым небам» на гэты момант – сапраўдны флагман беларускага нацыянальнага кіно, што вымушана дзеіць пад замежнаю вытворчасцю. Пазбаўлены штучнага пафасу і не мае аніякага дачынення да палітычнае кінаспекуляцыі, што, на жаль, не рэдкасць сярод мастацкіх твораў пра беларускую рэвалюцыю 2020 году.
Стужка Мары Тамковіч – цяпер самая сур’ёзная і самая паспяховая, у тым ліку з пункту гледжання міжнароднага розгаласу, спроба асэнсаваць сучасныя беларускія падзеі ў нацыянальным кіно. Відавочна, што агульная калектыўная траўма на доўгі час зробіцца крыніцаю сюжэтаў для беларускіх кінематаграфістаў. Пытанне, аднак, у надзвычай абмежаваных магчымасцях, якія маюць апошнія.
Кінапартрэты дыяспары і “ябацькі” ў крывым люстэрку
Сатырычны праект «ЧинЧинЧенэл» запрапанаваў у верасні свой новы цыкл «БелГосПсиХоз». Малабюджэтны YouTube-праект працягвае высмейваць рэаліі сучаснае дыктатуры ў Беларусі. І гэтым разам у прыцэле – адмоўныя тыпажы: чыноўнікі, міліцыянты, прыхільнікі ўлады – “ябацькі”. Пры відавочным браку сродкаў аўтары праекту знаходзяць магчымасці ствараць ёмкія, выразныя партрэты, што адзін за адным складваюцца ў калектыўны партрэт неататалітарнае сістэмы.
Іншыя партрэты беларусаў, якія не на сваё жаданне апынуліся ў эміграцыі, прапанавалі стваральнікі дакументальнага YouTube-праекту «Артэфакты. Музей Вольнай Беларусі». Гэта ці не першая сур’ёзная спроба расказаць пра беларускую дыяспару. Аўтары працуюць у стылістыцы тэлевізійнага дакументу – іх праца хутчэй журналісцкая. Усяго праект мае пяць частак, кожная прысвечаная пэўнай знанай персоне і, адпаведна, экспанату ў варшаўскім Музеі Вольнай Беларусі, праз які гэтая персона прэзентаваная: праваабаронцы Аліна Нагорная і Ігар Случак, спартовы журналіст і блогер Аляксандр Івулін, музыка і прадзюсар Папа Бо (Аляксандр Багданаў), мастачка Руфіна Базлова, актывістка і блогерка Іна Зайцава.
Безумоўна, запыт на асвятленне жыцця беларускае дыяспары існуе, і праект «Артэфакты. Музей Вольнай Беларусі» – толькі першая спроба. Відавочна, што рэфлексіяў на тэму беларусаў-мігрантаў будзе болець.
Адною з першых ластавак у гэтай тэме сталася некалі эксперыментальная праца дакументаліста Максіма Шведа «Апошняя начная змена». Яе прэм’ера адбылася летась на Bulbamovie ў Беластоку, пасля чаго стужку некалькі разоў прэзентавалі і ў Варшаве, у тым ліку і ў жніўні сёлета. Гэта дасціпная кароткаметражка, змантаваная з відэапаведамленняў у мэсэнджары. Дакументальныя фрагменты рэальнасці складзеныя тут у адмысловы ігравы аповед. Такім чынам, аўтар абышоўся мінімумам сродкаў, стварыўшы фактычна сапраўды безбюджэтнае кіно.
Але такія выпадкі, як фільм Максіма Шведа (ён, дарэчы, аўтар і дзвюх частак праекту «Артэфакты. Музей Вольнай Беларусі»), – хутчэй, выключэнне, бо зазвычай кіно патрабуе вялікіх сродкаў на сваю вытворчасць. І тут у нашых кінематаграфістаў вялікія праблемы. Атрымаць фінансаванне ў краінах, куды прыехаў на сталы побыт толькі некалькі гадоў таму, – няпростае заданне. Фактычна паспяховая праца беларускіх кінематаграфістаў-эмігрантаў цалкам залежыць ад таго, наколькі ўдала яны адаптаваліся, як шчыльна залучаныя ў мясцовую кінаіндустрыю.
Безумоўна, прасцей менавіта тым, хто, як Мара Тамковіч, атрымаў мясцовую кінаадукацыю і мае досвед супрацы з мясцовымі кінематаграфістамі. Беларуска Дар’я Жук жыве ў Злучаных Штатах з 16 гадоў і ўжо зняла там некалькі камерцыйных стужак для тэлебачання, але сваю самую на гэты момант знакамітую працу – поўнаметражны дэбют «Крышталь» – некалькі гадоў таму здымала на радзіме ў Мінску і Барысаве. У апошнім нарадзілася Таццяна Заміроўская, аўтарка апавядання «Менавіта тое, што падаецца». Яго збіраецца экранізаваць Дар’я Жук, а прадзюсуюць стужку беларуска Воля Чайкоўская і эстонец Іва Фэлт, знаны ў тым ліку працаю на блокбастары Крыстафэра Ноўлана Tenet.
«Менавіта тое, што падаецца», – фантастычны сюжэт пра «траплянцаў», пару мігрантаў-беларусаў, якія праз нейкую таямнічую анамалію трапляюць з Амерыкі ў сучасную Беларусь. Фактычна гэты сюжэт пра тое, якою беларусы-мігранты бачаць цяпер сваю радзіму, можа зрабіцца новым крокам у беларускім нацыянальным кіно і асэнсаванні ім лёсу беларускае нацыі.
Знайсці сваё месца ў сусветнай індустрыі
Што датычыць убудаванасці беларусаў у сусветную індустрыю і кінасупольнасць, то Беларуская незалежная кінаакадэмія (BIFA) разам з нацыянальнымі кінаакадэміямі іншых краінаў сталася адною з заснавальніц Федэрацыі кінаакадэміяў Еўропы (FACE). Гэта мае дазволіць беларускім кінематаграфістам з нацыянальнаю пазіцыяй замацавацца на еўрапейскай кінамапе.
Заявіць пра сябе ўголас дапамагаюць і такія актыўнасці, як удзел у буйных міжнародных падзеях узроўню Канскага кінафестывалю. Сёлета ў дыскусіях у межах кінарынку ў Канах узялі ўдзел беларусы: дакументаліст Аляксандр Міхалковіч («Радзіма») выступіў спікерам падчас круглага стала Creating in Exile, дзе абмяркоўваўся досвед кінематаграфістаў, якія былі вымушаныя пакінуць свае родныя краіны. А прадзюсарка Воля Чайкоўская ўзяла ўдзел у панэльнай дыскусіі Filmmakers Collectives Rising up in Eastern Europe, дзе галоўнаю тэмаю стаўся вымушаны ўдзел дакументалістаў у сацыяльных і палітычных катаклізмах.
Палітычны чыннік ды актывізм для нашых кінематаграфістаў – горкая паўсядзённасць. Важнаю калякінематаграфічнаю падзеяй сталася змаганне за лёс рэжысёра Андрэя Гнёта, якому пагражала экстрадыцыя з Сербіі ў Беларусь. Кампанію з адкрытымі лістамі сербскім уладам зарганізавала Беларуская незалежная кінаакадэмія пры падтрыманні Еўрапейскай кінаакадэміі.Самаю бадай што аптымістычнаю навіною за апошнія месяцы стаўся фестываль «Нефільтраванае кіно». Яго арганізатары былі вымушаныя праз пераслед перанесці паказы з Мінску за мяжу. Гэтым разам ён праходзіў адразу ў трох гарадах – Вільні, Хельсінкі і Берліне – ды, як заўсёды, прэзентаваў у адной з праграмаў зрэз актуальнае беларускае кінатворчасці, зробленай па-за межамі індустрыйнае мадэлі, практычна паводле безбюджэтнае схемы. Імпэт, энтузіязм і талент аўтараў стужак яшчэ раз паказалі: жаданне і цікаўнасць да таго, каб здымаць кіно, у беларусаў заўсёды былі, ёсць і будуць.
Традыцыйная культура: гарлячкі ўваходзяць у моду, а народныя спевы пашыраюць прысутнасць у актуальных рэлізах
У чарговым аглядзе падзеяў у сферы традыцыйнае культуры прааналізуем: танцы, спевы, рамёствы, святы.
У параўнанні з папярэднім аналізаваным перыядам (студзень – сакавік) бачыцца далейшае пашырэнне цікаўнасці да традыцыйных танцаў сярод беларускае дыяспары, выхад рэлізаў з сучаснымі апрацоўкамі традыцыйных песень, працяг публікацыі аўтэнтычнага аўдыяматэрыялу (праект “Традыцыя”).
Танцы
Традыцыйныя танцы застаюцца істотнаю часткаю канцэртавых праграмаў фальклорных калектываў, што дзеюць пры афіцыйных установах культуры. Праўда, на сцэне танцы ўсё радзей дэманструюцца ў іх першапачатковым выглядзе, як яны выконваліся на вясковых вечарынах, моцна стылізуючы і ў харэаграфічным, і ў музычным плане. У вясковым побыце сёння традыцыйныя танцы не займаюць значнага месца, для іх зарэзерваваная прастора мастацкае самадзейнасці.
Гарадскія ж аматары традыцыйнае культуры імкнуцца аднавіць вясковыя традыцыйныя танцы ў іх першапачатковым выглядзе, аднак вялікай перашкодай ёсць недастатковая (хаця ўжо і немалая) колькасць апублікаваных відэазапісаў з носьбітамі традыцыйнае культуры. Стала ці час ад часу праводзяцца заняткі традыцыйных танцаў і вечарыны прынамсі ў чатырох буйных гарадах Беларусі, а таксама ў Вільні, Батумі. Танцавальныя спатканні хаця б раз на месяц ці часцей адбываюцца ў шасці польскіх гарадах, а час ад часу – яшчэ ў двух. Магчыма, і там сустрэчы стануцца рэгулярнымі – на гэта ёсць запыт суполак мясцовых беларусаў. У Варшаве на цяперашні момант рэгулярныя заняткі беларускіх традыцыйных танцаў для дарослых ладзяць тры выкладніцы, дзве з якіх адкрылі групы сёлета. У Мінску, наадварот, колькасць выкладнікаў скарачаецца: у мінулым навучальным сезоне працавалі шэсць, а ў гэтым акадэмічным годзе стартавалі толькі пяць навучальных групаў.
Тэндэнцыя апошніх месяцаў – рост увагі да кадрыляў (фігурных танцаў на некалькі параў, часцей на чатыры альбо дзве). У беларускім гарадскім танцавальным асяродку іх выконвалі ўжо даволі даўно, але апошнім часам з’явілася тры істотныя публікацыі, якія паспрыялі папулярнасці гэтага віду танцаў (адна, другая і трэцяя). Да таго ж, кадрылям пачалі вучыць у танцавальных суполках беларусаў замежжа. Майстар-клас беларускіх кадрыляў прайшоў на адным з танцавальных летнікаў у Літве, дзе кадрылі таксама карыстаюцца вялікаю папулярнасцю.
Танцавальны рух у Беларусі ў параўнанні з замежжам больш цэнтралізаваны: канцэнтруецца ў сталіцы, адкуль трэнды і тэндэнцыі вандруюць у іншыя гарады. Беларусы, якія цяпер жывуць па-за межамі роднае краіны, больш рассяроджаныя, але ў іх утвараюцца незалежныя “цэнтры ўплыву”: людзі вучаць новыя танцы, крокі, узбагачаюць свой досвед, наведваючы, напрыклад, польскія вечарыны (польскі танцавальны рух таксама дэцэнтралізаваны). У Варшаве дзеіць школа дудароў, якія вучаць пераважна танцавальную музыку. Наколькі вядома нашай аналітычнай групе, іншых варыянтаў рэгулярных заняткаў беларускае традыцыйнае інструментальнае музыкі па-за афіцыйнымі ўстановамі культуры ды індывідуальнымі сустрэчамі няма.
