У Гасцёўні Беларускай Рады культуры прайшоў круглы стол “Вынікі 2023 года: яркія падзеі, тэндэнцыі, прагнозы”
Кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін у сваім вітальным слове ў ліку іншых адметнасцяў сёлетняй працы Рады акрэсліў адну вельмі істотную тэндэнцыю, сведкамі якой мы сталі, – гуртаванне экспертавай супольнасці ў сферы культуры:
“Нашая аналітычная група другі год адсочвае тэндэнцыі ў розных сферах культуры і рыхтуе перыядычныя агляды, якія можна знайсці на нашым сайце і тэлеграм-канале. Мы адбудавалі сетку экспертаў, якія ацэньвалі заяўкі творцаў на праграму ArtPower Belarus. Агулам з намі папрацавалі 35 экспертаў у гэтым годзе. Таксама мы паспрыялі стварэнню чатырох экспертна-прафесійных супольнасцяў.
Разам з экспертамі і прадстаўнікамі розных арганізацыяў-партнёраў Беларуская Рада культуры падрыхтавала дарожную мапу для Еўракамісіі ў справе падтрымання і развіцця беларускай культуры, якая была прэзентаваная ў Бруселі. Гэта прапанова найбуйнейшаму донару Еўропы наконт кірункаў, прыярытэтаў і аб’ёмаў дапамогі ў сферы культуры.
Таксама рыхтуем спісы публічных экспертаў у кожнай са сфераў культуры для медыяў са спадзевам, што тэма культуры будзе яшчэ болей гучаць у інфапрасторы.
Бо культура – гэта не пра ідэалагічнае абслугоўванне, не пра музей і не пра забаву.
Культура – рухавік зменаў у грамадстве і падмурак нашай незалежнасці”.
Змест
Кіно: спробы яднацца, пошук фармату для перспектыўнай працы і доўгі спіс “Оскара”
Літаратура: міжнародная салідарнасць, бум аўдыяфармату і з’яўленне новых перакладаў
Арт: прорва паміж мастакамі ў Беларусі і за мяжой, выстаўкі ў Еўропе і мары пра музей сучаснага мастацтва ў выгнанні
Тэатр: прысмак горычы, абнуленне і арыентацыя на Расію
Музыка: усплёск актыўнасці аўтараў, расейскі кантэнт як багна і патрэба ў сталым падтрыманні
Высновы і прагнозы
Кіно: спробы яднацца, пошук фармату для перспектыўнай працы і доўгі спіс “Оскара”
Ужо падчас дыскусіі за круглым сталом (онлайн і офлайн) Ірэна Кацяловіч, кінакрытык, журналістка, сузаснавальніца кінапрэміі “Чырвоны верас” і Беларускай незалежнай кінаакадэміі, зазначыла:
“Для беларускага кіно 2023 год пачаўся з абвяшчэння таго, што створаная Беларуская незалежная кінаакадэмія. Яе запуск адбыўся на Еўрапейскім фільммаркеце Берлінскага міжнароднага кінафестывалю. Гэта была прадстаўнічая імпрэза, дзе свае прамовы зрабілі дырэктар Еўрапейскай кінаакадэміі Матэйc Ваўтэр Кнол, дырэктарка Berlinale Марыетэ Рысэнбээк, міністарка культуры Нямеччыны Кляўдыя Рот. Там жа былі прэзентаваныя дзесяць беларускіх кінапраектаў у працы, якія ў пэўным сэнсе паказалі высокі ўзровень таго, што беларускае незалежнае кіно мае ў руках, што можа прапанаваць.
Ужо хутка на кінафестывалі CPH:DOX у Капэнгагене адбылася прэм’ера дакументальнага фільму «Радзіма» Ганны Бадзякі і Аляксандра Міхалковіча, які ў віртуозны спосаб расказвае пра гвалт у беларускім войску і ўвогуле ў беларускай дыктатуры. Гэты фільм паказалі на больш як 20 кінафестывалях, а таксама атрымаў намінацыю на Еўрапейскую кінапрэмію, што нядаўна ўручылі ў Berlinale. Цяпер стужка – у доўгім спісе «Оскара».
Яшчэ адною падзеяй – а яна вельмі паказальная – я назаву адмену кінафестывалю «Нефільтраванае кіно» ў Мінску ў сакавіку, гэта быў апошні незалежны кінафестываль у краіне, які пасля прайшоў у Вільні. Я стаўлю гэтую з’яву ў шэраг найгалоўнейшых, бо яна сведчыць пра стан рэчаў у краіне, пра паспяховае прасоўванне ў ціску на культурніцкую сферу і яшчэ меншыя магчымасці здымаць кіно ўласна ў Беларусі.
Важнаю падзеяй сёлета стаўся і пачатак працы другой эдыцыі Беларускай прэміі кінакрытыкаў «Чырвоны верас». Гэта адзіная кінапрэмія, якая адзначае дасягненні беларускага незалежнага кіно, у яе журы ўваходзяць 16 чалавек, якія проста цяпер адглядаюць доўгі спіс з 70 фільмаў. А цырымонія ўзнагароджання адбудзецца ў лютым наступнага года, пакуль не буду раскрываць таямніцы, дзе і ў якіх абставінах.
