Болевыя кропкі і салодкія мары сучаснай беларускай арт-крытыкі.
Даўно мінуў час, калі арт-крытыкі былі хоць у нейкім фаворы. Літаратуру называюць “нішавым прадуктам”, беларускую літаратурную крытыку ўжо некалькі дзесяцігоддзяў вінавацяць у адсутнасці, канстатуючы смерць не толькі аўтара, але і крытыка. Тэатр перастаў быць a must, а беларускае кіно – ці ёсць яно ў прынцыпе? Выяўленчае мастацтва з Беларусі смела крочыць па выставачных прасторах далёка за межамі краіны, але традыцыйна абмінаецца ўвагаю на радзіме. Спецыялізаваныя часопісы ліквідуюцца адзін за адным, інтэрнэт-платформы знікаюць, утрыманне крытыка ў штаце медыяў робіцца раскошаю. Калі культура падаецца справаю збыткоўнаю, то і прафесіі людзей, закліканых ацэньваць гэтую культуру, застаюцца па-за плынню ракі выжывання. Разам з тым, дзеля захавання высокага ўзроўню творчасці, аналітычнага абагульнення працэсаў і фіксацыі фактаў сучаснасці на патрэбы будучыні, праца крытыкаў усё ж важная.
Ці можна змяніць сітуацыю амаль поўнага забыцця? Як заставацца ў прафесіі і – насуперак трэндам хуткага спажывання – цэліць у глыбіню і грунтоўнасць? Што можна зрабіць ужо сёння, каб для ўсіх арт-крытыкаў настала калі не адразу светлае паслязаўтра, дык крыху больш аптымістычнае заўтра? Пра гэта і разважалі сябры і сяброўкі Аналітычнае групы Беларускае Рады культуры за круглым сталом.
На жаль, мы не можам выкласці ў адкрыты доступ поўнага тэксту, таму прыводзім вытрымкі з размовы. Па-за ўвагаю застануцца працоўныя пытанні арганізацыі дзейнасці групы; імёнаў аўтараў аналітычных тэкстаў пра кіно, музыку, літаратуру, выяўленчае мастацтва, традыцыйную культуру і тэатр з прычынаў бяспекі мы таксама пакуль што не называем.
На жаль, мы не можам выкласці ў адкрыты доступ поўнага тэксту, таму прыводзім вытрымкі з размовы. Па-за ўвагаю застануцца працоўныя пытанні арганізацыі дзейнасці групы; імёнаў аўтараў аналітычных тэкстаў пра кіно, музыку, літаратуру, выяўленчае мастацтва, традыцыйную культуру і тэатр з прычынаў бяспекі мы таксама пакуль што не называем.
У гэтым тэксце разам з нашымі шаноўнымі аўтарамі засяродзімся на трох важных блоках: аналізе існага становішча арт-крытыкі ў беларускім медыйным полі, адметнасцях працы кожнага з крытыкаў і акрэсліванні запытаў на будучыню, якія могуць падказаць вектары далейшага развіцця кірунку.
Змест
Блок 1. “Арт-крытык сёння – гэта і таемны назіральнік, і давераная асоба, і тэлепат”. Трохі пра існы стан рэчаў
Блок 2. “Ацэньваць тэхніку выканання тых, хто танчыць на мінным полі, няўдзячна і часам папросту недарэчна”
Блок 3. “Нам застаецца рабіць сваю справу, падтрымліваць цяперашні ўзровень і чакаць лепшага часу”
Блок 1. “Арт-крытык сёння – гэта і таемны назіральнік, і давераная асоба, і тэлепат”. Трохі пра існы стан рэчаў
Музыка
“Сітуацыя з музыкаю бачыцца самай лёгкай у пытанні даступнасці прадуктаў творчасці. Рэлізы з’яўляюцца ў адкрытым доступе, з канцэртаў публікуюцца відэа. Існуюць таксама медыі, што стабільна пішуць пра беларускую музыку. Напрыклад: “Клік”, “Подпольный вестник”, “Пяршак”, “Будзьма”, “by375”. Не выпадае грэбаваць таксама дзяржаўнымі крыніцамі: сайт Міністэрства культуры Беларусі – партал у іншы свет, але і ён адлюстроўвае немалую частку беларускае культуры. Медыі тым не менш не агарняюць усяго, а большасць піша выключна пра рэлізы. Таму, калі вядзецца не толькі аб прадуктах, але яшчэ і аб працэсах, варта звяртацца да альтэрнатыўных крыніцаў.
