Візія: Беларусь – наш з вамі супольны арт-праект!
Місія: Мы ствараем умовы для ўстойлівае культурніцкае дынамікі, якая вядзе да несупыннага развіцця і свабоднага самавыяўлення.
Што робім: Ініцыюем. Напаўняем. Гуртуем
Беларуская Рада культуры:
- НЕ альтэрнатыўны Мінкульт,
- НЕ прафсаюз,
- НЕ івэнт-агенцтва,
- НЕ размеркавальнік грошай.
Змест і хуткая навігацыя па тэксце
Асноўныя паняткі
Для каго працуем і хто нам дапамагае
Візія, мэты і прынцыпы працы БРК
Праграмы
-
База. Уласнае развіццё
-
Культура ў прыярытэце
-
Цэласнасць культурніцкае прасторы
-
Творца і яго мастацтва як каштоўнасць
Устойлівасць і фінансавае забеспячэнне стратэгіі
Уступ (паводле маніфесту “Больш чым культура”)
Сёння беларуская культура – гэта не толькі творчасць, але і спосаб захавання адзінства нацыі, нават калі супольнасць раскіданая па ўсім свеце. Яна сталася цэментам, які злучае людзей у грамадстве і палітыцы. Укладанне ў культуру – гэта інвестыцыя ў грамадзянскую адказнасць, самавыяўленне і выбар будучыні. Мы не толькі ствараем культурныя прадукты, але і фармуем прастору для росту і свабоды. Нашая мэта – пераадолець культурны застой і наступствы “прайгранай рэвалюцыі”. Заданне – не ратаваць культуру, а ствараць умовы для яе росту як асновы грамадзянскае супольнасці. Нам патрэбныя не новыя міністэрствы, а новыя правілы, што падтрымліваюць самаарганізацыю творцаў. Замест вертыкалі – гарызантальныя партнёрствы. Неабходна запусціць працоўна-культурніцкую сістэму: адукацыя, публіка, прамоцыя, экспертыза. І ўсё гэта – з уплывам на палітыку, эканоміку і грамадства.Больш чым культура. Маніфест беларускага культурніцкага поля. Чытаць цалкам.
Асноўныя паняткі
Культура (агульна) – гэта сістэма камунікацыяў, што яднае супольнасць праз каштоўнасці, якія перадаюцца праз адукацыю, мастацтва, святы, палітыку, эканоміку, выхаванне ды іншыя аспекты жыцця. Культура ўплывае на індывідуальны светапогляд і паводзіны чалавека. Культура (паводле UNESCO) – складаны комплекс, які месціць веды, мастацтва, мараль, законы, звычаі ды іншыя аспекты жыцця чалавека ў грамадстве. Культура фармуе ўстойлівы лад жыцця групы асобаў, вызначаючы каштоўнасці і спосабы адаптацыі да навакольнага асяроддзя. Культура (паводле маніфесту “Больш чым культура”) – гэта спосаб сацыяльнага дзеяння, які дазваляе нацыі вызначаць сябе. Культура служыць рэсурсам для самаарганізацыі і вызначае, якімі мы дазваляем сабе быць. Беларуская культура – гэта дынамічная сістэма, якая ўплывае на фармаванне нацыянальнае свядомасці. Яна залучае каштоўнасці, традыцыі, веды, мастацтва і практыкі, якія ствараюць гармонію ў грамадстве, яднаюць беларусаў між сабой і адрозніваюць нас ад іншых культураў. Сучасныя выклікі беларускае культуры:- русіфікацыя;
- пагроза страты незалежнасці;
- масавая эміграцыя, рэпрэсіі;
- прапаганда і наступствы ваенных канфліктаў;
- адыход дасведчаных творцаў і выканаўцаў з прафесіі;
- адсутнасць пераемнасці;
- нястача фінансавання і незразумелыя механізмы пошуку сродкаў.