Заўважу таксама галоўныя тэндэнцыі гэтага года. Найперш спробы гуртавання беларускага незалежнага кіно ў замежжы са спробаю паставіць выразную мяжу паміж сабой і дзяржаўным кіно ды проста аб’яднаць намаганні з мэтаю інтэграцыі ў замежжа, пошуку спосабаў існавання ў замежжы. Такога не было, калі ўсе жылі і працавалі ў Беларусі, цяпер жа гэтую прыналежнасць да беларускага кінематаграфістам хочацца пазначаць. Пра гэта сведчаць і Беларуская незалежная кінаакадэмія, якая сёння налічвае больш за 20 сябраў і на ўступленне ў якую можна падаць заяўку. І ініцыятыва Belarusian Filmmakers’ Network, якая ўлетку правяла ў Варшаве з’езд беларускіх кінематаграфістаў.
Заўважны стан замерласці пераходнага перыяду. Для беларускага незалежнага кіно змянілася не надзвычай шмат: і застаючыся ў Беларусі, яно знаходзіла фінансаванне за мяжою ды ніколі не мела сваёй краіны, якая забяспечвае 51 % бюджэту фільму і аблягчае пошук капрадзюсараў. Проста цяпер я назіраю і кінематаграфістаў, у якіх з’явілася больш магчымасцяў за мяжою пасля 2020 года, і тых, хто ўсцяж не можа знайсці фінансавання на свае кінапраекты. Мне здаецца, цяпер яно ў пошуку спосабаў адаптацыі і правілаў гульні. Пошуку шляхоў, як існаваць у новых умовах. Калі раней яно абыходзілася выпадковымі поспехамі і перамогамі, то цяпер спрабуе выбудаваць нейкую калі не інфрастрктуру, то сістэму целарухаў, якія сёння можна рабіць за мяжою, каб рэалізоўваць ідэі. І гэтае сістэмнае бачанне таксама адлюстроўваецца ў гуртаванні, пра якое я згадала.
Калі раптам будзе сістэматычнае падтрыманне кіно – будзе адна гісторыя, калі не, то я прагназую прыкладна такую ж павольную адаптацыю да новых умоваў і спарадычныя перамогі. Мы ў кінаакадэміі збіралі праекты на пітчынг на Еўрапейскім фільммаркеце на наступным Berlinale і збіралі толькі поўны метр. Можна сказаць, што каля 40 праектаў поўнаметражных фільмаў проста цяпер у працы. Маё жаданне звязанае з тым, каб гэтыя праекты мелі магчымасці для рэалізацыі, а іх аўтары вучыліся грукацца ў дзверы замежных патэнцыйных партнёраў і паспяхова знаходзіць сродкі”.
Чытайце больш пра падзеі ў беларускім кіно ў аглядах ад аналітычнай групы Беларускай Рады культуры тут, тут і тут.
Літаратура: міжнародная салідарнасць, бум аўдыяфармату і з’яўленне новых перакладаў
Андрэй Хадановіч, паэт, перакладнік, выкладнік літаратуры:
“Пачну з тэндэнцыяў, а падзеі стануць іх яскравымі праявамі. Рэжым працягвае весці наступ на культуру, успрымаючы любыя фарматы творчасці, актыўнай дзейнасці ў гэтым кірунку як варожыя. Людзі слова працягваюць адбываць тэрміны ў зняволенні, значнаю часткаю твораў, што з’яўляюцца ў гэты час, сталася турэмная літаратура. Тэндэнцыю можна заўважыць па вялікай колькасці лаўрэатаў сёлетняй прэміі імя Францішка Аляхновіча. Шмат якія выдаўцы ў Беларусі пазбаўленыя ліцэнзіі і не могуць працягваць працы, некаторыя праз гэтыя абмежаванні вымушаныя былі з’ехаць за мяжу.
Пра ціск сведчыць і сумнавядомы спіс экстрэмісцкай літаратуры, што расце ці не кожны дзень. Вось, напрыклад, залатая пяцёрка «экстрэмістаў»: Ларыса Геніюш, Наталля Арсеннева, Уладзімір Някляеў, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, нават нявінная Лідзія Арабей, якая перадусім займалася дзіцячаю літаратурай і даследавала творчасць Цёткі, сюды трапіла. Не магу не сказаць пра раман «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча, ці не самы любімы твор беларусаў, які знік са школьнай праграмы.
Гэтай антытэндэнцыі можна супрацьпаставіць пазітыўныя зрухі. Ва ўмовах падзеленасці межамі беларуская культура вучыцца паспяхова гэтыя межы пераадольваць і яднаць часткі беларускай культуры. Тут заўважу ўсплёск прысутнасці літаратуры ў аўдыяфармаце: гэта і «Кніжны воз», і новы праект агучвання пенталогіі Святланы Алексіевіч пад маркаю Kamunikat. Іншы прыклад – міжнародная салідарнасць. Мы ведаем некалькі выпадкаў, калі замежныя выдавецтвы падстаўляюць плячо і рэалізуюць супольныя праекты з беларускімі літаратарамі і выдаўцамі. Гэта, напрыклад, кнігі Уладзіміра Някляева і Уладзіміра Арлова, выдадзеныя ў серыі «Паэты планеты» ўжо ў Польшчы ў Kamunikat. Прыклад іншай супрацы – швейцарска-беларускі праект «33 кнігі для іншай Беларусі», маштабны і інтэлектуальны. У яго межах выдаўцы ў розных гарадах і краінах выпускаюць беларускія кнігі. Тут падзеяй стала анталогія беларускай драматургіі «Нетутэйшыя», падрыхтаваная Змітром Вішнёвым. І ці не самы яскравы нямецка-беларускі праект – першыя 10 кніг паэзіі пратэсту, што выйшлі ў Берліне ў межах серыі hochroth Minsk. Самыя адметныя галасы беларускай паэзіі рэвалюцыі і салідарнасці – сярод іх Наста Кудасава, Ганна Комар, Артур Камароўскі, Кася Іофе ды іншыя творцы – атрымалі свае кнігі дзякуючы кіраўніку праекту Дзмітрыю Строцаву.