Часта дастаць інфармацыю ўдаецца толькі з асабістых старонак артыстаў у сацыяльных сетках і чатах у Telegram. Часам каментары пад допісамі адлюстроўваюць рэальную сітуацыю нашмат лепш за самыя допісы. Вось колькі прыкладаў таго, што можна даведацца з такіх крыніцаў і пра што не напішуць медыі:
- каму далі гастрольнае пасведчанне і каму не далі;
- спасылка на рэгістрацыю на закрыты кватэрнік;
- супольны здымак з іншым артыстам у студыі задоўга да рэлізу.
Сапраўдны ж стан рэчаў ведаюць толькі самыя ўключаныя і набліжаныя. Пэўная інфармацыя, асабліва пра падзеі ў Беларусі, не выносіцца нават у кола падпісантаў. Калі ты не можаш задаць пытання асабіста артыстам, арганізатарам, уладальнікам клубаў, існуе немалы шанец не пабачыць карцінкі цалкам. Арт-крытык сёння – гэта і таемны назіральнік, і давераная асоба, і тэлепат”.
Літаратура
“Год 2020-ы перакуліў усе працэсы ў беларускім грамадстве, моцна змяніўшы абставіны, зрушыўшы ранейшыя парадкі, дамоўленасці і кампрамісы. І, як вынік, змянілася ўся канфігурацыя айчыннае культуры. Якая, як памятаем, паводле адной з папулярных версіяў – усяго толькі прыпадабненне рэчаіснасці. Менавіта таму пагадзіцца рабіць агляды літпрацэсу ў такі час было выйгрышным рашэннем – прынамсі для ўласнага прафесійнага развіцця і экспертнае самадысцыпліны ў час хаосу. Замест таго каб лямантаваць у пустэчу і паддавацца апакаліптычным настроям, давялося збіраць і аналізаваць факты, гутарыць з калегамі, ездзіць, чытаць, гартаць і нават крыху шпіёніць. Рабіць высновы і абагульненні, прыдумваць для розных з’яваў метафары і эпітэты.
Мы назіраем прынамсі дзве тэндэнцыі ў прасторы аналітыкі. Першая – глабальная: культура ў планетарным маштабе чым далей, тым больш заўважна кіруецца экспертным полем. У літаратуры яно моцна з’яднанае з выдавецкім рынкам. Гэта выклікае незадаволенасць аўтараў-дэбютантаў і прадстаўнікоў тых ці іншых маргінальных групаў, чый досвед і літаратурныя практыкі не ўкладаюцца ў мэйнстрым. У выніку цярпяць чытачы, якія маюць доступ толькі да выдавецкіх прапановаў, набываюць сусветныя бестселеры, ігнаруючы творчасць землякоў, не інфармаваныя пра новыя кнігі, блізкія іхным поглядам і густам. Другая тэндэнцыя – рэгіянальная: гэта атмасфера жуды і няпэўнасці праз вайну 2022 года, узмацненне рэпрэсіяў у Беларусі і Расіі. На гэтым фоне ўзрастае давер да разнастайных чорных магаў, варажбітак усіх гендараў, інфармацыйных шарлатанаў – адным словам, калектыўнага Рыгора Распуціна нашага часу. Любыя спробы прааналізаваць сітуацыю, уключыўшы ratio і выключыўшы эмоцыі, зазнаюць паразу ў гэтай бітве экстрасэнсаў. Быць экспертам сёння – гэта red flag, і даводзіцца жыць з гэтым”.
