Другі этап кансультацый паміж Міністэрствам замежных спраў, па справах Садружнасці і развіцця (FCDO*) Вялікабрытаніі і беларускімі дэмакратычнымі сіламі прайшоў у Лондане. У сустрэчы (офлайн і онлайн) бралі ўдзел прадстаўнікі Офіса Святланы Ціханоўскай, беларускіх няўрадавых арганізацый і грамадзянскай супольнасці. Сярод іх – адказная за культуру ў Прадстаўніцтве па нацыянальным адраджэнні Ірэна Кацяловіч і каардынатарка аналітыкі Беларускай Рады культуры Марыя А.

Абмеркаванне за круглым сталом закранула важныя аспекты жыцця беларусаў. Гаворка ішла пра палітыку, эканоміку, пытанні бяспекі і сацыяльнай абароны, адметнасці працы медыяў, асаблівасці жыцця беларускай дыяспары ў Вялікабрытаніі, а таксама поспехі, выклікі і патрэбы незалежнай беларускай культуры. Сёння беларуская мова і культура з’яўляюцца падмуркам нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў, яны – важны фактар устойлівасці беларускай супольнасці, міжнароднай бачнасці Беларусі і дэмакратычных пераменаў у краіне. Таму вельмі важна, што пра беларускую культуру, яе падтрымку вядзецца дыялог на высокім міждзяржаўным узроўні.
У ліку культурніцкіх поспехаў Ірэна Кацяловіч, адказная за культуру ў Прадстаўніцтве па нацыянальным адраджэнні, у сваім выступленні адзначыла:
- Паступовае фармаванне інфраструктуры незалежнай беларускай культуры, куды ўваходзяць інстытуты, прафесійныя супольнасці, аб’яднанні і арганізацыі. Гэта не хаос, а экасістэма, што з кожным годам становіцца ўсё больш збалансаванай;
- Заўважнасць беларускіх культурніцкіх праектаў на міжнароднай сцэне, а таксама ўключэнне беларускіх творцаў у шырокі еўрапейскі культурны кантэкст;
- Моцны беларускі вектар эміграцыі і разуменне культуры як значнага фактара нацыянальнай і – шырэй – еўрапейскай бяспекі.
На жаль, для нас па-ранейшаму актуальнымі застаюцца пагрозы з боку рэжыму беларускай дзяржавы – рэпрэсіі, цэнзура, забарона кніг, канфіскаванне рукапісаў палітвязняў, прызнанне “экстрэмісцкімі фармаваннямі” культурніцкіх арганізацый, збліжэнне з Расіяй і старанная зачыстка культурнага поля. Таму выклікамі для ўсёй супольнасці – немагчымасць адкрыта працаваць з аўдыторыяй у Беларусі (а для нас прынцыпова важна захоўваць сувязь з беларусамі ў краіне), абмежаванасць фінансавых магчымасцяў падтрымання культурніцкіх праектаў і стомленасць міжнароднай супольнасці беларускай тэмай (адсюль складанасці ўтрымлівання беларускіх пытанняў у цэнтры ўвагі).
Працяг стратэгічнага дыялогу з Вялікабрытаніяй ў FCDO – важная справа для ўмацавання існых праграм супрацы (акадэмічныя стыпендыі, навучальныя праграмы для адмыслоўцаў у культуры) і распрацоўкі новых магчымасцяў і фарматаў узаемадзеяння. Тым болей што запыт існуе з абодвух бакоў – беларусаў у Беларусі і эміграцыі ў Еўрапейскім Саюзе, а таксама беларусаў у Вялікабрытаніі.
Каардынатарка аналітыкі Беларускай Рады культуры адзначае, што падчас сустрэчы брытанскі бок з увагай паставіўся да ўсіх патрэбаў і запытаў культурніцкай супольнасці. У ліку агучаных прапановаў:
- Распрацоўка адмысловых праграм мабільнасці для прафесійнага абмену;
- Стварэнне сацыяльна-культурнага хаба, што мог бы стаць сувязным вузлом паміж творцамі/арганізацыямі і зменшыць разрыў паміж беларускімі дыяспарамі ў Вялікабрытаніі і ЕС;
- Паглыбленне і інтэнсіфікацыя сувязяў беларускай экспертнай супольнасці з акадэмічным светам Вялікабрытаніі (тут перспектыўным бачыцца кірунак перагляду навучальных праграм Усходнееўрапейскіх даследаванняў брытанскіх універсітэтаў з дадаваннем дэкаланіяльнай оптыкі ўспрымання рэгіёна);
- Перафарматаванне праграм і магчымасцяў British Councils у краінах Еўрапейскага Саюза з уключэннем у іх беларусаў, легалізаваных у ЕС.
Наступным крокам стратэгічнага дыялогу можа стаць стварэнне тэматычных працоўных груп, якія будуць стала працаваць у абодвух кірунках: прадстаўляць брытанскаму боку актуальную аналітыку, адстойваць патрэбы і фармаваць супольна істотныя праграмы і фарматы супрацы.
Адзначым, што першая сустрэча ў такім фармаце прайшла ў Лондане летась, таксама з удзелам прадстаўніцы нашай арганізацыі.
* Foreign, Commonwealth & Development Office (FCDO, Foreign Office) — міністэрства замежных спраў Вялікабрытаніі і адзін з ключавых урадавых органаў, адказных за міжнародную палітыку краіны. Кіруе дыпламатычнай сеткай Вялікабрытаніі (амбасады, консульствы і місіі па ўсім свеце), прадстаўляе і прасоўвае брытанскія інтарэсы за мяжой, займаецца міжнародным развіццём і гуманітарнай дапамогай, а таксама аказвае консульскую падтрымку брытанскім грамадзянам за мяжой.