У гэтых межах бачыцца і тэндэнцыя салідарнасці Беларусі з Украінаю: сёлета ў трох розных краінах і эмігранцкіх выдавецтвах беларусаў выйшлі тры розныя кнігі Сяргія Жадана ў перакладзе на беларускую мову. Шмат публікацыяў украінскай паэзіі апошняга часу з’явілася ў інтэрнэт-часопісе «Таўбін».
Беларуская літаратура даспявае ў аналітыцы і перажыванні працэсаў 2020–2023 гадоў да больш эпічных, аналітычных формаў. Тут прыгадаю зборнік апавяданняў Альгерда Бахарэвіча пра рэпрэсіі і вайну «Ператрус у музеі» і кнігу эсэ «Беларускі брыкалаж» нямецкага даследніка Генрыха Кіршбаўма.
Яшчэ адна пазітыўная тэндэнцыя: выдаўцы, якія аднаўляюць сваю дзейнасць у новых гарадах і асяродках, звяртаюцца да самых масавых жанраў і самых знакамітых у свеце імёнаў і кніг, што дазваляе пашырыць зону ўплыву на чытачоў і павялічыць колькасць аматараў беларускай літаратуры. Стартаваў продаж новага перакладу «Валадара пярсцёнкаў» Толкіна, працягваецца выданне «Ведзьмара» Сапкоўскага і «Гары Потэра» Роўлінг. Паралельна паўстае і Льюіс у новых перакладах на беларускую мову.
Як прагноз акрэслю тэндэнцыю, якая ўжо пачала здзяйсняцца: беларуская літаратура не будзе ператварацца ў гета і выключна фіксавацца на сваіх траўмах у новых умовах, але будзе актыўна кантактаваць са светам і адкрываць усё найлепшае, сама адкрываючыся культурам тых краінаў, у якіх апынуліся нашыя пісьменнікі. Гэтак, адною з найяскравейшых падзеяў года назаву выхад перакладу кнігі «Белы саван» літоўскага аўтара Антанаса Шкемы. Ведаю, што перакладнік Сяргей Шупа ўжо працуе над перастварэннем раману «Тула» Юрґіса Кунчынаса. У Кракаве ў выдавецтве Gutenberg Publisher паўстае цэлая серыя польскай літаратуры па-беларуску. Гэта вершы набэліяткі Віславы Шымборскай, паэма Адама Міцкевіча «Гражына», зборнік апавяданняў Марыі Кунцэвічовай і дзіцячая паэзія Марыі Канапніцкай.
Спадзяюся, гэтыя тэндэнцыі будуць множыцца і паглыбляцца. Магчыма, дачакаемся ад беларусаў новых грузінскіх перакладаў”.
Ціхан Чарнякевіч, літаратурны крытык, галоўны рэдактар сайту bellit.info:
“Падзеяў было шмат сёлета. Кнігі выходзілі літаральна адна за адной, новыя выдавецтвы з’яўляліся, а старыя актывізаваліся і прыстасаваліся пад новыя ўмовы. Сёлета мы бачым велізарную колькасць эмігранцкай літаратуры. Несувымерны ўзровень у параўнанні з 2022 годам. Выходзіць арыгінальная і перакладная літаратура, выдавецкія праекты жывыя, скіраваныя ў будучыню, арыентаваныя на чытача, напоўненыя ідэямі. Тут прыгадаю з’яўленне новага выдавецтва «Мяне няма», актывізацыя выдавецтва Skaryna Press у Лондане, з’явілася кракаўскае выдавецтва Gutenberg Publisher, якое ўжо мае шэраг новых кніг.
Далучуся да меркавання Андрэя пра ўсплёск праектаў, што выдаюць кнігі ў аўдыяфармаце. І тут заўважу новую падзею: «Сабака Баскервіляў» Конан Дойла па-беларуку на паперы не выходзіла, а ў аўдыяверсіі – ёсць. Гэта сведчыць пра тое, што аўдыякнігі настолькі важныя і папулярныя сярод беларусаў, што могуць ужо нават не дубляваць кніг папяровых, а выступаць і асобна ад паперы.
Таксама адзначу наш праект – bellit.info. Гэта сайт, які піша выключна пра беларускую літаратуру і кнігі. Цяпер можна сачыць за ўсімі навінкамі, усе навіны сабраныя ў адным месцы, яны не згубяцца ў тэлеграм-каналах.
Падаецца, што мы знаходзім раўнавагу: у Беларусі спрабуюць закрэсліць імёны і творы, у замежжы мы спрабуем нешта напісаць. Але мне падаецца, што залучэнне твораў літаратуры ў нейкі дакумент не адаб’ецца на самым тэксце, яго вартасці і рэпутацыі аўтара. Гэтыя кнігі як існавалі не адно дзесяцігоддзе, нават стагоддзе, гэтак і будуць існаваць надалей. Чытачы ў іх таксама застануцца.