Спевы
Спеўныя гурты дзеюць практычна пры кожным сельскім клубе ў Беларусі, аднак гуртоў, што выконваюць нестылізаваныя песні, неапрацаваныя, досыць мала. Сярод гарадскіх аматараў традыцыйнае культуры спевы таксама папулярныя, але практыкуюцца не так шырока, як танцы. Нам вядома пра рэгулярныя спеўныя заняткі ў новым акадэмічным годзе прынамсі ў чатырох буйных гарадах Беларусі, у трох польскіх і яшчэ ў Вільні. У Беластоку можна наведваць беларускі гурток альбо заняткі Юліты Харытанюк, якая працуе з падляскімі песнямі на мясцовых гаворках.
На занятках спевамі сярод беларусаў замежжа нашая аналітычная група адзначае сумную тэндэнцыю: неразуменне стылістыкі традыцыйных спеваў, выкарыстанне прыёмаў, характэрных для народна-сцэнічнага альбо харавога выканальніцтва. Асабліва кідаюцца ў вочы праблемы з падводкаю (верхнім голасам). Беларусам, якія жывуць у Польшчы, хацелася б параіць заняткі ўкраінскіх педагогаў, якія працуюць на палескім матэрыяле.
З новых рэлізаў варта адзначыць кліп “Ой, да сонца” варшаўскага мужчынскага гурта традыцыйных спеваў “Касары”. Можна задавацца пытаннем, ці песня з даданнем сучаснае музыкі ўсё яшчэ застаецца ў рэчышчы традыцыйнае культуры. На гэтае пытанне адказ будзе станоўчы, калі захоўваецца асноўная роля меладычнае лініі народнага твору, на аснове якога робіцца інтэрпрэтацыя, а элементы сучаснае музыкі яе аздабляюць.
У рэлізе “Хадзіў-пахадзіў” гурта Ralla музычныя дадаткі да традыцыйнае песні выходзяць на першы план, таму гэты твор лепей было б прааналізаваць у музычным аглядзе, а не ў раздзеле, прысвечаным традыцыйнай культуры. Аднак варта адзначыць прафесійны падыход гурта да падачы інфармацыі пра песню, якую ён інтэрпрэтуе: адзначана, калі і ад каго яна была запісаная, у якім выданні апублікаваная.
Рамёствы
З усіх традыцыйных рамёстваў найбольшай увагай карыстаецца выраб традыцыйнага строю. Адпаведныя рэгулярныя заняткі адбываюцца прынамсі ў адным буйным горадзе Беларусі і, магчыма, адновяцца ў новым акадэмічным годзе ў Беластоку. Да 23 кастрычніка дзеяла выстава рэканструяваных гістарычных і беларускіх традыцыйных строяў аўтарства Кацярыны Ваданосавай у музеі ў Цеханоўцы ва ўсходняй Польшчы.
Усё большую папулярнасць набывае жаночая шыйная аздоба – гарлячка. Яе насілі як частку традыцыйнага строю ў Веткаўскім і Брагінскім раёнах, а цяпер прыкрасы такога тыпу ўсё часцей можна заўважыць на гарадскіх модніцах, якія спалучаюць яе з сучасным адзеннем. Гэтую тэндэнцыю адзначаюць некаторыя беларускія медыі (напрыклад). Класічная гарлячка мае ўзор вароняе вока (як на фота вышэй), але сучасныя майстрыцы робяць і ўласныя інтэрпрэтацыі, найчасцей не на сетцы, як у арыгінальных вырабах, а тэхнікаю ткання бісерам (у выніку атрымліваецца суцэльнае палатно, на якім могуць быць любыя ўзоры). Дзе тут мяжа між традыцыйным рамяством і артыстычнаю творчасцю? Нашая Аналітычная група прытрымліваецца меркавання, што традыцыйнымі можна назваць толькі гарлячкі з узорам вароняе вока, хай і выкананыя ў розных колерах.
Прапанова майстар-класаў традыцыйных рамёстваў вельмі сціплая. Магчыма, з гэтай прычыны ў публічнай прасторы раз-пораз з’яўляюцца анонсы майстар-класаў накшталт вырабу “славянскіх лялек” ці “свечак-жаданніц”. Калі такія адукацыйныя прадукты прадаюцца (і нятанна) пад відам распаўсюду беларускае традыцыйнае культуры, то гэтую з’яву варта акрэсліць словам “прафанацыя”. Тым, хто распаўсюджвае і спажывае такія веды, раім кнігі пра традыцыйныя рамёствы Яўгена Сахуты і Вольгі Лабачэўскай.
Святы
Сярод найбольш важных традыцыйных святаў у красавіку – верасні варта назваць Вялікдзень, Тройцу, Купалле, дажынкі, Багач. Два першыя лічыліся вялікімі (істотнымі) у традыцыйнай, вясковай культуры. Купалле і Багач у канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў (перыяд, з якога паходзіць большасць класічных этнаграфічных крыніцаў) адзначалі не па ўсёй Беларусі, аднак у сучасным беларускім грамадстве іх роля вырасла, і сёння гэтыя святы ўспрымаюцца як агульнанацыянальныя. Дажынкі займаюць значнае месца ў афіцыйным дыскурсе ўладаў Беларусі, аднак у сваім цяперашнім выглядзе мала нагадваюць святкаванні, апісаныя ў этнаграфічных крыніцах канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў.
Вялікдзень – рухомае свята, дата якога разлічваецца паводле сонечна-месяцовага календара. Сёлета праваслаўныя святкавалі 5 траўня, а каталіцкі Вялікдзень быў 31 сакавіка. Пра апошні мы пісалі ў папярэднім аглядзе. У традыцыйным календары Каляды, Вялікдзень і Тройца – галоўныя святы, якія тым ці іншым чынам адзначаліся па ўсёй Беларусі. У хрысціянскай традыцыі яны звязаныя з жыццёвым шляхам Ісуса Хрыста, але маюць і дахрысціянскія сэнсы, звязаныя з аграрным годам і зменаю сезонаў (забеспячэнне плоднасці на наступны каляндарны перыяд, зімовае і вясновае навалецце, час буяння расліннасці).
Сёння Вялікдзень у Беларусі – самае папулярнае традыцыйнае свята. Яго адзначаюць найперш вернікі, а тыя, хто на працягу года не ходзіць у касцёл ці царкву, імкнуцца наведаць святыню хаця б раз на год, пасвяціць вербачкі ў Вербную нядзелю ці велікодную ежу ўласна на Вялікдзень. Варта заўважыць, што такое інструментальнае ўспрыманне Вялікадня можа не прадугледжваць удзелу ў набажэнстве. Беларусы, якія не наведваюць рэлігійных установаў, часта тым не менш фарбуюць яйкі на Вялікдзень, пякуць альбо купляюць булкі. У колах гарадскіх аматараў традыцыйнае культуры часам аднаўляюць абрад валачобніцтва (рытуальнага велікоднага абыходу падворкаў).
Тройца – рухомае свята, дата якога разлічваецца наступным чынам: 57-ы дзень ад Вялікадня ў каталікоў, 50-ы – у праваслаўных (сёлета была 19 траўня ў каталікоў, 23 чэрвеня – у праваслаўных). Тройцу святкуюць вяскоўцы і вернікі, а ў гарадскім нерэлігійным асяродку гэтае свята амаль нерэпрэзентаванае.
Купалле – свята дахрысціянскага паходжання, прымеркаванае да летняга сонцастаяння (у 2024 годзе – 20 чэрвеня). У хрысціянскім календары прымацаванае да пярэдадня дня народзінаў Іаана (Яна) Хрысціцеля, які каталікі адзначаюць 24 чэрвеня, а праваслаўныя – 7 ліпеня. Купалле адзначалі не па ўсёй Беларусі. У некаторых лакальных традыцыях функцыі гэтага свята пераходзілі на Тройцу ці Пятроў дзень (29 чэрвеня ў каталікоў, 12 ліпеня ў праваслаўных). Як агульнанацыянальнае гэтае свята стала ўспрымацца праз дзейнасць савецкіх установаў культуры ў 2-й палове ХХ стагоддзя. У асяродку гарадскіх аматараў традыцыйнае культуры і ў Беларусі, і за мяжою Купалле таксама адзначаюць. Для беларусаў замежжа яно паступова набывае значэнне галоўнага свята году: да купальскага часу прымяркоўваюць Дні беларускае культуры па ўсім свеце, нават калі фальклорны складнік не займае там асноўнага месца. Некаторыя суполкі беларусаў замежжа не адзначаюць іншых каляндарных святаў, акрамя Купалля.
Дажынкі. Сімволіку свята ўраджаю маюць шмат якія даты традыцыйнага календара, калі асвячаліся пэўныя прадукты: Мядовы Спас, Яблычны Спас, Успенне, Багач. Дажынкі ў традыцыйным календары не прымяркоўваліся да пэўнае даты, а ладзіліся ў парадку завяршэння жніва і былі сямейна-суседскай, а не агульнавясковай урачыстасцю. У савецкі час і ў незалежнай Беларусі набылі характар агульнанацыянальнага свята ўраджаю і ладзяцца найчасцей увосень, то бок пазней, чымся ў традыцыйным календары.
Багач праваслаўныя адзначаюць 21 верасня, а каталікі – 8-га. Пад назваю Нараджэнне Найсвяцейшай Панны Марыі, Нараджэнне Божай Маці свята вядомае па ўсёй Беларусі, а пад назваю Багач і падобнымі, што адсылаюць да сімволікі багатага ўраджаю, – на Гродзеншчыне, у паўднёвай і ўсходняй частках Міншчыны. Багач у традыцыйным календары – толькі адно са святаў новага ўраджаю, да таго ж неабавязкова галоўнае. Яно звязанае з днём восеньскага раўнадзенства, але саступае ў колькасці элементаў, звязаных з гэтай астранамічнай падзеяй, Узвіжанню.
У сучасным беларускім грамадстве Багач рэпрэзентаваны анімацыямі работнікаў афіцыйных установаў культуры і святкаваннямі, што ладзяць гарадскія аматары традыцыйнае культуры. Разам з Калядамі, Гуканнем вясны і Купаллем Багач утварае кола святаў, што структуруюць жыццё беларускіх суполак і ў Беларусі, і за мяжою.
Тэатр: рэпрэсіі, турбулентнасць і абнуленне
Увосень 2024-га айчынны тэатр уступіў у свой пяты турбулентны сезон. Эмацыйныя арэлі сталіся рэальнасцю, правілы гульні нібыта вызначаныя, але працягваюць змяняцца ў працэсе. Канкрэтныя лічбы кадравай чысткі, змена ўлады ў Акадэміі мастацтваў і адмова ў фінансаванні эмігранцкіх праектаў – у нашым аглядзе.
У Беларусі
Вясна – лета 2024 году – час, калі навіны пра звальненні дырэктараў і мастацкіх кіраўнікоў тэатраў зрабіліся рэгулярнымі. З красавіка да верасня пасады страцілі мастацкія кіраўнікі віцебскага тэатру “Лялька” (Віктар Клімчук) і Опернага (Валянцін Елізар’еў), галоўны рэжысёр Моладзевага (Андрэй Гузій), дырэктары сталічных і гомельскіх лялек (Дзмітрый Сямёнаў і Дзмітрый Гарэлік), а таксама РТБД (Святлана Карукіна). З іх толькі Сямёнаў пайшоў на павышэнне – у Мінскі гарвыканкам, астатнія сыходзілі на пенсію або ў невядомасць.
Узнікае лагічнае пытанне пра маштаб такіх звальненняў. Для гэтага нашая Аналітычная група правяла невялікае даследаванне. Былі параўнаныя 2020 і 2024 гады з гледзішча колькасці дырэктараў, а таксама мастацкіх кіраўнікоў і/ці галоўных рэжысёраў (у нейкіх тэатрах ёсць хтосьці адзін з іх, у іншых – абодва), якія захавалі з таго часу свае пасады.
Вынікі наступныя. У Беларуcі на гэты момант існуюць 28 тэатраў. З іх згаданае кіраўніцтва цалкам засталося толькі ў шасці: у трох сталічных (Горкаўскі, Кінаактора і Арміі), адным абласным (Гродзенскім лялечным) і двух рэгіянальных (пінскім і слонімскім). Калі казаць асобна паводле катэгорыяў, у 12 тэатрах засталіся дырэктары, толькі ў 10 – мастацкія кіраўнікі і/ці галоўныя рэжысёры.
