Frame 416

Арт-менеджмент. Нашто творцам ведаць пра працэсы, прасоўванне і пазіцыянаванне

Беларускія мастакі часта ствараюць моцныя праекты, але пра іх ведае вельмі мала людзей. Прычына — слабое прасоўванне і недаацэненая роля арт-менеджараў.

Культурніцкі менеджмент з’яўляецца важным агентам для развіцця і прасоўвання мастацтва. Але агульны ўзровень разумення гэтых працэсаў у беларускім культурніцкім асяродку застаецца невысокім.

Паводле даследавання беларускага культурніцкага менеджарскага поля, якое праводзіла Беларуская Рада культуры ў 2023 годзе, дзеячы і дзеячкі сутыкаюцца не толькі з недахопам інфармацыі і рэсурсаў, а таксама з адсутнасцю павагі да дзейнасці і прафесіі. Творчым асяроддзем роля менеджмент успрымаецца як другарадная, якая абслугоўвае дзейнасць. Таксама рэспандэнты кажуць пра гендарную праблему ў галіне беларускага арт-менеджменту.

Аднак незалежны арт-менеджмент – гэта рухавік дэмакратычных пераменаў, таму што ён ці яна наўпрост узаемадзейнічае з супольнасцямі і грамадствам, стварае поле для дыскусій і трансфармацый. У гэтай галіне ёсць і свае праблемы.

Кіраванне ў культурніцкай сферы шмат у чым падобнае да агульнага менеджменту: гэта праца з людзьмі, з камандай, з працэсамі. Прынцыпы кіравання падобныя — дакладнасць, празрыстасць, сістэмнасць. Пры гэтым мастацкае поле мае сваю спецыфіку: больш творчасці, але і больш хаосу.

“У ідэале ў мастацкім праекце павінны быць падзеленыя ролі: мастак займаецца творчасцю, а менеджар — арганізацыйнай і фінансавай часткай.

У рэальнасці ж, праз недахоп рэсурсаў, адзін чалавек часта вымушаны сумяшчаць усё: ад пошуку грантаў і напісання заявак да прасоўвання праекта”, — падкрэсліла менеджарка адукацыйнага кірунку Беларускай Рады культуры Вольга Кавальская.

Пры гэтым ёсць і іншы бок — некаторыя мастакі маюць дастатковыя кампетэнцыі, каб паспяхова займацца самапрасоўваннем, шукаць магчымасці, арганізоўваць выставы. Аднак для большасці з іх гэта цяжка і непажадана: мастак хоча прысвяціць сябе творчасці, а не адміністратыўным задачам.

Менавіта таму так важна развіваць адукацыю ў сферы культурніцкага менеджменту. Нават калі мастак не плануе самастойна займацца прасоўваннем, разуменне гэтых працэсаў дае яму магчымасць лепш арыентавацца ў сучаснай рэальнасці. У свеце, дзе не кожны і кожная можа мець асобнага менеджара\ку, творцам неабходна ведаць асновы праектнага кіравання і пошуку рэсурсаў.

Паводле назіранняў, агульны ўзровень кампетэнцый у гэтай сферы ў беларускім асяроддзі застаецца не вельмі высокім. Асабліва гэта бачна сярод мастакоў, якія не маюць доступу да замежных адукацыйных і фінансавых магчымасцяў. Разам з тым, моладзь, якая вучыцца або працуе за мяжой, больш актыўна авалодвае інструментамі культурніцкага менеджменту.

Беларуская Рада культуры бачыць сваю задачу ў тым, каб павышаць прафесійны ўзровень дзеячаў. Таксама мы працуем над праграмамі адукацыі, падтрымкі і ментарства, каб беларускія праекты маглі канкураваць на міжнародным узроўні і каб мастакі займаліся ў першую чаргу мастацтвам.

Для гэтага ў 2024 годзе ў межах ArtPower Belarus была арганізаваная адмысловая Школа арт-менеджменту для 64 ахвочых, 19 з якіх паспяхова скончылі навучанне. Выкладчыцамі былі адмыслоўцы фандрайзінгу, менеджменту і знаныя актары і актаркі беларускай культурніцкай прасторы. Удзельнікі і ўдзельніцы засвоілі асноўныя законы функцыянавання арт-рынку, вучыліся кіраваць праектамі, пісаць заяўкі на фінансаванне і шукаць патэнцыйных донараў.

“Моцна падвышае шанец атрымаць фінансаванне, калі ў заяўцы ўсё лагічна, структуравана, адно з іншым звязана. Калі заяўнік разумее гэтую логіку — як пісаць праектную заяўку — то і заяўка будзе лепшая, і якасць яго ці яе праекта таксама будзе лепшая. Таму нашая мэта — падвысіць разуменне праектнага менеджмента, як планаваць бюджэт, як прапісваць этапы праекта, прасоўваць свой праект.

Часам я заўважаю, што праект вельмі ўдалы, але ўзровень яго прасоўвання — нізкі. Яго класна зрабілі, але пра гэта даведалася вельмі мала людзей”, — падкрэсліла Вольга Кавальская.

Падчас праграмы ArtPower Belarus 2025 прайшоў воркшоп па праектным менеджменце для тых, хто працуе ў сферы культуры і рыхтуе праекты. На ім абмеркавалі ключавыя прынцыпы:

  • што такое логіка праекта і як выглядае логіка-структурная матрыца;
  • як звязаць праблему, мэты, задачы, вынікі і бюджэт у адну сістэму;
  • як пазбегнуць тыповых памылак пры планаванні бюджэту.