З ліку важнага назаву таксама з’яўленне новых перакладаў знакавых кніг. Гэта, напрыклад, раманы Рэмарка і Хэмінгуэя пра вайну і чалавека на вайне. Думаецца, тэндэнцыя будзе працягвацца. Радуе, што ўся літаратурная грыбніца працягвае жыць і пашыраць сваю зону ўплыву. Гаворка пра сустрэчы з літаратарамі, фэсты, прэміі, гастролі з прэзентацыямі новых кніг, гутаркі з аўтарамі. Усё працуе і развіваецца, і будзе станавіцца толькі лепей.
Таму мой прагноз будзе такі: няма падставаў казаць пра смерць літаратуры. Кнігі будуць выходзіць, іх будуць чытаць, каментаваць у Facebook, медыі будуць друкаваць інтэр’вю з аўтарамі. Але перад намі стаіць і вельмі складаная задача – знайсці шлях для кніг, выдадзеных у замежжы, на беларускі рынак. Магчыма, гэта тэма для асобнай непублічнай размовы, але, як на мяне, гэта адна з самых важных задачаў на 2024-ы”.
Аліна Коўшык, прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння, у кароткай рэмарцы да прамоваў экспертаў адзначыла:
“Важнаю падзеяй года можна назваць і паўстанне Інстытуту беларускай кнігі. Дзякуючы ў тым ліку яго намаганням з’явіліся некаторыя кнігі, згаданыя сёння. Дзякуючы спрыянню ініцыятывы беларускія літаратары і выдаўцы змаглі ўзяць удзел у міжнародных кніжных кірмашах. Думаецца, налета сетка гэтага ўплыву будзе пашырацца і развівацца: мы пабачым новыя пераклады і новыя беларускія выданні. У цэлым радасна, што беларуская літаратура адаптавалася, а мы будзем намагацца пашыраць доступ да беларускіх кніг у замежжы. Гаворка пра стварэнне беларускіх палічак у бібліятэках розных еўрапейскіх гарадоў. Я згодная з тым, што важна клапаціцца, каб кнігі ў замежжы былі дасяжныя ў Беларусі, і тут, безумоўна, зручней працаваць з электроннымі выданнямі і аўдыякнігамі.
Таксама важна папулярызаваць нашую літаратуру ў замежжы, ствараць новых літаратурных зорак. І мы ўжо маем сёлета выдатны прыклад кнігі Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?», якая была перакладзеная на нямецкую і чэшскую мовы ды сталася сапраўднаю падзеяй”.
Чытайце больш пра падзеі ў беларускай літаратуры ў аглядах ад аналітычнай групы Беларускай Рады культуры тут, тут і тут.
Арт: прорва паміж мастакамі ў Беларусі і за мяжой, выстаўкі ў Еўропе і мары пра музей сучаснага мастацтва ў выгнанні
Саша Рэйзар, даследніца выяўленчага мастацтва з Унiверсітэту Калiфорнii, Санта-Барбара:
“Маё бачанне беларускага мастацтва фармуецца адсюль, з Каліфорніі, і грунтуецца на індывідуальных кантактах з мастакамі ды куратарамі, онлайн-назіраннях і кароткіх паездках у Еўропу. Таму карціна можа быць параўнаная з тэхнікаю малявання шырокімі мазкамі.
Першым значным трэндам года сталася паглыбленне разрыву паміж мастакамі, якія эмігравалі, і тымі, хто застаўся ў Беларусі. На сучасны момант нашая камунікацыя адбываецца галоўным чынам праз нефармальныя альбо асабістыя каналы, пры гэтым адзначаецца выразная адсутнасць фармальнага дыялогу. Нягледзячы на складаныя абставіны, арт-інстытуцыі ў Беларусі працягваюць дзейнасць і арганізоўваюць значныя імпрэзы, у тым ліку Восеньскі салон «Белгазпрамбанку».
Мастацкія выказванні адбываюцца на фоне палітычных рэпрэсіяў і нават смерці выбітнага мастака Алеся Пушкіна. Трывожна, што Новы год будуць сустракаць у няволі пяцёра мастакоў. Гаворка пра Віктара Кулінку, Дзмітрыя Падрэза, Івана Вярбіцкага, Аляксандра Нурвінава, а таксама былога лідара «Пагоні» Генадзя Драздова.
Важным трэндам стаўся рост паспяховасці беларускіх мастакоў і куратараў за мяжой, асабліва ў такіх краінах, як Польшча і Нямеччына. Апошнія некалькі гадоў для шмат каго з культурніцкіх дзеячаў, якія пакінулі Беларусь, зрабіліся перыядам выклікаў і новых магчымасцяў. Але сёлета мы пабачылі вялікую колькасць мастакоў, якія атрымліваюць запрашэнні ў прэстыжныя рэзідэнцыі, арганізоўваюць персанальныя выставы і займаюць выразнае месца на значных еўрапейскіх арт-выставах.
Гэты год быў выдатным для выставаў за межамі краіны. Сярод іх вылучаецца праект мастацкага дуэту «1+1=1», Міхаіла Гуліна і Антаніны Слабодчыкавай, «Café Belarus II: Комплекс Касандры», якая адкрылася ў Дрэздэне ў Японскім палацы. Асноўная ідэя выставы – барацьба за мастацкую свабоду, і яна аб’яднала 26 твораў: фільмы, выступы, малюнкі, інсталяцыі, а таксама новыя графічныя і мультымедыйныя работы, што прэзентавалі складаныя стасункі міфу і ўлады ў аўтарытарных сістэмах.