Выяўленчае мастацтва
“Сёння інфармацыйны трэнд больш скіраваны на прамоцыю і рэкламу, чымся крытыку і паглыблены аналіз, а тым больш у вузкарэгіянальным кантэксце, дзе даўно не існуе інстытуту крытыкі, а пануюць абмежаванні, цэнзура і прапаганда. Але, можа, менавіта для беларускага кантэксту – падчас распаду сувязяў і руйнавання незалежных інфармацыйных рэсурсаў – абагульняльная пляцоўка была б спадручным інструментам? Пытанне застаецца адкрытым: як заахвоціць да супрацы сапраўдных прафесіяналаў? Бо большасць ідзе індывідуальным шляхам і далучаецца да ўжо існых інтэрнацыянальных платформаў, якія маюць больш досведу, эканамічных рэсурсаў і публічнасці.
Натуральна, мы маем некаторы пазітыўны досвед, але і яго немагчыма прызнаць як ідэальны. Тут згадаем праекты, якія спрабавалі, а некаторыя – працягваюць працаваць з крытычнымі і аналітычнымі матэрыяламі пра беларускае мастацтва: Kalektar, Reform.news, Chrysalis Mag, падкаст Ом-Open Muzej, Statusprojekt, pARTisan, ArtAktivist, BLOK magazine, “Будзьма”, cult.by, “Новая Еўропа”, “Мастацтва” ды іншыя. Таксама можна пералічыць тыя, з якімі супрацоўнічалі беларускія аўтары: Szum, “Мост”, Dwutygodnik, Springerin, Platforma.art, Art Forum, ХЖ ды іншыя. Можна назваць як патэнцыял каля трох дзясяткаў імёнаў актыўных арт-крытыкаў. Спробы ж атрымаць сродкі на арганізацыю паўнавартаснага рэсурсу нават хаця б у галіне выяўленчага мастацтва пакуль не мелі поспеху. А рабіць такую вялікую працу на адным энтузіязме, як паказвае прыклад Kalektar’у, таксама нялёгка”.
Кіно
“Галоўная праблема беларускае кінакрытыкі застаецца ранейшая – невялікая колькасць інфармацыйных нагодаў. Новых фільмаў з’яўляецца няшмат. Пераважная большасць з іх кароткаметражныя, аматарскага ўзроўню, іх цяжка параўноўваць з прафесійнымі працамі з іншых краінаў.
У адрозненне ад іншых відаў мастацтва, беларускае кіно да падзеяў 2020 года не паспела аформіцца ў паўнавартасны працэс. Наш кінематограф і кінематаграфісты існуюць як асобныя творцы ды іхныя праекты. Эміграцыя мноства самых актыўных і таленавітых творцаў ды спецыялістаў пасля падзеяў 2020-га зрабіла сітуацыю ў гэтым сэнсе яшчэ горшаю. Беларускія гледачы ды адпаведна чытачы адарваныя ад кіно, створанага беларусамі. У самой Беларусі на гэты момант амаль адсутнічаюць агульнадаступныя паказы беларускіх стужак, знятых не на замову рэжыму. Нешматлікія онлайн-паказы (напрыклад, платформа Vodblisk, нацыянальная праграма фестывалю “Паўночнае ззянне”) вялікага ўплыву на аўдыторыю ў краіне не робяць.
З іншага боку, да сучаснае вытворчасці кінастудыі “Беларусьфільм” наагул цяжка ўжываць мастацкія крытэры. Прычым тое стала датычыць не толькі ігравых, але, на жаль, усё часцей і дакументальных ды анімацыйных стужак. Кінакрытыка як з’ява пасля падзеяў 2020 года пакінула дзяржаўныя СМІ: прапаганда не патрабуе якаснай аналітыкі.
Займацца кінакрытыкай у Беларусі можна цяпер толькі для незалежных рэсурсаў, збольшага ананімна.