Для каго працуем і хто нам дапамагае
Нашая дзейнасць скіраваная на тых, хто стварае культуру і праз творчасць захоўвае беларускую спадчыну, фармуючы яе будучыню. Гэта пісьменнікі, мастакі, рэжысёры, музыкі, даследнікі і асветнікі – усе, хто натхняе і сваім унёскам злучае мінулае з будучыняю, дзе б яны ні былі – у Беларусі ці ў эміграцыі. Мы працуем разам з тымі, хто дапамагае беларускай культуры квітнець: з арганізацыямі і супольнасцямі, што паляпшаюць умовы для творцаў, развіваюць культурніцкую палітыку, адстойваюць правы і інтарэсы. Гэта незалежныя тэатры, выдавецкія і кінематаграфічныя ініцыятывы, музычныя праекты, культурніцкія хабы і пляцоўкі, дзе беларускія ідэі знаходзяць дом, а таксама медыі і даследчыя цэнтры, што асвятляюць і паглыбляюць культурніцкую тэму. Побач з намі – тыя, хто падтрымлівае культуру на міжнародным узроўні: лабісты, палітычныя структуры краінаў ЕЗ і ЗША, што дапамагаюць беларусам заставацца бачнымі ў свеце. І, вядома, дабрачынцы, спонсары і донары, якія вераць у сілу культуры і спрыяюць яе росту. Усё гэта – вялікая жывая супольнасць, дзе кожны робіць свой унёсак, каб беларуская культура гучала і мела будучыню.Візія, мэты і прынцыпы працы Беларускае Рады культуры
Мы змагаемся за тое, каб беларуская культура заставалася жывой, самабытнай і свабоднай. Яна павінна быць прастораю для творчасці, а не інструментам ідэалогіі. Мы хочам, каб яна займала важнае месца ў грамадстве, уплывала на змены і была прызнаная як у краіне, гэтак і на міжнародным узроўні. Мы супраць таго, каб вонкавыя ўплывы кшталту “русского мира” выцяснялі нашыя традыцыі і каштоўнасці. У сваёй працы мы кіруемся прынцыпамі гонару, годнасці, роўнасці і адкрытасці. Вера ў адукацыю, узаемнае падтрыманне і павагу да спадчыны – аснова нашага падыходу. Нашая місія – аб’яднаць людзей і намаганні дзеля моцнае культурніцкае супольнасці. Мы хочам, каб культура не толькі існавала, але і квітнела: спрыяла супрацы творцаў у розных краінах, стварала якасныя праекты і развівала грамадзянскую супольнасць. Мы імкнемся да таго, каб творцы мелі доступ да рэсурсаў, маглі прафесійна працаваць і самарэалізоўвацца. Культура павінна пераходзіць за межы лакальных ініцыятываў і быць часткаю міжнароднага дыялогу. Праз тры гады мы хочам бачыць мацнейшыя незалежныя праекты, новыя партнёрствы і шырэйшую прысутнасць беларускае культуры, што спрыяе фармаванню нацыянальных каштоўнасцяў.Праграмы
База. Уласнае развіццё дзеля развіцця сферы
Беларуская Рада культуры працуе ва ўмовах, дзе ініцыятывам бракуе рэсурсаў і яны сутыкаюцца з рызыкамі. Каб эфектыўна падтрымліваць сферу, нам неабходна ўмацоўваць уласную базу. Без гэтага немагчыма дапамагаць іншым. Праграма скіраваная на паляпшэнне ўнутранай працы: кіравання, збору сродкаў, фінансавай празрыстасці, развіцця каманды і стратэгічнага планавання. Падмацоўваючы сябе, мы закладаем аснову для ўсёй сферы. Мэта – зрабіць Раду культуры моцнай і стабільнай арганізацыяй, якая дапамагае ініцыятывам расці і развівацца. Як гэтага дасягаем? Мы ўмацоўваем кіраванне, спрашчаем працэсы з дапамогаю сучасных інструментаў і сканцэнтраваныя на выніках. Запэўніваем бяспечныя ўмовы працы, клапоцімся пра каманду, яе псіхалагічны стан і развіццё. Шукаем новыя фінансавыя крыніцы, паляпшаем справаздачнасць і фармуем устойлівую бізнес-мадэль, не залежную ад аднаго падтрымання. Развіваем камунікацыі і PR, каб пра нас ведалі, каб далучаліся новыя людзі і каб беларуская культура заставалася бачнай і ўплывовай. Што разлічваем убачыць? Праз тры гады БРК захавае і ўмацуе ролю каардынацыйнага цэнтру незалежнае культуры. Мы станем больш устойлівымі, пашырым партнёрства і атрымаем большую аўтаномію. Галоўнае – захаваць здольнасць дзеяць і падтрымліваць беларускую культуру нават ва ўмовах крызісу.1. Культура ў прыярытэце