Працуючы за мяжою, беларусы не толькі засяроджваюцца на ўласнай творчасці, але таксама актыўна бяруць удзел у міжнародных ініцыятывах. У галіне куратарскіх дасягненняў асабліва вылучаецца міжнародны праект беларускіх куратараў Антаніны Сцебур і Аляксея Барысенкі ў Вільні «Калі перапыняецца, становіцца адчувальным» (If Disrupted, it Becomes Tangible). Гэты праект адлюстроўвае тэму палітычных канфліктаў, прэзентуючы творы беларускага мастацкага калектыву eeefff і Уладзіміра Грамовіча сярод іншых міжнародных мастакоў.
На паўночнаамерыканскім кантыненце ўдзел Максіма Тымінька (Амстэрдам) і Руфіны Базловай (Прага) у прэстыжнай выставе Pattern, the Grid, and Other Systems («Узор, сетка ды іншыя сістэмы») у Інстытуце моды ў Нью-Ёрку ў кастрычніку быў паказнікам глабальнага ўплыву беларускіх мастакоў. Гэтыя творы былі прысвечаны палітычным вязням: відэалуп Максіма Тымінька «Ударная кампазіцыя для 2009 выканаўцаў». Работа Руфіны Базловай Framed in Belarus прэзентавала партрэты незаконна асуджаных грамадзянаў Беларусі, выкананыя традыцыйнаю беларускаю вышыўкай удзельнікамі праекту. Гэта ўзор гарызантальнай супрацы грамадскай супольнасцi.
Дзейнасць Міжнароднай кааліцыі дзеячаў культуры салідарнасці з Украінаю, што яднае пяцёх беларускіх і двух украінскіх куратараў, можна назваць праектам года. Яны ўзялі актыўны ўдзел у вялікіх еўрапейскіх выставах і ўвайшлі ў кароткі спіс фіналістаў куратарскіх камандаў Еўрапейскага павільёну. Гэтая кааліцыя, створаная ў адказ на расійскую агрэсію супраць Украіны, засяроджвае сваю ўвагу на глабальнай узаемазалежнасці і неабходнасці салідарнасці ў звязку з вайной. Іхная платформа antiwarcoalition.art – адкрыты онлайн-рэпазіторый мастацкіх твораў, прысвечаных тэмам вайны, гвалту, каланіялізму і дыктатуры, што мае на мэце папулярызацыю ды распаўсюд антываеннага відэамастацтва.
Гледзячы ў будучыню, можна заўважыць шматабяцальныя пачаткі арт-інстытуцыяў за мяжою. Першым крокам у стварэнні будучага музею сучаснага мастацтва сталася канферэнцыя «Уяўленне адкрытага музею» (Imagining Open Museum) пад эгідай Ambasada Kultury ў Інстытуце Пілецкага ў Берліне. На дыскусійных панэлях, як «Музей як структура, якая ахоплівае супольнасць і выяўляе салідарнасць і падтрыманне» і «Салідарнасць, гарызантальнасць, супольнасць: культурніцкія праекты ў Беларусі», канферэнцыя прадэманстравала разнастайнасць галасоў. У гэтым месяцы Open Museum запусціў першы падкаст, прысвечаны мастацтву Беларусі і сучасным арт-практыкам. Гэты прагрэс сімвалізуе пазітыўны і ўпэўнены крок у будучыню.
Чакаючы наступнага года, я спадзяюся на працяг і развіццё гэтых пазітыўных тэндэнцыяў, якія будуць спрыяць росту жывой і стойкай беларускай культурніцкай прысутнасці – як у краіне, гэтак і на міжнародным узроўні”.
Чытайце больш пра падзеі ў беларускім арце ў аглядах ад аналітычнай групы Беларускай Рады культуры тут і тут.
Тэатр: прысмак горычы, абнуленне і арыентацыя на Расію
Настасся Панкратава, тэатральны крытык, журналістка:
“У снежні 2022 года ў Беларускі дзяржаўны тэатр лялек прыйшоў былы кіраўнік Палацу дзяцей і моладзі «Золак» Зміцер Сямёнаў. Пасля гэтага на працягу 2023 года ідуць звальненні: з тэатру выціснулі мастачку-пастаноўшчыцу Людмілу Скітовіч (такіх спецыялістаў на краіну ўсяго некалькі чалавек), вядучую акторку Святлану Цімохіну, галоўнага рэжысёра Аляксея Ляляўскага – культавага пастаноўшчыка, які вырасціў не адно пакаленне актораў і рэжысёраў, а таксама вывеў мастацтва беларускага тэатру лялек на міжнародны ўзровень. Услед за імі тэатр пакінула шмат спецыялістаў, сярод якіх як акторы, гэтак і тыя, хто не навідавоку ў публікі.