Натуральна, не ўсе прыклады звязаныя з палітыкаю. Напрыклад, два дырэктары памерлі, хтосьці выходзіў на пенсію праз стан здароўя і г. д. Але глабальна мы сталіся сведкамі кадравае рэвалюцыі, што відавочна не пайшла тэатру на карысць. Ніхто з навічкоў не прывёў сваіх калектываў да росквіту і прарыву. Калі пры іх сітуацыя не пагоршылася, гэта ўспрымаецца як пазітыў.
Аднак і вольніца тых, хто застаўся, адносная. Напрыклад, дырэктар Горкаўскага з 1983 году (найбольш з калегаў) – Эдуард Герасімовіч. Здавалася б, больш лаяльнага чалавека не знайсці. Аднак цяпер у яго з’явіўся намеснік у справе бяспекі, рэжыму і кадраў – Юрый Мечаслававіч Петрашэўскі. Чалавек з такімі ж імем, імем па бацьку і прозвішчам у 2018-м быў маёрам міліцыі, начальнікам крымінальна-выканаўчай інспекцыі Маладзечанскага РАУС. Як кажуць, давярай, але правярай.
Змена кіраўніцтва па-свойму лагічная: улады мэтанакіравана зачышчаюць тэатр ад ранейшых кадраў. Але непазбежныя змены ідуць не толькі з “галавы”, але і з “хваста”: сёлета ў калектывы прыйшлі выпускнікі ВНУ, якія паступілі туды ў 2020-м, калі айчынны тэатр у пэўнай ступені пачынаў жыццё з чыстага аркуша. З такой жа праблемай абнулення мы ўжо сустракаліся ў дзевяностыя, калі сышлі ў нябыт тэатры-студыі, што ўзніклі за апошнія гады існавання СССР і стваралі альтэрнатыву стацыянарным тэатрам. Але профільная адукацыя яшчэ існавала ў параўнальна нядрэнным стане. Цягам нулявых і дзясятых яна паводле свайго ўзроўню ўсё больш адставала ад Захаду і Расіі.
Рэпрэсіі пасля 2020 году нанеслі ёй яшчэ адзін удар і прывялі да сыходу з прафесіі дзясяткаў педагогаў. Тым часам на тэатральны факультэт Акадэміі мастацтваў прыйшло новае кіраўніцтва. Уладзімір Мішчанчук, які быў дэканам з 1990-га, перайшоў на выкладчыцкую працу, а ягонае месца заняла Наталля Башава. Але ейны Камерны драматычны тэатр, створаны ў 2010-м, з таго часу ніяк сябе не праявіў, яго пастаноўкі ніводнага разу не траплялі ў беларускую праграму “ТэАрт” – самага прэстыжнага фестывалю дзясятых. Ноу-хау тэатральнага факультэту сталася аб’яднанне кафедраў акторскага майстэрства і рэжысуры, што нонсэнс для тэатральнай адукацыі. Кіраваць аб’яднанаю кафедраю прызначылі кансерватыўнага Рыгора Баравіка, далёкага ад тэатральных навацыяў. Між тым менавіта выхаваныя імі людзі будуць вызначаць аблічча будучага айчыннага тэатру.
У астатнім улады застаюцца вернымі сабе.
Абрываюцца сувязі з Еўропаю – зліквідавалі беларускае аддзяленне UNIMA – Міжнароднага звязу тэатраў лялек. У афішы гродзенскага фестывалю “Лялькі над Нёмнам” і брэсцкага фестывалю “Белая Вежа” – выключна краіны СНД (у апошнім выпадку выключэннем ёсць расійска-дацкі тэатр з Капенгагену, але ён выступае па-расійску).
Увага надаецца Другой сусветнай вайне. На сцэне дзяржаўнага Купалаўскага прайшоў другі фестываль “Перамога”, на якім паказваюць спектаклі на ваенную тэму. У Оперным ставяць праект “Патэтычны дзённік памяці” і г. д.
Галоўным партнёрам і крыніцаю натхнення застаецца Расія. Узровень звязанай з ёй прадукцыі розны. Часам да нас трапляюць праекты высокага ўзроўню. Напрыклад, у Мінск прыязджала з гастролямі Свярдлоўская музкамедыя – адзін з найлепшых музычных тэатраў у гэтай краіне. Або на форум “Лялькі над Нёмнам” прывозілігодныя пастаноўкі, накшталт “Авіятара” з Татарстану: лялька галоўнага героя зробленая з лёду і цягам сцэнічнай дзеі паступова растае ў руках актора.
Але адначасова ў Музычным вяртаюцца да мюзіклу “Блакітная камея”, што ўжо ішоў у рэпертуары. Ён паказвае гісторыю з расійскага пункту гледжання і робіць гераіняй імператрыцу Кацярыну ІІ, якая захапіла нашыя землі. А дырэктарка Тэатру юнага гледача Вера Палякова працягвае сваю русіфікатарскую палітыку і ставіць новыя спектаклі па-расійску (хоць да ейнага прыходу калектыў быў беларускамоўны). Калі мы ўжо згадалі гэты калектыў, то адзначым, што пад ейным кіраўніцтвам ТЮГ чым далей, тым больш ператвараецца ў антрэпрызны праект. Прыкладам сталася камедыя “36 і 6” у пастаноўцы аднаго з малавядомых расійскіх рэжысёраў. Зусім няясна, навошта тэатру для дзяцей танныя камедыі. Хіба для самой дырэктаркі, якая выконвае галоўную ролю.
Між тым беларуская драматургія застаецца на другім плане. У найлепшым выпадку тэатры звяртаюцца да правераных часам твораў мінулага (“Камедыі” Рудава, што паставілі ў Новым драматычным, “Брамы неўміручасці” Кандрата Крапівы, што запланавалі паставіць у Купалаўскім) або выкарыстоўваюць рэтра-тэмы (напрыклад, “Белыя росы” у Новым драматычным, створаныя на падставе сцэнара савецкага фільму). Калі гаворка заходзіць пра сучасных айчынных творцаў, дык шанец даюць аўтару некалькіх дзясяткаў расійскамоўных дэтэктываў Уладзе Альхоўскай. П’есы ж арыгінальных творцаў (напрыклад, Канстанціна Сцешыка) ставяцца за мяжой, але ніяк не на радзіме.
І за мяжою
Сітуацыя ў сферы эміграцыйнага тэатру выглядае дастаткова песімістычна. Асабліва гэта відаць у параўнанні з іншымі галінамі мастацтва. У літаратуры здаўна ўручаюцца прэміі Гедройця, Арсенневай, Анемпадыстава, дзеюць Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН. У кіно ўжо не першы год падводзяць вынікі прэміі “Чырвоны верас”, айчынныя праекты рэпрэзентуюцца на “Берлінале”, дзеіць Кінаакадэмія. У красавіку ў адным з варшаўскіх клубаў уручылі прэмію “Uwaga!” – першую беларускую музычную прэмію ў эміграцыі, і г. д. Дый наагул – хай сабе і з цяжкасцямі – выходзяць новыя кнігі, выпускаюцца трэкі, здымаюцца і паказваюцца фільмы.
Тэатральнае мастацтва прывязанае да канкрэтных пляцовак і патрабуе ўвагі гледачоў тут і цяпер, таму пачуваецца не найлепшым чынам. Напрыклад, Беларускі інстытут тэатру рэгулярна ладзіць цікавыя онлайн-дыскусіі, але юрыдычна ён на той жа стадыі, што і ўвосень 2023-га, калі прайшоў устаноўчы з’езд арганізацыі.
Вышэй мы адзначалі, што назіраем пачатак пятага сезону турбулентнасці. Што датычыць эмігранцкага тэатру, то гаворка пра чацвёрты сезон (у 2020/21 акторы яшчэ пераважна працавалі на радзіме). Першыя два з іх айчынныя творцы яшчэ імкнуліся дзеяць у фармаце калектываў з больш-менш рэгулярнай афішай. Сезон 2023/24 паказаў, што фінансава гэта немагчыма. Адныя калектывы спынілі існаванне (як Тэатр жніўня), іншыя канчаткова адмовіліся ад афішы і перайшлі да рэдкіх адзіночных выступаў. У цяперашніх фінансавых рэаліях відавочна, што такі фармат будзе запатрабаваны ўвесь перыяд існавання тэатральнай эміграцыі – да яе знікнення ці вяртання ў Беларусь. Іншы нават тэарэтычна немагчымы.
Аднак і ў новым фармаце ўзніклі свае цяжкасці. Эміграцыйны праектавы тэатр і раней залежаў ад вонкавага фінансавання. Напрыклад, у Польшчы з 2021-га шмат каго з творцаў падтрымлівала Міністэрства культуры: за тры гады амаль 200 рэзідэнтаў здолелі зрэалізаваць на розных польскіх пляцоўках новыя праекты. Шэраг з іх паказваліся ўсяго адзін раз, але праца над імі дапамагала творцам заставацца ў прафесіі. Але сёлета праграма засталася даступная толькі ўкраінцам. Ці змогуць на яе ў будучым разлічваць нашыя суайчыннікі, пакуль невядома.
Акрамя гэтай праблемы, узнікла яшчэ адна: тэатральнае абнуленне закранула і эміграцыю. “Экстрэмісцкімі матэрыяламі” прызналі YouTube-канал, сацыяльныя сеткі і нават адрасы электроннай пошты незалежнай трупы “Купалаўцы”. Быў затрыманы і адбыў содні (а пасля быў вымушаны эміграваць) актор Дзмітрый Есяневіч, які заставаўся ў Беларусі, але браў удзел у праектах калектыву (дадамо, што рэпрэсіі ў ягоны адрас ставяць крыж на ўдзеле ў эмігранцкіх праектах актораў, якія засталіся ў краіне).
Якраз у гэты час “Купалаўцы” завялі новую старонку ў Facebook. YouTube-старонка праекту старая, але з відэа пастановак засталіся толькі “Камедыя Юдзіфі”, “Сфагнум” і “Дзяды”. Астатнія выдаленыя. Гэта наўрад ці можна лічыць супадзеннем. Прычына, хутчэй, у слушным жаданні не нашкодзіць Есяневічу і колішнім калегам, якія засталіся ў Беларусі. Але праз гэта назапашаны капітал у выглядзе FB-падпіснікаў абнуліўся, аўдыторыя непазбежна звузілася, большасць спектакляў, створаных цягам эміграцыйных гадоў, недаступная для прагляду. А значыцца, у нейкай ступені справу трэба пачынаць з пачатку.
Дадатковы сімвалізм можна знайсці ў смерці Георгія Маляўскага, які ў 2020-м пакінуў Купалаўскі. Гэта першы актор, які фізічна не дачакаўся вяртання на родную сцэну. Ягоны сыход прымушае задумацца, якою будзе трупа ў момант, калі вяртанне зробіцца магчымым.
Зрэшты, пераемнасць са справамі і праектамі папярэдніх эміграцыйных гадоў усё ж адчуваецца. У польскім Познані прайшоў фестываль “Другая спроба”, прысвечаны андэграўнднаму тэатральнаму руху беларускіх і ўкраінскіх імігранцкіх суполак. А ўвосень – узімку ў Варшаве ладзіцца ўжо другі фестываль Inex Fest. Арганізацыя такога форуму ініцыятывай Inexkult дзякуючы падтрыманню Міністэрства замежных справаў Польшчы выклікае захапленне. Але заяўленая колькасць спектакляў (восем) прымушае цвяроза і без ілюзіяў разумець ступень запатрабаванасці беларускага тэатральнага мастацтва за мяжою.
Літаратура і кніжная справа: Альпійская балада пра дыктатара
Паўгоду, што мінулі з папярэдняга рэлізу, былі адзначаныя некаторымі зменамі ў канцэпцыі гэтага агляду. Часавы адцінак на два кварталы дазваляе крыху больш абагульнена зірнуць на сітуацыю з кнігамі, іх аўтарамі і выдаўцамі ў Беларусі і за яе межамі. Высновы аўтара гэтых радкоў могуць падацца камусьці выхадам па-за кампетэнцыяй аглядальніка літаратуры, але, магчыма, яно і да лепшага, дарагія мае чалавекі. “Палітычная жывёла” мы ці дзе?