Пры гэтым попыт на сучаснае нацыянальнае кіно існуе. І ён немалы. Ён значна павысіўся пасля падзеяў 2020-га на фоне росту зацікаўленасці нацыянальнаю культураю. Пытанне ў формах выхаду да гледача і чытача. Агульны сусветны трэнд на дэпрафесіяналізацыю кінакрытыкі, на жаль, актуальны і для Беларусі: крытыкі, як правіла, зарабляюць нечым іншым, звычайна журналістыкаю. На гэты момант беларуская кінакрытыка найлепш сябе адчувае ў форме асабістых блогаў і тэлеграм-каналаў. Што дапамагае кантакту з аўдыторыяй, але, на жаль, не спрыяе прафесійнаму ўзроўню.
Асноўная хвароба сучаснае журналістыкі – копіпаст – не абмінула і беларускае кінакрытыкі. Колькасць арыгінальных матэрыялаў, а не рэпостаў з сацыяльных сетак, па-ранейшаму невялікая. Аўтарам відавочна бракуе ведаў пра гісторыю кіно, у тым ліку беларускага”.
Тэатр
“Беларуская тэатральная крытыка заставалася ў перманентным крызісе яшчэ ў мірны час. Крытыкаў заўжды можна было пералічыць па пальцах. Амаль не было спецыялізаваных выданняў (аддзел тэатру быў толькі ў газеце “Культура” і часопісе “Мастацтва”). За напісанне рэцэнзіяў было немагчыма пражыць. Заставаліся два выйсці: навука або тэатральная журналістыка. Але фінансаванне першай увесь час пагаршалася, а другая была не надта запатрабаваная медыямі. Пасля 2020 года і гэтая не самая спрыяльная сітуацыя рэзка пагоршылася. Частка крытыкаў эмігравала. Незалежныя выданні закрыліся або пераехалі за мяжу і атрымалі статус “экстрэмісцкіх”. Апошняе зрабіла амаль немагчымаю публікацыю тэкстаў з Беларусі (той, хто з’ехаў, не можа зрабіць гэта фізічна, таму, хто застаўся, рабіць гэта небяспечна). Самае галоўнае – пад вялікім ударам апынуўся сам айчынны тэатр: звальненні, забароны спектакляў, цэнзура…
Гэта істотна адбілася на тэатральнай крытыцы ў краіне. Калі вынесці за дужкі заўжды станоўчыя водгукі Валянціна Пепяляева ў “СБ. Беларусь сегодня” (назваць іх крытыкаю не падымаецца рука), то застаюцца хіба некалькі аўтараў. Гэта Настасся Васілевіч, рэдактарка часопісу “Мастацтва”, і Яўгенія Бачыла, якая супрацоўнічае з гэтым выданнем. На жаль, яно перастала выкладваць тэксты онлайн.
Гэта рэдакцыя Instagram-старонкі “Кантровы падкаст”, што часам змяшчае рэцэнзіі.
А таксама Надзея Бунцэвіч, якая працягвае працу ў газеце “Культура”. Новая рэальнасць дыктуе фармат станоўчых тэкстаў. Праблема хіба ў тым, што непрафесіянал рызыкуе прыняць агульную станоўчую ацэнку за чыстую манету.
Аднак аналітыка, у фармаце якой без самацэнзуры можна адкрыта вылучыць як плюсы, так і мінусы пэўнага спектаклю, фестывалю і наагул тэатральнага працэсу (не баючыся наступстваў), у Беларусі знікла цалкам.
Крытыкі і спецыялісты за мяжой апынуліся ў складанай сітуацыі. Ім даступная прадукцыя эміграцыйнага тэатру, але з калектываў, што працуюць у краіне, толькі адзінкавыя (РТБД, адзін раз Оперны) ладзяць онлайн-трансляцыі. Час ад часу асобныя спектаклі запісваюцца, іх можна ўбачыць на тэлебачанні або YouTube. Некаторыя адмыслоўцы пішуць не толькі пра тэатр у эміграцыі (Настасся Панкратава, Дзяніс Марціновіч, Ксенія Князева), але і пра замежны (польскі, малдаўскі і г. д. – Дзмітрый Ермаловіч-Дашчынскі). У выпадку ж выдання “Нарысаў пра сучасны беларускі тэатр” у перакладзе на польскую аўтары тэкстаў пазначаныя псеўданімамі.