Гэтыя веды карысныя не толькі пры падрыхтоўцы заяўкі на грант ArtPower Belarus, а для таго, каб мець навык праектавання ўласнай дзейнасці, структуравання ідэі і напісання праектаў для іншых донарскіх арганізацый.

Менеджерка адукацыйнага кірунку Беларускай Рады культуры адзначыла, што навучальны трэк будзе працягвацца да 2027 года і будзе мець розныя формы, каб кожны і кожная знайшлі для сябе зручны чын для навучання:

“У нас ёсць у планах стварэнне онлайн і офлайн праграм. Там мы паставілі задачу ўзмацняць праекты праз калабарацыі, праз будаванне прафесійных сувязей паміж арганізацыямі, мастакамі і мастачкамі ўнутры краіны і ў розных краінах. Мы хочам, каб культурніцкае поле не было разарванае, а заставалася цэльным. 

Хаця мы жывём у розных краінах, мы можам узмацняць адно аднаго сваімі экспертнымі ведамі, сваімі магчымасцямі і ўменнямі. 

Напрыклад, праекты ў эміграцыі маюць больш дасягу да рэсурсаў, а праекты на радзіме маюць кантакт з большай беларускай аўдыторыяй ці ўнікальную экспертнасць”. 

Да наступнага кола творчых праектаў ArtPower Belarus запланаваны шэраг онлайнавых воркшопаў па  піяры, бюджэтаванні і іншых тэмах, якія дапамогуць зрабіць праект больш якасна, эфектыўна і пры гэтым закрыюць пытанні, якія могуць з’явіцца ў заяўнікоў.

Навучальныя праграмы будуць дасяжныя і для тых, хто падае ці падалі заяўкі, і для тых, хто проста хоча падвысіць сваю кампетэнтнасць у сферы менеджменту. Каб не прапусціць навучальныя праграмы, варта сачыць за сацсеткамі праекта.

У чаканні навучання ад Беларускай Рады культуры прапануем звярнуць увагу на міжнародныя адукацыйныя праграмы.

Міжнародныя навучальныя праграмы па арт-менеджменту

1. Master in International Arts Management (міжвузаўская праграма)

Праграма дазваляе вучыцца ў пяці розных універсітэтах (у розных краінах) — унікальны вопыт для тых, хто імкнецца да міжнароднай культурніцкай кар’еры. 

2. Master’s in International Arts Management – SMU (Dallas)

Навучанне, арыентаванае на менеджмент у галіне выканальніцкіх мастацтваў, спадчыны і культурніцкіх індустрый. 

3. Graduate Certificate in International Arts Management – American University

Кароткая прафесійная праграма з акцэнтам на міжнародныя культурніцкія праекты, супрацоўнічае са Школай міжнародных паслуг.

4. MA in Arts Management – American University

Гэтая праграма прапануе шырокую навучальную праграму для будучых кіраўнікоў культурніцкіх арганізацый.

5. MA in Arts and Cultural Management – King’s College London

Праграма ўключае тэорыю і практыку, рыхтуе спецыялістаў для культурніцкіх устаноў, музеяў, галерэй і іншых інстытуцый.

6. MA in Art and Design Management – Moholy-Nagy University, Будапешт

Навучанне кіраванню праектамі ў дызайне і мастацтве, развіцці навыкаў бізнес‑камунікацый і ўменняў ствараць камерцыйную арт-прадукцыю.

7. MA in Art Law and Arts Management – International Hellenic University

Унікальная праграма, якая спалучае мастацтва, права і фінансы — што асабліва актуальна для кіравання культурніцкай спадчынай і прававымі аспектамі гандлю мастацтвам.

8. Master in Art Management – Vilnius University

Прэстыжная  магістратура з моцнай практычнай арыентацыяй на стратэгію і маркетынг у мастацкай сферы.

9. MBA in Arts and Cultural Management – IESA Paris

12‑месячная інтэнсіўная праграма, якая дае веды аб мастацтве, бізнес‑стратэгіях і арганізацыйных навыках. 

Спецыялізаваныя міждысцыплінарныя праграмы

MediaArtHistories – Danube University Krems

Міждысцыплінарная праграма (арт, тэхналогіі, гуманітарныя даследаванні), скіраваная на разуменне медыятэндэнцый: ВР, Hacktivism, лічбавае мастацтва і г.д. Фармат — low‑residency з семінарамі ў Еўропе.

Кар’ерныя навыкі ў рамках мастацкай адукацыі

Juilliard – бізнес-і прадпрымальніцкія курсы

Канцэрваторыя навучае студэнтаў бюджэтаванню, дызайн‑мыслінню, структураванню арт-праектаў і прадпрымальніцтву ў рамках курса «Essentials of Entrepreneurship in the Arts».

Карыстайцеся магчымымі інструментамі для падвышэння ўласнай кампетэнтнасці дзела нашай агульнай культурніцкай справы!

Таксама паглядзіце

У Гданьскай ваяводскай і гарадской публічнай бібліятэцы (Wojewódzka i Miejska Biblioteka Publiczna w Gdańsku) цяпер можна знайсці яшчэ больш беларускіх кніг. Беларуская …

Кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін на фестывалі Мальдзіс падзяліўся сваім бачаннем таго, “як прадаць Беларусь беларусам і беларускам з досведу Беларускай …