Адкрыты ліст дзеячаў культуры і мастацтва Рэспублікі Беларусь

Адным клікам вы падпісваеце таксама
Мы, тыя, хто падпісаўся ніжэй, з'яўляемся работнікамі сферы культуры нашай краіны, развіваем культуру ўнутры Беларусі і прадстаўляем беларускую нацыю на сусветнай арэне.

Мастакі, музыканты, акторы, пісьменнікі, паэты, архітэктары, дызайнеры, фатографы, выдаўцы, стылісты, прадусары, прамоўтэры, навукоўцы і даследчыкі культуры, культурныя актывісты, кіраўнікі творчых аб'яднанняў і калектываў, студэнты і выкладчыкі творчых спецыяльнасцей ВНУ — мы ўсе надзвычай абураныя і катэгарычна асуджаем недапушчальныя ў цывілізаванай дзяржаве факты парушэння закона Рэспублікі Беларусь, неабгрунтавана жорсткі гвалт над мірнымі грамадзянамі з боку сілавых структур і фальсіфікацыю вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі, выклікае глыбокі боль. Мы патрабуем спыніць беззаконне і тыранію на нашай зямлі, бо рэпрэсіі ахапілі ўсю краіну і дабраліся да сферы культуры. Нас не толькі звальняюць з працы, уносяць нашы імёны ў чорныя спісы непажаданых артыстаў, але наўпрост аказваюць ціск, запалохваюць, саджаюць у турмы.

Многія нашы калегі апынуліся за кратамі. Да таго ж, у выніку распраў з прадстаўнікамі культуры закрытыя альбо абмежаваныя ў дзейнасці з прычыны арышту вядучых актораў некаторыя тэатры (Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Гродзенскі абласны драматычны тэатр).

Мы лічым, што гэтая сітуацыя патрабуе неадкладнага законнага вырашэння, інакш наступствы прававога дэфолту адкінуць нашу краіну назад у развіцці і створаць глебу для самавольства і беззаконня. Мы лічым, што адзіным прававым выхадам з цяперашняй сітуацыі, якая склалася, з'яўляецца тэрміновае правядзенне паўторных выбараў у адпаведнасці з усімі міжнароднымі стандартамі.

Кіруючыся Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, заканадаўствам, мы, паўнавартасная частка народа Рэспублікі Беларусь — крыніцы і спаўняльніка ўлады, патрабуем:

1. Прызнаць выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года, несапраўднымі, згодна з устаноўленымі, зафіксаванымі шматлікімі фактамі фальсіфікацый, нядопуску незалежных назіральнікаў і ціску на выбарчыя камісіі. Патрабуем правесці паўторныя выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з усімі міжнароднымі стандартамі, а таксама патрабуем адстаўкі дзеючага складу ЦВК з прыцягненнем да прадугледжанай заканадаўствам адказнасці.

2. Неадкладна спыніць запалохванне, ціск і рэпрэсіі ў дачыненні да работнікаў сферы культуры з боку сілавых структур і іншых службовых асоб. Ліквідаваць інстытут «чорных спісаў» як ганебную з'яву, недапушчальную ў еўрапейскім грамадстве ў XXI стагоддзі.

3. Аднавіць на працоўным месцы ўсіх работнікаў сферы культуры, якія былі звольненыя за сваю грамадзянскую пазіцыю. Спыніць усялякі ціск на супрацоўнікаў культурных устаноў.

4. Вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зняволеных, а таксама ўсіх грамадзян, затрыманых падчас мірных акцый, незаконна аднесеных да праяў супрацьпраўнай дзейнасці.

5. Спыніць супрацьпраўную дзейнасць супрацоўнікаў сілавых органаў і правесці праверкі законнасці іх дзеянняў, пачынаючы з моманту збору подпісаў для вылучэння ў кандыдаты ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.

6. Распачаць справу па факце збіцця і зверскіх здзекаў з грамадзян, затрыманых падчас мірных дэманстрацый. Прыцягнуць да адказнасці кіраўнікоў сілавых структур, адказных за гвалт, расправы і пагрозы, за ўмяшанне ў прыватнае жыццё грамадзян.

7. Аказаць паўнавартасную медычную, псіхалагічную, прававую і матэрыяльную дапамогу ўсім пацярпелым ад неправамерных дзеянняў прадстаўнікоў сілавых структур.

8. Неадкладна пачаць адкрыты грамадскі дыялог улады з прадстаўнікамі народа на прадмет правядзення сумленных, празрыстых і справядлівых выбараў у Рэспубліцы Беларусь з наступнай перадачай прэзідэнцкіх і ўладных паўнамоцтваў законна абранаму кіраўніку дзяржавы.

У выпадку з'яўлення інфармацыі пра спробы ціску, пагроз звальнення або пра парушэнні правоў работнікаў сферы культуры, якія падпісаліся пад гэтым лістом, усе мы будзем дзейнічаць салідарна, ажно да адмовы ад прадстаўлення нацыянальных інтарэсаў краіны або адмовы ад арганізацыі міжнародных і нацыянальных культурных мерапрыемстваў. Акрамя таго пра такія факты неадкладна будзе інфармавана сусветная культурная супольнасць, а таксама міжнародныя арганізацыі.
Адным клікам вы падпісваеце таксама Маніфест
Ліст ужо падпісалі больш за 1500 музыкаў, мастакоў, актораў, выкладчыкаў, рэжысёраў, літаратараў ды іншых дзеячаў і актывістаў, як з "афіцыйных", так і з "неафіцыйных" культурных колаў.
Падпісанты