Унутры: Лукашэнка як аўтар
Афіцыйная прапаганда, аправіўшыся ад стрэсу 2020 году, выпрацавала адпаведныя, на іхную думку, бягучай сітуацыі стыль і пафас, што адбілася ў тым ліку на літаратурным жыцці ў Беларусі. 11 чэрвеня падчас прэс-канферэнцыі з нагоды 90-годдзя Саюзу пісьменнікаў БССР згенеравалі пазітыўную навіну, датычную праўладнага літаратурнага пулу. Выглядае, у ім нарэшце развязалі сваю самую галоўную праблему. А менавіта ў жывой нязмушанай дыскусіі раптам знайшлі адпаведнік “Вайне і міру” ў новым беларускім кантэксце. Гаворка аб праекце збору твораў самога Аляксандра Лукашэнкі. Прапагандыст Валер Шумілаў прапанаваў ідэю, а кіраўніцтва Саюзу пісьменнікаў яе падтрымала.
Нагадаю, што сучасныя эпапеі ўзроўню талстоўскае “Вайны і міру” і шолахаўскае “Паднятае цаліны” – сацыяльная замова літаратарам, сфармуляваная Лукашэнкам у 2014 годзе. Ён папракнуў беларускіх аўтараў у ідэйным расколе, а лаяльнасць дзяржавы і фінансавае падтрыманне гарантаваў толькі ў абмен на вялікі – ува ўсіх сэнсах – твор.
І вось, выглядае, функцыянеры ад літаратуры нарэшце расшыфравалі прэзідэнцкі намёк і прынялі правільнае рашэнне. Геніяльнае і простае. І я амаль не іранізую.
Эпас “эпохі Лу” ўжо напісаны. Засталося яго фарматаваць і аформіць. Тэксты, аўтарызаваныя правадыром, – тое, што трэба. Праца над іх укладаннем і выданнем тэхнічна нескладаная і пры гэтым прыбытковая для індустрыі афіцыйных аўтараў, бо выліваецца ў салідны праект для засваення бюджэтных сродкаў. І апраўдвае факт існавання літаратурнай арцелі ў дзяржаўнай вертыкалі.
Ёсць сігналы, што кіраўніцтва Саюзу пісьменнікаў прыняло ідэю ўсур’ёз і здольнае падысці да выканання прафесійна. Дзейны старшыня Алесь Карлюкевіч назваў ідэю выдатнай і заявіў, што важна захаваць “дакладнасць цытатаў і крыніцаў”. А вось Мікалай Чаргінец задаў новаму літаратару высокую планку: “Аляксандр Рыгоравіч, шукайце тую асадку (…) і давайце, прашу, бярыцеся за кнігі — яны вельмі патрэбныя нашаму народу”.
Па гэтых рэакцыях выразна прасочваецца змена вех у праўладным Саюзе. Ад пісьменнікаў старое фармацыі, якія мысляць літаратурным тэкстам толькі нешта створанае спецыяльна, ініцыятыва пакрысе пераходзіць да прафесіяналаў, якія разумеюць літаратуру згодна з глабальнымі трэндамі. Калі Святлана Алексіевіч атрымала літаратурнага нобэля за апрацаваныя інтэрв’ю сведкаў і ўдзельнікаў розных падзеяў, што яшчэ нядаўна лічылася рамяством журналіста, то чаму нельга выдаць прамовы ды інтэрв’ю Лукашэнкі за 30-гадовую гісторыю ягонай улады, пераасэнсаваўшы яго як пісьменніка?
На жаль, да канца верасня не з’явілася ніякай канкрэтыкі, ці рыхтуецца ўжо хоць бы першы том такога збору. Не агучылі і канцэпцыі, структуры і прыкладнага зместу выданняў. Зарганізуюць збор твораў храналагічна (традыцыйным чынам – не рэкамендуецца, бо давядзецца пачынаць з хаатычных у ідэйным плане 1990-х) ці паводле жанраў (наватарскі падыход, ужыты, напрыклад, на схіле дзён Алесем Разанавым і часткова Нілам Гілевічам, якія паспелі ўкласці аўтарскія зборы твораў пры жыцці)? Пытанняў нямала. Відавочна адно: ідэю агучылі ў межах негалоснай устаноўкі прапаганды пачынаць “мяккі” культ асобы Лукашэнкі. “Аблудная сціпласць” лідара канчаткова пераадоленая атачэннем.
Але калі падысці да выканання сумленна, то сумленна выкананая праца над фаліянтамі не будзе марная пры любых уладах, бо прыдасца палітолагам, гісторыкам ды іншым адмыслоўцам. Адным словам, плённае вам працы, шаноўныя калегі.
Яшчэ пару словаў пра канферэнцыю да 90-годдзя Саюзу пісьменнікаў. Яна нагадала пра канфлікт пераемнасці, які мае месца ў літаратараў Беларусі з 2005-га. Паводле ўсіх прыкметаў (архіў, бібліятэка, картатэка чальцоў) пераемнасць з заснаванай у 1934 годзе арганізацыяй Купалы і Коласа мае зліквідаваны 1 кастрычніка 2021-га незалежны Саюз пісьменнікаў. Але ўльтыматыўна заяўляе пра пераемнасць, як мы бачым, афіцыйны Саюз. Гэтак, можна канстатаваць спецыфічную ўнутрыбеларускую разнавіднасць культурнай апрапрыяцыі, калі надзеленыя ўладаю суб’екты прысабечваюць дасягненні паражаных у правах апанентаў.
Звонку: Harecki
Калі меркаваць са стужкі парталу bellit.info, на канец верасня новыя выданні размеркаваныя паміж выдавецкімі ініцыятывамі ўнутры і звонку прыкладна ў прапорцыі 1:1. Для параўнання, яшчэ год таму мы канстатавалі перавагу на карысць унутрыбеларускіх выдаўцоў як 2:1. Але такі парытэт, на жаль, быў дасягнуты не павелічэннем актыўнасці эмігранцкіх выдавецтваў, а зніжэннем магчымасцяў выдаўцоў унутры. Пры гэтым прапорцыя 1:1 дзеіць і ў Беларусі – такі сёння баланс кніг, выдадзеных дзяржаўнымі і незалежнымі выдаўцамі.
У папярэднім абзацы я, вядома, ацэньваю кнігі, якія ёсць феноменам літаратуры: выключаем са статыстыкі навучальныя дапаможнікі і працоўныя сшыткі з контурнымі мапамі. Затое залучаем навуковыя манаграфіі(працаўнікі НАН РБ) або мульты паводле дзіцячых вершаў (Андрэй Скурко).
Літаратурны працэс па-беларуску ўсё яшчэ вонкава непадзельны: за мяжою выдаюцца кнігі аўтараў, якія застаюцца ўнутры (так, зборнік паэзіі Наталлі Кучмель “Заталое” выдалі ў выдавецтве “Пфляўмбаўм”, зборнік паэзіі Аксаны Данільчык “Час знешняй адсутнасці” – у “Skarynapress”). Як вынік (паводле ацэнкі аўтара гэтага агляду) усплёску грамадскай актыўнасці ў дыяспарах, што адбыўся ў 2020 годзе, да літаратурнага поля прымыкаюць новыя гульцы. Шэраг беларускіх актывістаў за мяжой усё больш упэўнена рэалізуе сябе ў літаратурнай і кніжнай справе. Ініцыятывы Audiobooks.by (ЗША – Польшча) або згаданае лонданскае выдавецтва “Скарына” – ужо адносна даўнія прыклады. У верасні прыйшла навіна пра выхад англійскага перакладу раману Максіма Гарэцкага “Дзве душы” ў перакладзе Вольгай Яноўскай у беларускім выдавецтве Grunwald Publishing у Канадзе. (Цяжка сказаць, з чым звязанае азначэнне жанру кнігі як historical fiction, хіба што з нейкай унутрыамерыканскаю логікаю кніжнага рынку. На справе “Дзве душы” – сацыяльна-філасофскі раман пачатку ХХ стагоддзя, які па гарачых слядах асэнсоўваў пэўныя працэсы ў беларускім грамадстве. Але, як той казаў, абы на дабро.)
У верасні ў Варшаве абвясцілі лаўрэатак паэтычнае прэміі імя Наталлі Арсенневай за 2022 і 2023 гады, раскрылі імя лаўрэаткі прэміі за 2021-ы (дасюль ананімнае). У храналагічным парадку: Дар’я Бялькевіч, “Слёзы на вецер (“Янушкевіч”); Наста Кудасава, “Побач” (“Скарынічы”); Ганна Шакель, “Цела мігдалу” (“Вілма”). Адметна, што тут таксама нельга адрозніць кніг паводле месца выдання, а акумуляваны ў іх досвед – адназначна ўнутрыбеларускі.
Адразу дзве беларускі з Нарвегіі з кагорты літаратурных перакладніц і фасілітатарак беларускага літпрацэсу за мяжою (рэ)актуалізаваліся як аўтаркі. Выйшаў зборнік дакументальнае паэзіі Марыны Хоббель “(Не)магчымасць пісьма” (hochroth Minsk), Дар’я Шут выдала кнігу па-нарвежску аўтафікшн Frihetens pris: min far, jeg og diktatoren(“Цана свабоды: мой бацька, я і дыктатар”, Vigmostad & Bjørke, Осла), у якой расказвае пра свае 1990-я вачыма дачкі апазіцыйнага Лукашэнку палітыка.
Шэсць месяцаў, якія ахоплівае гэты агляд, паказалі, што выдатныя праекты, створаныя цягам апошняга дзясятка гадоў у Беларусі, нібы той Цой, не памерлі, а проста выходзілі пакурыць. Гэтак, у жніўні – верасні Беларускі ПЭН аднавіў перакладніцкую майстэрню Андрэя Хадановіча. Ізноў пачаў працу праект wir.by. За тры летнія месяцы Марына Казлоўская і Дар’я Бялькевіч запісалі 12 відэакастаў з серыі “Спіс на лета”, якімі “Вір” працягвае сваю стратэгію анімацыі літаратурнай адукацыі. Заўважна, што названыя праекты моцна залежаць ад донарскага падтрымання, пра што сведчыць характар іх працы: непрацягла, але інтэнсіўна. Добра, што онлайн-кантэнт, як той вітамін D, здольны назапашвацца, пакуль свеціць сонейка, і можа сілкаваць спажыўца да маразоў.
Яшчэ адна ўмоўная рэінкарнацыя – беларусы зноў могуць падтрымаць рублём (або, хутчэй, іншаю валютаю) культурніцкія праекты для беларусаў. З’ява краўдфандынгу (да 2020 года ў нас былі Talaka, Ulej) аднавілася па-за байнэтам на партале з вельмі падобнаю зборнаю назваю “Гронка”. Ладная частка збораў – вядома ж, на кнігі або на літаратурныя мультымедыі.
Поле белліту мае выразныя абмежаванні не толькі ў Беларусі, але і па-за ёю. Звонку рост праяўляецца ў інтэнсіўнай стратэгіі: маем па два-тры ўраджаі з аднаго надзелу за сезон. Паэтка Юля Цімафеева выступіла як драматург з п’есай “Экстрэмісты”. Альгерд Бахарэвіч – як аўтар young adult раману “Капітан Лятучая Рыба”. Аўтары парталу “Літрадыё” Павал Анціпаў і Андрэй Дудко заснавалі дадатковае выдавецтва пры сваёй ініцыятыве, назваўшы яго “Лысы чэрап” (паводле расійскамоўнай мацернай ідыёмы). Выдавецтва анансаванае фактам выдання раману Канстанціна Сцешыка “Каждый охотник”, напісанага ў 2020–2022 гадах. Audiobooks.by перайшлі да выдання папяровых кніг у дадатак да сваіх чытанак голасам: пабачыў свет раман “Марсіянін” Эндзі Ўіра, апублікаваны ў 2014 годзе і экранізаваны сёлета. Перакладнікам пазначаны Тодар Сом. Інсцэнізаваныя “Зэкамерон” Максіма Знака (“Вольныя купалаўцы”) і “Па што ідзеш, воўча?” Святланы Курс (InexKult).
Знутры навонкі: культура адмены белліту?