Праблема Культуру часта недаацэньваюць як фактар развіцця грамадства і міжнароднага іміджу Беларусі. Яе разглядаюць як другасную сферу, што абмяжоўвае яе ўплыў на дэмакратычныя перамены. Гэта вядзе да нястачы рэсурсаў, слабое пазнавальнасці за мяжой і ізаляцыі. Без аналізу патрэбаў немагчыма ствараць эфектыўныя стратэгіі падтрымання. Мэта праграмы – паказаць, што культура – гэта не толькі творчасць, але і інструмент грамадскіх пераменаў, фармавання ідэнтычнасці, палітыкі і эканомікі. Забяспечыць рост сектару праз супрацу з іншымі сферамі ды залучэнне культуры ў міжнародныя праграмы. Што робім? – Адсочваем тэндэнцыі і патрэбы творцаў, каб планаваць дзеянні. – Ствараем пляцоўкі для дыялогу, арганізуем сустрэчы, вядзём перамовы і рыхтуем дакументы для развіцця сектару. – Кансультуем палітыкаў, каб яны разумелі значэнне культуры. – Бяром удзел у міжнародных падзеях, прасоўваем беларускіх творцаў і ініцыятывы. – Змагаемся за роўныя магчымасці для беларусаў у культурнай прасторы. – Супрацоўнічаем з медыямі і бізнесам, ствараючы новыя каналы прамоцыі культуры. Удзельнікі – Адрасаты: палітыкі, чыноўнікі, міжнародныя структуры, арганізатары культурніцкіх праграмаў. – Партнёры: культурніцкія арганізацыі, даследнікі, дыяспара, медыі і бізнес. Праз тры гады разлічваем пабачыць: – культуру ўспрымаюць як рухавік пераменаў; – больш фінансавання і падтрымання дзякуючы супрацы з палітыкамі, бізнесам, медыямі і міжнароднымі партнёрамі; – новыя мадэлі фінансавання, якія паляпшаюць умовы для ініцыятываў.2. Цэласнасць культурніцкае прасторы
Праблема Беларуская культурніцкая супольнасць раз’яднаная, што ўскладняе супрацу і супольныя праекты. Творцы сутыкаюцца з ціскам, ізаляцыяй, візавымі бар’ерамі і дыскрымінацыяй. Міжнародных сувязяў і міжсектаральнай супрацы бракуе, што абмяжоўвае рост. Мэта – аб’яднаць рэсурсы і ўдзельнікаў, стварыць інклюзіўную і бяспечную прастору для супрацы, умацаваць супольнасць і пераадолець бар’еры. Што робім? – Падтрымліваем праекты, што злучаюць беларускіх і замежных творцаў. – Спрыяем наладжванню сувязяў паміж творцамі і аўдыторыяй з абодвух бакоў мяжы. – Не забываем пра ініцыятывы ў Беларусі і падтрымліваем іх. – Ствараем праграмы мабільнасці і культурніцкага абмену. – Дапамагаем запусціць флагманскіх праектаў, якія фармуюць станоўчы вобраз Беларусі. – Зарганізуем форумы, дыскусіі, нэтўоркінг, падтрымліваем прафесійныя аб’яднанні ды інфраструктуру. – Рэалізуем міжсектаральныя праекты і далучаем творцаў да міжнародных сетак. Удзельнікі – Адрасаты: замежныя палітычныя структуры, амбасады, МЗС, арганізатары праграмаў падтрымання, фестывалі, прафесійныя сеткі. – Партнёры: незалежныя палітычныя сілы, грамадзянскія ініцыятывы, Форум культурніцкіх арганізацый, ArtPower ды іншыя. Што спадзяёмся пабачыць Жывое асяроддзе супрацы, лепшыя ўмовы для творцаў у эміграцыі, інтэграцыя ў міжнародныя сеткі і новыя інавацыйныя праекты. Гэта ўмацуе імідж Беларусі і дапаможа культурнай прасторы стабілізавацца з захаваннем ідэнтычнасці.3. Творца і яго мастацтва як каштоўнасць