Незалежныя медыі таксама не надта актыўна звяртаюцца да тэатральных тэмаў. У параўнанні з іншымі незалежнымі выданнямі больш увагу на культуру звяртае Reform (і асобны тэлеграм-канал праекту, прысвечаны культуры), працуе сайт art-context.com пра культуру (ёсць раздзел пра тэатр), перыядычна тэксты пра тэатр выходзяць і ў іншых незалежных медыях. Асаблівасць тэкстаў – у ананімнасці аўтараў”.
Традыцыйная культура
“Няма рэсурсу, які акумуляваў бы звесткі пра дзейнасць беларусаў у галіне традыцыйнае культуры: ані дайджэсту падзеяў, ані крытычных матэрыялаў. А такога праекту, безумоўна, моцна не стае. Магчыма, варта было б пачаць са стварэння бота, праз які можна ананімна высылаць абвесткі пра імпрэзы, кароткія справаздачы пра іх, можа, рэцэнзіі чытачоў на новыя выданні. На user generated content часткова працуюць некаторыя ініцыятывы, што маюць справу з нішавымі культурніцкімі прадуктамі (не называем прыкладаў з мэтаў бяспекі). Крытычныя матэрыялы пра рэлізы, заснаваныя на беларускай традыцыйнай музыцы, часам з’яўляюцца ў польскіх перыядычных выданнях, але яны скіраваныя на польскіх чытачоў, а для беларусаў – занадта павярхоўныя.
У традыцыйнай культуры даводзіцца аналізаваць амаль выключна імпрэзы (святы, вечарыны, майстар-класы) і выданні (кнігі, відэа, музычныя рэлізы). Безумоўна, усе імпрэзы наведаць не ўдасца пры ўсім жаданні, але віртуальна на іх пабываць удаецца з дапамогаю публікацыяў у прэсе ці сацыяльных сетках. У другім выпадку падчас аналізу паўстае пытанне: калі допісы толькі для сяброў, ці можна выкарыстаць такую інфармацыю? А спытаць няма магчымасці (я як эксперт працую інкогніта). Пра дзейнасць некаторых нефармальных групаў аматараў традыцыйнае культуры можна даведацца толькі ў Telegram, такой інфармацыі не нагугліш. А цікаўнасць да традыцыйнае культуры ўзрастае ў эміграцыі, і часам чалавек не быў актыўны на гэтай глебе ў Беларусі. Я асабіста не ведаю часткі цяперашніх актывістаў, калі мы жывём у розных краінах, і часта дазнаюся пра розныя ініцыятывы выпадкова.
Калі казаць пра выданні, то музычныя рэлізы, відэа часта публікуюцца ў інтэрнэце, і іх можна прааналізаваць. З кнігамі бывае складаней, але я імкнуся адсочваць навінкі, што выходзяць у Беларусі і за мяжою, купляць іх у сваю бібліятэку, таму думаю, што большасць выданняў усё ж трапляе ў маё поле зроку”.
Блок 2. “Ацэньваць тэхніку выканання тых, хто танчыць на мінным полі, няўдзячна і часам папросту недарэчна”
Асобныя меркаванні пра ананімнасць крытыка, ягонае права на суб’ектыўнасць і неабходнасць аналізаваць недасяжны кантэнт.
“Думаю, крытыка можа быць толькі суб’ектыўнаю, хаця імкнуцца да аб’ектыўнасці, безумоўна, варта. На жаль, калі эксперт не можа раскрыць сваёй асобы, аўтарская пазіцыя ўспрымаецца як прэтэнзія на аб’ектыўнасць ці пазіцыя Рады культуры (або іншай арганізацыі, на рэсурсах якой з’яўляецца публікацыя), таму ўзнікае незадаволенасць у супольнасці, чыю дзейнасць аналізуюць”.