У ліпені незалежны кніжны рынак працягнуў цярпець ад санкцыяў, накладзеных на афіцыйную Беларусь праз суўдзел у ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Выдавецтву “Янушкевіч”, зарэгістраванаму на сёння ў Польшчы, адмовілі ў правах на выданне 4-й і наступных кніг пра чараўніка Гары Потэра па-беларуску. У сеціве стварылі петыцыю да агенцтва Blair Partnership з просьбаю скасаваць такую пастанову. На канец верасня яе падпісалі больш за 1700 чалавек. Гэты выпадак, выглядае, не адзінкавы. Прынамсі, паводле ўскосных прыкметаў можна вылічыць, што кампанія Moomin Characters, што валодае брэндам мумі-троляў і да якой нядаўна перайшлі правы ў тым ліку на кнігі Тувэ Янсан, не дазваляе выдаўцу Змітру Коласу скончыць беларускае выданне серыі (пакуль у Мінску выйшлі 7 кніг з 9). Вядома і пра іншыя адмовы выдаўцам, якія не агучваюцца з меркаванняў прэстыжу.
Пры гэтым выдавецтва “Янушкевіч” трапіла ў траўні ў кароткі спіс Прэміі Міжнароднай асацыяцыі выдаўцоў (IPA) Prix Voltaire 2024, уручэнне якой адбудзецца ў снежні. А ў верасні Андрэй Янушкевіч і ягонае выдавецтва атрымалі International Freedom to Publish Award Асацыяцыі амерыканскіх выдаўцоў. Томас Вайлер атрымаў Прэмію Паўля Цэляна за пераклад бахарэвіцкіх “Сабакаў Еўропы”. Кнігі іншых заходніх аўтараў выходзяць па-беларуску без перашкодаў. З тых, на якія патрэбны патэнт: С. Кінг, Дж. Р. Толкін (“Янушкевіч”), ужо памянёны вышэй “Марсіянін” Э. Ўіра, Э. М. Рэмарк ды інш. Гэтак, можна меркаваць, што пастановы пра забарону – выключна індывідуальныя і звязаныя найперш з мінімізацыяй іміджавых рызык для тых ці іншых глабальных кампаніяў. На жаль, варта канстатаваць: беларуская сітуацыя з раздвоенасцю грамадскае супольнасці і культурнага поля спецыфічная, і гэтай дваістасці на сусветным узроўні мы дасюль не патлумачылі.
Унутры і звонку: Гамэр і Быкаў
Галоўная інфанагода беларускае прапаганды – 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нацыстаў – у краіне наўпрост датычыла літаратуры. Напрыклад, цалкам у рэчышчы сучаснага грамадства спектаклю на Дні беларускага пісьменства ў Івацэвічах (1 верасня) прайшоў школьны конкурс майстэрства дэкламацыі “твораў пра вайну”. Падача гэтае важнае для прапаганды тэмы літаральна за пару гадоў змянілася: па-ранейшаму мае месца рэстаўрацыя савецкага наратыву пра наш гераічны подзвіг поплеч з расійцамі, але разам з тым у старую метадычку ўвялі новы, узаемавыключальны параграф пра “генацыд беларускага народу” падчас акупацыі 1941–1944 гадоў. Беларусы ў гэтай паспешліва выбудаванай перспектыве выступаюць адначасова як народ-герой і народ-ахвяра. Адзінае выйсце чалавека ў такім наратыве – не ўдаючыся ў дэталі, адпрацаваць нумар і забыць. Бо сур’ёзнае стаўленне і спроба асэнсаваць абноўленае пасланне ідэолагаў можа выклікаць разлад асобы і прымусіць задаваць пытанні, за якія гарантаваны турэмны тэрмін.
Некаторыя эксперты назвалі калялітаратурны афіцыйны наратыў культурнай апрапрыяцыяй уладамі памяці пра Васіля Быкава. Напэўна, гэты тэрмін сапраўды пасуе як найлепш. Яшчэ крытыкі асцярожна называюць гэта “рэабілітацыяй” Быкава, хоць выдатны пісьменнік нібыта ніколі не быў рэпрэсаваны. 100-гадовы юбілей класіка прайшоў больш як сціпла, калі казаць пра візуальны шэраг і падзеі. На афіцыйным узроўні гэты 100-гадовы юбілей Літаратара і Асобы прыкрылі безаблічным 80-годдзем вызвалення Беларусі. Незаўважна, фактычна цішком, у Коласаўскім тэатры ў Віцебску паставілі спектакль паводле “Сотнікава” (прэм’ера – 10 траўня). У РТБД у Мінску інсцэнізавалі “Альпійскую баладу” (прэм’ера – 6 траўня). Абышліся без забаронаў, але не атрымалі належнага асвятлення і акадэмічныя ды музейныя імпрэзы з нагоды юбілею Быкава. Жыхарам Віцебшчыны дазволілі правесці сціплую вечарыну ў Бычках, на радзіме пісьменніка. Травеньскі і чэрвеньскі нумары “Роднага слова” выйшлі без купюраў, змясціўшы пад маркаю 80-годдзя вызвалення метадычныя матэрыялы для выкладання творчасці Быкава ў школах. Што называецца, і на тым дзякуй.
У незалежнай прасторы адбыліся імпрэзы памяці Быкава на офлайнавых замежных і онлайн-пляцоўках. Тэматычнае выданне “Стагоддзе Быкава” ажыццявіла ў чэрвені pdf-газета “Літаратурная Беларусь”. У віленскім ЕГУ ў канцы верасня прайшла камерная міждысцыплінарная канферэнцыя “Франтавая лінія Васіля Быкава: паміж літаратурай і кіно”.
У цэлым, можна сказаць, што навекі жывы класік ХХ стагоддзя сустрэў свой 100-гадовы юбілей у рабочым парадку. Тон памятных імпрэзаў па абодва бакі беларускае мяжы / лініі фронту і блізка не стаіць з тым карнавалам, якім літаратурныя ініцыятывы панадзіліся адзначаць штовосень юбілей Уладзіміра Караткевіча. (Паглядзім, дарэчы, што падрыхтуюць беларусы Беларусі і свету налета, на 95-годдзе апошняга). Цалкам імаверна, розніца ўспрымання вынікае з характару асобы Быкава і пафасу ягонае творчасці. Але Быкава і Караткевіча лучыць адно: узровень размовы пра іхныя творы цалкам адмятае тэзу постмадэрністаў, маўляў, усё ўжо асэнсавана і засвоена сусветнаю культураю, і доля творцаў у ХХІ стагоддзі – паўтарэнне і тыражаванне. Належным чынам Быкаў і Караткевіч дасюль не асэнсаваныя і не засвоеныя. Гэтую прыемнасць беларусы яшчэ маюць наперадзе.
Безумоўна, падзеяй паўгоддзя можна назваць выхад “Іліяды” Гамэра ў беларускім перакладзе Лявона Баршчэўскага. Спярша кнігу выдалі па частках у краіне, у “Энцыклапедыксе”, а ў верасні ў “Полацкіх лабірынтах” пабачыў свет экспартны варыянт выдання. Трэба зазначыць, што высокакваліфікаваную, акадэмічнага ўзроўню працу ў гэтым выпадку ажыццяўляе інтэлектуал, якога астракізуе афіцыйны дыскурс. Ніводнага паведамлення пра выданне на афіцыйных рэсурсах мы не пабачылі. Магчыма, таму, што дата вызвалення Троі ахейцамі ад траянскіх жа захопнікаў сёлета някруглая.
На шчасце, паводле закону, беларускамоўнага Гамэра можна знайсці ў каталогах галоўных бібліятэк у краіне.
Ізноў унутры: Лукашэнка як гладыятар
Верасень на афіцыйным узроўні адзначыўся культывацыяй гістарычнае даты 17 верасня 1939 году пад соусам Дня народнага адзінства. У міфалогіі рэжыму пасля 2020-га гэты дзень – сімвалічнае ўз’яднанне “розных Беларусяў”, што пазіцыянуецца ўладамі як пераадоленне расколу ўжо сучаснага грамадства. У гэтай рыторыцы на ўсіх узроўнях адчуваецца фальш, бо на справе раскол акурат мацнее: не працягваюцца кантракты ў сферы культуры, звязаныя з літаратураю творцы трапляюць у турмы або змушаныя пакідаць краіну.
Менавіта ў гэты дзень апублічылі новы прадукт прапаганды – “Баладу пра дыктатара”. У парадку выключэння прааналізуем яго як літаратурную з’яву – хоць бы таму, што больш ніхто з калегаў не наважыцца або пагрэбуе гэта зрабіць. Найперш пералічым імёны стваральнікаў, названыя афіцыйнымі СМІ. Аўтар тэксту “Балады…” – расійскамоўны паэт з Малдовы Павел Дуганаў. Вядомы мацернымі творамі аўтар упершыню – з павагі да высокага жанру і апяванай асобы адрасата – не ўжыў у тэксце табуяванае лексікі. Аўтар музычнае кантаты на гэтыя словы – кампазітар Валерый Шмат, выканала кампазіцыю арт-група “Беларусы”. Відэашэраг падрыхтаваў більд-рэдактар газеты “Беларусь сегодня” Максім Шніп. Прадзюсавала цэлае, як выглядае, асабіста памочніца Лукашэнкі Наталля Эйсмант.
У вершы, які лёг у аснову кантраверсійнай оды, ужыты даволі вядомы прыём падмены кодаў: панятак, шырока прызнаны негатыўным, спрабуюць пераасэнсаваць у пазітыўным сэнсе. Гучыць словазлучэнне “дыктатура справядлівасці і дабра”. “Дыктатар” у прыпеве рыфмуецца з “гладыятар”: з ім, уласна, і параўноўваюць А. Лукашэнку.
Хоць П. Дуганаў, як належыць сапраўднаму мужчыну, і звяртаецца тут у думках да рэаліяў Рымскай імперыі, але ці то не надта ў іх абазнаны, ці то здзяйсняе паэтычную дыверсію. Гладыятары былі рабамі, якіх прымушалі браць удзел у бязлітасных цыркавых шоу, дзе альтэрнатываю смерці ад іклаў дзікіх жывёлінаў ці мяча субрата было вызваленне ад рабства. Яго атрымлівалі адзінкі. А той гладыятар, якога мог мець за прататыпа паэт, уласна Спартак, быў паўстанцам (у сучаснай беларускай палітычнай рыторыцы – “пратэстуном”), які выступіў супраць легітымнай улады Рымскага сенату, кансалідаваў вакол сябе да 100 тысячаў змагароў і загінуў у бітве ў 71 годзе да нашай эры.
Пра што ўвогуле тады гэтая песня?
Адметна, што і ў “Баладзе…” заўважныя сляды культурнай апрапрыяцыі. У тэксце Беларусь – зямля, дзе тварылі Колас і Купала. Пры гэтым у канцы жніўня на раённым узроўні ў Барысаве верш Янкі Купалы “Хто ты гэткі” прызналі экстрэмісцкім.
Ці ў гэтым выпадку згадка Купалы – не апрапрыяцыя, а чарговая правакацыя? Наталля, калі вас трымаюць у закладніках, пры наступнай прамове трымайце ў руках па пляшцы “Масандры”.
У цэлым прадукты эйсмантаўскае прапаганды апошняга часу даюць уяўленне пра тое, які ўрок атрымаў рэжым па выніках 2020-га. Яны зразумелі, што ў папярэднія гады прэзідэнцкі пул моцна запусціў эстэтыку. Дакладней, на гэты аспект увагі наагул не звярталася, дызайнам праўладнага дыскурсу займаліся або спецыялісты-няўмекі, або “простыя людзі”: трактарысты, якія складалі сцірты саломы для “Дажынак”, буфетніцы на выбарчых участках, якія выкладалі контуры Беларусі рознымі гатункамі сала, бібліятэкары, настаўнікі, вахцёры дзяржаўных установаў… За апошнія гады – прыблізна з моманту запуску “Мэрча першага” – адчуваецца, што за справу ўзяліся прафесіяналы. Наталля Эйсмант робіць гэта асабіста або расійскія адмыслоўцы разжавалі беларускую спецыфіку і выпраўляюць свой незабыўны факап са слоганам “Ябацька” – цяжка сказаць. Але варта зазначыць: як бы адмыслоўцы ў PR’ы беларускае дыктатуры ні ўдасканальвалі візуальнага шэрагу і праўладнага сторытэлінгу, гэта запозненая захада.