Рэжысёрцы Настассі Грыненцы перасталі выдаваць пракатныя пасведчанні для спектакляў ейнага прыватнага тэатру «Тэрыторыя мюзіклу». Пасля паўтара года прастою ў Беларусі спадарыня Грыненка з’ехала ў Іркуцк, дзе заняла пасаду галоўнага рэжысёра Іркуцкага абласнога музычнага тэатру. Разам з ёю пераехаў харэограф-пастаноўшчык мюзіклаў Зміцер Якубовіч. Праз гэты ад’езд у Беларусі больш не засталося прафесіянала, які вышкталцона ведае гэтую сферу мастацтва, бо менавіта дзякуючы спадарыні Грыненцы ў Беларусь прывозіліся сусветныя мюзіклы. Напрыклад, дзякуючы легальна набытым аўтарскім правам выконвалася класічная «Ўэстсайдская гісторыя» і сучасны «Непадалёк ад нормы». Апошні ў 2018 годзе атрымаў нацыянальную тэатральную прэмію як найлепшы музычны спектакль (адзіны раз у гісторыі, калі ў намінацыі дзяржаўным опернаму і музычнаму давялося спаборнічаць з прыватным тэатрам).
У верасні 2022 года ў Варшаве прайшла сустрэча беларускіх тэатральных дзеячаў, падчас якой абвесцілі мемарандум аб заснаванні Беларускага інстытуту тэатру. Аднак гэта толькі заява пра намеры. Ніякай інфармацыі пра завяршэнне працэсу стварэння інстытуцыі дасюль не з’явілася, пра яго функцыянаванне не чуваць на публічных пляцоўках. Аднак ідэя добрая: тэатральная супольнасць зацікаўленая ў з’яўленні нейкага цэнтру, які дапамагаў бы наладжваць гарызантальныя сувязі паміж тэатральнымі дзеячамі, раскіданымі па розных краінах свету, а яшчэ спрыяў бы захаванню спадчыны, якая сёння актыўна выкрэсліваецца ў краіне.
Радуе, што падчас канферэнцыі для абмеркавання Беларускага інстытуту тэатру я пабачыла дзясяткі людзей, якія гараць ідэямі і гатовыя ствараць беларускія тэатры ды спектаклі.
У ліку тэндэнцыяў зазначу, што беларускія дзеячы мастацтва пачалі ўлівацца ў культурніцкую прастору тых краінаў, куды пераехалі. Гэта вельмі неабходная рэч, каб беларуская культура не замыкалася ў бурбалку. Каб пра беларусаў даведваліся ў свеце і ўспрымалі як роўных, трэба ўлівацца ў еўрапейскі арт-рынак. І першыя крокі на гэтым шляху робяць шмат якія айчынныя дзеячы. Напрыклад, Уладзімір Ушакоў ставіць спектаклі супольна з фінскімі акторамі ці бярэ ўдзел у Нарвежскай тэатральнай лабараторыі. Паліна Дабравольская ставіць спектаклі ў Чэхіі, Юрый Дзівакоў – свой на польскіх падмостках, а Мікалай Халезін паставіў оперу «Дзікае паляванне караля Стаха» ў Лондане.
Аднак засмучае, што Беларусь губляе тэатральных крытыкаў як прафесію. Старэйшыя пакаленні крытыкаў жорстка падзеленыя на тых, хто застаўся ў краіне, і тых, хто з’ехаў. Першыя шмат якія тэмы абыходзяць, часта не могуць выказваць шчырых думак, а то і проста «забываюцца» пра тых дзеячаў, хто рабіў тэатральную гісторыю, але цяпер апынуўся з другога боку барыкадаў. Другія вымушаныя прыстасоўвацца да новых умоваў жыцця ў эміграцыі: прафесія тэатральнага крытыка не можа пракарміць у выгнанні (часта няма дзе друкавацца), таму яны ці пераходзяць у іншую сферу ці пішуць надзвычай рэдка.
Да ўсяго гэтага маладое пакаленне крытыкаў у Беларусі прыходзіць, што называецца, з чыстага аркуша: яны могуць у 2023 годзе прапанаваць паглядзець пераможцу колішняй Нацыянальнай тэатральнай прэміі – спектакль «Рэвізор» купалаўцаў з удзелам Манаева, хоць са зразумелых прычынаў у сённяшнім Тэатры імя Янкі Купалы той пастаноўкі пабачыць немагчыма. За мяжою новае пакаленне крытыкаў наўрад ці знойдзе пляцоўку, каб стала публікавацца, таму, хутчэй за ўсё, ці перакваліфікуецца, ці пойдзе працаваць у замежныя медыі. Адпаведна, і пісаць пра замежную культурніцкую плынь.
Ужо надышоў час прыняць, што нельга чакаць з’яўлення ўмоўнага міністэрства культуры ў выгнанні. Як цудоўна сказала Крысціна Дробыш, «людзі выязджаюць і ствараюць адзіную зразумелую сістэму каардынатаў існавання каманды – дыктатуру, якая ім вядомая». Замест таго каб чакаць, што нехта дасць грошай, пляцоўку, раскажа, як і што рабіць, лепш было зразумець, што цяпер усе мы ва ўмовах еўрапейскага арт-рынку. Таму трэба не толькі ствараць спектакль/перформанс/імпрэзу, але і вучыцца прасоўваць, шукаць выхады да замежных калегаў, спрабаваць разам прабівацца секцыяй беларускага тэатру на міжнародных тэатральных фестывалях. Тады беларускае тэатральнае мастацтва будзе не толькі захоўваць тое, што ўжо і так ёсць, але і развівацца”.