Праблема Беларускія творцы, у Беларусі і за мяжою, сутыкаюцца з нястачаю рэсурсаў для праектаў і прафесійнага росту. Дадатковая адукацыя і абмен досведам наладжаныя слаба. Шмат хто працуе ў складаных умовах без падтрымання, сутыкаецца з прававымі цяжкасцямі, дыскрымінацыяй і праблемамі легалізацыі. Адсутнасць міжнародных сувязяў і міжсектаральнай супрацы перашкаджае развіццю. Мэта – забяспечыць творцам доступ да рэсурсаў, адукацыі, гуманітарнага і прававога падтрымання. Стварыць бяспечныя ўмовы для творчага развіцця і самарэалізацыі. Што робім? – Ствараем фінансавыя праграмы: гранты, спонсарства, краўдфандынг. – Забяспечваем псіхалагічнае і юрыдычнае падтрыманне ў складаных сітуацыях. – Арганізуем навучальныя курсы, падтрымліваем творчыя хабы, лабараторыі, супольныя ініцыятывы. – Прасоўваем мабільнасць: стажыроўкі, абмены, удзел у міжнародных праграмах. – Будуем партнёрствы з міжнароднымі арганізацыямі для пошуку рэсурсаў і супрацы. Што чакаем праз тры гады? Творцы маюць доступ да адукацыі, прававога і гуманітарнага падтрымання, рэалізуюць праекты з дапамогаю міжнародных праграмаў і фінансавання. Удзельнікі – Мэтавая аўдыторыя: гуманітарныя фонды, праграмы падтрымання, бізнес, грамадскія лідары. – Партнёры: Форум культурніцкіх арганізацыяў, адукацыйныя і праваабарончыя ініцыятывы, Sekktor, медыі і міжнародныя платформы.Устойлівасць і фінансавае забеспячэнне стратэгіі на 3 гады
- Праект ArtPower 2.0 (2025–2028)
- Субгранты для падтрымання арганізацыяў, крэатыўных праектаў і рэпрэсаваных творцаў.
- Сустрэчы і пошук узаемадзеянняў для прадстаўнікоў арганізацыяў.
- Адукацыйныя праграмы для творцаў.
- Пошук новых спосабаў фінансавання.
- Адвакацыя для адкрыцця новых фінансавых магчымасцяў.
- Аналітычныя матэрыялы для падтрымання праграмаў.
- Праекты: Клуб беларускіх мецэнатаў, Магістраты культуры
- Дапамога ў фінансаванні культурніцкіх праектаў.
- Вяртанне (выкуп і часовае захаванне) гістарычных артэфактаў.
- Стварэнне супольнасці для фінансавай падтрымкі культуры.
- Павышэнне ролі культуры ў бізнесе.
- Развіццё самафінансавання.
- Форум культурніцкіх арганізацыяў, сетка NDF, Reset, EUNIC, Культурны код
- Супраца з палітыкамі.
- Узаемадзеянне з прадстаўнікамі культурнай сферы.
- Распрацоўванне стратэгіяў для сферы.
- Пошук развязанняў і абарона праблемаў культуры.
- Супольныя праекты.
- Наладжванне міжнародных сувязяў.
- Адукацыйныя і акселерацыйныя праграмы для культуры і бізнесу.
- Супольныя праекты з іншымі ўдзельнкамі працэсу
- Люблін 2029 – прамоцыя беларускае культуры з 2027-га да 2031 году.
- Узаемадзеянне з медыямі: арт-крытыка і культурніцкая аналітыка.
- Sekktor — платформа для пошуку магчымасцяў.
- Удзел у стварэнні Інстытуту прамоцыі Беларусі.
- Супраца ў гуманітарным трэку.
- Камерцыйныя праекты / культурніцкія індустрыі
- Платныя адукацыйныя праграмы і кансалтынг для культурніцкіх арганізацыяў.
- Манетызацыя даследаванняў і аналітыкі.
- Продаж культурніцкага мерчу і ліцэнзаванне медыяпрадуктаў.
- Платныя імпрэзы і рэзідэнцыі, якія дапамогуць самафінансавацца.
- Развіццё бізнес-мадэляў для культурніцкіх ініцыятываў.
- Пераход да гібрыдных фінансавых мадэляў.
- Падтрыманне прадпрымальніцтва ў культуры і выхад на міжнародныя рынкі.
- Акселерацыйныя праграмы для стартапаў.
- Новыя спосабы зарабляць (краўдфандынг, онлайн-продажы).
- Лабіяванне найлепшых эканамічных умоваў для культуры.