Постмадэрнісцкія прыёмы, ужытыя ў “Баладзе пра дыктатара”, не сягаюць мэты. У 2020-м былі жорстка збітыя і паміралі людзі. Абараняючы чырвоныя і зялёныя стужкі, чатыры гады таму забілі Рамана Бандарэнку. У наступныя гады ў турмах памерлі адны палітвязні, а катаванні іншых працягваюцца і сёння. Усё гэта змясціла акцэнты з эстэтыкі на этыку.
Калі нешта і зможа ўнесці пазітыўныя канатацыі ў тэрмін “дыктатар” на гэтым этапе, то гэта вызваленне тысяч асобаў, арыштаваных з палітычных матываў, і апяванне гэтае падзеі хоць ямбам, хоць харэем, хоць у стылі хіп-хоп.
Гэта адзіны творчы прыём, які я магу параіць сёння праўладным літаратарам.
Музыка: Замаруджаны броўнаўскі рух, або Падрыхтоўка да падрыхтоўкі
Стос праблемаў беларускіх музыкаў застаецца неразвязаным, але актыўнасць асобных суполак, што дзеюць на гэтым полі, пакуль што стрыманая. Затое музыкі ў эміграцыі, прабыўшы дастатковы час на чужым полі, пакрысе яднаюцца з мясцовымі прафесіяналамі. Фестывалі за мяжою захоўваюць пазіцыі і паўтараюць гісторыю папярэдняга сезону, але арганізатары не могуць дамовіцца. Прастору ж у Беларусі займаюць дзяржаўныя ідэалагічныя імпрэзы і расійскія шоу, а кожны лапік альтэрнатыўнае музыкі выглядае цудам і робіцца звышкаштоўным. Пост-панк з беларускімі каранямі ўхваляецца Захадам, але трапляе пад каток беларускага крытыка. Ці ёсць у гэтым усім логіка? Давайце паглядзім.
Супраца з замежнікамі
Колькі ўдалых міжнародных калабарацыяў здарылася за апошнія паўгоду. Гурт “Союз” запісаў сінгл са шведскім музыкам Свэнам Вандэрам і спявачкай Ашай Путлі з Індыі. У песні Галі Чыкіс зайграў фінскі музыка Jaakko Eino Kalevi. У іншым фіце паядналіся артысткі з Падляшша, Беларусі і Анголы: Sw@da і Niczos, Анастасія Рыдлеўская (Anastasia Rydlevskaya) і Lua Preta стварылі разам трэк адразу на трох мовах.
Гісторыі супрацаў здараліся не толькі на полі рэлізаў. Palina напісала музыку для французска-мараканскага брэнду адзення Casablanca. Польскі Vogue апублікаваў артыкул пра беларускі хор Spievy і запрасіў дзяўчат выступіць на сваёй штогадовай імпрэзе. Брытанскі музычны часопіс The Wire напісаў пра Віктара Сямашку і ягоны праект Fantastic Swimmers. Віталь Алексяёнак, які з 2022 года працуе ў Нямецкай оперы на Рэйне, стаў яе галоўным дырыжорам на найбліжэйшыя тры сезоны. Суполка Create Culture Group зарганізавала музычную лабараторыю Perfaratar Music Lab, дзе сабрала разам 10 музыкаў з Беларусі і Літвы. Вынікі іх супольнай працы можна паглядзець у гэтым відэа.
Амаль заўжды за гэтымі кейсамі стаяць музыкі ў эміграцыі. Гвалтоўна апынуўшыся на новым полі, праз час яны ўсё ж пачынаюць яго даследаваць.
Стрыманы рух на полі незакрытых патрэбаў
Супольнасці, якая стала рупілася б пра інтарэсы беларускае музыкі, усё яшчэ не існуе. Але асобныя каманды ўжо робяць пэўныя дзеянні на гэтым полі.
Актыўнасці суполкі Belarus Outside Sound System прасочваюцца ў двух кірунках. На сваім канале Belarus Music Export цягам паўгоду яны збіралі магчымасці для прадстаўнікоў музычнага руху Беларусі. Наколькі часта імі карыстаюцца, прасачыць пакуль складана, але каля 500 чалавек прынамсі сочаць за каналам.
Улетку каманда зладзіла дабрачынную імпрэзу ў Варшаве, дзе збірала грошы для дзяцей палітычных вязняў. Сярод іншага на фэсце прайшоў першы выступ Анастасіі Рыдлеўскай, якая ўпэўнена рухаецца да сталага месца на беларускай музычнай мапе, і прэзентацыя праекту Wtbsk, для якога аб’ядналіся Света Бень і Сяргей Навіцкі.
Выглядае, што на гэтых актыўнасцях Belarus Outside Sound System пакуль спыніліся, і, нягледзячы на пэўныя чаканні, новых планаў каманда не раскрывае.
Каманда канала “Клік” выйшла за межы выдання пра беларускую музыку і зняла кліп для Анастасіі Рыдлеўскай. Атрымалася кінематаграфічнае і эфектнае відэа, у здымках якога былі задзеяныя каля 50 чалавек. “Клік” плануе здымаць кліпы і для іншых артыстаў. Такое памкненне вырасла з назірання за сферай і разумення, што беларускія музыкі падчас не маюць ніводнага відэа. А без якаснага прома вельмі цяжка прасоўваць уласную творчасць на хоць якім рынку ці ў сацсетках. Кейс Рыдлеўскай можна залічыць за рух у бок пашырэння дзейнасці “Кліку”, але пакуль можна зафіксаваць хутчэй намер, чымся тэндэнцыю.
Музычнае жыццё ў Беларусі
Сёлетні фестывальны сезон у Беларусі шмат у чым пераняў леташнія трэнды і падыходы. Не адбылася Sprava, а Vulitsa Ezha ў сваёй музычнай частцы спынілася на кавер-бэндах. Фестывалі “Свята Сонца” і “Наш Грунвальд” у “Дудутках” сабралі лайн-ап з беларускіх музыкаў. Буйны і камерцыйны Viva Braslav традыцыйна сканцэтраваўся на расійскіх зорках і прыцягнуў вялізную колькасць наведнікаў: сёлета арганізатары не падалі дакладнай лічбы, але летась гаворка ішла пра 30 тысячаў чалавек. Жанрава падобных артыстаў тыя ж арганізатары ўжо другі раз збіраюць у Нясвіжы, на фестывалі Wostrau.
Агулам жа новыя імпрэзы з поп-выканаўцамі пачалі расці як грыбы. Шэраг расійскіх музыкаў выступіў на фестывалі імя латарэі Belbet. Новы 4k fest запрасіў беларускіх артыстаў, але змяшаў адносна альтэрнатыўных Бакея, Крыўдзіна і Паўлючэнку з лаўрэатамі “Песні году Беларусі” і фіналістамі тэлешоу “Фактор бай”.
Хіба самая шумная новая імпрэза для Мінску – FestiWow на стадыёне “Дынама”. У лайн-апе – гурт «Три дня дождя», «Моя Мишель» i Guf. Выбар артыстаў лёгка кладзецца ў ясную логіку: саліст гурта «Три дня дождя», да прыкладу, адкрыта падтрымлівае вайну ва Украіне, а Guf здаўна слынны выступамі ў Крыме і Данбасе. Вынік: канцэрт у Мінску наведалі каля 15 тысяч чалавек.
Яшчэ больш людзей – каля 20 тысяч – прыйшлі і прыехалі на фестываль “Солнцестояние” ў Пружанах. Тут выступалі старыя расійскія рокеры, якія, вядома, таксама падтрымліваюць вайну: Кіпелаў, Бабунец, Самойлаў і гэтак далей.
Зрэшты, выбар у Беларусі цяпер невялікі, бо побач можна згадаць “Славянскі базар”, які самым “душэўным” сваім канцэртам лічыць выступ артыстаў з “Шансон-ТВ”.
Калі разглядаць драбнейшыя, але больш альтэрнатыўныя івэнты, то тут поле крыху пашырылася: у Мінску наноў адкрыўся клуб “Рэактар”, які быў на паўзе з 2011-га. Пакуль там вечарамі граюць у асноўным беларускі ці расійскі мэтал, і тэхна – начамі. Традыцыйна больш разнастайнасці было ў пераадкрытым зімою “Бруге”, а таксама ў TNT, “Пралетарыяце” і Accidental Point.
Арганізаваць канцэрт у Беларусі – усё яшчэ складаны кўэст. Умовы атрымання гастрольных пасведчанняў можна прыкладна зразумець паводле формы заяўкі на выступ клубу “Рэактар”. Сярод іншага там адразу просяць падаць пералік песень сэту, а таксама поўныя імёны і даты народзінаў кожнага ўдзельніка гурта. Дазволы, як і забароны, выдаюцца хаатычна і несвоечасова. Атрымаць гастрольнае ўсё яшчэ можна толькі праз кагосьці з Рэестру арганізатараў, і тут сябрамі альтэрнатыўнага руху ўсё часцей робяцца філармоніі. Шматлікімі канцэртамі ў “Рэактары”, напрыклад, апякуецца брэсцкая філармонія, а фестываль 4kFest узяла на сябе філармонія ў Мінску.
Фестывалі і канцэрты за мяжою
Большасць беларускай музыкі сканцэнтраваная пераважна ў Польшчы і найперш – у Варшаве. Але правы на музычнае жыццё сёлета заявіў Беласток, дзе адкрылі канцэртную пляцоўку Białystok Music Club. Ім апякуецца аб’яднанне музыкаў, якое існуе ў горадзе другі год. Творцы вырашылі не спыняцца на супольнай студыі і арганізацыі канцэртаў у мясцовым пабе, з канца жніўня пачалі развіваць новую пляцоўку. Там ужо выступілі Naviband, Relikt і “Разбітае сэрца пацана”, і выглядае, што цяпер гэты клуб матывуе граць у Беластоку нават тых, хто раней пра гэта не думаў. Беларус з’яўляецца там, дзе ўжо ёсць іншы беларус.
Фестывальны сезон захаваў пазіцыі мінулага года, а галоўным гэдлайнерам сёлета стаўся гурт “Разбітае сэрца пацана”, які зайграў ледзь не на кожнай імпрэзе. Фэст Tutaka, што праходзіць на месцы былога “Басовішча”, перарос у трохдзённы фармат і займеў уласны цягнік з Беластоку. Кракаўскі Letucień, хоць і меў праблемы з фінансаваннем, сабраў добры лайн-ап і заматываваў прыехаць беларусаў з розных кутоў Польшчы. Варшаўскі клубны “Грай” зарганізаваў амаль класічную рок-сцэну і запрасіў маладых музыкаў для дзённай часткі. Здзівілі ў гэтым сезоне два ўжо сталыя варшаўскія фестывалі – Hučna Fest, і Varušniak, бо іх зладзілі ў адзін і той жа дзень. Каментары ў медыях сведчаць, што арганізатары Hučna Fest спрабавалі дамовіцца з другім фестывалем загадзя і паведамілі свае даты, а арганізатары “Варушняка” пастанавілі адштурхоўвацца ад іншых фактараў і вялікай праблемы ў двух фестывалях за адзін дзень не бачаць.
Падобныя рэчы здараюцца не ўпершыню. Да прыкладу, 1 чэрвеня ў Варшаве ладзілася адразу пяць беларускіх музычных імпрэзаў. Яны былі раскінулыя па ўсім горадзе, але збіваліся ў адзін часавы прамежак. Часта арганізатары не стасуюцца між сабой, а часам ігнаруюць івэнты калегаў і ствараюць канкурэнцыю там, дзе яе магло б не быць. Зразумець гэта яшчэ цяжэй, калі згадаць колькасць еўрапейскіх культурніцкіх падзеяў, што таксама займаюць увагу беларускай аўдыторыі. І хоць варшаўскай публікі можа хапіць на ўсіх, такія паводзіны арганізатараў падаюцца недальнабачнымі.