“Часам крытыку не хочацца называць свайго імені. Сувязь з экстрэмісцкім рэсурсам, занадта крытычны водгук, наагул магчымасць хоць якой ацэнкі даюць падставу творцам хаваць ад яго факты. Поле беларускае культуры вельмі цеснае, а творцу цяжка ўспрымаюць заўвагі. Ці мы ў прынцыпе гатовыя да крытыкі як такой – пытанне дыскусійнае. Беларускай культуры найперш не стае ўвагі і жыццяздольнасці. Ацэньваць тэхніку выканання тых, хто танчыць на мінным полі, няўдзячна і часам папросту недарэчна”.
“Асвятленне актуальных падзеяў і тэндэнцыяў – важны крок для разумення рэальнага стану сённяшняе беларускае культуры, і толькі на аснове аб’ектыўных ведаў можна рабіць высновы і будаваць планы. Думаю, ніхто ня супраць, каб ад аналітыкі засталося пачуццё лёгкасці, а інтэлектуальныя гульні ды іронія агалялі ідэі, але гэта не такая лёгкая стылёвая праца.
Ёсць праблемы з доступам да першакрыніцаў, але так бывае заўсёды, нават у адкрытых грамадствах. Сэнс для аналізу недасяжнага прадукту ёсць, нават калі гэта праца адзінак і датычыць вузкага кола спецыялістаў. Так або інакш, праз такую інфармацыю знікае пачуццё адсутнасці, выбудоўваюцца сувязі, і на іх аснове паўстаюць новыя праекты. Варта яшчэ больш заглыбляцца і супрацоўнічаць, задаваць нязручныя пытанні, самым не ленавацца займацца даследаваннямі і знаходзіць формы абыходу цэнзуры, не забываючыся пра небяспеку.
Здольнасць да аналізу нават пры адсутнасці дакладных фактаў – і ёсць праца аналітыка. Аналіз – не толькі прамова да публікі, гэта хутчэй праца самаразвіцця. І тут важна зразумець сваю прафесійнасць, прыналежнасць да кола”.
“Праблемаю застаецца доступ да кінастужак – уласна прадуктаў творчасці. Частку з іх удаецца ўбачыць дзякуючы асабістым кантактам са стваральнікамі. Частку можна пабачыць на кінафестывалях у розных краінах. Пры гэтым кінакрытыкам даводзіцца наведваць кінафестывалі звычайна за свой кошт або, калі атрымліваецца, пры падтрыманні грантавых праграмаў або спонсараў. Медыярэсурсы ў найлепшым выпадку прапануюць толькі дапамогу з акрэдытацыяй (апошняе само па сабе таксама важна). Дадатковая магчымасць убачыць фестывальныя стужкі – онлайн-акрэдытацыя”.
“Сітуацыя пагаршаецца неабходнасцю маёй і некаторых калегаў выступаць ананімна. Гэта, вядома ж, не дадае даверу напісанаму. Урэшце ананімнасць і канспірацыя – гэта добрая традыцыя добрае беларускае літаратуры з часоў Адэлі з Устроні і Яські – гаспадара з-пад Вільні.
І разам з тым ананімнасць аглядаў была карыснай і камфортнай для мяне як аўтара. І не толькі таму, што хэйтары (калі яны ўвогуле былі) цэлілі ў малако. Найперш, як ні парадаксальна, адчувалася большая адказнасць за ацэнкі праз немагчымасць падпісацца, было імкненне пазбавіць іх суб’ектывзму. Не было ніякай маніпуляцыі і звядзення рахункаў з апанентамі – чыста каб сябе не выдаць. Буду старацца захоўваць напрацаваную ўстаноўку.
Мы ўсе імкнёмся да цэласнай ацэнкі беларускае культуры, без падзелаў і абмежаванняў, якія і так накладзеныя на нашых творцаў абставінамі. Гэтае імкненне, спадзяюся, не зменшыцца. Адною са сваіх місіяў я лічу аб’яднанне калялітаратурных наратываў, каб супрацьстаяць атамізацыі і варожасці ў кніжнай супольнасці. Варожасць, дарэчы, заўважна зменшылася пасля таго, як “пишущую братию” раскідала па свеце. З’яўленне на месцы душнага культурнага гета безлічы мікрамагчымасцяў для беларускіх аўтараў (замежныя выдавецтвы з разнастайнаю палітыкаю, рэзідэнцыі, гранты і навучальныя праграмы ў гуманітарыстыцы) – безумоўны плюс сітуацыі, якім варта карыстацца тут і цяпер.