Дзяніс Марціновіч, тэатральны крытык:
“У айчынным тэатры бачым абнуленне. Магчыма, гэта праява тэндэнцыі, уласцівай беларусам: пачаць штосьці і казаць, што зрабілі гэта першымі. Таму і атрымліваецца, што сувязяў паміж пакаленнямі мала, а сёння нават тое, што мэтанакіравана збіралася і назапашвалася, знікае. Гэтак у канцы 2010-х людзі тэатру аб’ядноўваліся дзякуючы камандзе «Арт Карпарэйшн», якая падтрымлівалася Віктарам Бабарыкам, гэта была сістэма, альтэрнатыўная дзяржаўнай. Існаваў фэст Teart, дзе паказваліся найлепшыя замежныя спектаклі, існаваў Tok-тэатр, ініцыятыва, што стварала беларускія спектаклі. Можна было глядзець запісы спектакляў з экранаў кінатэатраў – праект TheatreHD. Праца ў гэтым кірунку віравала каля 10 гадоў і давала надзею, што пераемнасць паміж пакаленнямі ўсё ж такі з’явіцца.
Але прыйшлі 2020-ыя, і амаль усё, што назапасілася ў 2010-ыя, было знішчана. Як гэта праявілася на практыцы? Напрыклад, у Тэатры лялек паказваюць толькі адзін спектакль колішняга кіраўніка Аляксея Ляляўскага. У ЦЮГу доўгі час працаваў рэжысёр Уладзімір Савіцкі – цяпер у рэпертуары застаўся толькі адзін ягоны дарослы спектакль. Пастановак Мікалая Пінігіна ў Купалаўскім даўно няма. Са спектакляў Барыса Луцэнкі, які доўгі час працаваў у Горкаўскім тэатры, засталася адна пастаноўка.
Яшчэ адзін паказальны факт. У 2019-м крытыкі рабілі апытанне і вызначалі найлепшыя спектаклі года. З дзесяці абраных тады пастановак сёння ў тэатрах Беларусі можна пабачыць… дзве. Засмучае і тое, што звычайна добрых відэазапісаў спектакляў няма. Калі кніга застанецца ў архіве ці бібліятэцы, то спектакль як твор мастацтва знікне. І фактычна тыя, хто прыйдзе ў беларускі тэатр сёння і пачне цікавіцца гэтым мастацтвам, будзе з намі размаўляць на розных мовах: таго, што бачылі мы за папярэдняе дзесяцігоддзе, яны пабачыць не здолеюць.
Яшчэ адна сумная тэндэнцыя – арыентацыя на Расію. У Купалаўскім тэатры працуюць студэнты расійскіх ВНУ, для якіх беларуская мова не родная. У 2023 годзе Горкаўскі тэатр і Гродзенскі тэатр лялек атрымалі фінансавае падтрыманне ад краіны-агрэсара Расіі. Адметна, што гэтыя сродкі скіроўваюцца на пастаноўкі спектакляў паводле твораў расійскіх аўтараў. Беларусь ператварылася ў гастрольную пляцоўку расійскіх калектываў, расіянаў усё часцей запрашаюць і як рэжысёраў.
З рэпертуарам таксама ўсё сумна. Спектаклі пра Другую сусветную становяцца абавязковымі, на базе Купалаўскага тэатру з’явіўся фестываль «Перамога», дзе гэтыя пастаноўкі і паказваюцца.
З сайтаў тэатраў знікаюць імёны звольненых працаўнікоў, нават калі гэта прозвішча рэжысёра, а ягоны спектакль дасюль у рэпертуары.
Працягваецца русіфікацыя. Тэатр юнага гледача, дырэктарам якога сталася Вера Палякова, пастанавіў ставіць спектаклі па-расійску. І самае паказальнае: сёння ў Беларусі працуюць 29 прафесійных тэатраў, з якіх толькі чатыры маюць пастаноўкі выключна па-беларуску: гэта Купалаўскі, РТБД і два віцебскія тэатры – Коласаўсі і Тэатр лялек.
У канцы зазначу, што глабальна я аптыміст, раней ці пазней усё будзе добра, але мне падаецца, што бліжэйшым часам усё будзе станавіцца толькі горш. Таму маё галоўнае пажаданне беларускаму тэатру – захавацца да лепшага часу”.
Чытайце больш пра падзеі ў беларускім тэатры ў аглядах ад аналітычнай групы Беларускай Рады культуры тут, тут і тут.
Музыка: усплёск актыўнасці аўтараў, расейскі кантэнт як багна і патрэба ў сталым падтрыманні
Аляксандр Чарнуха, журналіст, пісьменнік і YouTube-блогер:
“Галоўная падзея 2023 года – колькасная і якасная актыўнасць беларускіх музыкаў. Я займаюся тэмай ужо не першы дзясятак гадоў і магу сказаць, што разнастайнасць музычнага матэрыялу і яго вартасць сапраўды ўражваюць, Бадай, гэта самы яскравы год у беларускай музыцы за апошняе дзесяцігоддзе. «Сіндром самазванца», «Торф», Настасся Рыдлеўская, Зміцер Вайцюшкевіч, «Палын», Паліна – нядаўна я рабіў агляд з 12 самых яскравых альбомаў 2023-га, але гэта далёка не ўсё цікавае.
Сярод яскравых падзеяў я б адзначыў оперу беларускага Свабоднага тэатру «Дзікае паляванне караля Стаха», прэм’ера якой адбылася ў Лондане. Гэта новы беларускі праект, які прагучаў у сусветным кантэксце. Вельмі цікава будзе паназіраць за лёсам гэтага твору на дыстанцыі.