Пост-панк і яго беларускі крытык
Гурт “Молчат дома” прэзентаваў альбом “Белая полоса”, чым выклікаў гарачую дыскусію і падзяліў беларускую публіку на два бакі. Адныя захапляюцца новым рэлізам і развіццём гуку музыкаў. Іншыя мяркуюць, ш hiто ў ім зашмат запазычванняў, а гэта зніжае мастацкую вартасць. Зрэшты, меркаванні гэтыя гучалі хіба толькі ў каментарах у сацыяльных сетках. Буйныя беларускія медыі засталіся да навіны абыякавымі: Onliner, напрыклад, навіну праігнараваў, а на “Зеркале” рэліз згадалі толькі ў падборы навінак за верасень у раздзеле “Падвал”. Замежныя медыі паставіліся да “Молчат дома” з большай увагай: пра альбом напісалі ў Associated Press, Pitchfork, Financial Times ды іншых выданнях.
Незалежна ад пазітыўных рэакцыяў ці крытычных выказванняў публікі, справы ў каманды ідуць добра. Іх паказнікі толькі на Spotify дасягаюць 3,1 млн слухачоў за месяц (гурты Foals і The Chemical Brothers маюць параўнальныя рэйтынгі). У кастрычніку гурт выправіўся ў вялікі еўрапейскі тур. На канцэрт у Варшаве квіткі разышліся за 2 месяцы да выступу. Дасюль “Молчат дома” выступалі ў Кітай. Падобную геаграфію гастроляў мае таксама гурт Nurnberg: увесну яны зайгралі ў сямі гарадах Кітаю, а цяпер ездзяць з канцэртамі па Еўропе.
Спробы рэйтынгаў
Апошнія некалькі гадоў адзінымі “рэйтынгамі”, куды маглі трапіць беларускія артысты, былі хіба што спісы “Найлепшыя альбомы году” паводле версіі пэўнага выдання, крытыка ці слухача. Сёлета мы зазначылі некалькі спробаў гэтую сітуацыю разварушыць, але ўсе яны засталіся бачныя скрайне вузкаму колу людзей.
“Новая Беларусь” запусціла галасаванне за найлепшы саўндтрэк лета 2024. Галасаваць можна было цягам 5 дзён, і перамагла песня “Мама” гурта Naviband. Цяжка сказаць, ці паводле гэтага рэйтынгу можна сапраўды замераць інтарэс слухачоў, бо няясна, колькі карыстальнікаў прылады прагаласавала. Але і мэты апытаць як мага больш людзей тут не было.
Крыху інакшай была гісторыя прэміі Uwaga!, якую пазіцыянавалі як першую музычную ўзнагароду эміграцыі. Яна з’явілася з ініцыятывы двух чалавек – былога дырэктара мінскага клубу “Графіці” Аляксея Ажогіна і радыёвядоўцы Марыны Савіцкай. Мэтаю сталася падтрыманне музыкаў і “пачуццё дому”, што, відаць, і абумовіла далейшыя складнікі. Каб нікога не абмінуць увагай, увялі 11 намінацыяў. Першыя месцы за альбом і песню году забраў Leibonik, а найлепшаю падзеяй прызналі фестываль “Варушняк”. Былі і даволі нечаканыя выбары. Намінацыі “Гурт году” і “Выканаўца году” развялі, і апошнюю падзялілі між сабой Аляксандр Памідораў і Ketevan. Клубам году прызналі “Сцэну Хмельну” – на той момант пляцоўка была фактычна адзіным беларускім музычным клубам, а змагаліся за званне побач з ёю Беларускі маладзевы хаб і Беларускі дом у Варшаве. Агулам жа тут самае сумнае, што падзея не прыцягнула ўвагі нават залучаных у музычнае жыццё асобаў. На ўручэнні прэміі прысутнічалі каля 50 чалавек. Не дайшла нават частка тых, хто мусіў атрымаць узнагароду. Ніхто не паспрачаўся ў сацыяльных сетках і не пакінуў ні ўсцешанага водгуку, ні расчараванага допісу.
Так ці інакш, фіксацыя падзеяў, меркаванняў і хоць які рух па-за рэлізамі мусілі б існаваць, і думкі ў гэтым кірунку цешаць, але форма пакуль відавочна не працуе.
Арт: мова цела, акцыянізм і зварот да прыроды
Цяжка паспяваць за колькасцю падзеяў, геаграфія беларускага даўно шырэйшая за контур краіны. У раскладзе на тыдзень толькі панядзелак не адаб’ецца адкрыццём альбо акцыяй, але і гэты дзень – толькі фармальны выходны, бо сеціва не спыняе працы, дае падставы для разважанняў пра нашае мастацтва. За паўгода 240 разоў – і, хутчэй за ўсё, мы памыляемся – гледачы сутыкнуліся з артыстычнымі выказваннямі беларусаў у публічнай прасторы. Даўно немагчыма ахапіць неабдымнае. Можна толькі сціпла спадзявацца, што ў такой плыні і колькасці падзеяў не згубіш сэнсу і каштоўнага.
Нацыянальны дыскурс vs супольны свет
Прэса не дазваляе нам адхіліцца ад актуальнае павесткі, аднак паміж галоўнымі пагрозамі – вайной і турэмным зняволеннем – большасць беларускіх медыяў па-ранейшаму не звяртае дастатковай увагі на культурны генацыд. Быццам тое, што разбурае, важнейшае за тое, што стварае. А можа, з нашым мастацтвам не ўсё так дрэнна і яно само будзе ў стане сведчыць пра дзве важныя рэчы, якімі і характарызуюць дасягненні культуры: вольнасць чалавека і ягоная здольнасць да самарэалізацыі
Магчыма, менавіта ў такі час дэгуманізацыі ды расчалавечвання, і далей – эпохі новых тэхналогіяў шалёнага тэмпу, якія імкнуцца вырвацца з-пад нашага кантролю, мова цела робіцца асабліва запатрабаванай, а вобраз чалавека, што распадаецца, змяняецца прысутнасцю ягонае постаці як мастацкага аб’екту. Перфармансіўнасць – здаецца, самы заўважны трэнд у сучасным беларускім мастацтве. У такім кароткім аглядзе немагчыма падрабязна разгледзець усю разнастайнасць пластычных і тэматычных рашэнняў у межах гэтага жанру, тым больш дакладна прааналізаваць яго форму.
Відавочныя імкненні мастакоў выйсці за межы канкрэтнага жанру. Нястача ўвагі, складанасць сацыялізацыі ді эгацэнтрызм творцаў не толькі вядуць да простае мовы, але і да тэатралізаванага, эксцэнтрычнага выбуху. Імкненне вярнуць цэласнасць страчанага і разам з тым жаданне стацца часткай агульнага новага свету вядзе да супольнасці відовішча. Пра гэта можа сведчыць імкненне ўцягнуць у твор як мага больш не толькі ідэяў і сэнсаў, але і ўдзельнікаў. Сацыялізацыя і ўзаемны абмен, пераадоленне адасобленасці і абмежаванняў кампетэнцыі вядуць да эйфарычнага пачуцця сюрпрыз-падзеі, адкрыцця невядомага. Аднак нерэалізаваныя спадзяванні пераўтвараюцца ў сумныя мітынгі гэпэнінґу наадварот. Таму сам рух – цела, аб’ект або выява – імкнецца стацца метафараю жыцця, але гэта пошук формы і даўняя барацьба з неразвязальным пытаннем часу. Вобразы даўно ператварыліся ў гукі, а саўнд стаўся часткаю візуальнае культуры, і мы чуем гэты крык, як рык аголенага да нерва цела мастака.
25.05.2024
- Ірына Ануфрыева, Д’ямэнда Ґалас
- 38. Dni Sztuki Współczesnej: Void / Pustka
- Akademia Teatralna im. A. Zelwerowicza
- Беласток
14. 06. 2024
- Воля Сасноўская і Эльске Розэнфэльд
- Archive of gestures: becoming in/visible
- Biennale Ve věci umění / Matter of Art
- Národní galerie Praha – Veletržní palác
- Прага
8.06.2024
- Эвеліна Домніч і Дзмітры Гельфанд
- Force Field
- Tumult #6: Alchemy Unveiled
- Willem Twee Toonzaal
- с’Эртахэнбос
Акцыянізм сапраўды стаўся ў гэтым сезоне медыйнаю падзеяй, поўнаю спрэчак і дыскусіяў, вяртаючы пачуццё грамадскага кругавароту і выходзячы за межы вузкага нацыянальнага дыскурсу. Акцыя застаецца інструментам не толькі палітычнага пратэсту, але і нагадвае тэму аўтаноміі радыкальнага мастацкага выказвання, якое не так проста паддаецца кантролю і камерцыялізацыі.
07.06.2024
- Яна Шостак
- Otwarta pracownia
- Łzy szczęścia
- Zachęta – Narodowa Galeria Sztuki
- Варшава
29.07.2024
- Аляксей Кузьміч
- Renaissance
- Tombe de Vincent van Gogh à Auvers-sur-Oise
- Авэр-сюр-Ўаз
Натура як жыццёвая прастора для творчасці
Прырода робіцца лагічным працягам тэмы чалавека і, магчыма, у нейкім сэнсе нават ратаваннем. “Хавацца ў бульбу”, “бегчы ў лес” – натуральны стан падчас вайны і пераследу. Там, дзе немагчымае паўнавартаснае палітычнае і культурніцкае дзеянне, біяфактар адыгрывае асобную ролю – не толькі псіхалагічна-тэрапеўтычную, але і эстэтычную. Тут, у чалавечых пустэльнях і некантраляваных прасторах, застаецца месца не толькі для волі, але і для адукацыі: прырода заўсёды вучыць новым формам. Як і рэальнае разуменне глабальнай экалагічнай пагрозы, казаць пра якую падчас вяртання на нашую тэрыторыю атамнай зброі – гэта працяг традыцыйнага для Беларусі палітычнага руху. Не варта ўпадаць у ілюзію недастаткова пераадоленага рамантызму нацыянальнага неапаганства, трэба хутчэй звяртацца да сапраўдных навуковых прынцыпаў даследавання свету.
05.04.2024
- Ягор Ягуноў
- Terra Morf
- Skovhuset Kunst & Natur
- Вэрлюсэ
12.04.2024
- Эміль Зянько
- Greenhouse
- Galeria Sztuki Współczesnej Slendzinskich
- Беласток
20.08.2024
- Echo, Bazinato, Міла Котка
- Natureza Urbana
- CCBB / Centro Cultural Banco do Brasil
- Бразілія
07.09.2024
- Юра Шуст
- The 15th Gwangju Biennale. Pansori, A Soundscape of the 21st century
- Gwangju Biennale Exhibition Hall
- Кўанґ-Чжу
Супраціў, вайна, салідарнасць
Немагчымасць залагодзіць палітычныя праблемы выключна мастацкімі сродкамі безумоўна вядзе да змяншэння актыўнасці ў гэтым полі. Але само існаванне сучаснага мастацтва для беларускага кантэксту ёсць палітычным пытаннем. Бо менавіта яно адказвае за культурны стан нацыі, менавіта яно сведчыць пра яго асаблівасці і рэагуе на самыя нязручныя актуальныя пытанні па-за межамі прапаганды і табу, па-за межамі вузкіх нацыянальных праблемаў. Таму супраціў і барацьба не перасталі заставацца важнымі праявамі сацыяльна-палітычна арыентаванага мастацтва, тым больш у такіх знакавых рэчах, як вайна і салідарнасць з Украінаю.