На жаль, гэтыя магчымасці закрытыя для дзясяткаў аўтарак і аўтараў, якія апынуліся за кратамі ў Беларусі. Гэта абсалютна непрымальна, жудасна і бесчалавечна. Іхнае вызваленне – безумоўная мэта і каштоўнасць прынамсі для мяне асабіста”.
Блок 3. “Нам застаецца рабіць сваю справу, падтрымліваць цяперашні ўзровень і чакаць лепшага часу”
Асобныя меркаванні, якія, спадзяёмся, ператворацца ў масткі да будучыні.
“Не стае актыўнага сайту пра культуру з буйным раздзелам пра тэатр, дзе аналізаваліся б усе даступныя аўтарам спектаклі і які б абнаўляўся вельмі актыўна. У ідэале – мець якасныя відэаверсіі ўсіх замежных спектакляў, якія можна было б глядзець у любым пункце зямнога шару, якія паказвалі б іх узровень.
Тыповыя для арт-крытыкаў праблемы – выгаранне, патрэба займацца нейкаю штодзённаю працаю дзеля заробку, нестабільнасць фінансавання праектаў для крытыкаў – былі, ёсць і бадай застануцца найбліжэйшым часам. Адсутнічаюць інструменты, каб змяніць сітуацыю. Таму застаецца рабіць сваю справу, падтрымліваць цяперашні ўзровень і чакаць лепшага часу”.
“Файна было б мець магчымасць працаваць пад уласным імем, браць каментары і глыбінныя інтэрв’ю, ладзіць фокус-групы з аматарамі традыцыйнае культуры. Добра было б мець магчымасць акрэдытоўвацца на імпрэзы. Пакуль мы аглядаем не тое, што дэ-факта робіцца, а толькі тое, пра што апублічваецца інфармацыя і пра што бяспечна паведаміць, то бок “шукаем там, дзе светла”, не капаючы асабліва глыбока, не паведамляючы пра планы”.
“Можна ўпэўнена казаць: на інфармацыю пра нацыянальнае кіно з’явіўся стабільны попыт і свая аўдыторыя – як у Беларусі, гэтак і ў дыяспары. Пра памеры і дакладныя пажаданні сталай аўдыторыі без нейкіх дадатковых даследаванняў дакладна сцвярджаць цяжка. Сітуацыі не спрыяе перабыванне беларусаў у расійскім моўным полі. Тут беларускім кінакрытыкам і журналістам цяжка спаборнічаць з расійскамоўнымі аўтарамі ў асвятленні падзеяў сусветнага кіно.
Выйсце бачыцца ў іншых формах кантактавання з аўдыторыяй – падкастах, влогах на YouTube, TikTok, Instagram і г. д. Гэта, дарэчы, суадносіцца з адным з асноўных трэндаў сучаснае журналістыкі – скіраванасці аўдыторыі на аўдыявізуальны кантэнт. У спалучэнні з арыгінальнай аўтарскай падачай гэта мае спрыяць пашырэнню аўдыторыі тэкставых матэрыялаў і аналітыкі.
Трэба ўлічваць, што сучасная аўдыторыя спажыўцоў інфармацыі пра кінамастацтва больш не падзяляецца толькі на ўмоўна якасную ды ўмоўна масавую. Хутчэй, падзел адбываецца паводле прыхільнасці да розных жанраў і кірункаў: фестывальнае кіно, аматары жахлівікаў, серыялаў. Для кожнай з гэтых аўдыторыяў існуе свой узровень кампетэнцыі і кола аўтарытэтных экспертаў. Вялікая небяспека тут – у замыканні на асобнай тэме. Не хацелася б, каб беларуская кінакрытыка замыкалася ў своеасаблівым нацыянальным гета”.