Але на гэтым добрыя навіны ў мяне скончыліся. Калі мы кажам пра масавую культуру, то ўсё вельмі складана. Сярод летніх беларускіх фестываляў у краіне і ў замежжы стаў Viva Braslav з амаль цалкам расійскім лайн-апам. Сёлета ён паставіў рэкорд наведнасці – 30 тысячаў чалавек. І гэта першае месца з вялікім адрывам. Яшчэ адна характэрная падзея – тры запарам аншлагі Анны Асці на «Мінск-Арэне»: цудоўнае сведчанне масавых густаў беларусаў.
Тут заўважу тэндэнцыю – паступовае паглынанне калектыўнага беларуса расійскім кантэкстам. Натуральна, тут шмат фактараў і прычынаў, чаму гэтак адбываецца. Першая – адсутнасць рынку і ўцямнага шоу-бізнесу, які б фармуляваў беларускі кантэкст. Музыка – гэта, калі не памыляюся, адзіная сфера, у якой адсутнічае профільная арганізацыя: інстытуцыя, прадзюсарскі цэнтр – што заўгодна. Музыкі прадастаўленыя самі сабе, і вынікі адпаведныя. Мы не назіраем нейкай сістэматычнай працы.
Па-другое, балючая і парадаксальная залежнасць незалежных медыяў ад актараў беларускай і расійскай прапаганды: у беларускіх медыяў няма сістэмнай працы з культурніцкім кантэнтам і адпаведнай экспертызы, каб гэтую сістэму адбудаваць.
Другая тэндэнцыя – паступовае адпавяданне штучнаму водападзелу «яны» і «мы», які адлюстроўвае непаразуменне паміж беларусамі ў залежнасці ад абставінаў і геаграфіі. Эмігранцкія альбомы – акурат ілюстрацыя гэтай тэндэнцыі: папулярны музычны матэрыял, прызначаны для вузкай мэтавай аўдыторыі па-за межамі краіны. Тэндэнцыя ілюструе ў першую чаргу ўмовы, у якіх існуюць і вымушаныя працаваць беларускія творцы. Музыка застаецца для іх хобі і прымушае гуляць у кан’юнктурныя гульні.
Трэцяя тэндэнцыя – дыяспаральнае гуртаванне і арганізацыя канцэртаў. Прадстаўнікі беларускіх дыяспараў гуртуюцца ў аб’яднанні і намагаюцца арганізаваць канцэрты беларускіх артыстаў амаль цалкам без досведу ў гэтай сферы. Цудоўная ініцыятыва, якую варта падтрымліваць і пашыраць.
Трэцяя тэндэнцыя – цэнзура і самацэнзура, якая ўзмацнілася ў Беларусі. Улады кваліфікуюць музычныя інструменты як зброю, мы гэта бачылі на судзе над музыкамі гурта Tor Band. Вельмі паказальны працэс – дэманстрацыя намераў дзяржавы: мы будзем знішчаць кожную нязручную думку, а музыкі – першыя ў чарзе. Натуральна, у такіх умовах уключаецца рэжым падполля і татальнай самацэнзуры. Гаварыць – небяспечна. Спяваць – тым больш.
Прагноз. Ён вельмі песімістычны. Сістэма не можа існаваць выключна на ініцыятыве. Патрэбныя грошы на яе падтрыманне. Трэба стварыць базу і падмурак для вытворчасці якаснага інтэртэйменту і чагосьці, што хаця б аддалена нагадвае шоу-бізнес. Патрэбная сістэмная праца беларускіх медыяў у дапамозе стварэння беларускага кантэксту. У іншым выпадку калектыўная Беларусь цалкам абрынецца ў бездань расійскага рынку, а водападзел паміж «яны» і «мы» яшчэ больш узмацніцца. Пакуль я не бачу перадумоваў, каб пераламаць такую хаду рэчаў. А значыць, усё сумна”.
Чытайце больш пра падзеі ў беларускай музыцы ў аглядах ад аналітычнай групы Беларускай Рады культуры тут, тут і тут.
Высновы і прагнозы
Такім чынам, мы бачым пазітыўныя тэндэнцыі ў беларускай культуры 2023 года, якія натхнілі экспертаў і якія, безумоўна варта забраць з сабою ў будучыню. Гэта патрэба творцаў у яднанні і супольным адстойванні інтарэсаў усёй галіны; удалыя экcперыменты, калабарацыі з замежнымі калегамі і пошукі новай ідэнтычнасці ў новых варунках; якасны і колькасны ўсплёск творчых памкненняў, іх высокая выніковасць; жаданне яднаць аўдыторыі беларусаў «тут» і «там».
Разам з тым выступоўцы адзначылі моцную сілу прыцягнення расейскага кантэксту, які ўплывае на культуру Беларусі ў краіне, а таксама раз’яднанасць намаганняў актыўных гульцоў у некаторых галінах (напрыклад, у музыцы) і адсутнасць сталага фінансавання, якое прынамсі забяспечыла б базавыя патрэбы дзеячаў культуры і захавала б іх як прафесіяналаў. Разам з тым – гэта і добры план на будучыню, пагадзіцеся.
Зычым беларускай культуры трываць, трымацца. Творцам – знаходзіць агульную мову і супольнымі намаганнямі шукаць выйсця з крызісаў. Гаворка ідзе пра крызісы даверу адно да аднаго, недахопу фінансавання і агульнай разгубленасці, дэзарыентацыі ў прасторы. Падаецца, 2023 год і яго вынікі паказваюць, што ў нас ёсць усе падставы для ўпэўненасці ў тым, што беларуская культура выжыла і будзе жыць.