13.04.2024
- Яўгенія Доўгая
- Mauermuseum – Museum Haus am Checkpoint Charlie
- Берлін
08.05. 2024
- Вадзім Качан, Таццяна Савік, Юлія Цярэшка, Аляксандр Трускоўскі, Елізавета Янкова
куратарка: Дзіна Даніловіч - Зямля крывавіць гісторыяй
- НЦСМ / Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў
- Мінск
6.08.2024
- Алесь Пушкін, Руфіна Базлова, Аляксандр Васюковіч, Ёлянта Кільян,
Янак Коўзель, Максім Тымінько, Антось Цялежнікаў, Яна Шостак, Раман Шэл
куратар: Андрэй Дурэйка - Ales Pushkin. Afterlife
- Музей Вольнай Беларусі
- Варшава
29.08.2024
- куратары: Аляксандр Камароў, Марына Конева, Таццяна Качубінська, Антаніна Сцебур, Максім Тымінько
- Відчуття безпеки / Sense of Safety
- ЄрміловЦентр / YermilovCentre
- Харкаў
Нас заўсёды дзівіла, чаму беларуская наменклатура, нягледзячы на ўсе намаганні рэжыму да палітычнай інтэграцыі з Усходам, ігнаруе факт, што большасць культурна-інтэлектуальных падзеяў адбываецца на Захадзе. Чаму і сёння Варшава, Берлін і Вільня – найважнейшыя гарады для мастацтва Беларусі? Думаецца, гістарычная памяць адзінасці з Еўропай і пераадоленне межаў у разнастайных сэнсах будуць усё больш набіраць сілы.
13.06.2024
- Аляксандр Адамоў, Надзя Саяпіна, Яна Шостак
- Testimony. Boris Lurie & zeitgenössische Kunst aus mittel und Osteuropa
- Neues Museum Nürnberg
- Нюрнбэрґ
03.07.2024
- Аляксей Лунёў, Раман Трацюк, Сяргей Шабохін
- Schron miłości
- Dark Angels
- Познань
5.09.2024
- куратары: Кацярына Кардончыкава, Кацярына Давыдова-Вісоцке, Руслан Вашкевіч
- Страна Оз
- галерэя ДК
- Мінск
29.09.2024
- Сяргей Шабохін
- Szczelina. Counter Monumental Queer
Biuro Wystaw
Варшава
Часам у такіх аглядах змешваюцца мастацкія, культурніцкія і нават сацыяльныя тэндэнцыі. Мы, вядома, жывём у час даўно легітымнае сацыяльнае пластыкі, міждысцыплінарных праектаў, эксперыментаў і пошукаў новых формаў дзеяння. Таму варта звярнуць увагу на самаарганізацыю і паўстанне новых мастацкіх структураў, нягледзячы на іх паралельнае руйнаванне і забарону ў Беларусі. За апошнія паўгода не толькі актыўна працягвалі дзеяць вядомыя арганізацыі, але і з’явіўся цэлы спектр розных арт-структураў: рэзідэнцыі і гранты, студыі і культурніцкія прасторы, аб’яднанні і фестывалі, масмедыі і інтэграцыйныя куратарскія праекты.
Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А. Глебава
адкрылі пабудаваны на былым месцы новы будынак Глебаўкі
Mochnarte Fоundation
фонд і рэзідэнцыя для мастакоў на эміграцыі
Fundacja KUT
культурніцкая арганізацыя і прастора
PhotoArtDoc
фестываль фатаграфіі, з тэмаю на стыку дакументалістыкі і мастацтва
Што далей?
У новых абставінах, калі адбываюцца змены ў грамадстве і культуры, натуральным ёсць пошук новых пластычных сродкаў. Пераасэнсаванне таго, як мастацтва можа адлюстроўваць актуальны стан рэчаў, – найважнейшая частка прафесійнае дзейнасці. Мова, якою карыстаюцца мастакі, не заўсёды цалкам арыгінальная; гэта звязана як з папярэдняю традыцыяй, гэтак і з пераасэнсаваннем новых уплываў. Асабліва гэта робіцца прыкметным у межах міжнароднага кантэксту, калі адрозненні ў культурных і палітычных умовах за межамі краіны надаюць мастацкім сродкам іншае значэнне ды змяняюць стылістычныя прыярытэты.
Назіраецца арыентацыя на навуковыя прынцыпы і выкарыстанне новых тэхналогіяў. Побач з 3D-мадэляваннем паступова ўваходзяць элементы праграмавання ў відэа, фота і пластыку. Але паралельна ідзе і праца з “праўдаю матэрыялу”, і часам абодва трэнды прысутнічаюць у межах аднаго праекту. Магчыма, гэта не толькі сінтэтычная праца, але і эклектычнае сведчанне пра нашую пераходную эпоху.
5.04.2024
- Эвеліна Домніч і Дзмітры Гельфанд
- festival FAUN
- Beyond the Sound
- House of Arts
- Брно
17.04.2024
- Глеб Аманкулаў
- Teilzeit in Senile Ties
- Commune Gallery
- Вена
22.06.2024
- Shklatar / Васіліса Паляніна, Аляксандр Адамоў, Андрэй Анро
- Cichy Czas
- Shklatar Gallery
- Варшава
19.09.2024
- Ала Савашэвіч
- 1374
- astcontemporary
- Мілан
Фота як медыя застаецца вельмі прэзентабельным і разнастайным у беларускім выяўленчым мастацтве. Камера як інструмент, набліжаны да выражэння рэальнасці, адпавядае як хуткасці, гэтак і праўдзівасці адлюстравання актуальнага моманту. Аднак ужо даўно назіраецца значна больш разнастайнае выкарыстанне фота, якое выходзіць за межы хронікі часу і дакументалістыкі. Цяжка знайсці хоць аднаго сучаснага беларускага мастака, які не выкарыстоўваў бы фота для калажу, мантажу, відэа, інсталяцыяў і нават перформансаў. І хоць фотарэалізм застаецца дамінантавым стылем, што зацягнуўся на стагоддзе ярмом тэхнічна ўзброенага акадэмізму, самыя радыкальныя канцэптуальныя фотатрансфармацыі скіроўваюцца не толькі ў бок абстракцыі, але і да поўнага адмаўлення ад выявы, пераўтвараючыся ў гук і слова, аспрэчваючы дамінанту фактаграфіі.
11.04.2024
- Арына Есіповіч
- Palimpseste
- Fotoforum Dresden
- Дрэздэн
4.07.2024
- Ігар Нікалаенка
- куратарка: Надзея Хмыль
- Мне не скучно
- Мемарыяльны музей-майстэрня 3. Азгура
- Мінск
2.09.2024
- Кацярына Кузмічова
- Betonium
- galeria MD_S
- Вроцлаў
Стварэнне карцінаў па-ранейшаму захапляе агромністую колькасць мастакоў. У сённяшнім беларускім мастацтве ўплыў фота на маляванне застаецца тэндэнцыйна нязменным. Часам здаецца, што шмат якія мастакі, якія звяртаюцца да гэтае традыцыйнае практыкі, празмерна залежаць ад здымкаў, ігнаруючы асновы бачання, а тым больш філасофскага асэнсавання фізікі і хіміі колераў з фарбаю ды жывапісу як ідэі. Іхны давер да фатаграфіі выглядае мацнейшым, чымся да рэчаіснасці і ўласных вачэй. Быццам гэта нейкая гульня і кампраміс у бок бізнес-стратэгіі, якая адказвае густу захопленых лёгкім сюррэалістычным адхіленнем буржуа. Здаецца, радыкальныя канцэпцыі жывапісу толькі ў некаторых выключных выпадках рэпрэзентаваныя ў нашым мастацтве, а шырэйшае кола па-ранейшаму проста ілюструе фарбамі.
І, ясна, што жывая экспрэсія і стылізацыя ў бок беспасярэдняга прымітывізму будуць супрацьстаяць гэтай тэндэнцыі, але ці сапраўды гэта будзе шлях да адказу пра карціну нашага часу?
12.04.2024
- Віктар Сяргей
- A Little Strange
- CreateCulture Space
- Вільня
19.04.2024
- Ілля Спрынджук
- Process: Point of no Return’
- Marszałkowska 18
- Варшава
21.09.2024
- Таццяна Карпачова, Марыя Ласмакова / 2212
- Abandoned New Position
- Pilotenkueche
- Ляйпцыґ
12.09.2024
- Захар Кудзін
- З’ява
- НЦСМ / Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў
- Мінск
Выхад на сусветны ўзровень
Як бы складана ні выглядала сённяшняя сітуацыя ў нашай культуры, нягледзячы на парадаксальны культур-тэрор у краіне, сучаснае беларускае мастацтва пацвердзіла здольнасць зрабіцца часткаю сусветных мастацкіх працэсаў і падзеяў. У гэтым паўгоддзі ёсць сапраўдныя дасягненні, якіх мы чакалі шмат гадоў. Гэта не толькі ўдзел нашых мастакоў і куратараў у біенале і фестывалях, у тым ліку ў слынным Венецыянскім біенале, у асноўную праграму якога ўвайшоў куратарскі праект з гэпэнінґам “Дзеці паўсюль”. Ён на аснове досведу Школы архітэктурнага мыслення адлюстроўвае, як праблемы грамадства адбіваюцца на светапоглядзе дзяцей і як дзеці праз гульню могуць значна больш патлумачыць нам пра рэальны стан рэчаў.
Яшчэ больш важнаю падаецца куратарская дзейнасць у стварэнні буйных міжнародных праектаў, як Пражскае біенале / Biennale Ve věci umění / Matter of Art. Куратарам удалося выбудаваць вельмі спецыфічную адзіную прастору асноўнай экспазіцыі на прынцыпах адкрытасці, транспарэнтнасці і ўзаемадзеяння, а таксама стварыць шырокую праграму падзеяў і дыскусіяў на тэму вёскі як прасторы сацыяльных і гістарычных пераменаў ды будучыні працоўных рухаў да салідарнасці і справядлівасці.
І, безумоўна, варта згадаць праект вялікае каманды беларускіх куратарак і куратараў у супрацы з украінскімі калегамі з “ЄрміловЦентру”. Падчас стварэння выставы “Відчуття безпеки / Sense of Safety” яны аказаліся ў авангардзе, у дакладным мілітарыстычным сэнсе гэтага слова, падчас масаваных бамбаванняў Харкава расейскімі войскамі. Сутыкненне са смерцю асобаў, якія наведалі выставу, не пакідае дыстанцыі паміж мастацтвам і трагічнасцю жыцця ды надае яшчэ большы сэнс відэапраекту Bridge of Solidarity, які аб’ядноўвае больш за 20 мастацкіх установаў па ўсім свеце і супрацьстаіць разбуральнаму духу вайны, ствараючы новыя сеткі не толькі паміж мастацкім, але і чалавечым узаемападтрыманнем.
17.04.2024
- куратары: Аляксандр Новікаў і Алена Карпілава
- Venice Art Biennale 2024
- Bambini Ovunque / Дзеці паўсюль / Children Everywhere
- Architectural Thinking School for Children
Foreign Pavilion - Венецыя
06.06.2024
- куратор: Вера Залуцкая
- Кейт Нґан Ўа Аў, Разаліна Бусел, Уладзімір Грамовіч, Ольґа Анна Маркоўска, Леся Пчолка, Катажына Сянкевіч, Ягор Ягуноў
- Copenhagen Photo Festival
We’ll Hold a Wedding on Your Graves. Beyond VEHA Photographic Archive
Pop Up Copenhagen - Капэнгаґен
13.06.2024
- куратары: Аляксей Барысёнак і Каталін Эрдэдзі
- Уладзімір Грамовіч, Воля Сасноўская, група eeefff /Дзіна Жук і Мікалай Спясіўцаў
- Biennale Ve věci umění / Matter of Art
Národní galerie Praha – Veletržní palác - Прага
I хочам спадзявацца менавіта на куратарскі патэнцыял новага інтэрнацыянальнага досведу. Вольга Архіпава, Таццяна Арцімовіч, Аляксей Барысёнак, Дзіна Даніловіч, Ірына Герасімовіч, Аксана Жгіроўская, Вера Злуцкая, Юлій Ілюшчанка, Аляксандр Камароў, Вольга Капёнкіна, Ганна Карпенка, Валянціна Кісялёва, Вольга Кліп, Васіль Маталянец, Вольга Мжэльская, Паліна Лябіхава, Сяргей Міхаленка, Ліза Міхальчук, Мікіта Моніч, Ілля Падалка, Лара Перскі, Лена Прэнц, Вольга Рыбчынская, Саша Рэйзар, Сафія Садоўская, Антаніна Сцебур, Лізавета Сцяцко, Максім Тымінько, Надзея Хмыль, Ганна Чыстасердава, Сяргей Шабохін – тыя асобы, да чыёй працы варта прыглядацца.
Аўтар: Аналітычная група Беларускай Рады культуры