“Вельмі спадзяюся, што супольнасць крытыкаў абудзіцца ад летаргіі і мы займеем паўнавартасны літаратурны дайджэст, які будзе складацца з рэцэнзіяў, хоць бы старонак на 30 у PDF штомесяц. Лічу гэта вялікаю патрэбаю для актуальнага літпрацэсу.
Хачу падзякаваць калегам, якія таксама працуюць у рэчышчы літаратурнай аналітыкі, збіраючы матэрыял, на якім я ў вялікай ступені грунтую свае высновы. Гэта партал bellit.info Міжнароднага саюзу беларускіх пісьменнікаў, сайт і сацыяльныя сеткі Беларускага ПЭНу, ініцыятыва Валера Гапеева bellit.store – сегрэгатар народных кніжных водгукаў, штомесячнік “Літаратурная Беларусь”. А таксама культурніцкія раздзелы reform.by, svaboda.org ды іншых медыяў, падкасты “Літрадыё”, іншых пляцовак. Веру, што супольная праца ў дакументацыі гэтага няпэўнага часу крайне неабходная людзям, якія мысляць крытычна. А таксама асобам, якія ў будучыні захочуць разабрацца ў тым, што мы перажываем сёння”.
“У беларускай прасторы застаецца адкрытым пытанне, ці крытык і аналітык культуры – гэта прафесія. З праведзенага мной апытання адказ гучыць – не. І з гэтага няпроста пражыць. Аналітычная дзейнасць эпізадычная і дрэнна аплочваецца. Яна больш трымаецца на энтузіязме, апантанасці і разуменні патрэбы. І ў гэтым няма прафесійнае перспектывы ў канкурэнтным заходнім свеце.
Каб выйсці з крызісу, патрэбны крытычны адкрыты аналіз, але і пазітыўныя дасягненні маюць заўсёды прысутнічаць. Здольнасць разумець, пра што сведчыць адсутнасць фактаў і да чаго яна вядзе. Падача інфармацыі ў адкрытым полі, тым больш аўтарытэтным і этабліраваным, можа дадаць зваротнае сувязі і прыцягнуць больш увагі ад чытачоў у краіне. Супраца з замежнымі медыямі заўсёды будзе ўспрымацца як поспех і прамоцыя. Звяртаць увагу на інтэлектуальную, канцэптуальную працу: менавіта там узнікнуць новыя формы прамовы, сугучныя часу. Спрабаваць ствараць перспектывы не толькі для інфармавання, але і для новых праектаў.
Я адчуваю патрэбу ў інтэрнэт-платформе, на якой можна было б знайсці актуальную інфармацыю пра падзеі беларускага мастацтва па ўсім свеце, дапоўненую візуальным матэрыялам і крытычным аналізам. Такі рэсурс мог бы выконваць ролю перманентнага архіву сучаснасці і служыць асноваю для даследчае працы. Сам бы з ахвотаю папрацаваў у размоўным жанры. Хацелася б, каб гэта была простая мова, беспасярэдні кантакт”.
“Музычнай крытыцы, як і арт-крытыцы наагул, моцна не стае рэсурсаў. Большая частка асобаў, якія пішуць пра беларускую музыку, робяць гэта тады, калі вяртаюцца з асноўнае працы. У такіх абставінах на гульнёвым полі застаюцца толькі сапраўдныя фанатыкі. Прывабліваць новых гульцоў няма чым, і вузкае кола зацікаўленых гэтак і застаецца вузкім.
У ідэальнай карціне пра беларускую музыку штодня мусілі б пісаць адразу некалькі выданняў. Яны б канкуравалі і матывавалі адно аднаго рабіцца лепшымі, выкарыстоўвалі б розныя падыходы і стылі, іх чытала б розная публіка. На жаль, гэта не спрацуе як бізнес-мадэль і магло б быць магчымым толькі праз датацыі.
Веру таксама ў тое, што колькасць тэкстаў пра музыку павялічыла б яднанне актыўных аўтараў перад адной ідэяй. Колішнія Experty былі добрым прыкладам. Афірмацыя на заўтрашні дзень для сённяшніх арт-крытыкаў – яднацца і матываваць адно аднаго выказвацца”.